ПІМЕН ПАНЧАНКА Ў АЦЭНКАХ І ДУМКАХ

0
6385

Асоба Пімена Панчанкі ў ацэнках Рыгора Барадуліна

«У Пімене» мне дарагія — шчырасць, неспакой, найчысцейшая беларуская душа.

Рыгор Барадулін.

 

З вірам у нашай пасляваеннай літаратуры можна параўнаць неўтаймаванага, апантанага Пімена Панчанку. Гэта ён вірыў і пратэставаў, прабіваўся жывым словам, не даючы ільдам цэнзуры, ільдам ідэалагічнага савецкага дыктату закаваць раку нашай літаратуры, выпрастаць яе ў ціхую канаву.

Рыгор Барадулін.

 

Паэты пра Пімена Панчанку

Настаўнікі не паміраюць,
А аддаляюцца ад нас
I зверху строга назіраюць,
Як мы вядзём свой рэй і час.
Яны не могуць нам нічога
Ні адмяніць, ні загадаць,
А толькі смутнаю трывогай
Свой ціхі голас нам падаць.
У небе роспачнасці
Поўняй
Іх думка ясная плыве.
Яны жывуць,
Пакуль мы помнім
I вопыт іх, і запавет.

Генадзь Бураўкін.

 

Ведаю, як Панчанку не спіцца…
Ён і нам аціхнуць не дае.
Ён, паэт, ніколі не даруе
нам радок, што сэрца халадзей.

Сяргей Панізнік.

 

Думкі, радкі з твораў П. Панчанкі

Паэзія — споведзь веку, прапушчаная праз уласнае сэрца.

Пімен Панчанка.

 

Той дзень прапаў і страчаны навекі,
Калі ты не зрабіў таго, што мог;
Калі не паспрыяў ты чалавеку,
Няшчыры быў, зманіў, не дапамог.

Пімен Панчанка.

 

Мала сказаць: ненавiджу,
Мала сказаць: прызнаю,
Бiцца за праўду — i выжыць,
Нiбы салдат у баю.

Пімен Панчанка.

 

Ільняная і жытнёвая. Сялянская.
Баравая ў казачнай красе.
Старажытнейшая, самая славянская
Светлая, як травы у расе.
Вобразная, вольная, пявучая,
Мова беларуская мая!

Пімен Панчанка.

 

…Я — сірата
Без маёй Беларусі.
Ад роднай мовы,
Ад роднай нацыі
Не адцураюся,
Не адракуся!

Пімен Панчанка.

 

Падрыхтаваў А. І. Бельскі