СЛОВА МАЙСТРА НЕ СТАРЭЕ (Іван Чыгрынаў)

0
1688

З творчай спадчыны 

Іван Чыгрынаў пакінуў глыбокі след у нашай літаратуры. Чытацкай свядомасцю ён успрымаецца перш за ўсё як стваральнік пяці раманаў пра Айчынную вайну (“Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, “Свае і чужыя”, “Вяртанне да віны”, “Не ўсе мы згінем”). У гэтых раманах, аб’яднаных адзінствам герояў (Дзяніс Зазыба, Радзівон Чубар і інш.), паказана не толькі тое, як супроць гітлераўскіх прыхадняў змагаліся нашы людзі, але і як яны жылі ў той трагічны час. А між тым Іван Гаўрылавіч быў і выдатным майстрам апавядання. Паэт Масей Сяднёў, які стаў прататыпам чыгрынаўскага героя Масея Зазыбы, казаў: “У жанры апавядання я гатовы паставіць Івана Чыгрынава на першае месца, залічыць яго да ліку нашых класікаў. Апрача артыстызму, я вычуваю ў ім і наша, нацыянальнае — філасофію, псіхіку, быт, норавы нашага народа”.

Сказана вельмі слушна. Лепшыя чыгрынаўскія апавяданні сапраўды вызначаюцца сваёй неардынарнасцю, глыбіннай праўдзівасцю. Пісьменнік і ў часы моцнага ідэалагічнага дыктату не баяўся выходзіць на вельмі складаныя жыццёвыя праблемы, хоць гэта было звязана з вялікай рызыкай. Рэзкія нападкі з боку ідэалагічных наглядчыкаў, якія і ў літаратуры больш за ўсё баяліся праўды, выклікала пасля апублікавання ў часопісе “Полымя” апавядання “У ціхім тумане”. Гэтая, па словах Л. Дранько-Майсюка, “маленькая трагічная сімфонія” ўпершыню была надрукавана ў 1963 годзе пад загалоўкам “Маці”. Іван Чыгрынаў потым мусіў адмовіцца ад таго загалоўка і даць больш нейтральную назву, бо пісьменніка вінавацілі ўжо за тое, што ён па-чалавечы спачувальна напісаў пра маці паліцая і тым як быццам апраўдаў і самога здрадніка.

Але такога апраўдання ў творы няма і блізка. Рэйдаў Яшка, які пайшоў у паліцыю, помсцячы за арыштаванага ў калектывізацыю бацьку, і прымае актыўны ўдзел у карных аперацыях гітлераўцаў, адназначна называецца здраднікам: “Якава Рэйду партызаны потым злавілі толькі на другое лета… Здрадніка прывезлі ў Бароўку і застрэлілі на краі бярозавага балота, там, дзе ледзь не круглы год цвякае пад нагамі іржавая вада”. Яго нікім не дагледжаная магіла даўно зарасла дзірваном і зраўнялася з балотным пяском. Гэта таксама недвухсэнсоўны паказчык сапраўдных адносін нашых людзей да здраднікаў.

Дык што ж турбавала Чыгрынава? Ён напісаў пра чалавечую трагедыю старой Матруны Рэйдзіхі, якая, праз шэраг гадоў знайшоўшы закінутую магілу Яшкі, аплаквае не паліцая, а сына. Па сыне ж, які б ён ні быў, матчына сэрца баліць заўсёды. Такая ўжо ў людзей псіхалогія, нескажона адлюстраваная пісьменнікам.

Вядома, гэта агульначалавечы, а не вузкакласавы падыход. Для нашай ідэалагізаванай літаратуры ў 1960-я гады ён быў яшчэ нязвыклы. Чыгрынаў адважыўся парушыць тую нязвыкласць, бо разумеў, што вузкакласавымі меркамі, якія на першы план вылучалі нянавісць, цывілізаванае грамадства пастаянна жыць не можа. Ды пісьменнік зусім не адмаўляў і заканамернасць нянавісці ў перыяд барацьбы з гітлераўцамі. Паказаў жа ён, што пацярпелыя ад карнікаў жыхары спаленай фашыстамі беларускай вёскі Бароўкі тады, у віхуры вайны, “пракліналі на чым свет стаіць і немцаў, і здрадніка [Яшку], і маці, якая нарадзіла яго”. І гэта адпавядала праўдзе свайго часу.

Але жыццё на месцы не стаіць. Яно няўхільна змяняецца, уносячы свае папраўкі-карэктывы ў людскія ўзаемадачыненні. Так адбылося і з героямі чыгрынаўскага апавядання “У ціхім тумане”. У ім пастаўлена і рознабакова асэнсоўваецца праблема гневу і літасці ва ўзаемаадносінах былых ахвяр і здраднікаў Радзімы. Здраднікі, паўтару яшчэ раз, ніяк не апраўдваюцца, іх злачынствы не рэабілітуюцца, не выдаюцца за дабро ці за нейкую дробязь, вартую хутчэйшага забыцця. Але вастрыня нянавісці калі не да саміх здраднікаў, якім даравання, вядома, няма, дык да іхніх сваякоў, блізкіх ім людзей, — гэтая вастрыня з цягам часу прыглушаецца, гнеў саступае месца літасці, вытлумачальная ў сваім часе нецярпімасць змяняецца разуменнем і нават спагадай, за якою стаіць высакародства добрых людзей. Так па законах чалавечнасці паводзяць сябе чыгрынаўскія героі, у прыватнасці Тараськова Ганна, вобраз якой для разумення праблематыкі твора вельмі важны.

Ганнінага бацьку павесілі немцы, а ім з-за старых крыўдаў зларадна дапамагаў і Яшка-паліцай. Дык Ганна пэўна ж была сярод тых, хто тады праклінаў і карнікаў, і іхніх прыслужнікаў, усё, як тады казалі, паліцэйскае кодла. Але прайшлі гады. Самога здрадніка, які атрымаў па заслугах, даўно няма на свеце. Таму ўжо можна па-чалавечы паставіцца і да ягоных сваякоў, у тым ліку да маці, вінаватай міжвольна, толькі тым, што яна нарадзіла хлопца, які стаў паліцаем, не пытаючыся згоды ў яе.

Важна таксама, што Ганна ўспрымае Рэйдзіху як старую, нямоглую жанчыну, моцна патрапаную жыццёвымі нягодамі. Гэтая акалічнасць прыкметна падкрэсліваецца ў апавяданні: “Згорбленая, маленькая Рэйдзіха стаяла перад Ганнай босая — ногі былі парэпаныя, з пакручанымі пальцамі, як у вялікай птушкі, скінутай аднекуль з гнязда: яна цяпер чаплялася сваімі кіпцюрамі, каб перастаць нарэшце падаць, неяк затрымацца хоць тут, на зямлі”. Увогуле, яна выглядае “як падстрэленая варона”. У Рэйдзіхі “зусім ужо стары, збляклы” твар, спаласаваны рубцамі маршчын. І сама яна, нібы молячыся, шэпча без разліку на старонняе вуха: “Прытаміліся мае ножачкі, апускаюцца мае ручачкі, баліць маё ўсё цела… Пара спакой даць старым касцям…”

Зразумець матчын боль Рэйдзіхі, яе чалавечую трагедыю дапамагае Ганне і тое, што яна, акрамя бацькі, страціла яшчэ аднаго вельмі блізкага чалавека, свайго мужа, які дачасна загінуў на вайне. “Адна пяклуюся”, — скрушліва зазначае Ганна. Так і нараджаецца ўжо спачуванне жанчыны да жанчыны. Дарэчы, яно хоць увогуле і відавочнае, але не зусім адназначнае, суправаджаецца часам і супярэчлівымі рухамі душы. Прыгадаю, што Ганна спачатку глядзіць на Рэйдзіху з прыкрасцю і здзіўленнем, “як на прывід які” (у вёсцы Бароўка, дзе адбываюцца падзеі, старая не паяўлялася ўжо трыццаць гадоў і сведкай Яшкавых злачынстваў не была). Таму і стаяла яна (Ганна), “бы скамянелая, і не ведала, што рабіць. Надта ўжо нечакана выйшла гэта сустрэча”.

Рэйдзіха таксама “больш за ўсё на свеце” баялася, што “людзі пачнуць гаварыць пра яе сына”, ужо даўно мёртвага.  Яна стараецца быць дагодлівай, усмешка перад Ганнай у яе атрымліваецца “палахлівая і вымушаная”. Так што складанасці сітуацыі Чыгрынаў ніяк не абмінае. Але разам з тым ён дае нам ясна зразумець, што ў Ганнінай здольнасці, пераступаючы праз свае крыўды, адчуць чужую бяду і адгукнуцца на яе выяўлялася дабрыня нашых людзей, іх чалавечнасць, якую падтрымлівае і хрысціянская рэлігія. Яна, як вядома, бачыць у дараванні грахоў бліжняму бясспрэчную дабрачыннасць.

Тады, як пісалася апавяданне Чыгрынава, наша афіцыйная ідэалогія рэлігійны падыход адмаўляла, лічыла яго заганным. І таму празаік сваю сугучнасць з гэтым падыходам не афішыраваў. Але сёння яна, тая сугучнасць, заўважаецца выразна.

Пісьменнік наогул умеў бачыць жыццё ў яго складанасці. І гэта не толькі кладзе адбітак на пачуцці Ганны, але праглядвае і ў асобных пейзажных штрыхах, якія ўспрымаюцца як яшчэ адзін напамінак пра вайну, яе трагічнасць і крывавасць: “Яшчэ кідала сваю чырвань нябачнае ўжо сонца. І таму здавалася, што яно крывавіць”. Вядома, гэта яўны водсвет ваеннага часу, яго кровапралітнасці.

Выразная настраёвасць, якая ўзмацняе эмацыянальнае гучанне твора, ёсць і ў іншых пейзажных мазках: “На ўсходзе па чыстым небе, толькі што адарваўшыся ад зямлі, узбіралася ўгору сонца. Але яно было нейкае цяжкое, бы перагружанае чым, і амаль не праменілася.

Вёска як драмала яшчэ”.

Каб заўважыць усе такія нюансы і адценні, трэба быць не толькі назіральным чалавекам, але і добрым мастаком, здольным ажывіць пейзажныя малюнкі, прымусіць іх выпраменьваць паэтычнае святло. Яно вельмі адчувальнае і ў апісанні ранішняга туману, выкананым з філіграннай тонкасцю: “Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Затое над возерам ён плаваў як абястлушчанае малако: то паднімаўся, паказваючы цёмнае люстра вады, то апускаўся заслонаю, хаваючы ўсё ад вачэй. Лес, што падступаўся да возера з другога боку, здавалася, калыхаўся, стоячы на воблаках”.

Гэтая хісткасць, у нечым і прывіднасць, а ўжо зменлівасць дык бясспрэчна, паяўляюцца тут не выпадкова. Яны добра акцэнтуюць істотную для разумення твора рухомасць жывога жыцця, адсутнасць у ім застылай аднастайнасці, якая не можа заўсёды панаваць ні ў прыродзе, ні ў людскіх стасунках.

Канкрэтную фактуру многіх эпізодаў, пейзажных малюнкаў у тым ліку, пісьменнік часта браў з рэчаіснасці. У апісанні Бароўкі з апавядання “У ціхім тумане” ўгадваюцца некаторыя прыкметы Вялікага Бору — роднай вёскі аўтара. Словам, хораша пісаў Чыгрынаў, па-майстэрску адшліфоўваў у сваіх творах, асабліва ў апавяданнях, усё. Таму так натуральна, непрэтэнцыёзна, як бы само сабой разгортваецца ў іх змястоўнае сюжэтнае дзеянне, праз якое рэалізуецца задума твора, яго пафас, так натуральна жывуць, думаюць, спрачаюцца і спачуваюць адзін другому чыгрынаўскія героі.

Усе прыкметы класічнасці ёсць у апавяданні з эпічна ёмістай назвай “Ішоў на вайну чалавек”. Яно напісана яшчэ ў 1963 годзе, але таксама і да сённяшніх дзён ніколькі не страціла сваёй эстэтычнай важкасці. Цэнтральнае месца ў творы займае ярка выпісаны вобраз шчырага вясковага працаўніка Ігната, чалавека звычайнага, але вельмі паважанага з-за ягонай дабрыні, спагадлівасці і душэўнай далікатнасці. Малюючы гэты вобраз эканомнымі, але трапнымі фарбамі, пісьменнік дасягае глыбокага пранікнення ў беларускую народную псіхалогію. З высокім майстэрствам паказвае ён лепшыя яе рысы, вельмі натуральна разгортваючы нескладаны падзейны сюжэт.

Сітуацыя ўзята для ваенных часоў не выключная, а хутчэй звыклая, будзённа-простая: вёску пакідае згаданы селянін Ігнат. Гэта апошні сапраўдны мужчына з той вёскі. Раней ён не быў мабілізаваны на вайну з-за хворай нагі. Цяпер яна паправілася. І трэба чалавеку ісці ваяваць. Пра гэта з усёй неаспрэчнасцю нагадвае лаканічная ваенкаматаўская павестка, якую Ігнат прымае як належнае, хаця добра ўсведамляе, што “на вайну ісці — не жыта малаціць”. Пакідаючы жонку Анюту з двума дзецьмі, ён толькі шкадуе, што за апошні дзень не зможа зрабіць усё тое мноства неадкладных спраў, да якіх за звыклымі гаспадарскімі клопатамі раней так і не дайшлі яго працавітыя рукі. З асаблівай вастрынёю пачынае Ігнат адчуваць цяпер усё навакольнае, мусіць, падсвядома ўлоўліваючы, што, магчыма, ужо больш ніколі не ўбачыць някідкае хараство роднага свету.

І яшчэ застаецца ў Ігната ноч развітальнага кахання з жонкай. Яно пададзена ў цнатліва-ўзвышаным ключы, без той натуралістычнай аголенасці, якая ўсё больш запалоньвае сучасную літаратуру, даходзячы ў некаторых аўтараў і ледзь не да адкрытай парнаграфічнасці. У апавяданні Чыгрынава самыя інтымныя падрабязнасці ўвогуле тактоўна апушчаны. Але моцны сваёй жыццёвасцю эпізод напісаны так, што мы выразна адчуваем усю не растрачаную за дзесяць шлюбных гадоў сардэчнасць узаемадачыненняў мужа і жонкі, іхнюю пяшчотнасць, абвостраную вельмі блізкім, ужо ранішнім, расстаннем: “Ігнат спачатку доўга цалаваў змакрэлы ад слёз жончын твар, адчуваючы, як налівалася млявай пяшчотаю цела, пасля падхапіў яе на рукі — якая яна ў яго лёгкая! — і, асцярожна ступаючы, панёс па сходках.

На шырокім выгане, што быў паміж полем і гародамі, усімі краскамі лета пахла ў копах лугавое сена”.

Зусім скупы пейзажны штрых, што завяршае эпізод, інтуіцыяй мастака дасканала вывераны і таму так шмат гаворыць пра пачуцці герояў. Бо гэта менавіта ім, Ігнату і Анюце, асабліва моцна пахла лугавое сена на тым выгане, дзе яны кахаюцца хутчэй за ўсё апошні раз — з найцяжэйшай вайны супроць гітлераўцаў, на якую ішоў Ігнат, вярталіся вельмі ж нямногія яго равеснікі.

Хораша гучыць магутны заключны акорд апавядання, яшчэ раз нагадваючы і пра сапраўдную павагу вяскоўцаў да Ігната, і пра натуральнасць учынкаў, думак і пачуццяў яго самога і ягонай жонкі, і пра разуменне людзьмі таго, што яго чакаюць вялікія выпрабаванні, ухіліцца ад якіх чалавек не можа, не мае права: “Праводзіць Ігната ўранні сабралася ўся вёска. А Ігнат быў спакойны, як зямля пасля дажджу, і нават жартаваў, хоць гэта яму не кожны раз і ўдавалася. Не спяшаючыся, ён абыходзіў па адным сваіх аднавяскоўцаў, трос ім рукі і сарамліва чырванеў: яму было трохі не па сабе ад таго, што праз яго да коўрат сабралася столькі народу. Жонка больш не плакала. І гэта падабалася Ігнату. І толькі пасля таго, як ужо развітаўся з усімі і пайшоў, паскараючы крок, па дарозе, ён пачуў за спіною немы плач. Бабы суцяшалі жонку, паціху перагаворваліся і не пераставалі глядзець на дарогу, па якой ішоў на вайну яшчэ адзін чалавек”.

За эпічнай важкасцю і стрыманай прастатой такіх бездакорна выпісаных малюнкаў з моцна скандэнсаванай унутранай энергіяй ужо ўгадваецца дыханне раманнай прозы. Зрэшты, далёка не кожны раман, прынамсі, з тых, што пісаліся ў нас у 1960-я гады, нёс у сабе столькі праўды пра чалавека, яго душэўнае высакародства, колькі ўмясціла яе невялікае апавяданне Івана Чыгрынава. У ім жа, акрамя ўсяго іншага, дакладна адлюстравана і дзіцячая псіхалогія, без знарочыстага падкрэслівання, але выразна паказана наіўнасць Ігнатавага сына, яшчэ хлапчука. Ён, даведаўшыся, што бацька ідзе на вайну, узрадаваўся, бо па сваім малалецтве яшчэ не разумеў, што менавіта для радасці тут менш за ўсё падстаў. Але ж дзеці застаюцца дзецьмі.

Логіку і псіхалогію дзяцей Іван Чыгрынаў адчуваў вельмі глыбока і дасканала выявіў не толькі ў апавяданні “Ішоў на вайну чалавек”, але і ў іншых сваіх творах рознай жанравай прыналежнасці. Ён з бацькоўскай пяшчотнасцю любіў дзяцей, нярэдка хваліўся дзвюма сваімі дочкамі, якія закончылі сярэднюю школу кожная з залатым медалём, і асабліва ганарыўся ўнукам Іванам, які і знешне падобны на свайго славутага дзеда-пісьменніка, і некаторыя рысы ягонага характару атрымаў разам з дзедавымі генамі. Яны ж ідуць, як сцвярджаў Іван Гаўрылавіч, не ад мужыцкіх каранёў, а ад далёкага ажно ў шостым калене (для ўнука ўжо і ў сёмым) продка з панскага роду. Чыгрынаў называў і прозвішча таго панскага продка. Ды гэта ўжо іншы сюжэт, нагода для іншай размовы. Цяпер жа хіба дадам яшчэ тое, што ў пісьменніцкім асяроддзі вострыя на язык жартаўнікі трохі пасмейваліся з панскай радаслоўнай Івана Гаўрылавіча і не без намёку на яе ахрысцілі яго, трэба сказаць, ганаровай мянушкай “Святлейшы” — пад самога князя Пацёмкіна, які ў Крычаве збудаваў для сябе адмысловы палац. Ад Крычава ж да касцюковіцкага Вялікага Бору, у якім нарадзіўся Чыгрынаў, адлегласць яўна не касмічная…

 

Дзмітрый Бугаёў,
прафесар,
лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа

 

Крыніца публікацыі: Бугаёў, Д. Я. Жыццём ідучы: з гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі ХХ — ХХІ стст.: зб. навук. артыкулаў / Д. Я. Бугаёў. — Мінск: БДУ, 2014. — С. 53–57.