ЯНКА КУПАЛА Ў ТВОРЧЫМ ЛЁСЕ РЫГОРА БАРАДУЛІНА

А. Э. САБУЦЬ, кандыдат філалагічных навук, дацэнт

0
3783

Маміна слова
Мяне пераксціла,
Дабраславіла
Купалава слова
      Рыгор Барадулін

Майстэрства – гэта перш за ўсё імкненне… Імкненне вучыцца, ацэньваць, бо, як вядома, вялікае бачыцца на адлегласці. Імкненне прадоўжыць справу «аратаяў ды ваяроў». Рыгор Барадулін, душа бунтоўная і рахманая, ставіўся да класікаў, нашых апосталаў нацыі, з павагай творчай і зацікаўленай. Душа паэта паглыблялася аратайскай стыхіяй «патаемнага, пераемнага». «Сяброўскае слова» – менавіта так жанрава вызначыў паэт суразмоўны дыялог з класікамі і пераемнікамі. «Нашымі прэзідэнтамі, міністрамі замежных спраў, паўпрэдамі нашымі праз усе вякі былі Францыск Скарына і Ефрасіння Полацкая, Мікола Гусоўскі і Кастусь Каліноўскі, Янка Купала і Максім Багдановіч» [1, с. 13], – сцвярджаецца ў расповедзе пра апосталаў Адраджэння.

Французскі паэт і тэарэтык Рэнэ Шар цікава падмеціў, што паэт на сваім шляху павінен пакідаць не доказы, а сляды, прычым сляды – прыцягальныя. У чым жа прыцяжэнне Купалавага слова, мыслення, урэшце, асобы для паэта-«шасцідзясятніка» Р. Барадуліна? Якая місія Купалавай велічы ў творчым лёсе Р. Барадуліна? Скажам адразу, сутнасна-вызначальная. Хто ён, вялікі Купала для Барадуліна-творцы? Найперш, мовячы па-барадулінску, «і ёсць пастыр душаў людскіх, і пастух родных слоў» [1, с. 56]. Пастыр і барадулінскай душы, а паства для творцы тут надзвычай разгоністая. Так, адно са згаданых «сяброўскіх слоў» («Будуць!») Барадулін распачынае няспешна, затое годна-велічна: «Купалаўскі ліпень (вылучана намі. – А. С.), панчанкаўскі жнівень. Адзін за адным, адзін з адным. Пімен Панчанка ішоў следам за вялікім Янкам Купалам… нарадзіўся пад сузор’ем Янкі Купалы, а гэта значыць, што вырачаны на вечную любоў да беларушчыны, на любоў пакутную, самаахвярную» [1, с. 56]. Думаецца, у гэтым выказванні Барадулін велікадушна згадваў не толькі П. Панчанку, але дазваляў адчуць і сябе спадчыннікам, пераемнікам Купалавага слова. Так, яшчэ на самым пачатку творчасці ў вершы «Купаляняты» (прысвечаны Ядзвізе і Янку Раманоўскім) паэт шчыра прызнаваўся:

Няхай галініцца
                           і караніцца
Пявучае
              купалаўскае дрэва! [2, с. 74]

І сапраўды, парасткамі радкоў, галінкамі вершаў прылучалася да Купалы барадулінская муза (вершы «Радзіме», «Янку Купалу», «Купалянятам», «Каб усе вятры Беларусі…», «Певень першы раз прапяяў…», «Святам свянцонае», «Паэтам на чужыне», «In memoria», «Пяцізоркавасць», «Няхай жа!», «Будзем жа!» і інш.). Меў рацыю ягоны творчы крэўнік М. Стральцоў у праўдзіва заўважаным: «Пра Купалу ён наогул згадвае часта… Згадвае на мяжы нейкай вельмі асабістай крэўнасці: “Іван Дамінікавіч, дзядзька Янка, Купала…”» [3, с. 12]. Сярод устойлівых барадулінскіх міфалагем, што так шматгранна, абсяжна, нават велічна рассыпаны на старонках ягоных паэтычных зборнікаў, «дрэва жыцця», «спрадвечнае дрэва», «радаслоўнае дрэва», «дрэва пазнання», «дрэва часу», «жыцця радаводнае дрэва» і інш. – «пявучае купалаўскае дрэва». Само паняцце дрэва асацыіруецца з вечнасцю, жыццястойкасцю. Сапраўды, Барадулін досыць часта звяртаўся да свайго папярэдніка Янкі Купалы, які для яго – «найлюбы сын свету», «Іван Дамінікавіч, // дзядзька Янка…», «вялікі паэт славянскага свету», «уладар народных дум» і інш. У сваім аўтабіяграфічным эсэ «На таку майго веку» ўрачыста-панавіта шчыруе пра сваю далучанасць да купалавай радні: «Шчаслівы я ад таго, што лёс звёў мяне з атожылкамі пявучага Купалавага дрэва. З Уладзіславай Юльянаўнай, з Ядзвігай Юльянаўнай, з Іванам Юльянавічам. Здарылася не адзін раз быць госцем у іхняй маці, сястры Янкі Купалы. … Праз усе гады глядзіць на мяне Іван Дамінікавіч работы Янкі Раманоўскага – дарагі падарунак майго старэйшага сябра» [1, с. 285].

Гістарычнае асэнсаванне спадчыны ў творчасці Р.Барадуліна ёсць працяг традыцыі купалавых гісторыка-патрыятычных даляглядаў. Сіла мастацкага уздзеяння надзвычай адчувальная. Так, параўнаем матывы купалавага асэнсавання спадчыны ў гучанні вершаў паэтаў:

У Купалы: У Барадуліна:

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай [4, с. 264].

Ад сівых гадоў,
                           ад дзядоў
Для мяне
                 ашчаджона спадчына:
Песні жніўнай
                          смутак удоў,
Мох зязюльчын,
                            гняздо курапатчына;
[5, с. 38].

Бясспрэчна, святой любоўю двух паэтаў – Купалы і Барадуліна – да сваёй Бацькаўшчыны і мовы тлумачыцца дадзеная ідэйная пераклічка. Разам з тым барадулінскі верш самастойны і арыгінальны. Так, у духу вялікай купалавай традыцыі высвечваецца ў барадулінскай паэзіі рознай танальнасці пачуццё спадчыннай Бацькаўшчыны («Ад сівых гадоў, ад дзядоў…», «Колькі год Беларусі?», «Мая Бацькаўшчына», «Дзятлінка», «У дзяжы гісторыі вякі…», «Баюся», «Мы ёсць таму», «Вернута быць павінна» і інш.).

Эстэтызацыя сялянскай працы, народнага побыту наогул сцвярджаецца Барадуліным як прыгожае, мастацкае ў самой сваёй аснове. «І сапраўды, дзе, як не ў Купалы, як не ў багатай нашай фальклорнай стыхіі, шукаць карані барадулінскага, такога шчодрага і ранішняга нейкага слова, ягонай «паганскай» (так, так!) здольнасці паспытаць рэч навобмацак, на слых, на пах і на смак… (падкрэслена намі. – А. С.)» [3, с. 12]. У прыватнасці, купалава паэма «Яна і я» і барадулінская «Адам і Ева» – гэта водгулле адвечнага, быццам звычайнага, быційнага і ў той жа час найчалавечнейшага: ён і яна, зямля і праца, прырода, узаемная блізкасць, спадзеўны «спакой спрадвечны на зямлі», дзе жыццё і зямля бласлаўляюць іх. Палоняць маштабы жыццёва-існых матываў разам з нястомным «урастаннем» у філасофію народнага быцця. Параўнаем:

У Купалы: У Барадуліна:
Звінела песня і злівалась з музыкаю птушак,
Бярозавыя на гасцінцы плакалі прысады,
Заводзіў вецер, б’ючысь аб асінавы асушак…
Я выган плотам гарадзіў, яна палола грады [4, с. 373].
Пакуль далёка спіць залева
І сопкі песцяцца ў смузе,
Яны ўдваіх,
                    Адам і Ева,
Капаюць бульбу
                            у тайзе.
Конь пасвіцца,
                         бялее грыва…
[5, с. 30].

Так ці інакш, на наш погляд, працай земляроба і Купала, і Барадулін мераюць усе вартасці, усе ісціны жыцця. Вось яна – аркестроўка (па вобразу і падабенству) карміцелькі-зямлі, Зямлі-Беларусі. Заўважым – праз гістарычнае ўкрыжаванне (купалаўскія «вечныя па нас крыжы» [4, с. 368] і барадулінскае «быў час, як канакрад» [5, с. 31]). Безумоўна, эстэтызацыя вясковага побыту мае і ўласны барадулінскі мастацкі каларыт. «Каб не страціць святое штосьці» [5, с. 18] – вынайдзеная паэтава ісціна, над сутнасцю якой неўладарны час. На мацерыку ягонай паэзіі «святое» ўзыходзіць на шырэйшы абсяг: вяртанне да першародных вытокаў, да святой радзіны продкаў. Спадчына для Барадуліна – гэта тое святое, «што часам страчана, // што вернута быць павінна» (верш «Вернута быць павінна»).

Купалава яснабачная вера ў праведнасць лучыць сённяшняга Барадуліна-наступніка са светаглядам задумнага мысляра, асвячае шлях прарока крывіцкай зямлі. «Марыў Купала пра гордае шэсце Праўды» [6, с. 204], – гучыць як набат у барадулінскім вершы «Няхай жа!», знітоўваючы сваёй яваю (купалаўскі матыў праведнасці) непарыўнасць пакаленняў, прароцтваў. Услед за славутым купалаўскім «Мне сняцца сны аб Беларусі” чуюцца барадулінскія ноткі то прапаведніцкія, то роспачна-запытальныя («Беларусь на крыжы», «Беларусам у выраі», «Дык як?», «Мы ёсць таму», «Малітва наступнасці», «Беларусы – славянскай сям’і ізгоі…», «Яблыня» і інш.). Традыцыя знітавання рэлігійнага матыву з матывам патрыятычным у абодвух паэтаў адчувальная. «Малюся я небу, зямлі і прастору … за родны загон Беларусі» [4, с. 195], – урачыста спавядаў наш пясняр на пачатку ХХ стагоддзя ў страснай просьбе да Бога вярнуць Бацькаўшчыну (верш «Мая малітва»). На памежжы тысячагоддзяў ягоны паслядоўнік Р. Барадулін адухоўлена маліўся перад святым воблікам Беларусі: «Божа, пашлі Беларусі // Ласку з Тваімі вачамі. // Сэрцы суцеш у скрусе, // Злітуйся над крывічамі» [6, с. 125] (верш «Маленне за Беларусь»). І далей: «Дык адродзімся душой і вераю // З намі Бацька Бог // І Дух Святы!» [5, с. 110]. Гарманічнае сугалоссе лёсу маці-Радзімы, матчынай мовы і будучыні наступнікаў гучыць у абодвух паэтаў як заклінанне. Сімвалічны вобраз «Беларусі на крыжы», Бацькаўшчыны на крыжавых шляхах гістарычнага бездарожжа (параўнаем пераемнасць згаданага вобраза ў купалавых творах «Паязджане», «Б’юць трывогу званы…», «Суды», «Забраны край» і інш.) узбагачаецца ў барадулінскай паэзіі сімвалам адзічэлай яблыні на крыжавых шляхах: «На нажах скразнякоў азяблая, // Змоўклая ў крывавай расе, // Беларусь – // Адзічэлая яблыня, // Хто ні едзе – цябе трасе» [5, с. 98] (верш «Яблыня»).

Барадулінская словатворчасць як адзнака таленту тлумачыцца імкненнем спасцігнуць моватворчы вопыт народа. Народнае светабачанне і моватворчая энергія Янкі Купалы дужа імпанавалі Р. Барадуліну, арганічна ўвайшлі ў яго мастакоўскі свет. У духу магутнай купалавай словатворчасці Р.Барадулін узнаўляў першародна-этымалагічную сутнасць народнага ўяўлення аб пэўнай з’яве. Сапраўды, які густ і музычны слых трэба мець, каб сказаць па-барадулінску «неба, ад жаўранкаў ажаўранелае», «ільдзінкі дзінькія», «канае каня», «журыўся журавель», «асіны, ад холаду сінія» і інш. Моватворчая энергія Я. Купалы арганічна ўвайшла ў барадулінскі паэтычны свет. Славутыя купалавы наватворы тыпу небазор («Не іскрыцца небазор, // Не цвіце трава-чабор» [4, с. 130]),  цёмнасць («Змеркла. Цёмнасць агні пале // Ў зорак грамадзе» [4, с. 212]), вогнік («Лісць трасецца на асіне, // Вогнік блукаецца сіні» [4, с. 113]), адвечністы («Другія іх зменяць і пеняцца ў зломе, // Адвечністым шумам калышуць прастор» [4, с. 143]) і інш. нясуць таямніцы старажытна-паганскага. Зусім невыпадкова Р. Барадулін свайго вялікага папярэдніка назваў «чорнарабочым мовы»: «А Купала ж быў чорнарабочым мовы. Пасля яго ніхто так не шчыруе на ўзбагачэнне роднай мовы не толькі шляхам запазычання з народных крыніц, але і ўтвараючы новыя словы, насычаючы, сілкуючы сваю паэзію ўвесь час новаўвядзеннямі, наватворамі» [7, с. 328]. Прыслухаемся, як па-беларуску асязальна і разам з тым па-барадулінску ёміста сказана: «Хай у пячоры чэрапу цямрэча, // Ускрэсне з мёртвых роднае спрадвечча!» [6, с. 251] , «Канодумка – // Вечная мроя // У вырай душу вядзе» [5, с. 297], «Нашчая паганская душа // Вырак лёсу // Руніста чытае..» [5, с. 189], «Суровы Жыцень // На пешчы такі не скупы» [5, с. 290] і інш. Сённяшняя смелая вынаходлівасць шматлікіх уласных наватвораў як сродку эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі пазначана натуральнай дасціпнасцю і фантазіяй Барадуліна-творцы: хмарабровасць, небаўзносіцца хвалой, будзьма бяседзіцца, сонцакрылы жаўранак, сонцакропка, руніста, цямрэча, пешчы (пяшчота), духмені, нарадзівец і інш. [5].

Самабытныя таленты Купалы і Барадуліна з паганскай багавейлівасцю вяртаюць крывіцкаму наскаму слову спаконвечнае. Менавіта народны паганскі дух, надзвычайнае багацце экспрэсіўнай метафорыкі, эстэтычныя ідэалы «Слова пра паход Ігаравы» спакушаюць абодвух творцаў да перакладу гэтага арыгінальнага велічнага твора. Заканамерным выглядае і зварот паэтаў да вабна-таямнічай генітыўнай метафары. Прычым міфатворчая генітыўная метафара ў абодвух творцаў розніцца міфалагічнымі мадэлямі: у Купалы – гэта логіка абсурду (пошасць трупавея, светач судзьбіны і інш.), экзістэнцыйная адзінота (сны забыцця, быт канання і інш.), у Барадуліна – паступальная натурфіласофская зрытмізаванасць («На ўскрайку вечнасці // Крывіцкі край // Абжыты быў паганскімі багамі» [5, с. 199]). Актывізацыя генітыўнай метафары ў Купалы і Барадуліна стварае ўражанне натуральнасці і самабытнасці паэтычнага пачуцця, сцвярджае метафару як нацыянальна-генетычны феномен.

Глыбока нацыянальная аснова барадулінскай паэзіі сугучна з купалавай публіцыстычнай «адбудовай Беларусі». Нацыянальна-дзяржаўнае самавызначэнне Беларусі (купалавы «Больш самачыннасці», «Незалежнасць», «Торжышча» і інш.) сугучна ў барадулінскіх надзвычай шчырых і хвалюючых радках: «Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы, // Мы, беларусы, // Мы народ такі. // Ахвотна забываем, што мы, // Хто мы» [6, с. 171] (верш «Мы больш сваёй ахвярнасцю вядомы…»), або: «Над святынямі пазруйнаванымі // Паклянемся дбаць пра карані. // Будзем Янкамі, а не Іванамі, // Што не ведаюць свае радні» [5, с. 110] (верш «Да беларусаў свету») і інш. Па сутнасці, гэта спроба зірнуць на сённяшнія катаклізмы як на адплату за гістарычную здраду, згодніцтва, вераадступніцтва. Альбо, як прарочыў Купала-мысляр, «А суд гісторыі цяжкі!..» [4, с. 324].

Купалава слова сапраўды дабраславіла Барадуліна-паэта, ягоную «душу агарнула журбою // ды варажбою», дало запавет і нам «застацца сабою», «каб беларусам – абавязкова!» [5, с. 218] (верш «Святам свянцонае»). Святое, «святам свянцонае» для Барадуліна-спадчынніка было заўсёднае маміна слова, Купалава слова. У гонар Купалы, у знак працягу крывіцкага беларускага роду ўнучку сваю адзіную, «ручаёк з крывіцкае ракі» назваў пашанліва да Купалы, да дзядзькі Івана Дамінікавіча – Дамінікай. Каб уваскрос Купала «у кожным шчырым беларусу». Ці, як панавіта-сцвярджальна заяўляў сам паэт у вершы «Няхай жа!»:

Янкам Купалам бачым.
Янкам Купалам верым.
Янкам Купалам вяртаем Беларусь у Беларусь [6, с. 205].

Няхай жыве Купалава Беларусь!

Літаратура

  1. Барадулін, Р. Аратай, які пасвіць аблокі: сяброўскае слова, эсэ і некананізаваныя ўспаміны / Р. Барадулін. – Мінск: Маст. літ., 1995. – 350 с.
  2. Барадулін, Р. Збор твораў: у 5 т. / Р. Барадулін. – Мінск: Маст. літ., 1996. – Т. 1: Вершы / прадм. В. Сёмухі. – 47  с.
  3. Стральцоў М. Ад маладзіка да поўні // Барадулін, Р. Выбраныя творы: у 2 т. / Р. Барадулін. – Мінск: Маст. літ., 1984. – Т. 1: Вершы. – С. 3–25.

4 Купала, Я. Выбраныя творы / Я. Купала; уклад. У. Гніламёдава, А. Шамякінай; камент. А. Шамякінай; прадм. Н. Гілевіча. – Мінск: Беларус. кнігазбор, 2002. – 640 с.

5 Барадулін, Р. Выбраныя творы / Р. Барадулін; уклад., прадм., камент. М. Скоблы. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 600 с.

  1. Барадулін, Р. Руны Перуновы: выбр. тв. / Р. Барадулін. – Мінск: «Радыёла-плюс», 2006. – 496 с.
  2. Барадулін, Р. Парастак радка, галінка верша: арт., эсэ / Р. Барадулін. – Мінск: Маст. літ., 1987. – 351 с.

А. Э. САБУЦЬ,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт

 Крыніца публікацыі: Сабуць, А. Э. «Няхай галініцца і караніцца пявучае купалаўскае дрэва!..»: Янка Купала ў творчым лёсе Р. Барадуліна / А. Э. Сабуць // Слова класічная вышыня (да 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа): зб. навук. прац / рэдкал.: І. В. Жук (адк. рэд.) [і інш.]. – Гродна: ЮрСаПринт, 2012. – С. 187–193.

Тэкст электроннай публікацыі падрыхтаваны ў рамках стажыроўкі на кафедры гісторыі беларускай літаратуры БДУ з 3.12.2018 па 14.12.2018 г.