Пути господни неисповедимы… Лёс людзей, якіх спасцігла ліхалецце Другой сусветнай вайны, бясспрэчнае сведчанне гэтаму біблейскаму сцвярджэнню. Біяграфія сусветна вядомага літаратурнага творцы, народнага пісьменніка Беларусі, лаўрэата Ленінскай прэміі і Дзяржаўнай прэміі БССР, дэпутата Вярхоўнага Савета рэспублікі Івана Паўлавіча Мележа — найяскравы прыклад яго прадвызначанага Богам ратнага, грамадзянскага шляху.
У палескай вёсцы Глінішча, зямлі і людзям якой у XX стагоддзі наканавана было зведаць шматлікія сацыяльныя, палітычныя, экалагічныя буры, лютай зімой 1921 года сялянская сям’я Марыі Дзянісаўны і Паўла Фёдаравіча Мележаў святкавала народзіны сына Івана, які пазней, здаецца, нічым асаблівым і не вылучаўся сярод вясковай дзятвы. Праўда, ва ўспамінах аднагодкаў, аднакласнікаў, тых, хто быў з ім добра знаёмы, неаднойчы адзначалася непаўторная знітаванасць знешняй і ўнутранай прыгажосці іх земляка Вані Паўлікава. Размашыстыя крылы броваў на акруглым яго твары былі своеасаблівым барометрам настрою, рэакцыі на паводзіны людзей, а блакітныя вочы адбівалі святло думак, хвалі якіх пакідалі баразёнкі на высокім чыстым ілбе. Дасканалую характарыстыку Мележу-падлетку ў школьныя гады, адзначала Насця Паўленка, даў дзядзька Васіль. «Вось, тымчасам, ты, можа, і вучоным станеш, — казаў ён. — Памяць у цябе добрая. I матэматыку, і мову ведаеш. Малюеш прыгожа, а ўжо які прыгожы казачнік — як Пушкін». (Успаміны пра ІванаМележа. Мн., 1982. С. 21.)
Пасля заканчэння школы з атэстатам выдатніка першай спробай самастойнасці для юнака стала праца ў раённым Хойніцкім камітэце камсамола. Працоўны энтузіязм запаўняў усе гадзіны сутак. Маладога хлопца хвалявалі новыя формы гаспадаркі, культмасавая работа, піянерскі і камсамольскі рух. 3 цягам часу на шырокіх прасторах штодзёншчыны Іван Мележ пачаў адчуваць нястачу як тэарэтычных, так і практычных ведаў, вярэдзіла думка аб набыцці вышэйшай адукацыі. У верасні 1939 года ён быў залічаны на вучобу ў Маскоўскі інстытут гісторыі, філасофіі і літаратуры. 3 Палесся ды адразу ў Маскву! Аднак сталічны шок быў кароткі: Мележа прызвалі на вайсковую службу, якую пачаў праходзіць на паўднёва-заходнім рубяжы савецкай дзяржавы (у Карпатах), дзе на рахманага беларускага хлопца, чырвонаармейца-артылерыста, і насунулася чорная хмара Вялікай Айчыннай вайны. Смяротны агонь Дантавага пекла вырваўся з сутарэнняў на паверхню нашай зямлі 22 чэрвеня 1941 года і бушаваў на ёй пяць гадоў, перамолваючы лёсы і жыцці людзей. У жорнах вайны апынуўся і малады, але фізічна загартаваны і маральна выхаваны воін Іван Мележ. Пазней ён адзначыць: «Вайна… аказалася,.. нечаканай, незвычайнай, непараўнанай ні з чым, страшнай бядою. Доўга, балюча гнёў душу разлад паміж нядаўняю лагоднасцю, маладой любоўю да зямлі, да жыцця і жорсткасцю бамбёжак, страхоццем першых пажараў і першых смерцяў». (Мележ I. Жыццёвыя клопаты. Мн., 1975. С. 183.)
У паслужным яго спісе адзначана, што ў снежні 1941 года атрымаў першае раненне, а ў жніўні 1942 — другое цяжкае (асколкамі бомбаў быў патрушчаны правы плечавы сустаў, ключыца, парваны звязкі). Зведаўшы горыч адступленняў, выпрабаванні варожых акружэнняў, на ўласныя вочы пабачыўшы бяспрыкладны гераізм воінаў Савецкай Арміі, пасля ранення трапіў у шпіталь, дзе ляжаў доўгі час і меў мажлівасць асэнсаваць перажытае. На вялікім вогненным гарызонце перад вачыма Мележа бясконца паўставала роднае Палессе. «Я суткамі мерз у акопах, а перад маімі вачыма стаяла маё гарачае Палессе. Я месяцамі валяўся ў шпіталях — ля майго ізгалоўя стаялі палешукі. Я пісаў раман аб вайне — яны стаялі за маімі плячыма, узбуджаючы маю фантазію…» (Мележ I. Жьццёвыя клопаты. С. 15.)
Пасля частковага залечвання ран Мележ быў звольнены ў запас з абмежаванаю годнасцю і трапіў на часовае месца жыхарства ў горад Бугуруслан, дзе зрабіў другую спробу прадоўжыць адукацыю — паступіў у эвакуіраваны малдаўскі педінстытут і адначасова быў залічаны там у штат выкладчыкаў кафедры ваеннай падрыхтоўкі. Да Бугуруслана дайшлі звесткі аб тым, што пад Масквой на станцыі Сходня распачаў працу Беларускі дзяржаўны універсітэт, і ён паслаў туды дакументы, адкуль атрымаў выклік і спецыяльны пропуск для паездкі ў Маскву.
У верасні 1943 года Іван Паўлавіч дабраўся да часовага прытулку БДУ, які размясціўся побач з чыгуначнай станцыяй у драўляным двухпавярховым будынку, атрыманым дзякуючы клопатам сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі. Мележ спаткаўся з невялічкай групай выкладчыкаў, дзяўчат-студэнтак і параненых франтавікоў, партызанаў і падпольшчыкаў. Узначальваў беларускую ўстанову — асяродак зямляцтва ваеннага часу — дырэктар Парфен Пятровіч Савіцкі, гісторык па спецыяльнасці. У яго асобе спалучалася ўсё, што неабходна было мець кіраўніку, у якога, як і ў многіх, не было ні кала ні двара, ні роднага неба над галавою. Саграваў і падтрымліваў беларускую дыяспару клопат рэспубліканскага ўрада, які таксама прытуліўся ў сталіцы. Брацкая дапамога Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта і іншых ВНУ ўдыхнулі ў БДУ жыццё, паставілі яго на ногі. Дэканам філалагічнага факультэта быў прызначаны Міхась Рыгоравіч Ларчанка, цяжкапаранены франтавік. Шчырасцю, цеплынёй натхняў ён студэнцкую моладзь на пераадоленне нягодаў ваеннага часу. Чытаў Ларчанка ўсе лекцыйныя курсы па гісторыі беларускай літаратуры. Займаўся «тэхнічным» вынаходніцтвам — уласнымі спевамі дэманстраваў розныя песенныя жанры вуснай народнай творчасці.
Мацярынскім крылом атуляла маладая выкладчыца гісторыі беларускай мовы Марыя Андрэеўна Жыдовіч, сям’ю якой вайна раскідала па ўсім свеце. 3 партызанскага фронту прыляцеў Іван Васільевіч Гутараў, які на лекцыях па гісторыі рускай літаратуры сваёй эрудыцыяй і красамоўствам зачароўваў. Французскую мову і этыкет інтэлігентнасці выкладала высокакваліфікаваны спецыяліст Вераніка Нікандраўна Андрэева. Група маскоўскіх прафесараў і выкладчыкаў таксама чытала лекцыі і праводзіла практычныя заняткі.
Шчыраваў на філфаку будучы аўтар падручніка па роднай мове, удзельнік не адной вайны, знешне строгі, але светлы чалавек Міхаіл Іванавіч Жыркевіч. За межы СССР натхнёна вёў у сваіх лекцыях па гісторыі розных краін выкладчык Хануцін. Вайсковую ж справу выкладаў Іван Паўлавіч Мележ.
Гэтая дысцыпліна была любімым прадметам студэнтак… Ішла страшная вайна. Пад вокнамі «універсітэцкага» будынка грукаталі вайсковыя эшалоны, вярэдзілі сэрца мелодыі «Цёмнай ночы» і «Зямлянкі», што даносіліся з шматлікіх санітарных саставаў. А мы пад кіраўніцтвам ваенрука Мележа ў прамерзлым да лёду памяшканні займаліся тэорыяй ваеннай справы і лёгкімі фізічна-спартыўнымі практыкаваннямі для падтрымкі душы ў целе. А як толькі пачалі вылузвацца лапінкі чорнай зямлі з-пад снегу, Іван Паўлавіч павёў наш дзявочы «ўзвод» на вуліцу пад сонейка і пачаў займацца страявой падрыхтоўкай. На сырой, пакрытай мінулагодняю травой пляцоўцы, у паношаным, з чужой нагі, рознага памеру абутку, нязграбна і смешна выконваліся намі каманды «налева», «направа», «кругом» і «бягом». Выкладчык-франтавік, малады, прыгожы, спакойны і спагадлівы, ніводным выразам твару не «здзекаваўся» з свайго войска. Дзяўчаты ж стараліся з усіх сіл. Ні вайна, ні голад не здолелі ў дзявочым злучэнні ваенрука Мележа патушыць агеньчык маладосці. Стараста Ніна Ржэўская змайстравала драўлянае «ружжо», прынесла на заняткі і атрымала падзяку ад выкладчыка. Мы ўсе гатовы былі паўтарыць яе прыклад, але да таго часу мала дзе засталася ў пасёлку цэлай агароджа, бо студэнты пакарысталіся ёй для паліва. Як толькі прыгрэла сонца і адскочыў аксамітны муражок, выкладчык стаў часцей даваць нам каманду «вольна». Тады мы апускаліся на траву вакол нашага прыгажуна-выкладчыка, выклікалі яго на гутаркі аб франтавым жыцці-быцці і распачыналі ўласныя споведзі аб родных, бацьках, дзявочым жартам, нязграбнай рэплікай імкнуліся заслужыць хаця б яго позірк.
У хуткім часе Іван Паўлавіч прывёз з Бугуруслана два «клады»: маленькі — запакаваныя ў дзіцячыя ночвачкі-ванначку гаспадарчыя рэчы, і вялікі — прыгажуню-жонку Лідзію і немаўлятка — дачушку Людачку. Пасяліліся яны ў прыватным пакойчыку, дзе паміж збітым з дошак ложкам і столікам вольнымі для праходу былі дзве драўляныя масніцы, а за дашчатай перагародкай жылі кватаранты-студэнты.
Сувязь са студэнтамі ўмацоўвалася. Уведаўшы, што Мележ часта ездзіць у Маскву да сваіх землякоў, пачалі прасіць, каб ён распытаў пра лёс іх бацькоў-франтавікоў, партызанаў. Аднойчы Мележ прывёз радасную вестку першакурсніцы, дачцэ беларускага пісьменніка Рыгора Мурашкі — Анцінеі, пра тое, што бацькі яе жывыя і да сустрэчы з імі ў Мінску засталося чакаць нядоўга. Мележ разам з мужчынскім студэнцкім актывам (Яўгенам Семенчуком, які страціў руку ў адной з партызанскіх аперацый, Міколам Лобанам, цяжкапараненым франтавіком) выконвалі шматлікія даручэнні рэктара БДУ, партгрупы, парткома. На ўсё жыццё засталіся ў памяці рэгулярныя выезды-дзяжурствы групы дзяўчат на станцыю Хімкі за хлебам для ўсяго калектыву, які атрымлівалі па картках (400 гр.). 3 мяшком боханаў за плячыма трэба было ў Хімках ускочыць у тамбур цягніка, а на Сходні спрытна выскачыць за хвілінны прыпынак. Не менш гераічна-трагічнымі былі рэйды дзяўчат на лесапавал для нарыхтоўкі паліва. Тэхнічным узбраеннем была хатняя піла. Такога роду бытавымі аперацыямі звычайна кіраваў Іван Паўлавіч.
Надышло лета 1944 года. Сходніцкі калектыў разам з усім народам радаваўся весткам аб вызваленні акупаваных нямецкімі фашыстамі некаторых раёнаў Беларусі і паціху рыхтаваўся да вяртання ў родны край, у родныя гнёзды. Пасля чарговай сустрэчы з урадам БССР П. П. Савіцкі паведаміў, што набліжаецца тэрмін рээвакуацыі універсітэта. У чэрвені нарэшце наступіў гэты светлы дзень. Іван Паўлавіч Мележ узначаліў аперацыю па пераездзе. Пагрузіліся з усім набытым за гэты час сціплым скарбам у вагоны.
Яшчэ ішла вайна, і пастаяннага рэжыму для цягнікоў не існавала. Стаянкі былі выпадковыя. Іван Паўлавіч выкарыстоўваў кожны зручны момант для праверкі і кантролю за парадкам сярод універсітэцкіх пасажыраў, дапамагаў тым, чыё сэрца не вытрымлівала стрэсаў ад малюнкаў пакалечаных вайной людзей і зямлі, пакутаў сірот і ўдоў.
Мінск сустрэў летняй чэрвеньскай гарачынёй, а ўспрымалася яна як спякота пажарышчаў ад комінаў і друзу, раскінутага перад вачыма ва ўсе канцы горада. Начальнік эшалона Мележ адрапартаваў дырэктару Савіцкаму і іншым членам камісіі аб «нармальным» прыбыцці універсітэцкай каманды. Хуценька выгрузіліся і раскінулі сваё селішча побач з вакзалам пад дахам высокага і доўгага драўлянага нямецкага вайсковага склада, паперу з якога мы пазней сталі выкарыстоўваць для сшыткаў пад канспекты. Засяліліся ў барак былой нямецкай чыгуначнай аховы, што быў побач. У нашым дварэ выклікаў ва ўсіх своеасаблівае пачуццё горычы свежы, абнесены прыгожай агароджай магільны грудок з надпісам на драўляным слупку: палкоўнік Каргузалаў Уладзімір Леанідавіч (1896.12.07— 1944) Герой Савецкага Саюза. Пазней мы даведаліся, што пахаваны ў нашым універсітэцкім дварэ быў ураджэнец Ленінграда, расіянін, высокакваліфікаваны спецыяліст ваенна-інжынерных войскаў. Эпіцэнтрам БДУ стаў ацалелы двухпавярховы цагляны корпус фізмата. У гэтым невялічкім доме, як у казачнай рукавічцы мышкі-нарушкі, абсталявалі некалькі аўдыторый, сабралі сціплую бібліятэку, якой загадвала Р. Г. Любіна, клапатлівы спецыяліст сваёй справы, размясціліся адміністрацыя і рэктар, адгарадзілі пакойчык для халастых выкладчыкаў і аспірантаў, утварылі і ўпрыгожылі невялікую актавую залу, дзе ў хуткім часе адбылася абарона I. В. Гутаравым доктарскай дысертацыі — першай філалагічнай пасляваеннай пары.
Днём пад летняй спякотай працавалі на руінах па аднаўленні біялагічнага корпуса. Мележ курыраваў студэнцкія атрады разам з будаўнічай камісіяй. А вечарамі збіраліся на двары ці ў актавай зале і пад музыку віртуоза-акардэаніста, былога лётчыка, студэнта-журналіста Рыгора Булацкага, і дэмабілізаванага салдата, студэнта-першакурсніка, майстра ігры на хворым ад вайны раялі Мішы Цікоцкага — сына славутага кампазітара Яўгена Цікоцкага, вытанцоўвалі да рання полькі, вальсы, выкручвалі факстроты і танга. Іван Паўлавіч часта назіраў з лагоднай сяброўскай усмешкай за гэтым студэнцкім мурашнікам. Па ўспамінах былога студэнта, зараз вядомага паэта Міколы Аўрамчыка, былыя студэнты-франтавікі Р. В. Булацкі, Ю. М. Міхневіч, I. Ф. Кудраўцаў, I. П. Мележ, Г. У. Шыловіч часта збіраліся ў студэнцкім скверыку і абмяркоўвалі свае надзённыя справы, праводзілі прафсаюзныя і партыйныя лятучкі, нібы раілася моладзь мележаўская з вопытам светлай памяці Героя Савецкага Саюза Каргузалава. Тут у Івана Паўлавіча выкрышталізоўваліся творчыя планы па стварэнні рамана «Мінскі напрамак». 3 гадамі прывакзальны універсітэцкі гарадок набудзе сімвал пу-павіны БДУ, аб чым сведчыць сучаснае яго прызначэнне, замацаванае помнікамі Еўфрасінні Полацкай, Міколы Гусоўскага, Францыска Скарыны, помнікам удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны. 3 яго і адправіўся ў вялікую гісторыю беларускага народа гадаванец Палесся і БДУ Іван Паўлавіч Мележ.
У 1945, у год гістарычнай перамогі савецкага народа над нямецкім фашыз-мам, Мележ закончыў БДУ і вялікую святочную падзею адзначыў у некалькі этапаў разам з усім калектывам. Ранічкаю згрупаваліся на універсітэцкім дворыку, віншавалі адно аднаго, без дазволу накідваліся з пацалункамі і на Івана Паўлавіча, затым рушылі людскім рэчышчам да Дома ўрада, дзе адбыўся мітынг. Людзей у вайсковым адзенні падкідвалі на ўра. Мы аберагалі свайго параненага выкладчыка, а вечарам без аб’явы і закліку згрудзіліся ў студэнцкім інтэрнаце на Нямізе і былі ўсцешаны, што і Мележ завітаў сюды.
Увосень 1945 года ён паступіў у аспірантуру на кафедру гісторыі беларускай літаратуры. За час вучобы напісаў рэфераты «Майстэрства кампазіцыі ў апавяданнях Эдуарда Самуйлёнка» — папулярнага пісьменніка даваеннай пары, «Бытавая казка на Беларусі» — скарбніцу матэрыялу нацыянальнага характару беларуса. Для дысертацыйнай работы выбраў тэму «Творчасць Кузьмы Чорнага-раманіста». Чорнаму ў лёсе Мележа належыць вялікая роля. Ён быў першым літаратурным кансультантам, да якога Мележ звярнуўся з рукапісам сваіх першых твораў.
Яшчэ падчас вайны ў Маскве на вуліцы Горкага, недалёка ад беларускага вакзала, у гатэлі «Якар», размясцілася беларуская дыяспара, якая складалася з франтавікоў, партызанаў, тых людзей, якія рознымі шляхамі траплялі ў сталіцу і цягнуліся да беларускіх урадавых структур той пары. Жылі тут і беларускія пісьменнікі. 3 Кузьмой Чорным першы раз Мележу давялося сустрэцца ў гэтым беларускім «інтэрнаце» нацыянальнай інтэлігенцыі. Па ўспамінах выдатнага літаратуразнаўцы, доктара філалагічных навук Юльяна Сяргеевіча Пшыркова, Мележ усё жыццё лічыў Чорнага сваім настаўнікам, падзяляў, а калі трэба было, — і абараняў яго творчую канцэпцыю.
Аспіранцкія гады вучобы (1945—1948) Мележа прыпалі на цяжкі час ад-наўлення рэспублікі пасля фашысцкай акупацыі. Першым клопатам урада было перасяленне людзей з гарадскіх падвальных сутарэнняў і вясковых паграбоў-зямлянак на свет Божы. Іван Паўлавіч размясціўся з сям’ёй на вуліцы Клары Цэткін, 17, кв. 12. Па ўспамінах сястры Любы, рабочым сталом выкладчыку служыла маленькая «пляцовачка», якую адным канцом ускладалі на падаконнік, а другі канец абапіраўся на дзве змайстраваныя гаспадаром ножкі-падстаўкі, а калі патрэбна была прастора для дачушкі, столік апускалі да сцяны пакоя.
На плечы старэйшага сына Мележаў — Івана — леглі клопаты па адбудове спаленай у час вайны бацькоўскай хаты. Для набыцця сродкаў прадалі яго адзіны ацалелы касцюм. У час наведвання родных, па іх успамінах, Іван Паўлавіч у падарунак прывозіў боханы хлеба і аднатомныя выданні А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава. За іх вялікі знешні памер бацькі называлі кнігі пудовікамі.
У 1948 годзе па загадзе рэктара Мележ быў залічаны на стаўку выкладчыка, а пазней старшага выкладчыка кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Яго калега Ю. Пшыркоў адзначыў: «…на кафедры вітаў і ахутваў кожнага яе члена дух таварыскасці і ўзаемнай павагі. Ніхто нікога не падседжваў і не імкнуўся абысці. А калі абмяркоўваліся лекцыі, то крытыка мела прынцыпова-дзелавы характар і была накіравана на тое, каб дапамагчы таварышу ў працы, узняць агульны ўзровень выкладання роднай літаратуры ва універсітэце… Іван Паўлавіч сам быў чалавек кампанейскі, не адасабляўся ад іншых і не ўзнімаў ганарліва перад сябрамі галаву, а адносіўся да ўсіх з павагай і пашанай, у гутарцы заўсёды даваў субяседніку адчуць яго перавагу. I ўсё ж, нягледзячы на гэту спецыфічную сялянскую сціпласць, кожнаму было зразумела, што ў асобе Мележа побач з намі і разам з намі працуе чалавек вялікай і прыгожай душы. Мы… інтуітыўна разумелі, што наш сябра нагадвае маладога арла, які ўпэўнена распраўляе крылы для магутнага палёту». (Успаміны пра Івана Мележа. С. 117.)
Для палёту Мележу спатрэбіліся не толькі духоўныя, але і фізічныя сілы. Не шкадуючы здароўя, Іван Паўлавіч спалучаў абавязкі выкладчыка з працай літаратурнага кансультанта ЦК КП(б)Б, нагрузкай у часопісе «Полымя» і Саюзе пісьменнікаў БССР.
Загадчык кафедры М. Р. Ларчанка стараўся даручыць Мележу размеркаванне вучэбных гадзін, што дазваляла б яму выкройваць час на творчую працу. Былая яго студэнтка, пісьменніца Алена Васілевіч, адзначала: «Для Івана Паўлавіча вельмі характэрна было тое, што ён не ставіў мяжы паміж сабою і студэнтамі… Часам здавалася, што ён не так вучыць, як раіцца, не так прымушае слухаць сябе, як хоча паслухаць субяседніка, хоць ён і вучань». (Успаміны пра Івана Мележа. С. 60.)
У Івана Паўлавіча склаліся трывалыя плённыя кантакты са студэнтамі-франтавікамі, партызанамі, падпольшчыкамі, учарашнімі школьнікамі. У асо-бе свайго выкладчыка моладзь убачыла блізкага да іх светаразумення і інтарэсаў чалавека. Гэта асабліва адчувалася ў час яго кіраўніцтва педагагічнай практыкай у школах Мінска. Аднолькавыя бытавыя выпрабаванні, духоўныя запатрабаванні, непадробны патрыятызм аб’ядноўвалі яго з моладдзю. Харчаваліся ў адной сталоўцы беларускім вінегрэтам, пустой тушанай капустай. На талоны з прадуктовых картак арганізоўвалі святочныя складчыны-вячэры на фабрыцы-кухні з абавязковым удзелам рэктара, дэкана і ўсіх выкладчыкаў БДУ. Нас тады было небагата!
Ва універсітэцкім гарадку на Ленінградскай вуліцы Мележ быў вельмі прыкметнай постаццю. Высокі рост дазваляў убачыць яго здалёк. Не кожны здагадваўся, чаму ён схіляе галаву на апушчанае правае плячо. Са спакойна-прыхаванай лагоднай усмешкай сустракаў кожнага свайго знаёмага і вітаўся першым. Бывалі выпадкі, калі па суб’ектыўных жаночых прычынах хацелася праскочыць незаўважанай, але і ў зацямнёных акулярах бачыў Іван Паўлавіч больш за тых, у каго не было іх наогул…
Сумяшчаць выкладанне на філалагічным факультэце, на ваеннай кафедры універсітэта і ў іншых месцах, не ачуняўшы ад хвароб вайны, было не проста. Але Мележ трымаўся прынцыпу: узяўся за гуж, не кажы, што не дуж. У архіве БДУ і зараз захоўваецца неардынарная заява-хадайніцтва кіраўніцтва Саюза пісьменнікаў (ад 20.05.51 г.) аб вызваленні пісьменніка Мележа I. П. у сувязі з цяжкай фізічнай перагрузкай у 1951—1952 навучальным годзе з пасады старшага выкладчыка кафедры. Высокая грамадзянская адказнасць, давер калектыву не дазволілі Мележу самому звярнуцца да рэктара з гэтай просьбай, якая была ўлічана і мела фармальны характар. Іван Паўлавіч не парываў сувязь з новай кагортай маладых выкладчыкаў кафедры, што прыйшлі з вайны: Юльянам Пшырковым, Іванам Навуменкам, Сцяпанам Александровічам, Міхаілам Жыркевічам, партызанамі Львом Шакуном і Алесем Адамовічам. Прадаўжалася творчая дружба і з наступным кафедральным пакаленнем пасляваеннага часу: Нілам Гілевічам, Алегам Лойкам, Дзмітрыем Бугаёвым, Маргарытай Яфімавай, Алісай Шыловіч, Рыгорам Семашкевічам, Уладзімірам Навумовічам, Таццянай Шамякінай, Людмілай Карпавай, Інгай Ключановіч, Кузьмой Хромчанкам і інш.
Іван Паўлавіч удзельнічаў у шматлікіх сустрэчах з калектывам БДУ. Філфа-каўцы даймалі «круглымі сталамі», прысвечанымі абмеркаванню «Палескай хронікі», быў ён вельмі ўважлівы да парад дзяўчат па паглыбленні псіхалагічных характарыстык жаночых вобразаў, любоўных калізій.
Памятаю яго дапытлівую цікавасць да думкі аб сваім творы майго бацькі, які быў сведкаю і непасрэдным удзельнікам гістарычных падзей, адлюстраваных у «Людзях на балоце». Падараванай з цёплым аўтарскім аўтографам кніжкай зачытваўся ў час лячэння ў Карлавых Варах старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Васіль Іванавіч Казлоў. На пытанні новых знаёмых, пра каго і пра што напісаны твор, даваў разгорнутыя тлумачэнні аб новым рэалістычным подыху ў асвятленні гістарычных падзей часу, расказваў пра аўтара — удзельніка Вялікай Айчыннай вайны, дэпутата Мележа. Па яго рэкамендацыі раман пабываў у руках славянкі Каці Ботушавай — удзельніцы балгарскага падпольнага патрыятычнага руху супраць нямецкага фашызму, жонкі Юліуса Фучыка, сусветна вядомага барацьбіта з фашызмам, рускай патрыёткі, жонкі старшыні Савета Міністраў СССР Клаўдзіі Касыгінай і інш. Пасля перакладу рамана на іх родныя мовы яны дэталёва пазнаёміліся з творам Мележа і паспрыялі яго далейшаму добраму шляху да сваіх суайчыннікаў: літаратуразнаўцаў, крытыкаў, чытачоў.
Імтэрнацыянальныя сувязі Івана Паўлавіча з замежжам былі вялікія і вельмі ўплывовыя. Гэта адчувалася пры прапагандзе нацыянальнай палітыкі дзяржаўнага універсітэта, з п’едэстала якога ён паляцеў, як арол, у вялікі свет. Мележ быў абраны старшынёю аддзялення беларускага праўлення таварыства СССР— Францыя. Дзякуючы яму, прафесары БДУ Л. Г. Фіглоўская, А. Ф. Манаенкава, дацэнт В. В. Казлова ў складзе турыстычнай навуковай групы з Мінска былі цёпла прыняты членамі гэтага таварыства ў розных гарадах Францыі. 3 намі Мележ паслаў вялікі наглядны матэрыял пра Беларусь, абавязаў не толькі глядзець і слухаць, але і самім расказваць пра Бацькаўшчыну, яе інтэлігенцыю, БДУ. Пасля вяртання мы трымалі перад ім асабістыя справаздачы і, дзякуючы яго грамадзянскім клопатам і пісьменніцкаму аўтарытэту, набылі за рубяжом шматлікіх сяброў, аднадумцаў, калег, наглядныя матэрыялы.
Сувязь Мележа з БДУ непарыўная і штодзённая. Яго творчая спадчына манаграфічна разглядаецца ў курсах лекцый па гісторыі беларускай літаратуры, беларускай мовы і славістыкі, ёй прысвячаюцца дысертацыйныя, дыпломныя даследаванні, курсавыя і кантрольныя работы. На шматлікіх навуковых канферэнцыях заслухоўваюцца новыя даследаванні, прысвечаныя творчасці пісьменніка. У навуковай скарбонцы вучоных БДУ — манаграфіі Ф. Куляшова «Іван Мележ» (1968); Дз. Бугаёва «Вернасць прызванню. Творчая індывідуальнасць Івана Мележа» (1982), зборнік «Успаміны пра Івана Мележа» (1982), вялікая колькасць публікацый членаў кафедры беларускай літаратуры XX стагоддзя.
Штогод ў пару вясновага «подыху навальніц» маладосці альбо ў час жаўта-лістых «асенніх завеяў» філфакаўцы наведваюць магілу Івана Паўлавіча. У надмагільным сімвалічна-алегарычным помніку скульптар здолеў увасобіць веліч і зямную простасць асобы Мележа-мысліцеля. Здалёк сустракае нас задуменны позірк Івана Паўлавіча ў плашчы з паднятым ад гістарычных непагадзяў каўняром, з непакрытай уборам галавой, з тварам, на якім пакінулі след барозны-думкі, з прыхаванай усмешкай лагодных вуснаў… Усё яго аблічча нібы выпраменьвае і перадае нам крылатыя думкі гуманіста, патрыёта, класіка беларускай літаратуры, вялікага грамадзяніна Беларусі.
В. В. Казлова
Крыніца публікацыі: Казлова, В. В. На скрыжаваннях лёсу: зб. прац / В. В. Казлова. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2009. — С. 158—167.