Вялікая Айчынная вайна, якая з’яўляецца галоўнай і вызначальнай часткай Другой сусветнай вайны, прынесла значныя страты беларускай літаратуры. У яе полымі загінула больш як 40 пісьменнікаў. Не стала многіх маладых і таленавітых паэтаў, для асобных з іх яшчэ толькі пачыналася жыццё і праца ў літаратуры. Яны загінулі, аднак пакінулі свае творы і кнігі, і гэтыя набыткі маюць для нас асаблівую каштоўнасць. Крытык В. Бечык слушна пісаў пра трагедыю беларускай літаратуры і важнае значэнне творчай спадчыны тых, хто загінуў у гады вайны:
«Леаніду Гаўрылаву, Аркадзю Гейнэ, Аляксею Коршаку было па 23 гады, Уладзіміру Рагуцкаму — 24, Міколу Сямашку і Міколу Сурначову — па 27, Рыгору Жалязняку — 28, Андрэю Ушакову — 29… Алесю Жаўруку, Змітраку Астапенку, Рыгору Суніцы толькі перасягнула за трыццаць. Назаўсёды засталіся яны ў гэтым узросце, і вершы, якія былі, па сутнасці, яшчэ толькі пачаткам, абяцаннем, — сталі іх пасмяротнай спадчынай. Няма цаны гэтай спадчыне, бо подпісы пад ёю ў канцы зроблены крывёю сэрца» («Усё Радзіме аддалі…»).
Маладыя пісьменнікі, якія ўваходзілі ў нашу літаратуру ў даваенны час, былі пад уплывам традыцый сваіх вялікіх папярэднікаў — найперш ідэй і эстэтычных узораў Янкі Купалы. Паэт П. Панчанка, які належыць да даваеннага пакалення літаратурнай моладзі, неаднойчы адзначаў, што «Янка Купала быў мудрым і чулым настаўнікам для некалькіх пакаленняў беларускіх паэтаў», «ён быў і ёсць наш найпершы і найлепшы настаўнік», слушна гаварыў пра ўрокі грамадзянскасці, патрыятызму і духоўныя запаветы вялікага песняра, у прыватнасці, пісаў: «Паэт горача заклікаў маладых берагчы крывёй здабытую свабоду роднай краіны, і калі хто паквапіцца на яе, устаць грознай хваляй» (артыкулы «Вянок памяці Янкі Купалы», «Ён бачыў сённяшні дзень»). Маладыя беларускія пісьменнікі, моладзь новага прызыву, так званыя «арляняты», спраўдзілі веру і спадзяванні Янкі Купалы, выканалі яго настаўніцкі і бацькоўскі запавет, яны цаной сваёй крыві і жыццяў здабылі мір, свабоду і незалежнасць Беларусі, адстаялі ў вайне з гітлераўскім фашызмам галоўныя нацыянальныя і агульначалавечыя каштоўнасці.
У 1920—1930-я гг. Янка Купала быў для маладых беларускіх літаратараў сапраўды духоўным бацькам, настаўнікам, узорам нацыянальнага паэта, маральным аўтарытэтам, прыкладам служэння свайму народу і Радзіме. На гэты конт ёсць нямала сведчанняў і прызнанняў. Але найперш яскравае пацвярджэнне духоўнай і эстэтычнай пераемнасці з патрыятычнымі ідэямі і запаветамі Купалы мы знаходзім у творчасці беларускіх паэтаў. Даваенная паэзія З. Астапенкі, Л. Гаўрылава, А. Гейнэ, А. Жаўрука, А. Коршака, С. Крыўца, Р. Суніцы, М. Сурначова і іншых маладых аўтараў прасякнута духам любові да сваёй Бацькаўшчыны, адданасці і вернасці роднай зямлі, народу, грамадскім і агульначалавечым ідэалам. Купала-паэт быў ва ўспрыманні моладзі песняром новай долі і явы Беларусі, які клікаў «да сонца… да зор», выйсці «з сэрцам, як з паходняй», «зваў з путаў на свабоду, зваў з цемры да святла» і «для Бацькаўшчыны… складаў гімн пабедны». Купала з усёй шчырай палымянасцю свайго сэрца звяртаўся да «арлянят»: «Каб вы пелі, не сціхалі // Ў радасці і ў горы, // Гаманілі, нібы хвалі // У бурлівым моры» (верш «Арлянятам»). Моладзі ў той даваенны час здавалася, што спраўдзілася купалаўская рамантычная думка-мара пра светлую будучыню Бацькаўшчыны-Радзімы, што сапраўды надышла тая новая часіна, якую так чакаў пясняр. Янка Купала, аўтар знакавага ў паэзіі савецкага часу «ляўкоўскага цыкла», сам даваў прыклад паэтызацыі новай рэчаіснасці, услаўлення роднага беларускага краю і савецкай Радзімы, працоўных будняў, шчаслівага калгаснага жыцця. Пад знакам высокіх рамантычных ідэалаў Купалы акурат і можна разглядаць грамадзянскую, патрыятычную лірыку паэтаў, загінулых на вайне. Радзіма з іхніх твораў паўстае па-вясноваму сонечнай, адкрытай для маладосці, кахання і жыцця: «Зірні перад сабою, і пабачыш // Прасторы неабдымныя, як мора, // І колераў яснейшых разнастайнасць — // Зялёную зямлю і неба сінь, // Магутныя, шырокія прасторы, // Што дыхаюць размахамі жывымі // Адвечнай маладосці і жыцця» (А. Коршак). Вершы пра Радзіму гучаць «высокай песняй маладой» (М. Сямашка), у іх выяўляецца рамантычнае парыванне насустрач сонцу, вясне і будучыні: «Сонцу, маладосці // Адчыняю дзверы, // І як скінуць вокам — // Радасць і вясна» (П. Левановіч). У падобных радках відавочная пераклічка з купалаўскім выяўленнем і раскрыццём патрыятычных пачуццяў.
Заходнебеларускія паэты Г. Леўчык, А. Дубровіч, С. Крывец, А. Мілюць стваралі вольналюбівыя, адраджэнска-патрыятычныя вершы ў духу купалаўскіх ідэй «вызвалення з адвечнай цемры кайданоў» (А. Мілюць), змагання «скрыўджаных… за шчасце новага жыцця» (А. Дубровіч).
Асабліва відавочнай стала сувязь маладых беларускіх паэтаў з купалаўскімі ідэаламі барацьбы і змагання за свабоду і волю ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Патрыятычны і змагарніцкі пафас у вершаванай публіцыстыцы і грамадзянскай лірыцы робіцца вызначальным, агульным як для тых, чыё творчае станаўленне адбывалася ў савецкай Беларусі, так і для нядаўніх заходнебеларускіх паэтаў. Купалаўскі заклік да барацьбы з гітлераўскай навалай (вершы «Паўстаў народ», «Беларускім партызанам», «Зноў будзем шчасце мець і волю») адгукаецца ў вершах-зваротах, вершах-закліках, вершах-клятвах паэтаў З. Астапенкі, А. Жаўрука, С. Крыўца, А. Коршака, М. Сурначова. Так, З. Астапенка ў вершы «Паклянёмся любіць наш край!..» (1943) стварыў палымяную паэтычную прысягу на вернасць Радзіме, ён нагадвае свайму пакаленню, што «…час і пара надышлі // На геройства, на подзвіг высокі». Верш А. Коршака «Паранены» (1942) — пра самахвярнасць воіна-салдата дзеля сонечна-зорнай будучыні Беларусі, дзеля таго, каб ён ніколі не ведаў жахлівай няволі, «злой пакутнай ночы»: «От і ўсё. За светлы край азёрны, // За вясну ў палёх, // Неба сіняе у кроплях зорных // Я навек тут лёг». Гнеўныя і суровыя інтанацыі вызначальныя ў вершы «Словы помсты» М. Сурначова. Купалаўскі заклік «За няволю, за кайданы // Рэжце гітлерцаў паганых…», звернуты, праўда, да партызан, знаходзіць своеасаблівы працяг у гэтым паэтычным творы праз матывы пакарання, помсты беларуса-франтавіка ворагам, якія прынеслі ў родны край бяду-гора, рабства і спусташэнне: «Я табе спакою, гад, не дам, — // Сваім прахам ты адкажаш нам!». Такім чынам, у беларускай лірыцы ваеннага часу вельмі прыкметная пераемнасць з паэтыкай грамадзянска-патрыятычнага верша Купалы, з купалаўскай традыцыяй супраціву, змагання, рэпрэзентаванымі ў яго творчасці ідэямі свабоды, волі і незалежнасці Беларусі.
Для разумення канцэпцыі Купалы-паэта вельмі важна мець на ўвазе погляды і ацэнкі пісьменнікаў, якія загінулі ў гады вайны. Зрэшты, яны ўлічваліся ў асобных публікацыях другой паловы ХХ стагоддзя. Вось, скажам, чытаем мы ў падручніку А. Лойкі, што «Купала быў лірыкам», што яго паэма «Яна і я» з’яўляецца адлюстраваннем «высокага пачуцця кахання да жанчыны», прасякнута пачуццём «глыбокага замілавання светам прыроды», і адразу ў плане блізкасці трактоўкі купалаўскага светабачання і стылю згадваецца артыкул Б. Іофе «Лірычная паэма Купалы “Яна і я”», надрукаваны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі» ў 1940 годзе. Ён з’яўляецца і аўтарам публікацыі «Аб рамантызме Купалы» (1940). Б. Іофе піша: «Янка Купала ў пераважнасці лірык. Мы можам гэта сцвярджаць не толькі таму, што найбольшае месца ў яго творчасці займаюць лірычныя вершы, але і таму, што і эпічныя і драматычныя творы Купалы пранізаны лірызмам». І далей аўтар артыкула слушна гаворыць, што «“Яна і я” — гэта паэма аб каханні», раскрывае адметнае ўвасабленне аўтарам свету прыроды, вылучае вобразы-сімвалы, характарызуе структуру твора, акрэслівае аўтарскі стыль як рамантычны. Купалаўская лірыка-рамантычная традыцыя яскрава прасочваецца ў творчасці паэтаў, якія загінулі на вайне. «У палаючай шчырасцю лірыцы // Юнацтва гарачага дзень», — пісаў Л. Гаўрылаў. Узнёсла-рамантычная паэтызацыя і пранікнёны пачуццёвы лірызм выявіліся таксама ў пейзажнай паэзіі і ў творах на тэму кахання З. Астапенкі, Я. Бобрыка, А. Жаўрука, А. Коршака, М. Сурначова, М. Сямашкі, У. Ясючэні і інш. Янка Купала даў выдатныя ўзоры выяўлення хараства прыроды і ўнутранага свету чалавека, і маладыя паэты даваеннага пакалення таксама імкнуліся да яркай вобразнасці пейзажных малюнкаў, лірыка-псіхалагічнай заглыбленасці ў раскрыцці інтымных пачуццяў-перажыванняў закаханага чалавечага сэрца. Вось толькі дзве цытатныя ілюстрацыі з вершаў А. Ушакова на тэму кахання: «Дзе ты, чарнавокая, // Блізкая, далёкая, // Светлая, падобная вясне? // Можа, ў гэты вечар // Ты чакаеш стрэчы // І таксама марыш пра мяне?!» («Дзе ты, чарнавокая…»); «У вагонным акне // Ты глядзіш на мяне // І махаеш бязвольнай рукою. // Здрыгануўся цягнік // І ў цемені знік, // І павёз маё сэрца з сабою» («У вагонным акне…»).
Нягледзячы на аптымістычна-радасную настраёвасць паэзіі 1920—1930-х гг., у ёй прысутнічае і лірычны драматызм, пачуццёва напружаныя інтанацыі, выкліканыя ўнутранай рэакцыяй на тагачасныя з’явы і падзеі рэчаіснасці (праўда, такіх прыкладаў няшмат). За парадным фасадам жыцця быў і негатыў, тое, што вяло да заняпаду вёскі і расчалавечвання грамадства: сталінская прымусовая калектывізацыя, рэпрэсіі і інш. У параўнальным аспекце можна суаднесці вершы Янкі Купалы «Сыходзіш, вёска, з яснай явы…» (1929) і Рыгора Суніцы (Лынькова) «На сконе дзён» (1930). Абодва гэтыя творы пераклікаюцца прадчуваннем драматызму ў лёсе беларускай вёскі і сялянства, спароджанага пачаткам калектывізацыі. Праўда, кожны з паэтаў абраў адметны сацыяльна-мастацкі ракурс. Купала ў год так званага вялікага пералому (у 1929 годзе пачаліся рэпрэсіі, раскулачванне і высылкі сялян) прытрымліваецца знарочыстага ўслаўляльнага пафасу, фактычна гіпертрафіраванага пункту гледжання, гіпербалізацыі адносна новай явы беларускай вёскі, у якую кіруецца «народ вернападданы» («Сыходзіш, вёска, з яснай явы…»). Р. Суніца дае трапнае жанравае вызначэнне свайму паэтычнаму твору — «лірычная эпітафія». Паэт раскрывае ўнутраную драму старога беларуса-селяніна, паказвае яго страх і разгубленасць перад заўтрашнім днём: «…Скуль і жорсткі вецер, аднабокі. // Незнаёмых госцяў шумы-рады // Пахіснулі сэрца твайго крокі…»; «…Бо старыя вочы ўжо не хочуць // Пазіраць у новыя прасторы, — // І зблудзіла сэрца ў цёмнай ночы». Купала стварае сваю карціну-прадбачанне з элементамі горкай іроніі, высокай адычнай паэтыкі, якая чымсьці нагадвае ўрачысты хаўтурны марш, пры гэтым дасягае яркага вобразнага і сэнсавага кантрасту. Р. Суніца ў паказе зломнасці сялянскага быцця пайшоў шляхам драматызацыі, выяўлення ўнутранага, псіхалагічнага стану героя. Праз паказ драмы асобнага чалавека паэт папярэджае пра небяспеку кардынальных змен, ментальнага крызісу сялянства, страту ім арыентацыі на жыццёвым шляху і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Такім чынам, традыцыі Янкі Купалы знайшлі яскравы адбітак у творчасці беларускіх пісьменнікаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Можна казаць пра духоўную сувязь, ідэйна-эстэтычную пераемнасць даваеннай літаратурнай моладзі з вялікім і аўтарытэтным папярэднікам, якім акурат і ўспрымаўся Купала-паэт, патрыёт і грамадзянін. У творчай спадчыне літаратараў, загінулых на вайне, назіраецца сэнсавая пераклічка са светапогляднымі і канцэптуальнымі поглядамі Янкі Купалы, характэрнае праяўленне і адметнае развіццё купалаўскіх тэм, вобразаў, матываў, назіраецца падабенства рамантычнага пафасу, рытміка-інтанацыйных контураў і лірычнага стылю паэтычнай мовы.
А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар
Крыніца публікацыі: Бельскі А. Спазнанне асобы і творчасці: артыкулы, нарысы, успаміны, інтэрв’ю / А. Бельскі. — Мінск: Выдавец Зміцер Колас, 2017. — С. 3—8.