«ПАСЛАЎ МНЕ ЛЁС БЛАКІТНУЮ РАКУ…» Аквавобразы ў творах беларускіх класікаў (дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай паэзіі ХХ ст.)

0
377

ЯКУБ КОЛАС

Нёман

Льецца Нёман паміж гораў,
Светлы, чысты, як з расы,
Накапаў ён ям і нораў,
Гоніць воду праз лясы.

Гой ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў не раз.

А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў
І насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў;

Разліваўся па ракітах
І займаў і лес, і гай…
Даўгавязы плыт за плытам
У далёкі нёс ты край.

Колькі раз рыбацкі човен
На грудзях тваіх гуляў!..
Гой ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!

Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына-мужыка,
Чуў не раз у чыстым полі
Плач і слёзы бедака.

Ў ціхі вечар над табою
Дудка плакала не раз.
І кацілася слязою
Песня ў ранні летні час.

А на беразе пад дубам,
Ў ночку цёмную, рыбак
Спаў не раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду, бядак.

А у буру вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў,
І ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.

Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
І з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаварыў.

Перарэзаў край ты родны
Беларуса-мужыка…
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!

Ты цячэш далёка, знаю,
Ў зямлю Літвы і нямцоў…
Раскажы ж чужому краю
Пра жыццё тваіх сыноў!.. [5, c. 169—171].

[1906]

 

ЯНКА КУПАЛА

Лясное возера

Дрэмле абсаджана лесам адвечным,
Цінай засланае возера ў лесе;
Шастае сціха асока і аер,
Нудныя казкі куст з кустам шапоча.

Сосны і вязы, дубы і асіны
Вокала возера вартай пасталі,
Долу ківаюць паклоны нямыя,
Небу малітву таемную твораць.

Возера! Возера! Йду к табе смутны
Соннаю пушчай, амшалаю сцежкай,—
Жоўтае лісце шасціць пад нагамі,
Шчокі калючка сасновая шчыпе.

Сам з сабой насам пад дубам саджуся,—
Вочы і думкі пабеглі далёка…
Сцішна над возерам, воблачна ў небе…
Недзе запелі Узвіжанне гусі [7, c. 57].

1919

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Мая Ушачка

Мая маленькая Ушачка,
Спачатку ты —
Лясная плачка,
Ды з камянька на камянёк —
Яшчэ рывок,

яшчэ рывок,

І ўжо дзяўчынаю гарачай
Ты даплываеш да Ушачы.
Пасля, набраўшы сінізны,
Аж да Заходняе Дзвіны,
Яшчэ далей —
Дзе полем,

борам —

Да Балтыкі ідзеш у мора.
Калі я словы падбіраў,
Я чуў —

верш сілу набіраў,

Ён шчасным быў і небаракам,
Ён і смяяўся, ён і плакаў,
З камення падаў,

але й рос

Між камянёў і між бяроз…
Але сцвярджаць таго не стану,
Ці дойдзе ён да акіяна [2, c. 183].
1975

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

Мая Бесядзь

Кaжyць, штo pэкi птyшкaмi cтвopaны,—
Taкiмi мaлымi нa пepшы пaгляд,—
Kaпaлi i ў дзюбax aднociлi ў бop яны
Mяшoчкi з зямлёй
I ляцeлi нaзaд.
A кaня гyлялa ды мылa ix здзeкaмi,
I птyшкi пacлaлi ёй вeчны пpaклён,
Taмy i лятae янa нaд pэкaмi
I пpociць пiць
Aж дa cённяшнix дзён.
Kaнaючы ўлeткy штoдня нa cпякoцe,
Toй pэдкaю кpoпляй янa icнye,
Штo xмapкa, дaжджoм пpaшyмeўшы

ў лicтoцe,

З нябёcaў чacaмi пaшлe для яe.
Я ўпapты, нe кiнy пaчaтae cпpaвы,
Kaмeннe кpышy,
Paзгpaбaю пяcкi,
Пaд кпiны aмaтapaў лёгкae cлaвы
Kaпaю pэчышчa ўлacнaй paкi.
З нaдзeяй гляджy нa кpынiцy cпaткaнyю,
Xaчy, кaб янa paзлiлacя paкoй…
He Boлгaй мaгyтнaй,
He нaвaт Kaмaю,
Xoць Бecяддзю, штo нa paдзiмe мaёй.
Бo пpaгaй дa пpaцы axoплeны чacтa я,
I cэpцa aбпaлeнa cмaгaй paдкa,
Бo жыць нe мaгy,
Як кaня няшчacнaя,
Kpoпляй дaжджy з лecaвoгa лicткa [6, c. 188].

1940—1946

 

МАКСІМ ТАНК

Нарач

Люблю твае, Нарач, затокi i тонi,
Як вецер густыя туманы развесiць,
Цi снежная пена на хвалях зазвонiць,
Цалуючы зоры, калышучы месяц.
Люблю, калі ў сонцы гарыш пазалотай,
Раскінуўшы сінія хваляў палотны,
Калі ў непагоду сумуеш маркотна
З рыбацкаю песняй, з зялёным чаротам.

 

Люблю твае буры, твае навальніцы,—
Ў іх чую, бы ў песнях, жыццё маладое…
І хочацца блізка грудзьмі прытуліцца
Да чорных ад гневу кіпучых прыбояў [9, c. 24].

1937

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

Бярэзіна

Міколу Аўрамчыку

Мы вандроўнікамі ўсе
Знатнымі зрабіліся.
У дарозе пакрысе
Ад сям’і адбіліся.

Наглядзеўся на мадонн
Ціхіх і гарэзлівых…
Каму Тэмза, каму Дон,
Мне — рака Бярэзіна.

Петлі вузенькія ўе
Недзе каля Докшыцаў,
Пераходзіў праз яе
Па маленькай дошчачцы.

З бацькам ездзіў я на рум —
Сосны, воды сінія.
Знаў я кожную нару
I шляхі ласіныя.

Начаваў над ёй не раз
I не мог нагледзецца,
Як плыве рака-зара,
А бярозы свецяцца.

I плыве, і мые жвір,
I нідзе не спыніцца,
З радасцю ў дняпроўскі вір
З галавою кінецца…

Поўнач ты аб’ездзіў, брат,
Ды і поўдзень сонечны.
А Бярэзінскі фарштат?
А сяло Любонічы?

А які лясны прастор
За Слабодкай мілаю!
У адзін і той жа бор
Па грыбы хадзілі мы.

Ад нахмураных вачэй,
Гоману штодзённага
Ірванём давай хутчэй
На сваю, сцюдзёную.

Паначуем ля стагоў,
Пазбіраем голачкі.
Ля бабруйскіх берагоў
Ёсць мае аполачкі.

Гэта наш бацькоўскі дом,
Ствол, вайной падрэзаны…
Каму Волга, каму Дон,
Нам — рака Бярэзіна [8, c. 182—183].

1974

 

РЫГОР БАРАДУЛІН

Вечалле

Спадчыннае возера маё,
Вечнасцю прывечанае
Вечалле.
Променем ляшчыны
Вудаўё
З бацькавай рукі
Цябе прасвечвала.

Човен дзеда Грышкі
Лёгкім сном
Торкаўся ў затоку ўасачэлую.
Шляхам,
Брукаваным перуном,
Сунуліся хмары высачэзныя.

Голас мамы
Чулі берагі,
Ехала з вяселлем
Баба Грышчыха.
Тоні з сітнягом вялі таргі,
Мурагі
Шапталіся з гарышчамі.

Набрыдзі, як наледзі, было,
А глыбінь тваіх
Буза не ўсватала.
Дыхала ў любую сцюжу тхло,
Бегла ў свет
Рачулка сукаватая.

Вечалле паклаўшы ў галаву,
Сніць дагэтуль сны
Пра ўловы лепшыя,
Лёc багром схапіўшы наплыву,
Родная мне вёска Кавалеўшчына.

Туманоў рахманых табуны
Нахлынаюць з Вечалля,
Як з вечара.
Ныюць стогнам
Цішыні званы,
Вечаллю
Пра звон згадаўшы вечавы.

Я за аблачынамі здаўна
Звык сачыць, каб загадаць,
Плыве чыя.
Як святлом праяснена да дна —
На світанні напілася з Вечалля! [1, c. 19—20].

1980

 

УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ

*  *  *

I тады закахалася хмара…
Ў паплавы, ад расы прамяністыя,
I ва ўсю Беларусь маю чыстую,
У мары бору, ў палёў абшары.

I заплакала ад кахання,
I слязою чыстай абмыла
Усе абшары зямлі маёй мілай,—
Ўсе калыскі яе і магілы,
Усе змярканні яе і світанні.

I пад птушак зялёны гоман
Нарадзіліся для абшараў,—
Плод кахання бору і хмары,—
Мой Дняпро, і Бяроза, і Нёман [4, c. 273—274].

1982

 

НІЛ ГІЛЕВІЧ

Родныя дзеці

(Урывак з паэмы)

…А ўсё азёры ды азерцы,
Бруенне рэчак, плыннасць рэк…
Дык што ж за дзіва, што на сэрцы
Адбіўся вобраз твой навек?

Дняпро і Нёман, Сож і Прыпяць,
Дзвіна, Бяроза і Вілля —
Спляліся так, што не разблытаць
Іх у душы маёй, зямля!

Не раз’яднаць і не адсекчы
Ні ручайка — пакуль жывы.
Тваіх артэрый ток адвечны —
Давечны ток маёй крыві.

Спыні на міг — і задыхнуся,
І — як падкошаны ўпаду.
Ды знаю, што прашэпчуць вусны
Раней, чым іх навек звяду.

Тваё імя яшчэ прамоўлю
Апошні раз, о краю мой!
Шчаслівы лёс — плаціць любоўю
Табе і жыць — адною ёй.

З чаго пачаў калісь над Гайнай —
І скончу тым… Спакойны я:
Павек не стане чорнай ганьбай
Любоў прасветлая мая!.. [3, c. 25].

Крыніцы мастацкіх тэкстаў

  1. Барадулін, Р. Выбраныя творы: у 2 т. / Р. Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1984. — Т. 2: Вершы, паэмы, радкі дарог. — 335 с.
  2. Броўка, П. Збор твораў: у 9 т. / П. Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1989. — Т. 5: Вершы. Паэма, 1972—1980. Пераклад / рэд. тома Л. М. Гарэлік. — 525 с.
  3. Гілевіч, Н. Выбраныя творы: у 2 т. / Н. Гілевіч. — Мінск: Маст. літ., 1991. — Т. 2: Родныя дзеці: раман у вершах; Перажыўшы вайну: аповесць; Эсэ. — 471 с.
  4. Караткевіч, У. Збор твораў: у 8 т. / У. Караткевіч. — Мінск: Маст. літ., 1987. — Т. 1: Вершы, паэмы / рэд. тома Р. І. Барадулін. — 431 с.
  5. Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. / Я. Колас; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — Т. 1: Вершы (1898—1910) / рэд. тома М. І. Мушынскі. — 622 с.
  6. Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск: Маст. літ., 2003. — Т. 1: Вершы 1927—1970 гг. — 527 с.
  7. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала — Мінск: Маст. літ., 1997. — Т. 4: Вершы, пераклады 1915—1929. — 446 с.
  8. Панчанка, П. Збор твораў: у 4 т. / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1982. — Т. 3: Вершы 1963—1981 гг. — 351 с.
  9. Танк, М. Выбранае: вершы / М. Танк; прадм. В. Зуёнка. — Мінск: Маст. літ., 1993. — 335 с.
Падрыхтавалі:
Ірына Нагель, Валерыя Шчарбіцкая, Дар’я Шылко, Паліна Юрчанка,
студэнты ІV курса спец. «Беларуская філалогія»

 

Фота для застаўкі К. К. Шастоўскага