МАКСIМ ТАНК: ЖЫЦЦЁВЫ І ТВОРЧЫ ШЛЯХ

0
398

Асоба Максіма Танка ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя надзвычай яркая і значная. Больш за пяць дзесяцігоддзяў яго мастацкі талент узвышаў (і працягвае ўзвышаць) нашу нацыянальную паэзію, вызначаў яе эстэтычны ўзровень.

Максім Танк – пад гэтым псеўданімам з 1932 г. Яўген Iванавіч Скурко (1912–1995) пачаў друкаваць свае вершы. Будучы паэт нарадзіўся 17 верасня 1912 г. у маляўнічым нарачанскім краі – у вёсцы Пількаўшчына Вілейскага павета (цяпер Мядзельскі раён Мінскай вобласці). Падчас Першай сусветнай вайны хлопчык з маці ратаваліся ў бежанстве і апынуліся ў Маскве. Калі вярталіся ў родную хату, Беларусь ужо была падзелена на Усходнюю і Заходнюю. З восені 1923 г. Яўген пачаў вучыцца ў пачатковай польскай школе. Далей працягваў вучобу ў Вілейскай рускай прыватнай і ў Радашковіцкай беларускай гімназіях. З апошняй яго выключылі за ўдзел у школьнай забастоўцы. Ужо на пачатку сваёй самастойнай жыццёвай дарогі вясковы хлопец усвядоміў сябе беларусам, не мог прыняць паланізатарскай палітыкі тагачасных уладаў буржуазнай Польшчы. З Радашковічаў ён падаўся па веды ў Вільню. Тут апошнім месцам яго навучання стала руская гімназія імя А. Пушкіна: у сакавіку 1932 г. Яўген Скурко быў арыштаваны за тое, што ўдзельнічаў у падпольнай камсамольскай рабоце і супрацоўнічаў з камуністычным друкам. Ён выбраў суровы і цяжкі лёс падпольшчыка, прайшоў этапнымі шляхамі дзеля таго, каб супольна з заходнебеларускімі патрыётамі адстойваць спрадвечныя сацыяльныя і нацыянальныя правы беларусаў, пазбавіць іх ад несправядлівага ўціску. Яму жадалася як мага хутчэй прынесці ў родны край дзень вызвалення і свабоды.

Неаднойчы за паэтам зачыняліся дзверы ў віленскай турме Лукішкі. У Заходняй Беларусі адбывалася гуртаванне Народнага фронту, мацнела супраціўленне антынацыянальнай палітыцы польскіх уладаў. За астрожныя краты таксама трапілі актывісты рэвалюцыйнай арганізацыі заходнебеларускіх пісьменнікаў “Літаратурны фронт” на чале з Валянцінам Таўлаем. Зняволенне не зламала незалежніцкага свабодалюбнага духу Максіма Танка, ён працягваў складаць радкі, прасякнутыя палкім змагарніцкім пафасам. Старонкі яго жыцця заходнебеларускага перыяду (да 1939 г.) паўстаюць перад намі з вядомых “Лісткоў календара” (1970) – кнігі-дзённіка пісьменніка, напісанай на аўтабіяграфічнай, дакументальнай аснове.

Цяга да паэзіі ў Яўгена Скурко выявілася рана. Яшчэ тады, калі быў у Маскве, ён перапісваў у сшытак вершы Аляксандра Пушкіна і Міхаіла Лермантава, з захапленнем адкрываў мастацкі свет творчасці выдатных польскіх пісьменнікаў – Адама Міцкевіча, Генрыка Сянкевіча, Юзафа Крашэўскага, Элізы Ажэшкі, Юльюша Славацкага і інш. Усё далейшае жыццё Максім Танк быў цесна далучаны да польскай літаратуры, жыва цікавіўся яе мастацкімі набыткамі. Творца неаднойчы прызнаваўся, што значны ўплыў на яго зрабіла паэзія беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, бо іх слова было ўнутрана блізкім паэту.

У 1930-я гг. на творчае станаўленне Максіма Танка прыкметна паўплывала польская рэвалюцыйная паэзія. Ён арыентаваўся на ідэйна-эстэтычныя прынцыпы паэтаў, якія належалі да літаратурнага аб’яднання “Квадрыга”. Імпанаваў Максіму Танку дух творчасці Уладзіміра Слабодніка, стваральніка гэтага літаб’яднання, а таксама паэтычнае слова Уладзіслава Бранеўскага, Бруна Ясенскага і інш. Цікавілі і эстэтычныя ўстаноўкі літаратурных авангардных груповак – кракаўскай “Авангарды” і віленскіх “Жагараў”. Да “Жагараў” належаў Чэслаў Мілаш, які, як вядома, стаў Нобелеўскім лаўрэатам. Творчасць гэтага паэта, а таксама Эдварда Шыманскага, Мар’яна Чухноўскага вызначалася авангардысцкай раскаванасцю вобразнага мыслення, смелай асацыятыўнасцю, яркай метафарычнасцю.

Максім Танк у заходнебеларускай паэзіі з’яўляецца найбольш яркім прадстаўніком рамантызму, “паэзіі барацьбы і змагання”, да якой таксама належаць Валянцін Таўлай, Міхась Васілёк, Піліп Пестрак і інш. Бунтарскі дух яго паэтычнага слова выявіўся ў творах, якія былі змешчаны ў падпольным рукапісным часопісе “Пралом”, астрожным часопісе “Краты”, іншых нелегальных выданнях. Вершы “Там, дзе стаяў безрабочы”, “Заштрайкавалі гіганты-коміны” і многія іншыя поўняцца героіка-змагарніцкім духам. Нацыянальна-вызваленчыя матывы складаюць ідэйна-тэматычную аснову зборнікаў “На этапах” (1936), “Журавінавы цвет” (1937), “Пад мачтай” (1938). “Не адступай, брат, у змаганні, // Iдзі далей, як ты ішоў!” – такі тыповы заклік да вольнага жыцця, пратэсту і змагання гучыць у вершы “Не забывай” (1934). Паэт, як і некалі ў ХIХ ст. Францішак Багушэвіч, а пазней Янка Купала, бароніць душу і годнасць свайго народа, выступае як палымяны заступнік святыняў роднай зямлі. “Калі няма на свеце маёй мовы, // Майго народа і мяне самога, – // Дык для каго будуеце, панове, // Канцлагеры, катоўні і астрогі?” – гэтае палемічна завостранае пытанне мы чуем у вершы “Калі няма на свеце маёй мовы…” (1931). Паэт імкнуўся не толькі да гучнасці прамаўлення, але і да лірычна-пачуццёвай заглыбленасці слова, да прачулай паяднанасці асабістага вопыту і агульназначнай грамадскай думкі. У размоўна-даверлівым ключы напісаны такія вершы, як “Спатканне”, “Ураклі, матуля, сына твайго людзі…”, “Песня кулікоў” і інш.

Глыбока драматычную карціну стварае паэт у вершы “На пероне” (1938). Неймаверна пакутліва яму глядзець, як родны край рабуюць, народнае багацце вывозяць за мяжу, бо гэтыя скарбы прыроды – дарагая сэрцу спадчына, хараство роднай зямлі:

На захад ідуць цягнікі –
Лён,
Жыта,
Сасна і бяроза…


Гляджу і гляджу з-пад рукі,
Як наша юнацтва вывозяць.

 

У гэтым і іншых творах (“За шыбамі тлеюць у інеі сінія зоры…”, “Тры песні”, “Над калыскай” і інш.) з пачуццём вялікага душэўнага смутку і болю паэт малюе заходнебеларускую рэчаіснасць.

Матывам прыходу вясны, вобразамі сонца, зары, світання як сімваламі нацыянальнага вызвалення, духоўнага адраджэння і свабоды поўняцца творы Максіма Танка заходнебеларускага перыяду. Востра, шчымліва адчувае надыход вясны герой верша “Паслухайце, вясна ідзе…” (1937). Ён сустракае вясну за астрожнымі кратамі, але ў яго душы жыве прадчуванне вызвалення. “Куст пахучы бэзу”, які “пільнуе” стражнік, “расцвіў, агнём гарыць”. Гэтая з’ява адраджэння прыроды, пададзеная ў рамантычна-ўзнёслым ключы, нібы адлюстроўвае росквіт чалавечай душы, сімвалізуе яе няскоранасць у турэмнай няволі:

Я ціха разбудзіў другіх.
Ад слёз сінелі вочы бэзам.
I недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.

У “Лістках календара” Максім Танк гаворыць пра тое, што знаходзіў паэзію “і ў турэмнай адзіночцы, дзе былі толькі голыя сцены”. Свабодалюбныя пачуцці Максіма Танка, выяўленыя з эмацыянальнай страснасцю, знаходзяцца ў цеснай пераемнасці з традыцыяй беларускай паэзіі пачатку ХХ ст. – традыцыяй грамадзянска-публіцыстычнага і алегорыка-сімвалічнага ўвасаблення адраджэнска-патрыятычных поглядаў і імкненняў. У той самы час вызваленча-патрыятычны пафас танкаўскай творчасці лучыцца з “паэзіяй барацьбы і змагання” такіх сусветна вядомых паэтаў, як Шандар Пецёфі, Хрыста Боцеў, Поль Элюар, Луі Арагон, Вітазслаў Незвал і інш.

Разам з тым лірыка Максіма Танка – гэта не толькі лірыка грамадзянскіх тэм – свабоды, вызвалення, рэвалюцыйнай барацьбы. Прыкметнае месца ў зборніках паэта займае пейзажная, а таксама інтымная паэзія. З вершаў інтымнага зместу вылучаюцца “Ноччу”, “Лісце каштанаў”, “Думы” і інш. Паэт умее дасягнуць філасофскай насычанасці лірычнага пачуцця.

Максім Танк не абмежаваны надзённымі праблемамі. Ён па-свойму адметна апаэтызаваў хараство родных палёў, узгоркаў і пералескаў, шум бору і пералівы хваль Нарачы (вершы “Дарога”, “Вясной”, “Пад мачтай”, “Бор”, паэма “Нарач” і інш.). Пры гэтым раскрыў свой эмацыянальны стан:

Лірыкай восені дыхаюць далі.
У кожнага, знаю, у гэту хвіліну
Крылатыя госці з сабою забралі
Мінулыя дні і ўспаміны.


Следам глядзіш –
столькі ў крылах свабоды!
А ўсё ж нават птушкам без болю не кінуць
Чубатых пасёлкаў, шнуроў, азяродаў,
Лясоў маёй роднай краіны.

(“Выраі”)

Праз пейзаж паэт выяўляе сваю любоў да Радзімы. Нацыянальны космас у яго паэзіі вырастае з пейзажных вобразаў наднарачанскага ўлоння, мясцовай этнаграфічна-побытавай канкрэтыкі, з тапанімікі, народнай мовы і фальклору роднага кутка. У прадмове да першага зборніка паэта “На этапах” Рыгор Шырма (пад псеўданімам “Р. Баравы”) пісаў, што Нарач – тая крыніца, “адкуль выцякае багатая лірыка Максіма Танка. Яго мастацкая муза зарадзілася ў звонкім шуме медна-сасновага наднарачанскага бору. Чорныя скібы палёў, пеністыя хвалі Нарачы і Мястра, а пазней шырокія этапныя дарогі былі яе калыскай”. Ды і сам Максім Танк у вершы “На шалях азёр” прызнаецца, што яго сэрца і песні шмат разоў узважваліся на шалях Мястра і Нарачы. Ад першай кнігі “На этапах” і да апошняй (пасмяротнай) “Errata” ў яго паэзіі асноватворная роля належыць вобразам і пейзажам радзімы (Нарач, родная вёска Пількаўшчына, нарачанскія сосны, бары, валуны, “палявая дарога, закалыханая жытам”, і інш.). Паэтам увасоблена паэзія сялянскай працы і непаўторная музыка навакольнага свету: “напеваў родных пералівы”, пчаліны звон і кляпанне кос, ворыва і сяўба, касавіца на нарачанскай сенажаці і інш.

Ужо ў заходнебеларускі перыяд Максім Танк прадэманстраваў зайздросную для таго часу культуру творчасці. Для яго паэзіі ўласціва разнастайнасць выяўленчых сродкаў. “Ён, – як адзначае У. Калеснік, – шырока ўжывае асанансы і іншыя віды прыблізных рыфмаў, практыкуе рухомасць рытмічнага малюнка і зломы рытму”. Танкаўскі радок нярэдка па-авангарднаму разняволены, пазначаны яркай метафарычнай сімволікай.

У 1930-я гг. Максім Танк займеў прыкметныя мастацкія набыткі ў жанры паэтычнага эпасу. Ён напісаў паэмы “Нарач” (1937), “Журавінавы цвет” (1937), “Сказ пра Вяля” (1937), “Каліноўскі” (1938).

Вялікая Айчынная вайна застала Максіма Танка ў Беластоку. На той час гэта быў горад пры самай савецка-польскай мяжы, і сюды ваенная навала накацілася адразу. Пасля эвакуацыі ў Саратаў паэт папрасіўся на фронт. Яго накіравалі ў газету “За Савецкую Беларусь” (Бранскі фронт). Працаваў таксама і ў агітплакаце “Раздавім фашысцкую гадзіну”. У зборніках “Вастрыце зброю” (1945) і “Праз вогненны небасхіл” (1945) галоўнае месца займаюць ваенныя матывы, вобразы паланёнай роднай зямлі і Беларусі-змагаркі. У творах 1941–1942 гг. дамінуе прамоўніцкі публіцыстычны пафас, гучаць драматычныя інтанацыі. “Настане дзень баёў апошніх!” – так з верай у перамогу пісаў Максім Танк у сваім першым творы ваеннага часу “Мы вернемся” (1941).

Ужо сама назва верша “Не шкадуйце, хлопцы, пораху…” (1941) несла ў сабе заклік да змагання з фашызмам. З цягам часу ў паэзію Максіма Танка ўваходзіць філасофскі роздум. Верш “Родная мова” (1943) – гэта твор глыбокага духоўна-патрыятычнага зместу, які ўспрымаецца як гімн роднаму слову. У надзвычай трагічны час паэт гаворыць з вялікім уздымам пра вытокі духоўнасці, нагадвае, што мова – гэта гісторыя і лёс народа, скарб яго душы і сімвал неўміручасці. Ён верыць, што “праз цемру і годы змаганняў суровых” народ пранясе сваю родную мову, уратуе яе. Мова паўстае як вялікая сіла нацыянальнага выратавання:

…Iзноў прашуміш ты вясновым дажджом,
Iзноў зазвініш ты у кожнай у хаце,
Цымбалам дасі іх сярэбраны гром
I вусны расквеціш усмешкай дзіцяці.

Вершы “Маці”, “Хмары з захаду…”, “Ластаўкі”, “Беларусь”, “Адыходзячы з хаты”, паэма “Янук Сяліба” праўдзіва паказваюць вялікую бяду і пакуты народа, непераможнасць яго духу, нясуць у сабе высокі патрыятызм і антываенны пафас.

У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе ўбачылі свет зборнікі Максіма Танка “Каб ведалі” (1948), “На камні, жалезе і золаце” (1951), “У дарозе” (1954). У 1946 г. ён стварыў яркую эпічную паэму “Люцыян Таполя”, у якой асэнсоўваецца тэма мастака і мастацтва. Паэт на прыкладзе лёсу майстра, разьбяра па дрэве, паказаў духоўную моц народнага таленту, сцвердзіў бессмяротнасць сапраўднага мастацтва. З найбольш удалых твораў у лірыцы Максіма Танка гэтага перыяду трэба вылучыць вершы “Вясна-красна на ўвесь свет”, “Ляжаць пакошаныя травы”, “На Даўгінаўскім гасцінцы”, “Рукі маці”, “Быць чалавекам я рад” і інш. “Рукі маці” (1951) – сыноўняе пакланенне мацярынскім працавітым рукам. Паэт абагаўляе маці, складае ўзвышаны гімн яе самаахвярнасці. Рукі маці паўстаюць у творы як велічны вобраз і галоўнае апірышча свету:

Iх цалавала зямля
Сваімі пясчанымі вуснамі
I каласамі;
Неба спякотай, вятрамі, дажджамі
Iх цалавала.

Максім Танк заўсёды імкнуўся усхвалявана выказацца пра непераходнасць вечных каштоўнасцяў на зямлі, іх вялікі духоўны сэнс для чалавека. Такія творы, як “Рукі маці”, вызначаюцца глыбокім гуманістычным зместам, філасофскім светаразуменнем.

Верш “Восень” (1946) – адзін з цудоўных узораў пейзажнай лірыкі. Тут аўтар паўстае перад намі як паэт-жывапісец, які ўмее ярка маляваць словам родную прыроду. Ён, скарыстоўваючы прыём увасаблення, адухаўляе восень – і тая набывае жывое аблічча: нагадвае нам дбайную беларускую жанчыну ці чараўніцу, якая перайначвае навакольны свет. Пейзаж поўны руху, змен, пераўтварэнняў. Дынаміку яскрава перадае ланцужок дзеясловаў:

Над палямі хістаўся пашчэрблены месяц.
Вецер дзьмуў, і шумеў па-над Нёманам бор.
Восень вецце сухое зграбла і на ўзлессі
Падпаліла пагрэцца начлежны касцёр.


Падпаліла касцёр, прылягла у тумане,
Ды кароткім быў гэты пад зорамі сон…

 

Восень, быццам гаспадыня, рана прачнулася і спяшае як мага хутчэй дакончыць свае хатнія клопаты. Яна пачынае “з ветрам гасіць” чырвона-агністыя колеры наваколля, якія ствараюць уражанне пажару. Восень залівае ліўнямі полымя, што “разлілося ў імшарах, па лясах і палях”, цалуе “кожны рабінавы гай”. Незвычайнасць пераўвасаблення навакольнай прыроды паэт малюе з пачуццём захаплення і замілавання. Слова яго – метафарычнае і эмацыянальна афарбаванае.

Трэба заўважыць, што ў пасляваенныя гады і наступныя дзесяцігоддзі паэт аддаў даніну ўслаўленню камуністычнай ідэалогіі. Пад яго пяром, на жаль, часам нараджаліся вершы-аднадзёнкі на патрэбу дня.

Духоўным і творчым уздымам характарызуецца творчасць Максіма Танка другой паловы 1950–1960-х гг., пра што красамоўна гавораць яго лепшыя творы з кніг “След бліскавіцы” (1957), “Мой хлеб надзённы” (1962), “Глыток вады” (1964), “Хай будзе святло” (1972). Паэзія Максіма Танка яшчэ раз засведчыла, што яна – “дружба зярна і зямлі” і мае глыбокі быційна-зямны грунт. Яго лірычны герой не ўяўляе сябе без “перапіскі з зямлёй”, без повязі з вясковай хатай, свежаўзаранай раллёй, нарачанскімі краявідамі.

Паэт заўсёды трымаўся мудрага сялянскага ладу, народных традыцый і да апошніх дзён захоўваў вернасць бацькоўскай зямлі. Ён нават тады, калі імкнуў думкай-пачуццём у космас, да зорнага неба, не губляў звыклага беларускага грунту, тонка адчуваў сваю еднасць з роднай зямлёй:

Чую, як міжзорныя ракеты
Пралятаюць недзе нада мной…
Можа, мы – апошнія паэты,
Што вось так цікавяцца зямлёй?

(“Дарогай з сенажаці”)

Максім Танк быў у ХХ ст. адным з самых яркіх песняроў беларускага нацыянальнага космасу, сялянска-зямной стыхіі жыцця.

Нацыянальны каларыт, народныя маральна-этычныя асновы вызначаюць духоўнае аблічча паэзіі Максіма Танка. У многіх яго вершах выяўлена крэўная паяднанасць з роднай песняй, сялянскай працай, вясковым светам. Паэт узвышае і шануе зямныя жыццёвыя каштоўнасці, схіляе галаву перад хлебам, земляробчай працай, выказвае ёмістыя абагульненні пра сэнс і шчасце быцця (вершы “Мой хлеб надзённы”, “Мыццё бабкі Улляны”, “Шчасце” і інш.).

У мастацкай свядомасці Максіма Танка вобраз зямлі набыў першаступеннае ідэйна-сэнсавае значэнне. У вершы “Перапіска з зямлёй” (1964) ён стварыў яркі метафарычны малюнак: паэт піша свае лісты зямлі. Лісты гэтыя адмысловыя, напісаны ў розны час і па-рознаму: пяром лірыка, смыкамі скрыпак, спіцамі дрогкіх калёс, якарамі і мачтамі караблёў, у гады вайны – штыком і сапёрнай лапатай. Аднак толькі земляробчы клопат і праца знайшлі водгук – і паэт атрымаў доўгачаканы адказ:

…Але пакуль што
Адказ атрымаў я
Толькі на ліст мой,
Напісаны плугам.
Вось ён.
Парэжце на скібы яго.
Частуйцеся.
Ешце.

Максім Танк з улюбёнасцю выяўляе хараство родных вобразаў, малюе іх па-свойму ярка і непаўторна (вершы “Мой родны кут”, “Дым над страхою”, “Наднарачанскія сосны”, “Вёска мая” і інш.). Творца прызнаецца, што “…толькі частку невялічкую // Змог праспяваць // Таго, што расказалі… // Вятры, // Дарогі, // Валуны і рэкі, Лясы і зоры…” (“Я толькі частку невялічкую…”). Максім Танк – пясняр і філосаф, прырода для яго – крыніца глыбокага светаасэнсавання, увасабленне цуду і загадак. Ён умее “зліцца з мохам, з верасам, ігліцай” і пачуць таемную мову прыроды (верш “Прылёгшы пад ядлоўцам”). Разам з ім мы захапляемся багаццем, цэлай сімфоніяй гукаў, што бруіць “у адной копцы свежага сена” (верш “Канцэрт у сене”). Паэт услаўляе, паэтызуе радасць еднасці чалавечай душы з усім існым і прыгожым на зямлі. Пейзажныя вершы Максіма Танка кранаюць сваёй сардэчнай адкрытасцю хараству, узнёслым яго апяваннем (“Першы дзень снегападу”, “Вясной” і інш.).

Ціхая, чароўная музыка летняй ночы з мілагучнасцю, пластычнасцю слова выяўлена ў вершы “Дарогай з сенажаці” (1961). Тут адчуваецца непасрэдна-адухоўленая, нейкая нават першародная, вельмі чуйная повязь чалавека з прыродай:

Ціха свішчуць крылы позняй слонкі,
Лесавік падпальвае карчы;
З камарынай талакою звонкай
Салаўі спрачаюцца ўначы.


Пахнуць пераспелыя суніцы.
Чую подых кожнага лістка.
Чую, як духмяная ігліца
Ападае з голляў сасняка.

 

Максім Танк гэтак, як і Якуб Колас, узіраўся і ўслухоўваўся ў навакольны свет, пры гэтым па-свойму арыгінальна і непаўторна маляваў словам. Ён любіў сялянскую працу, сенакосную пару, вясковую раніцу… Танкаўскі верш “Летні дождж” (1970), нягледзячы на тое, што гэта верлібр, яскрава сведчыць пра адметны метафарызм паэтычнага мыслення, жывапіснасць аўтарскага стылю. Паэта захапляе нябесная стыхія-містэрыя. У вершы з’явы прыроды персаніфікуюцца і міфалагізуюцца: хмара палошча ў карыце бліскавіцы, гром-бугай наталяе смагу… Хмара, бліскавіцы, гром, віхор падчас касавіцы спараджаюць трывогу: “Ці будзе дождж, ці пройдзе стараной?” І вось здарылася штосьці неверагодна-казачнае. У звычайным сялянска-працоўным быцці Максім Танк быў здольны ўбачыць дзівосную і незвычайную паэзію:

Ён, можа, і не зачапіў бы нас,
Але буслы, што прыляцелі памагаць нам,
І кнігаўкі, што ў трыснягах кружылі,
І ластаўкі, што над зямлёй снавалі,
Неасцярожныя, прыселі на край хмары,
І тая, як карыта, пахіснуўшыся,
Накрыла ліўнем нас.

Дзе б паэт ні быў – пасярод гарадскіх камяніц і асфальту ці ў замежнай вандроўцы – жыццёвая дарога заўсёды і нязменна прыводзіла яго да Нарачы, у любы і дарагі сэрцу край. У паэзіі Максіма Танка, як і ў творчасці Якуба Коласа і іншых беларускіх песняроў, надзвычай магутны культ роднага кутка. Непаўторны і прыгожы свет увасабляюць сабой нарачанскія сосны: “Яны калышуцца // З асмаленымі кронамі…”; “У ясную пагоду // Аж на заходні бераг Нарачы // Уброд пераносяць сонца…”. У вершы “Наднарачанскія сосны” (1969), з якога працытаваны радкі, вобраз гэтых дрэў набывае глыбокі духоўны сэнс, вырастае да яркага патрыятычнага сімвала, які красамоўна сведчыць пра крэўную пародненасць і непарыўнае адзінства паэта з роднай старонкай. Нарачанскія сосны блізкія і родныя сэрцу паэта, быццам людзі:

Я, нават будучы глухім,
Між тысяч іншых сосен
Адрозніў бы іх пошум
І, нават будучы сляпым,
Абняўшы ці пацалаваўшы,
Іх пазнаў бы.

У вершы “Калі завеш мяне…” (1972) паэт прызнаецца, што ўсе мары, радасці і думкі ён нясе ў родны кут, да “сосен сваіх нарачанскіх”. Паэт кажа пра няпростую ношу чалавечай памяці, калі не дае спакою зведанае і перажытае на дарогах жыцця і часу.

Максім Танк часта задумваўся пра сэнс творчасці, прызначэнне паэзіі. Ён стварыў цэлы “Трактат аб паэзіі” (1962), у якім вядзецца гаворка пра ролю і месца паэзіі ў жыцці. Праўда, тут знаходзіць выяўленне і паэтава вера ў камунізм. У вершы “Паэзія” (1955) Максім Танк прыводзіць яркія параўнанні і асацыяцыі, якія выклікае ў яго паэзія. Яна ўяўляецца паэту бліскавіцай і вясновай кветкай, яна здольная прынесці вызваленне з няволі і пекла, падараваць каханне і радасць… Паэтычнае слова чаруе сваім хараством, дапамагае чалавеку жыць і верыць. Сапраўдная паэзія, як даводзіць аўтар, штосьці большае: гэта само сэрцабіццё, дыханне паэта, усё самае святое, што ёсць у жыцці. З афарыстычнай ёмістасцю думкі гучаць заключныя радкі верша:

А ты аказалася большым:
Ты – кроў, што пульсуе па жылах,
Ты – сонца, якое
Прасторы святлом азарыла.


І без чаго, як без маці
Або без радзімы,
Ні нараджацца, ні жыць
На зямлі немагчыма!

 

Верш гэты змяшчае глыбокія аўтарскія думкі і філасофскія разважанні. Паэт павінен цягнуцца да вышыняў неба, памятаць “пра век, у які мы жывём”, быць у пошуку “…слоў новых, // Якіх не хапае // Для новаадкрытых планетаў, // Законаў і формул, // Для нашай сусветнай любві” (“Трактат аб паэзіі”).

Чароўнае і паэтычнае Максім Танк бачыў у будзённым і звычайным, у разнастайных праявах жыцця. Своеасаблівую паэзію ён заўсёды адчуваў у каханні. У вершы “Паэзія!..” (1965) перад намі паўстае вобраз гарэзлівай маладзіцы, а затым ужо маладой маці, якая корміць дзіця пад бабкаю жыта. Аўтар паэтызуе зямныя пачуцці, якія запаланілі яго сэрца:

…Хоць я адчуваю,
Што недзе жывеш ты
Між полюсамі майго сэрца –
Маўчаннем і крыкам.

Верш “Ave Marіа!” (1957) гучыць як узнёслы, урачысты гімн. Пачуццё да юнай прыгажуні паўстае з паэтычных радкоў велічным, цудоўным і разам з тым вельмі зямным. Рэфрэнам праз твор праходзяць услаўляльныя словы “Ave Marіа!”, якія выяўляюць падкрэслена ўзвышаны стан душы паэта, яго захопленасць дзявочым хараством і маладосцю. Аб’ектам захаплення становіцца прыгожая манашка, якая прыйшла ў храм на малітву. Яе вобраз створаны вачыма чалавека, які спавядае культ зямнога шчасця. У той жа час маладая манашка – гэта глыбока рэлігійная натура, якая мае ў сэрцы ўнутраную трываласць і адданасць веры, хоць і разумее, што ў сучасным свеце несці крыж верніка нялёгка:

Не знаю, можа, мая малітва
Мне памагла б выйграць гэтую бітву,
Але пазвалі яе; манашка
Пайшла за ўсімі, уздыхнуўшы цяжка,
Пад зводы змрочныя і глухія, –
Ave Marіа!..

У лірыцы Максіма Танка тэма кахання займае асаблівае месца. Паэт дакладна перадае душэўна-псіхалагічны стан закаханых, нярэдка піша пра іх паводзіны з цёплым гумарам (“Зацьменне сонца”, “Ноччу”, “Свавольнай была маладая суседка…” і інш.).

Максім Танк – прадаўжальнік традыцый інтымнай лірыкі, якія былі закладзены славутымі класікамі нашай паэзіі. Ён гэтак, як і М. Багдановіч, абагаўляе і паэтызуе жаночую прыгажосць, услаўляе каханне, шчасце маладосці. “Маладыя гады, // Маладыя жадання!” – усклікаў калісьці М. Багдановіч, які цудоўна раскрыў тыя хвіліны, калі “і агністы пагляд, і гарачыя словы” (“Маладыя гады…”). У творах, напісаных Максімам Танкам у час маладосці, пануюць шчырасць і адкрытасць, вясёлая нястрымнасць і радасць пачуццяў. У вершы “Прызнанне” (1956) лірычны герой паэта марыць быць поруч са сваёй каханай, таму ён усім сэрцам жадае,

Каб вячэрняю парой мне гасцінна дзверы
Адчыняла ты заўжды, клікала вячэраць,


І, прысеўшы за сталом, так, як гэта трэба,
Мы дзяліліся з табой радасцю і хлебам,


І даверыла б маім ты рукам, дзяўчына,
Ў час начны аберагаць сон твой і спачынак,


І даверыла б яшчэ кожнай раніцою
Пацалункамі будзіць і вітаць з зарою…

 

У танкаўскіх вершах пра каханне выяўляюцца малады імпэт, іскрыстасць гумару, іх завяршаюць гарэзліва-жартоўныя запытанні, звернутыя да дзяўчыны: “Ты смяешся… Адкажы: можа, гэта мала?” (“Прызнанне”); “Ты не цікавілася часам, // Калі настане новае зацьменне?” (“Зацьменне сонца”).

У жыцці добрай музай паэта была жонка Любоў Андрэеўна. Менавіта ёй прысвечаны многія вершы інтымнага зместу. Са сваёй вернай спадарожніцай паэт прайшоў разам па жыцці, без яе ён не ўяўляў “свайго быцця і небыцця”. Пра іх супольны шлях, які пачынаўся ў Заходняй Беларусі, Максім Танк разважае ў вершы “Табе”. У маладосці будучае жыццё ўяўлялася святам, думалася пра прыгожыя кветкі і салаўіныя ночы. Аднак прыйшлі сямейныя будні, за плячыма засталіся перажытыя радасці і нягоды. Паэт гаворыць: “І не знаю, хто тут вінават: // Ці то сам я, ці можа, мой лёс, // Што табе я, сяброўка мая, // Толькі шэрыя будні прынёс”. У гэтым прызнанні – і пакаянне, і ўдзячнасць жонцы за самаахвярнасць, раздзелены жыццёвы лёс.

Паэзія Максіма Танка – гэта вышыня і яркасць думкі, свабодны палёт фантазіі, шлях актыўных творчых шуканняў. Ён пастаянна клапаціўся пра паэтычнае майстэрства, узбагачэнне і абнаўленне мастацтва слова. Максім Танк імкнуўся да арыгінальнай вобразнасці, экспрэсіі выяўленчых сродкаў (анафары, асанансу, градацыі і інш.) і асаблівае значэнне надаваў паэтычнай форме. Цікавымі ўяўляюцца два погляды аўтара на санет, выказаныя ў зборніку “Дарога, закалыханая жытам”. Так, у вершы “Санет” (1973) ён гаворыць пра эстэтычную жыццёвасць і прыдатнасць для самавыяўлення гэтай класічнай вершаванай формы:

…Мой карабель – санет
Калісьці збудаваў вялікі Дантэ,
А сам Шэкспір на ім адкрыў сусвет.

Санетная форма, на думку паэта, здольная і ў сучасных умовах мець лірыка-філасофскую заглыбленасць у асваенні свету. Таму ён гатовы “адправіцца на караблі санета // На дальнія сузор’яў астравы”.

У вершы “Антысанет” (1974) паэт жадае прыбраць сваю Музу “ў санет – у вопратку багіняў старажытных”. Але тая наракае, што старая форма верша яе скоўвае:

Як працаваць і цешыцца з табой,
Калі санет твой грудзі і стан мой
Чатырнаццаццю клямрамі сціскае.

Невыпадкова Максім Танк імкнуўся да раскаванага стылю паэтычнага выказвання, натуральна простай размовы з чытачом, да свабоднага верша з яго ўстаноўкай на празаізацыю і асацыятыўнасць тэксту. Майстар слова клапаціўся пра ўзбагачэнне разнастайных формаў мастацкай умоўнасці: алегарычнасці, міфалагізацыі, фантастычнасці вобразаў і малюнкаў.

Танкаўскую паэзію вызначае багацце асацыяцый, арыгінальнасць вобразна-мастацкага мыслення аўтара. У вершы “Лесавік і палявік” нібы ажывае свет міфа, казкі. Прытчавасць думкі выяўляецца ў “Прытчы пра хлеб”. У вершы “Касмалогія” (1968) аўтар выбудоўвае сваю міфалагічную канцэпцыю свету, арганічна знітоўвае зямное і касмічнае, нацыянальнае і агульначалавечае:

Зямля трымаецца на трох сланах,
Сланы – на велізарнай чарапасе,
Чарапаха – на голубе,
Голуб – на хлебным коласе,
Колас – на калысцы,
А калыска – на песні матчынай…
I пакуль песня будзе гучаць,
Калыска будзе калыхацца,
Зерне – прарастаць,
Голуб – віць гняздо пад страхой,
Чарапаха – ісці Млечным Шляхам,
Сланы – пераступаць з нагі на нагу, –
Зямля будзе век
Зелянець, зелянець, зелянець…

У гэтым вершы паэт па-філасофску гаворыць пра непарушнасць свету. А бярэ выток шлях да вечнага красавання жыцця ад матчынай песні, дзіцячай калыскі.

Паэзія Максіма Танка вызначаецца жанрава-стылёвай разнастайнасцю. Не выключэннем з’яўляецца і яго творчасць 1950–1960-х гг.: тут мы сустракаем вершы баладнага жанру, оды, філасофскія медытацыі, публіцыстычныя маналогі і інш. Дзякуючы Максіму Танку адной з самых пашыраных, нават папулярных формаў верша ў беларускай паэзіі стаў верлібр, або свабодны верш. Танкаўскі верлібр набыў глыбокую сэнсавую ёмістасць, медытатыўнае і афарыстычнае гучанне:

Парог, вычасаны з успамінаў,
Астаўся за мной;
Дзверы, на завесах цвыркуновай песні,
Асталіся за мной;
Вокны, зашклёныя вачамі блізкіх,
Асталіся за мной;
Хата, пакрытая крыламі ластавак,
Асталася за мной, –


Як жа мне не азірнуцца назад,
Нават калі б я застыў
Слупом солі?

 

Асацыяцыі ў верлібры “Парог, вычасаны з успамінаў…” (1965) раскрываюць непарыўнасць чалавечай душы з радзімай. “У вершах М. Танка, – адзначае Алег Лойка, – больш за ўсё кідаецца ў вочы імкненне да разгорнутасці пералікаў, да ігры на кантрастах, на нечаканых паваротах думкі”.

Адзінствам формы і зместу, яркай асацыятыўнасцю вылучаецца верлібр “Дрэвы паміраюць…” (1970). Паэт, праводзячы паралель “дрэвы – вада – зямля – чалавек”, спрабуе даць адказ на філасофскае пытанне: як і калі надыходзіць небыццё. Тое, што гаворыць паэт пра смерць у прыродзе, можна аднесці і да свету чалавечага. Аналогія напрошваецца міжволі. Гэта вельмі трывожны сімптом, калі хтосьці губляе памяць, не ведае, куды ідзе. Людзям пагражае выміранне гэтак, як і зямлі, якае перастае “радзіць хлеб і быць калыскай песняў”. У заключных радках твора паэт выказвае думку-абагульненне пра тое, што для чалавека небяспечная духоўная смерць. Калі яна пачынаецца і чаму? Паслухаем Максіма Танка:

Дрэвы паміраюць,
Калі перастаюць пазнаваць
Змены года
І не адгукацца рэхам…
……………………
Чалавек – калі страчвае здольнасць
Здзіўляцца і захапляцца
Жыццём.

Танкаўскія верлібры нясуць у сабе глыбокі чалавеказнаўчы змест, у іх ёсць сімволіка-філасофскі сэнс і падтэкст думкі, якія ўтрымлівае метафарычная і алегарычная ўмоўнасць. Аўтар дасягае эфекту паэтычнага адкрыцця-азарэння, нечаканай і ёмістай канцоўкі, стварае пры гэтым інтэлектуальна насычаны мікрасвет верша.

Творчасць Максіма Танка ў 1970–1990-я гг. – таксама адна з самых цікавых і самабытных старонак у паэзіі Беларусі. Творчы рахунак паэта ў апошнія дзесяцігоддзі папоўніўся новымі кнігамі: “Прайсці праз вернасць” (1979), “За маім сталом” (1984), “Збор калосся” (1989), “Мой каўчэг” (1994), “Errata” (1996). Кожны з гэтых зборнікаў канцэнтруе ў сабе “жывое энергетычнае поле” (выраз А. Вазнясенскага), якое выпраменьвае магутную, прыцягальную энергію.

Тэматычна-вобразны дыяпазон паэзіі Максіма Танка надзвычай шырокі. Яго хвалююць праблемы, звязаныя з лёсам чалавека, роднай зямлі, мінулым нашага народа, жыццём грамадства і чалавецтва. Пра што б ні пісаў Максім Танк, ён застаецца паэтам філасофскага погляду на свет. У чым хараство і сэнс быцця, што мы пакінем пасля сябе на зямлі, у чым заключаны асновы свету, чалавечых узаемаадносінаў, што такое сумленне і праўда, шчасце і каханне? На ўсе гэтыя пытанні паэт дае мудрыя адказы, зыходзячы са свайго індывідуальнага вопыту светапазнання і светаасэнсавання. Размоўная манера гаворкі, медытатыўна-роздумныя інтанацыі вызначаюць стылёвую адметнасць многіх вершаў:

Дрэнна,
Калі
З сэрца выветрыцца ўсё сумленне,
Бо яно не вяртаецца зноў.
А найгорш,
Калі розум пакіне,
Бо тады ў дзверы ломяцца
Злыбеды ўсе.

(“Дрэнна, калі згасне зрок…”)

Свабодная форма верша зрабілася асноўнай у творчасці паэта. Ён чуйна і па-філасофску засяроджана ўзіраецца ў знаёмыя дрэвы і плынь ракі, у зорны сусвет, прыходзіць да важных абагульненняў. “Шумы і перашумы, чараванні, замовы” дрэў выклікаюць роздум пра непазбежнасць паяднання чалавека з вечнасцю: “…Толькі ўсе іх пазнаць, // Можа, з часам пазнаю, // Калі стану і сам // Дрэвам роднага краю” (верш “Я люблю ранні час…”).

Паэзія Максіма Танка шырока лучыцца з нацыянальнай, а таксама сусветнай гісторыяй і культурай (“У Татрах”, “Багрым”, “Францішак Скарына”, “Гамер”, “Дом Сібеліуса”, “Марк Шагал” і інш.). Ён кранальна сказаў пра трагічны лёс нацыянальнай інтэлігенцыі, якая слугавала роднай культуры і мастацтву (зборнік “Errata”).

У вершы “Гравюры Скарыны” (1986) паэт склаў гімн таленту і творчаму подзвігу славутага беларускага першадрукара і асветніка. Самабытныя малюнкі-ілюстрацыі Скарыны да Бібліі перажылі вякі, у іх паэт адзначае “штрых кожны… глыбокі”. Беларускі друкар выразаў гэтыя гравюры “на спаконвечным дрэве гісторыі свайго народа”. Максім Танк услаўляе высокае майстэрства Скарыны, духоўную сілу яго творчасці:

І выразаў ён іх
Не штыхелем-разцом,
А промнем сонца,
Промнем сваёй веры
І любові да народа.

У гравюрах Скарыны жыве чарадзейная краса мастацтва, таму яны валодаюць здольнасцю незвычайна ўздзейнічаць на людзей, тварыць цуды і праз стагоддзі.

У духоўных каштоўнасцях паэт бачыць высокую прыгажосць і трываласць быцця. З гэтае прычыны ён перакладаў на беларускую мову творы многіх паэтаў свету – Адама Міцкевіча, Аляксандра Пушкіна, Максіма Рыльскага… Найбольш ён перакладаў з польскай паэзіі: Цыпрыяна Норвіда, Тадэвуша Ружэвіча, Леапольда Стафа, Баляслава Лесьмяна, Чэслава Мілаша, Віславу Шымборску і інш. Максім Танк наведаў шмат краін (Чэхія, Славакія, Балгарыя, Iталія, Фінляндыя, Грузія, Iндыя, Чылі і інш.), здолеў адметна выказаць у вершах свае ўражанні ад сустрэч э экзотыкай, культурай і побытам іншых народаў.

З пазіцый будучыні, вечнага на зямлі асэнсоўвае Максім Танк сучасную рэчаіснасць, наша жыццё, пазначанае складанасцю і драматызмам чалавечага лёсу. “У нашых песнях – // Небяспечны стронцый”, – так выказаўся паэт у вершы “Цяпер асцерагайцеся” (1989), разумеючы, што Чарнобыль адабраў у паэтычнага слова крылы радасці. Тры дзеясловы запар у вершы “Пасля аварыі” перадаюць трагічныя перажыванні, народную бяду, паказваюць сілу яе ўздзеяння на ўнутраны свет паэта: “…А травы, // Лісты на дрэвах // I вандроўныя аблокі – // Сцягамі жалобы, // Што зацямняюць вочы, // Атуляюць сэрца, // Засланяюць сонца”. Паэт з болем усведамляе, што экалагічная катастрофа вядзе да разбурэння адвечных асноў жыцця і ўладкавання свету. Пачуццё віны, трагедыйны пафас дамінуюць у вершы “Просьба аб дараванні” (1989). Герой паэта звяртаецца да “забітай Чарнобылем Зямлі”:

Даруй нам, грэшным
I неразумным,
Маці!

Гэтыя радкі выяўляюць досвед чалавека чарнобыльскай эпохі.

У суровае ХХ стагоддзе паэт зрабіўся палкім заступнікам прыроды. Яшчэ ў сярэдзіне 1950-х гг. ён у вершы “Не сячы сасны” заклікаў берагчы навакольнае хараство, не парушаць гармонію свету. На смерць рэк, дрэў, птушак, крык прыроды аб паратунку паэт рэагуе эмацыянальна-публіцыстычным словам, б’е ў звон трывогі, звяртаецца да чалавечай свядомасці, сумлення, нагадвае пра апакаліптычны фінал грамадства, да якога вядзе жорсткі, безразважны чалавек (вершы “Экалогія”, “На пахаванне ракі”, “Апакаліпсісны”, “Тут Беларусь была” і інш.). Элегізм, душэўны неспакой у многіх творах раскрываюць паэтаў боль за знявечаную, паглумленую прыроду, за пакутніцкі лёс роднага краю ва ўмовах чарнобыльскай навалы. У адным з вершаў – незвычайны спіс, у які аўтар уносіць “Назвы рэк атручаных, // Што загінулі прадчасна, // Мянушкі траў, // Дуброў // З іх жыхарамі // I нат імёны душагубаў, // Вінаватых // У іх трагічнай смерці” (“Мой памінальнік”). Паэт заўсёды трывожыўся пра лёс духоўнай спадчыны, наш зямны свет. І таму ў яго лірыцы 1970–1990-х гг. маральны пафас, гуманізм мыслення, трывога за экалогію з’яўляюцца галоўнымі.

Між тым, здзіўляцца красе свету, выяўляць асалоду і радасць жыцця на зямлі – гэта ў добрай, нязменнай традыцыі Максіма Танка. Нямала вобразных і маляўнічых пейзажных твораў у кожнай з кніг паэта (вершы “Узыход сонца”, “Зноў я на тых сцежках”, “Дарога на Нарач”, “Пасля снегападу”, “Калашэнне жыта”, “Рабіна” і інш.). Нарачанская прырода – крыніца яго натхнення і аб’ект прачулай паэтызацыі. Максім Танк – глыбока пачуццёвы паэт-пейзажыст: “Я часта начую і днюю // Ля сосен сваіх нарачанскіх, // Дзе ўсе радасці мае, // Дзе ўсе думы мае…” (“Калі завеш мяне…”). Паэт праз усё жыццё пранёс у сэрцы любоў да роднага бацькоўскага краю.

Максім Танк – творца яркага і шматбаковага паэтычнага выяўлення, а яго мастацкі свет па-сапраўднаму разнастайны і універсальны. “Слова М. Танка, – адзначае даследчык творчасці паэта М. Мікуліч, – бывае інтанацыйна-ўзнесеным, прамоўніцкім і сцішаным, даверліва-інтымным, усмешлівым, дасціпна-гуллівым і ўнутрана засяроджаным, па-грамадзянску сталым. Глыбока прачулы аўтарскі лірызм і філасофскія прытчы, традыцыйна-напеўны, “сабраны” верш і парадаксальнасць асацыятыўна-метафарычнага мыслення, раскалыханасць верлібра – шырыня мастацка-творчага дыяпазону ўражвае”. Для гэтага аўтара, як і для еўрапейскіх майстроў слова, характэрныя інтэлектуальна-філасофская змястоўнасць твораў, асацыятыўнасць і інтэнсіўнасць мастацкага мыслення, парадаксальнасць думкі:

Я спытаў чалавека,
Які прайшоў праз агонь,
I воды,
I медныя трубы.
– Што самае цяжкое
на гэтым свеце?


I ён адказаў:
– Прайсці праз вернасць?

(“Я спытаў чалавека…”)

У вершы “Усё мае працяг жыцця…” разгортваецца ланцужок асацыяцый, ход разважання пры гэтым набывае іншасказальнасць і прыпавесцевасць. Паэт стварае філасофскую алегорыю-прытчу, вельмі афарыстычную па сваім гучанні:

Усё мае працяг жыцця:
Нітка – ў туга навітым клубку,
Дарога – ў імкненні за небасхіл,
Песня – ў водгаласах рэха,
Зерне – у хлебе надзённым,
Любоў – у сонечнай усмешцы дзіцяці.


Усё мае працяг жыцця,
Апроч няпраўды.

 

У танкаўскай паэзіі жывуць міф і казка, у ёй ёсць месца дасціпнаму жарту, тут гучыць народная песня, замова, малітва, сустракаюцца такія формы і віды верша, як санет, балада, пасланне, элегія, эпітафія, танка, хоку і інш.

На схіле жыцця Максім Танк вяртаўся ў думках у мінулае, перажытае, асэнсоўваў зведанае і ўбачанае на пуцявінах веку. Назва апошняй кнігі “Еrrata” якраз і азначае “заўважаныя памылкі”. З вышыні сучасных дзён, зразумела, паэту зрабіліся відавочныя і пэўныя пралікі творчасці. У іншым святле ўбачыліся прычыны няшчасцяў Максіму Танку, які некалі называў сябе “безвызнавёўцам” (нявернікам): “І сёння прызнацца // Пакутліва мушу, // Што ёсць // Бог на свеце, // Бо столькі напасцяў // Не змог бы на наш народ // Нехта абрушыць” (“Калі, праклінаючы лёс…”). У сваім “Дзённіку” паэт выказваў шкадаванне, што ўжо не засталося часу на пераацэнку сваёй творчай спадчыны і твораў усёй нашай літаратуры. Паэт ставіўся да сябе ранейшага крытычна, не баяўся прызнаць памылкі, бо выдатна ведаў цану сапраўднаму вершаванаму радку. Многае з напісанага ім застаецца разам з намі. Ён быў сапраўдным Майстрам, які прадэманстраваў высокую годнасць і вартасць нацыянальнага мастацтва слова.

А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар

Крыніца публікацыі: Бельскі, А. Класікі і сучаснікі ў школе: вывучэнне творчасці пісьменнікаў / А. Бельскі. – Мінск, 2005. – С. 86–102.