ПОДЫХ ГІСТОРЫІ Творы народных паэтаў Беларусі пра гістарычнае мінулае (дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай паэзіі ХХ ст.)

0
181

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Беларусь
(урыўкі з паэмы)

                            І

Зямля Беларусі! Бары і дубровы,
Жытнёвае поле, шаўковы мурог,
У промнях рабіны заход вечаровы,
Што клёкат буслоў — ручаёў перамовы
І ў шумных прысадах істужкі дарог.

Зямля Беларусі! Вачамі азёраў
Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,
Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,
Знікаюць па водах, па чорных разорах,
Па травах, абсыпаных кроплямі рос.

Былога быліны, старога паданні
Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,
Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх
Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,
Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.

Бацькоў нашых слава на іх узбярэжжах,
Гамоняць пра гэта бары-байкары,
Гамоняць пра гэта і Полацка вежы,
І Турава сцены, і шум Белавежы,
І роднага Мінска сівыя муры.

                            ІІ

Зямля Беларусі! Ты ў полымі бою,
Ты ў бітвах суровых Айчыннай вайны;
Ты ўстала і зноўку ўзялася за зброю,
І меч свой напояць варожай крывёю
Твае непахісныя ў бойцы сыны.

Іх сіла, як сіла дубоў на Палессі, —
Высокія ростам, магутны ў плячах!
Іх многа, як сосен смалістых у лесе,
Як зор, што на небе абсыпалі месяц,
Як траў па шырокіх, бязмежных лугах.

За справу святую свабоды і чэсці
Ідзе незлічоная, дужая раць:
«Смерць вырадкам лютым!» — адзіныя весці
У Мінску і Гродне, у Пінску і Брэсце, —
Па ўсёй Беларусі сягоння гучаць.

І помста няўмольна праходзіць шляхамі
Ад позняе ночы да ранняй зары.
Як гор не развеяць ліхімі вятрамі,
Як рэчак не высушыць злосці агнямі, —
Так сілы народнай нічым не скарыць!

                            ІІІ

Дзяды нашы білі драпежнікаў прускіх,
Не даўшы надзець на сябе кайданы, —
Пад Грунвальдам білі, на возеры Чудскім,
Там разам з украінскім братам і рускім
Сваю Беларусь баранілі яны.

Змагаліся з рознай напасцю варожай,
Прайшлі па смаленскіх, палтаўскіх палях,
Ішлі казакамі, у стэп Запарожжа,
І верылі цвёрда — ніхто іх не зможа,
Бо вечнаю праўдай жыла іх зямля!

Спытайцеся ў кожнай сасны і бярозкі,—
Яны вам раскажуць, як даўняй парой
Хадзіў тут Вашчыла, Хвясько, Каліноўскі,
Вадзілі атрады на подзвіг геройскі,
Іх слава, як сонца, стаіць над зямлёй.

Скарыць не падолелі іх чужаніцы,
Бо быў ім прытулкам і крэпасцю бор,
Чало асвятлялі з-пад Нёмна зарніцы,
І грудзі, як сталлю,
паілі крыніцы,
А шлях азначаўся мільёнамі зор.

                            IV

Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,
Аб горадзе Полацку слава ішла,—
Друкар там выдатны Георгій Скарына,
Што зоры, рассыпаў па роднай краіне
Крыштальныя словы навукі-святла;

Нямала народаў з крыніц яго піла
І брала ад мудрасці вечны агонь,
У літарах першых знаходзячы сілу…
Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла
Такога выдатнага сына свайго!

На грудзях тваіх, як скарбніцы жывыя,
Чалом выплываючы з даўняй імглы,
Стаяць гарадзенскія гмахі сівыя,
Муры Навагрудчыны, вежы Сафіі
І замкаў Заслаўля крутыя валы.

Аб славе народнай гамоняць зарніцы,
А думы яго захавалі ў сабе,
Як чыстыя перлы, азёры, крыніцы,
І неба вясёлкамі імі іскрыцца,
Што шлях асвятляюць яму ў барацьбе [2, c. 237 —239].
1943

 

ЯНКА КУПАЛА

Гарыслава

              «Не хочу разути рабынича, а за Яро-
полка иду!»
                    (З адказу Рагнеды — княжны по-                        лацкай, Уладзіміру — князю ноў-
                     гарадскаму)

 

          П Р А Д М О В А

Гэй, павейце, разгуляйцеся,
Ветры вольны, лёгкакрылыя,
Над старонкай над крывіцкаю
Зашуміце, неўгамонныя.
Паміж небам і зямліцаю
Віхрам-птахам пранясіцеся,
Леты даўнапрамінуўшыя
Уздымайце з чорнапопелу.
Ўскалыхніце сэрцам каменным,
Звонам-вечам ды ўсё полацкім —
Хай звон звонка разгамоніцца
Дый раскажа быль бывалую.
Быль бывалую пра доч князеву,
Ту красавіцу ненаглядную,
Пра ту княжну пра свабодную,
Што Рагнедай называлася,
А пасля, што з гора горкага
Стала зваціся Гарыславаю,
А гардыняй недаступнаю
Кругом-вокала праславілась.
Пра яе вы, звоны вечавы,
Ветры буйныя, свабодныя,
Раскажыце свету цэламу
Быль бывалу ў землях Полацкіх.

                   І

Даўно-даўно было ўжо гэта,
Як там у запісах стаіць,
Дзе пішуць: вось такога лета
Было, павінна тое быць.
Шмат хмары вылілі вадзіцы,
Навек заснуў бор не адзін
І шмат павысахла крыніцаў
За гэты час. Патомак-сын
Бацькоў, застыўшых у магіле,
Забыўся ўжо аб іх жыцці —
Аб тым, як дома лад вадзілі,
Як на вайну ўмелі йсці
І як у славе ўміралі
За чэсць і волюшку сваю.
Забыўся сын аб быўшай хвале,
Ў прыгон прадаў сябе, сям’ю.
Расою здоблючы чырвонай
Свае загоны і лугі,
Прыблуднай чэрні б’е паклоны,
Куе сабе сам ланцугі.
На батракоў здаліся ўнукі
На вольнай прадзедаў зямлі,
Пайшлі ў няволю без прынукі,
Як па вяровачцы пайшлі.
І праслаўляюць мазалямі
Парабаціцеляў сваіх,
Сябе згубіўшы між людзямі,
Паміж мучыцеляў глухіх.
Няма нікому заступіцца,
Збудзіць заснуўшыя званы,
Прызваць к жыццю жывой расіцай
Нямыя сведкі-курганы.
Так растачыла зніштажэнне
Сваё ўладарства ў старане,
Што воляй рдзела неадменне,
Як тое сонца ў вышыне.
Адно падчас у сумнай песні
Або у казцы дзе якой
Край праўды выгляне з-пад плесні
І ўскалыхне жывой душой.
Нямыя вербы над ракою
Зашалясцяць сухім лістом,
А далей дрэме ўсё ў спакою,
Ўсё спіць магільным рабскім сном.
Калі ж, калі ты, родна маці,
Старонка бедная мая,
Пачнеш і зноў выводзіць раці,
Да нова збудзішся жыцця?.. [5, c. 72—73].
1912

 

ЯКУБ КОЛАС

Гэй, адвечныя курганы…
(урывак з паэмы «Сымон-мызыка»)

Гэй, адвечныя курганы,
Сведкі прошласці глухой!
Кім вы тут панасыпаны?
Чыёй воляю-рукой
Вы раскіданы па полі,
Даўных спраў вартаўнікі?
Эх, не скажаце ніколі,
Што казалі вам вякі!
Вы пуцінаю няроўнай
Бежыце ўдалечыню,
У бок Віліі чароўнай
І пад светлую Дзвіну.
……………..

Брацце мае, беларусы!
У той кнізе людскіх спраў
Мусіць, Сам Бог, для спакусы
Гэты край нам адзначаў.
Тут схадзіліся плямёны
Спрэчкі сілаю канчаць,
Каб багата адароны
Мілы край наш зваяваць,
А нас цяжка ў сэрца раніць,
Пад прыгон узяць навек,
Нашы скарбы апаганіць,
Душу вынесці на здзек,
Каб у віры той ашукі
Знішчыць нашы ўсе сляды,
Каб не ведалі і ўнукі,
Хто такія іх дзяды.
І лілася кроў нявінна,
Швед набытак наш паліў,
А ўрад царскі самачынна
Тут гвалтоўнасці тварыў,
Будаваў астрог народу
І барбарскім капылом
Мерыў волю і свабоду,
А культуру нёс з калом.
І без жалю капытамі
Конь казацкі тут ступаў
І збажынку з ярынамі
Талачыў і драсаваў.

Родны край! ты разарваны,
І на захад ад мяжы
Пан пыхлівы, надзіманы
Моцна сцягвае гужы,
Каб з варшаўскае майстэрні
Беларусу сшыць халат,
Ды ні ксёндз, ні пан не верне
Плынь гісторыі назад!
Эх, чаго нам ні прыйшлося,
Брацце мілыя, ужыць!
Колькі талентаў звялося,
Колькі іх і дзе ляжыць
Невядомых, непрызнаных,
Не аплаканых нікім,
Толькі ў полі адспяваных
Ветру посвістам пустым!
Дык хіба ж мы праў не маем,
Сілы — шлях свой адзначаць
І сваім уласным краем
Край свой родны называць? [4, c. 80—82].
1924—1925

 

МАКСІМ ТАНК

Гравюры Скарыны

Гравюры Скарыны!
Ён выразаў іх
На спаконвечным
Дрэве гісторыі
Свайго народа,
Хоць мог бы падабраць
І больш падатлівы,
І больш удзячны
Матэрыял.

І выразаў ён іх
Не штыхелем-разцом,
А промнем сонца.

Промнем сваёй веры
І любові да народа.

Таму штрых кожны
Быў такі глыбокі,
Што ні агонь,
Ні забыццё,
Ні ворагі,
Ні час
Гравюраў гэтых
Знішчыць
Не змаглі.

І сёння
Нейкая чароўная
Жыве ў іх сіла,
Якая сляпым
Вяртае зрок,
Глухім — іх слых,
Няпомнячым —
іх памяць,
А без’языкім — мову [8, c. 72].
1987

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

Хамуціус
(урывак з паэмы)

К а л і н о ў с к і.
Зямля, зямля! Хвалюецца стары.
Зямля — непрачытаная дэпеша.
(Распячатаў пакет. Прачытаў ліст.)
У Вільню зноў завуць мяне сябры!
Так!.. Лёс змагання болей не залежа
Ад тых, хто чорнай змоваю сваёй
Прыйшлі да ўлады. Толькі я не рады
Няшчасцю іх… Цяпер за іх спіной
Не графа цень, а Мураўёва краты.
Стараліся, каб не аддаць зямлі
Аратаму. А што ўзамен знайшлі?
Здань шыбеніцы ў іх над галавою,
А пад нагамі бездань. За сабою
Яны астатніх цягнуць… Памагчы
Паўстанню цяжка. Кружаць крумкачы
Над полем бою. Яська, нам з табою
Вядома тое!.. У глухой начы
То здрада нас пільнуе, то няўдача.
А час — шалёны конь — нястрымна скача… [5, c. 126—127].
1974—1975

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

Курганы

Мне здаецца, што гэта барвовае воблака
Нада мною вісіць з палавецкіх часоў.
Старажытнасць глядзіць затуманеным воблікам
З курганоў прыдпяпроўскіх, з пахмурных лясоў.

I акоп гэты вырылі сталлю булатнаю
Нашы продкі сівыя ў шаломах цяжкіх.
Спяць яны ў курганах, меч да меча, па-братняму,
Топчуць ворагі славу пачэсную іх.

А зара, спапяліўшы драты ненавісныя,
Па-над імі ўзняла залатыя крыжы…
Сем гадзін да атакі.
Ізноўку гады свае
Пражыві, бо да восьмай не ўсім нам дажыць.

Заўтра раніцай сонца узыдзе крывавае,
Праплывуць над акопамі журавы.
Калі ляжам і мы ў курганы, дык са славаю,
Вось за гэты бяскрайні прастор баравы.

Да травінкі апошняй зямля наша выгара,
Попел мёртвыя вочы засыпле навек,
Яраслаўна заплача па новаму Ігару,
Сумны голас пакоіцца шалямі рэк.

Толькі не, мы не згінем, тэўтонаў адужаем!
Аніводнаму з іх больш на свеце не жыць.
Па-над мёртвай ардой, над крывавымі лужамі
Груганы будуць з радасным крыкам кружыць.

Свае раны абмыем дпяпроўскай вадою мы
I на пір пераможцаў збяромся сюды.
Памянём добрым словам загінуўшых воінаў,
На магілы іх з чарак прыльём, як дзяды…

Можа, заўтра падзеі нахлынуць інакшыя.
А пакуль што праз дрот з той чужой стараны
На нашчадкаў сваіх, на пазіцыі нашыя
З-пад шаломаў зялёных глядзяць курганы [7, c. 193].
1943

 

РЫГОР БАРАДУЛІН

Міколу Гусоўскаму

Класічны крой лацінскай апранахі
Хацеў стрымаць славянскі ўзмах рукі.
Начэлі догмаў сонныя манахі,
I каркалі анафемы крукі.

I слухаў Рым нячутай пушчы пахі,
Туровы гром, алені бег ракі.
Ляцелі ў вырай з Белай Русі птахі,
I ў вырай вечнасці — твае радкі.

Ты з год юначых меў талан на ловы,
Сіло латыні самі рвалі словы,
Ішлі ў Еўропу з годнасцю здалёк.
Каб дум раскутасць лёс не ўрок суровы,
Кужэльную кашулю роднай мовы
Ад забыцця замовіў васілёк [1, c. 58].
1980

 

НІЛ ГІЛЕВІЧ

Рагнедзе

У слаўным горадзе Францыска,
Дзе я святкую свята Слова, —
Твае вытокі і калыска,
Твой лёс, пачаты звыш сурова,

Вось тут ты, гордая адроду,
На плынь Дзвіны штодня глядзела,
I аб адным снавала крозу,
I аднаго ў жыцці хацела:

Каб родны край быў вечна вольны,
He знаў палону, ганьбы рабства;
Каб твой народ, пракляўшы войны,
У мужных сэрцах песціў брацтва.

I час настаў: з імглы далёкай
Нам зорыць дзей тваіх пачатак!..
Таму так молада, так лёгка
I я хаджу тут, твой нашчадак.

У слаўным горадзе Францыска
Шапчу: «Жыве і не загіне!..»
I ўдзячна кланяюся нізка
Табе, прасветлая княгіня [3, c. 31].
1993

Спіс літаратуры

  1. Барадулін, Р. Выбраныя творы / Р. Барадулін. — Мінск: Кнігазбор, 2008. — 600 с.
  2. Броўка, П. Збор твораў: у 9 т. / П. Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1987. — Т. 2: Вершы, паэмы, 1941—1953. — 478 с.
  3. Гілевіч, Н. Збор твораў / Н. Гілевіч. — Мінск: Маст. літ., 2001. — Т. 3: вершы і паэмы 1993—1999. — 350 с.
  4. Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. / Я. Колас; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2009. — Т. 9: Паэма «Сымон-музыка». — 429 с.
  5. Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск: Маст. літ., 1977. — Т. 5: Творы розных гадоў. Крытычныя нататкі. — 510 с.
  6. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала — Мінск: Маст. літ., 1999. — Т. 6: Паэмы, пераклады.— 430 с.
  7. Панчанка, П. Збор твораў: у 4 т. / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1981. — Т. 1: Вершы і паэмы (1934—1945 гг.), выбраныя пераклады. — 366 с.
  8. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. — Мінск: Беларус. навука, 2008. — Т. 6: Вершы (1983—1995). — 454 с.

 

Падрыхтавалі:
Яна Іванова, Кацярына Грыбко,
Лізавета Паўлоўская, Алена Хоміч,
студэнты ІV курса спец. «Беларуская філалогія»