Прырода і мастацтва спалучаны здаўна, маюць трывалую духоўна-эстэтычную сувязь. Прырода зрабілася адной з галоўных жыватворных крыніц натхнення нашай нацыянальнай паэзіі, яна для мастакоў слова — даўняя тэма. Беларускія класікі выдатна разумелі, што неабходна навучыць чалавека «бачыць каля сябе красу», «любіць і разумець гоман бору, плеск вады ў сонцы…» (В. Ластоўскі). Яны адкрылі непаўторную прыгажосць беларускага краю. Паэты імкнуліся «свой голас разам зліць з песнямі прыроды» (Я. Колас) і пераканаць, як цудоўна жыць і адчуваць свет «з прыродай зліўшыся душой» (М. Багдановіч). Беларуская паэзія клікала чалавека да ідэалаў красы і экалагічнай гармоніі. Прырода з цягам часу зрабілася аб’ектам не толькі захаплення, але і паглыбленага філасофскага асэнсавання.
Прырода і чалавек — гэта сучасная экалагічная праблема, яна набыла і ў грамадстве, і ў беларускай літаратуры ХХ стагоддзя незвычайную вастрыню, драматызм гучання. Праўда, экалагічны гуманізм мыслення выявіўся яшчэ ў эпоху Адраджэння і прысутнічаў у літаратуры наступных перыядаў. Можна правесці гэтую ідэйна значную лінію творчай думкі, пачынаючы ад паэмы «Песня пра зубра» М. Гусоўскага да «Паляўнічых акварэлек з Палесся» Я. Лучыны. Прырода з мастацкай тэмы перайшла ў катэгорыю самых актуальных і надзённых праблем. Добра выказаўся ў адным з вершаў паэт А. Лойка: «Вечныя тэмы!.. Мы вырашаем дасюль. // Вечныя, вечна сучасныя, // Цяжкія, няясныя…» («Вечныя тэмы»).
Яшчэ ў савецкі час склалася плынь экалагічнай літаратуры — літаратуры ў абарону прыроднага наваколля. Вядомымі абаронцамі прыроды ў часы СССР сталі пісьменнікі М. Прышвін, К. Паўстоўскі, Л. Лявонаў, В. Астаф’еў, В. Распуцін, С. Залыгін, Ч. Айтматаў і інш. Свой голас у абарону беларускага ландшафту, рэк і азёр, флоры і фаўны падымалі П. Панчанка, А. Куляшоў, М. Танк, Н. Гілевіч, Р. Барадулін, І. Пташнікаў, В. Карамазаў, В. Казько, А. Жук, А. Наварыч і інш. Пісьменнікі, як ніхто іншы, прадбачылі наступствы, якія надыдуць у выніку бяздумнай меліярацыі, забруджвання і спрамлення рэк, разбурэння спрадвечнага светаўладкавання, безгаспадарчага рабавання прыродных багаццяў. З’явілася глыбокае ўсведамленне, што так далей будаваць адносіны з прыродай нельга, неабходна займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю і абараняць экалагічныя прыярытэты. Вось як у той час ставілася пытанне пісьменнікам У. Чывіліхіным: «Здаецца, што надышоў час, калі любіць прыроду мала. Ці любіць яна цябе і што ты зрабіў для таго, каб яна цябе любіла? — вось як паўстае пытанне. Маці-прырода — асяродак, які сфарміраваў нас, адзіная крыніца нашых даброт — не мае патрэбы сёння ў любові аднабаковай, эгаістычнай, бяздзейснай» (Чивилихин, В. А. Жить главным. — М., 1986, с. 112).
Сярод палымяных заступнікаў маці-прыроды на працягу многіх гадоў быў Пімен Панчанка (1917—1995). Паэт выдатна бачыў, як на пярэдні план выходзяць вельмі важныя праблемы экалогіі, якія датычаць зберажэння прыродных рэсурсаў, захавання натуральных умоў быцця, абароны самога чалавека ад маральнага спусташэння і бездухоўнасці. Менавіта ён адзін з першых усвядоміў, што на новым этапе сацыяльна-эканамічных і жыццёвых пераўтварэнняў ад творцы патрабуецца неабыякавасць, грамадзянскі непакой, актыўнасць і дзейснасць у справе абароны прыроды як жыццядайнай крыніцы і галоўнай каштоўнасці на зямлі.
Савецкае індустрыяльнае грамадства пайшло па шляху нарошчвання аб’ёмаў і тэмпаў вытворчасці, у тым ліку ваеннай, задавальнення спажывецкіх інтарэсаў і патрэб, развіцця гарадоў як лакаматываў эканомікі. У такой сітуацыі заставалася адно — «не чакаць міласці ад прыроды», а няспынна чэрпаць з нетраў матэрыяльныя багацці, усё браць, як кажуць, па максімуму і масава пераўтвараць прыродныя рэсурсы ў энергію, прамысловыя вырабы, разнастайныя спажывецкія тавары і рэчы хатняга ўжытку. У пагоні за вытворчымі паказчыкамі, усеагульным дастаткам і дабрабытам нярэдка парушаліся экалагічныя стандарты: нормы гаспадарання, правілы землекарыстання і інш. Прамыслова-тэхнічны прагрэс спарадзіў магутны наступ на прыроду, якая аказалася безабароннай, апынулася ў крытычным стане. П. Панчанка адрэагаваў на відавочнае парушэнне экалагічнай раўнавагі, экалагічныя выдаткі на шляху бурнага развіцця грамадства. Усё гэта спарадзіў курс на пакарэнне прыроды, асваенне новых тэрыторый і земляў. У гады Вялікай Айчыннай вайны П. Панчанка на свае вочы пабачыў разбураныя гарады і спаленыя вёскі, зямлянкі, у якіх жылі людзі, таму ён добра разумеў, што краіну трэба адбудоўваць, ёй патрэбны вялікія прыродныя рэсурсы. Як і не выклікала ў яго пярэчання тое, што неабходна пракладаць дарогі, распрацоўваць нетры, лясныя масівы і да т. п. Аднак у канцы 1960-х гг. паэт заклікае прыгледзецца да стану прыроды і, можна сказаць, адстойвае яе экалагічныя правы на роўныя адносіны з чалавекам. «І так, я пра раўнапраўе дрэў!» — усклікае ён і складае хваласпеў прыродзе, пяшчотна-замілавана паэтызуе яе. Паэт скіроўвае свой гнеў супраць тых, «хто бязлітасна… высякае» дрэвы, абыякавы да навакольнага хараства і без шкадавання знішчае яго (верш «Раўнапраўе дрэў»).
У вершы «Прырода надзіва праўдзіва…» (1972) ён сумленна, мужна і адкрыта гаворыць, што гаспадаранне ў лясах і на зямлі ператварылася ў экалагічную вайну, якую чалавек распачаў, не думаючы пра яе наступствы для нашчадкаў і будучыні. Паэт хвалюецца пра лёс маці-прыроды і негатыўна ацэньвае вынікі чалавечай дзейнасці:
На свет яна нарадзіла,
А мы забіваем яе.
То шротам, то вострай пілою,
То труцім, то палім жыўцом…
Планету мы так прапалолі:
Патомкі заплацяць жыўцом.
Альбо выпрамляем машынай
Рачулкі, што любяць пятляць.
І сохне цяністы ляшчыннік,
І мяккія сцежкі пыляць.
Безумоўна, гэтыя радкі — узор вершаванай экалагічнай публіцыстыкі.
Яшчэ больш узрушана, бескампрамісна і страсна выказаўся П. Панчанка ў вершы «Не люблю я слова “пакарыцель”…» (1972). Назва твора заключае ў сабе катэгарычны маральны-грамадзянскі імператыў, які прадвызначае падыход аўтара да праблемы адносін чалавека і прыроды. На думку паэта, гэтая праблема дасягнула крытычнай мяжы, драматызму, і таму трэба задумацца пра тое, як вырашыць яе, зрабіць так, каб «зялёная зямля» захавала сваё аблічча і радавала вока наступных пакаленняў. П. Панчанка працягвае вострую, палымяную палеміку наконт стратэгіі пакарэння прыроды:
Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам —
Па надзеі, па душы жывой.
Пакарэнне пахне трохі рабствам,
Карай, і рабункам, і крывёй.
Думаецца, паэт-франтавік нездарма нагадвае пра «мукі спаленай Хатыні». Прырода, як і чалавек, жывая, увасабляе хараство і свабоду, яна мае права на гуманныя адносіны да сябе. І тут не павінна быць дамінавання аднаго боку — лініі сучаснага чалавека, якога паэт называе «ўладар». Трэба не ігнараваць і ўлічваць інтарэсы самой прыроды. Нельга яе бяздумна руйнаваць, спапяляць, нішчыць. Паэта займае клопат пра ўтульнасць нашага агульнага дому, пра духоўнае адзінства, суладдзе чалавека і прыроды. Ён лічыць, што пакарэнне і падпарадкаванне прыроды павінна ажыццяўляцца з думкай пра ашчаднае зберажэнне зялёнага хараства свету і стварэнне прыдатных экалагічных умоў для ўсяго жывога. Паэт звяртаўся да сваіх сучаснікаў з пранікнёнымі словамі перасцярогі і шчырай сардэчнай просьбы:
Акіян і космас вывучайце
З добрым сэрцам,
А яшчэ прашу:
Пакідайце і буслу, і чайцы
Больш вады і неба на душу.
Надзея паэта — на міласэрнасць чалавека, яго маральную дабрадзейнасць і гуманнасць. П. Панчанка вельмі слушна гаварыў пра неабходнасць экалагічнай адказнасці грамадства перад будучыняй. Яму было зразумела, што трэба мяняць ментальнасць, псіхалогію чалавека, які пачувае сябе царом прыроды, прытрымліваецца матэрыялістычнай заваёўніцкай дактрыны і не абцяжарвае сябе пакутамі сумлення. У паэзіі П. Панчанкі ўвасобілася этыка адказнасці — адказнасці за экалагічны стан свету. Ён мужна паўстаў на абарону роднай прыроды, яе багаццяў, чысціні і хараства.
Паэт усё часцей пераконваўся ў недальнабачнасці грамадства, якое жыве быццам адным днём, не прытрымліваецца рацыянальнага прыродакарыстання, вядзе агрэсіўную прамыслова-гаспадарчую дзейнасць. У выніку знікаюць вялікія плошчы беларускага лесу, перасыхаюць рэкі, атручваецца вада і гіне рыба, пагаршаецца экалогія. У публіцыстычным вершы-разважанні «Лясы і рэкі» (1973) пануе атмасфера засмучанасці і заклапочанасці, паэт выказвае пачуцці шкадавання і трывогі з прычыны таго, што адбываецца з маці-прыродай. П. Панчанка апелюе да чалавечай свядомасці і сумлення. Яму жадаецца, каб грамадства спыніла сваё ўладна-ваяўнічае разбурэнне і спусташэнне навакольнага свету, саступіла са шляху варварскага абыходжання з прыродай. Паэт спрабуе пераканаць у згубнасці такіх адносін да лясоў, рэк і іншых прыродных аб’ектаў. Яго пазіцыя па-грамадзянску цвёрдая, па-гуманістычнаму вывераная, а думка не толькі крытычная, але і аналітычна-прагнастычная, інакш кажучы, яна скіравана ў будучыню да ўнукаў і нашчадкаў: «Смерць лясоў для мяне непрымальна, // Як і гібель павольная рэк… // Людзі, людзі, жывіце нармальна // І пра будучы думайце век».
Экалагічная трывога ў паэзіі П. Панчанкі ўзмацнялася, набывала яшчэ больш глыбокі драматызм. Пра яго духоўную лучнасць з роднай прыродай сведчаць ужо самі назвы вершаваных кніг: «Крык сойкі» (1976), «Млечны Шлях» (1980), «Дзе начуе жаўранак» (1983), «Сіні ранак» (1984), «Лясныя воблакі» (1985). Напэўна, гэтыя вобразныя загалоўкі падбіраліся аўтарам з мэтай перадаць сваё паэтычнае адчуванне хараства і цуду зямнога свету. І таму ён паварочваў чытача да ўсёй гэтай красы, вабных краявідаў, паэтызаваў водарныя пахі, гукі і галасы птушак, жытнёвы звон, чысціню нябёсаў, яркія і светлыя колеры роднай зямлі. Вось як паэт выяўляе ўнутраныя экалагічныя адчуванні на ўлонні прыроды ў вершы «Крык сойкі» (1975):
Рыжаватая, чарнапёрая,
А на крылах — блакіт красы…
Кожным летам ад тлуму і зморы я
Уцякаю ў твае лясы.
Ды заўсёды такі насцярожаны
Крык твой, сойка.
Птушыны гнеў.
Можа, мне тут хадзіць няможна?
Не крану я ні гнёздаў, ні дрэў.
Лясны край — нібы таямнічае ўладанне дзівоснай птушкі, якую непакоіць прысутнасць у гэтых мясцінах чалавека. Але герой верша спадзяецца наладзіць шчыры дыялог-размову з сойкай, прапануе: «Мы маглі б падружыцца, бадай…». Паэт дэманстраваў «роднасную ўвагу» (М. Прышвін) да навакольнага свету, даверлівыя адносіны да прыроды, ён спачуваў птушцы, дрэву, лесу, рацэ… Іх трывогі і праблемы рабіліся часткай яго жыцця і паэтычнага светаадчування. Сябруючы з прыродай, паэт не мог быць безадносным, тым больш абыякавым да праяў негатыву, асуджаў чалавечыя паводзіны, якія нясуць ёй шкоду і небяспеку.
У вершы «На схіле веку» (1975) П. Панчанка акрэсліў складаныя экалагічныя ўмовы выжывання чалавека і чалавецтва ў кантэксце глабальных праблем часу і сваёй эпохі. Ён задумваўся над тым, куды ідзе-кіруецца сучасная цывілізацыя. Паэт акцэнтуе ўвагу на найважнейшых адмоўных з’явах, працэсах, тэндэнцыях, ад якіх залежыць экалагічная бяспека жыцця: «цеснавата стала на зямлі», «такая ў свеце мітусня», «грукат хуткасці — і стрэс», «людзей… катуюць на ўзроўні веку», «дзе знайсці без стронцыю і без хімікатаў трохі людскай ежы», «прагнуць свет машыны задыміць». Усе гэтыя праблемы экалогіі на пачатку новага ХХІ стагоддзя набылі глабальны характар і патрабуюць неадкладнага вырашэння. Праблемнае поле калізій, сутыкненняў, супярэчнасцей паміж грамадствам і прыродай яшчэ больш пашырылася. Глабальнае парушэнне сувязі ў сістэме «Чалавек — Прырода» з трывогай канстатуюць сучасныя эколагі, філосафы, культуролагі, пісьменнікі. Вось адна з высноў: «Узровень і логіка развіцця тэхнагеннай цывілізацыі прывялі чалавецтва да экалагічнага крызісу» (Известия, 2004, 24 сент., с. 2). У канцы ХХ — на пачатку ХХІ стагоддзя загалоўкі ў СМІ стракацелі трывожнымі назвамі: «Смерць Рэйна», «Байкал у небяспецы!», «Ці выжыве пушча?», «Не замуціць вочы азёр», «“Букет” — у паветры, “кактэйль” — з крана» і шмат інш. Экалагічны крызіс разбурыў карэнныя асновы быцця, а пасля Чарнобыля гаворка ідзе пра выжыванне чалавека, выратаванне народа ад наступстваў радыяцыі.
Пімен Панчанка думаў і разважаў у глабальным маштабе, агульначалавечым вымярэнні вострых экалагічных праблем. Зямля-планета для яго — агульначалавечы дом. Гэтак, як у свой час М. Багдановіч, Я. Купала, К. Чорны, ён успрымаў сучаснасць і будучыню з касмічнай вышыні думкі, пазіцый вечнасці. У вершы «Зялёнае гняздо» (1976) паэт выказвае асаблівую трывогу пра лёс Зямлі і чалавецтва, яго непакоіць тое, што парушаецца нейкі важны баланс палярных сіл, робяцца нетрывалымі асновы светабыцця: «Неўладкаваны чалавечы дом, // Жывая кропля чорнага сусвету — // Зямля мая, // Зялёнае гняздо, // Адкуль вылётваюць // І птушкі, і ракеты». Паэт па-філасофску асэнсоўваў ролю чалавека ў касмічна-зямным светаўладкаванні, падкрэсліваў яго стваральную місію і гуманістычную значнасць. Чалавек у паэтычнай мадэлі свету П. Панчанкі — адначасова і стваральная, і разбуральная сіла. Аднак у чалавечай асобе ёсць несумненны патэнцыял, і найперш пазітыўная інтэнцыя: «Сцвярджае век: ты чалавек — // не страх, не крах, не прах…» («Вы начавалі над ракой…»). Таму паэт хваляваўся пра захаванне прыгажосці, лепшых чалавечых пачуццяў, любові і чалавечнасці на зямлі. Касмічны вобраз зорак у яго паэзіі набыў сімвалічнае ўвасабленне высокага маральнага ідэалу прыгажосці. Паэту жадалася, каб паводле законаў гэтай вышэйшай прыгажосці людзі і будавалі свае адносіны адзін з адным, прыродай, усім вялікім светам. У гэтай сувязі прыгадваецца адна літаратурная гутарка, дзе, апрача іншага, гаварылася: «Прырода можа нам нагадаць усё, што мы забыліся. Нам трэба толькі чуць яе дыханне, бачыць яе жыццё і наблізіцца да яго. Спасцігаючы прыроду, мы набліжаемся да Бога, да нейкай вялікай веры ў жыццё, у несмяротнасць гэтага жыцця, у яго пачатак, які немагчыма знайсці, і ў працяг, дзе — канца не відно» (В. Зуёнак). Мне здаецца, што менавіта так тонка адчуваў і глыбока разумеў прыроду П. Панчанка.
Справядлівай уяўляецца наступная думка: «Сучасны чалавек і прырода. Хто адчувае прыроду, той не можа не адчуваць вялікай супярэчнасці ў адносінах да яе…» (Гусев, В. Художественное и нравственное. — М., 1988, с. 340). Хараство прыроды пэўны час натхняла П. Панчанку на паэтычныя хваласпевы, аднак не гэтак часта, як раней. Ён прыйшоў да ўсведамлення «вялікай супярэчнасці ў адносінах да яе». Пісаліся вершы-заклікі і паэтычныя звароты з надзеяй на ментальныя зрухі ў свядомасці грамадства і змену экалагічнай дактрыны. Але не мяняўся чалавек, яго безразважнасць і безадказнасць вяла да вялікага бедства. Урэшце, у красавіку 1986 года выбухнуў Чарнобыль. Пачынаючы ад моманту гэтай катастрофы на заключным этапе творчасці ў вершах П. Панчанкі на тэму экалогіі прыкметна ўзмацніўся трагічны пафас. У зборніках «І вера, і вернасць, і вечнасць» (1986), «Горкі жолуд» (1988), «Высокі бераг» (1993) канцэпцыя рэчаіснасці, адносін чалавека і прыроды дасягае неверагоднага трагізму — балючага, шчымлівага, незвычайна згушчанага. Паэт прадчуваў самае дрэннае, засцерагаў, прасіў адумацца і спыніцца ў сваім вар’яцкім рабаванні і знішчэнні прыроды. У вершах «Лясныя воблакі» і «Сармацкае кадзіла» ён з горыччу, скрухай гаворыць пра экалагічную драму сучаснасці. Нядбайны, прагны і хіжы чалавек збядняе свет, гэта ён стаў прычынай таго, што з лесу «кветкі… да Чырвонай кнігі збеглі», што «ссечаны ельнік», «знішчаны ўшчэнт… грыбніцы, ягаднікі павыдзіраны навек», што паўсюль «многа ліха». Эмацыянальны градус абурэння, гневу падвышаўся настолькі, што паэт не мог стрымаць сваіх пачуццяў і адкрыта гаварыў праўду, хоць яна і была часам жорсткай, непрывабнай. Экалагічная пагібель стала рэальнай пагрозай. «Ядзерны грыб», які палохаў уяўленне паэта, спарадзіў жахлівую чарнобыльскую яву. Радыяцыйная экалагічная катастрофа карэнным чынам перайначыла светаадчуванне і нацыянальнае быццё. Паэту ўбачыліся апакаліптычныя абрысы пякельнай рэчаіснасці, ён адчуў страх Божага пакарання. Герой паэта нібы трапіў у жудасна-змрочнае Дантава пекла:
А сёння ўсюды цьмяна, дымна, чорна,
Не звіняць у небе жаўрукі…
Божа, не гані мяне ў пячоры,
Божа, не гані ў глыб ракі!
……………………
Тут пахне Хірасімай.
Няма слядоў бусліных
І ласіных:
Над Прыпяццю —
Нябачнай смерці след.
Палескі край,
Як пазмрачнеў твой свет.
(«Аб самым смачным…»)
Катастрафізм чарнобыльскага светаадчування дасягнуў асаблівай канцэнтрацыі і з найбольшай сілай выявіўся ў такіх вершах П. Панчанкі, як «Чорныя дзіркі» і «Раўнавага». Ён міфалагізуе Чарнобыль як злавесную, згубную дэманічную сілу: «Чорная дзірка — // Чорны Чарнобыль». Перад абліччам-прывідам чарнобыльскага Апакаліпсісу і ўласным сыходам з жыцця паэт, можна сказаць, выказваў апошнюю просьбу — ратуйце сябе, жыццё, мову, культуру, саступіце са шляху маральнай дэградацыі, мяняйцеся да лепшага і будзьце людзьмі. У вершаванай публіцыстыцы паэт па-грамадзянску мужна б’е ў набат, з нясцерпным болем крычыць аб вялікай нацыянальнай катастрофе, з пабуджальным пафасам заклікае не маўчаць, дзейнічаць, рабіць усё, каб «настаў збаўлення час».
Пімен Панчанка ў найвышэйшай ступені выяўляў экалагічнасць мастацка-паэтычнай думкі. Ён шукаў выйсце з экалагічнага тупіка, у які заганяе сам сябе чалавек. «Чым жа мы апраўдаемся?» — вось якое пытанне турбавала паэта. Яго займалі экалагічныя хваляванні і клопаты: як уратаваць чалавека, яго душу, жыццё, усё светлае і прыгожае. Ён быў перакананы ў адным: уратаваць чалавечае ў чалавеку — гэта значыць у канчатковым выніку ўратаваць прыроду і мець надзею, што будзе жыць і вабіць новыя пакаленні «росная зялёная айчына». Паэт дбаў пра фарміраванне экалагічнага мыслення і экалагічнай культуры сучаснага соцыуму. Сёння гэтую пачэсную справу працягваюць спраўджваць яго паэтычныя творы на ўроках літаратуры ў школе.
Аглядаючы пройдзены жыццёвы шлях, П. Панчанка прызнаўся, што самым галоўным скарбам, найвялікшай духоўнай каштоўнасцю для яго была родная зямля. «Зямля ў мяне адна» — гэткі красамоўны загаловак мае яго кніга, якая выйшла пасмяротна ў 1996 годзе. Летуценнай думкай паэт быў часта прылучаны да зорных нябёсаў, аднак ніколі не страчваў зямное прыцягненне, заўсёды адчуваў чуйную, глыбінную сувязь з жыццём. Па роднай зямлі ён прайшоў годна, абараняў яе ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а ў мірны час быў яе ахоўнікам-дазорцам. Непакоіўся і хваляваўся пра будучыню. Стаяў на сваіх пазіцыях мужна і да канца. Як сапраўдны салдат. Як грамадзянін, абаронца-эколаг, паэт-патрыёт.
Алесь Бельскі
Крыніца публікацыі: Бельскі, А. Беларуская літаратура ў кантэксце традыцый і сучаснасці / А. Бельскі. — Мінск, 2017. — С. 142—147.