Літаратурная спадчына Івана Навуменкі – яркае сведчанне багацця жывой народнай мовы, гнуткасці і сакавітасці народнага слова. І. Навуменка заўсёды шукае запаветнае жывое слова, добра разумее і адчувае яго і па-мастацку ўзважана ўводзіць у кантэкст. Своеасаблівы лексічны склад мовы І. Навуменкі надае яго творам сапраўдны народны каларыт, а сказу – простае і ў той жа час яркае і вобразнае гучанне. Гэта дасягаецца, на нашу думку, умелым ўжываннем характэрных і арыгінальных параўнанняў, трапнай і ёмістай іх фармальна-семантычнай арганізацыяй.
Можна без перабольшання сказаць, што параўнанні ўяўляюць сабой, бадай, галоўны мастацкі сродак любога твора прыгожага пісьменства, бо менавіта на іх аснове складаюцца вобразы, аб’ёмныя вербальныя малюнкі, панарамныя карціны, у якіх адлюстроўваюцца тыя ці іншыя рэаліі, убачаныя вачыма канкрэтнага аўтара. Параўнанні выкарыстоўваюцца найперш для таго, каб у вядомых, звычайных рэчах, падзеях, прыметах, дзеяннях выявіць іх утоеныя якасці, што выдзяляюцца мастаком слова праз супастаўленне з іншымі рэаліямі, дзе гэтыя якасці з’яўляюцца відавочнымі, кідкімі, дамінантнымі. Так слова высокі вызначаецца ў Тлумачальным слоўніку беларускай мовы як ‘вялікі па працягласці знізу ўверх’, а слова жардзіна – як ‘доўгі тонкі ствол ссечанага дрэва, ацярэблены ад галінак’. У навуменкаўскім выразе (Гвозд) спатыкае ў цёмным завулку высокую, як жардзіна, старую, акрытую старасвецкім дзіравым шарфам слова высокая (старая) вобразная інтэрпрэтацыя знешнасці, складу, росту жанчыны заснавана на зрокавай асацыяцыі параўнання з жардзінай, дзе і набывае значэнне аб’ектыўнасці. А ў сказе Яны (дубы) стаялі спакойна і паважна, нібы вартавыя, што самі ўсведамляюць адказнасць сваёй вялікай службы параўнанне перадае сэнс велічнасці.
Прызнаючы вартасць параўнання як важнага мастацкага сродку, некаторыя даследчыкі наогул сцвярджаюць, што “ўсе паэтычныя тропы могуць быць падведзены пад паняцце параўнання, аналогіі” [1, с. 221]. У аснове параўнання ляжыць супастаўленне прадметаў, з’яў з іншымі прадметамі, з’явамі дзеля дасягнення большай яркасці адлюстравання іх, большай нагляднасці ўяўлення, што ўзнікае ў чытача. Праз параўнанні выражаюцца таксама адносіны аўтара да апісваемага, дасягаецца большая лагічная дакладнасць.
Самі параўнанні па сваёй сутнасці могуць быць імпліцытнымі, фармальна не выражанымі, напрыклад, у эпітэтах, метафарах і іншых мастацкіх сродках, і экспліцытнымі, што рэалізуюцца праз разнастайныя фармальныя моўныя сродкі: злучнікі, прыназоўнікі, граматычныя паказчыкі слова і інш. У нашым выпадку ўлічаны найперш экспліцытныя лексічныя параўнанні, ужытыя І. Навуменкам у празаічных творах, што ўвайшлі ў збор твораў у 3 т. (Мінск, 1968), у раманах “Сасна пры дарозе”, “Вецер у соснах”, “Сорак трэці”. Найбольш ужывальнымі з’яўляюцца злучнікавыя параўнанні са злучнікамі як, нібы, што, быццам і іменны выказнік, менш ужывальнымі са злучнікамі чым, бы, як бы, а таксама творны склон слова (творны параўнання).
Параўнальныя звароты, якія сустракаюцца ў творах І. Навуменкі, маюць як неразвітую, так і развітую будову і прымацоўваюцца да адпаведных кампанентаў асноўнай часткі сказа злучнікамі як ( часцей за ўсё), што, чым, быццам, нібы, як бы, бы, як быццам, як і. Неразвітыя параўнальныя звароты складаюцца, як правіла, з назоўніка (у тым ліку і субстантываванага) у форме ўскосных склонаў: туман, як дымок; ён, як жэрдка; правады, як струны; двор голы, як бубен; буйныя слёзы, як у бабра; вочы, як васількі; чарніла, як кроў; зубы, як часнок; чорненькая, як мушка; зямля ўмерзла, як камень; пясок, нібы прысак; валасы, нібы пух;стаялі спакойна і паважна, нібы вартавыя і нш. Словы іншых часцін мовы ў складзе такога звароту сустракаюцца рэдка, як правіла, такі зварот мае характар раўналежнага параўнання: разыходзіліся шумней, чым збіраліся; моўчкі, як згаварыўшыся, выйшлі ў сенцы; не заплямілі сябе крывёю, як і ён; Лубан, як заўсёды, быў гарачы; прафсаюз, як некалі, не ўмяшаецца; і інш . Развітыя параўнальныя звароты звычайна арганізуюцца з назоўніка ці займенніка і залежных ад іх слоў іншых часцін мовы: быў імгненны, як электрычная іскра, спалох; Стрык, худы, высокі, з чорным, нібы вымазаным дзёгцем, тварам; чорныя, нібы ластаўчыны крылы, бровы; хлопец, як маладая таполя; вада, нібы ячменная кава; таполі, нібы нанаровая варта; месяц, як гарадскі ліхтар; словы, як кітайская грамата; валасы, як іголкі ў вожыка; сосны, як чорныя свечкі; хаткі, як статак гусей на лузе; Люся, як спалоханая птушка; сэрца пачынала біцца, нібы птушка, злоўленая ў сіло; яркія, нібы вымытыя ў расе, зоркі і інш. Бясспрэчна, што развітыя параўнальныя звароты больш інфарматыўныя, сэнсава выразныя, бо значэнне экспліцытнай асновы часцей за ўсё выводзіцца са значэнняў двух і болей самастойных слоў-кампанентаў.
Пры разглядзе параўнальных (кампаратыўных) канструкцый вялікую цікавасць уяўляюць самі лексемы, што параўноўваюцца, тыя аспекты іх семантыкі, які вылучае аўтар шляхам адпаведнага супастаўлення слоў. З гэтага пункту гледжання варта зазначыць у першую чаргу тэматычныя групы слоў, што параўноўваюцца (левая частка зафіксаваных выразаў), і тэматычных груп слоў, з якімі параўноўваюцца зыходныя лексемы (правая частка выразаў).
Найбольш значнымі па ступені ўжывальнасці як левай часткі параўнання, так і правай з’яўляюцца разнастайныя найменні людзей – як агульныя, так і ўласныя. Пры гэтым адны найменні людзей параўноўваюцца з другімі ж назвамі чалавека: Ён (Лубан) ездзіў памочнікам машыніста, затым, як і бацька, машыністам…; Пры той частцы… трапляліся пад колы і нявінныя людзі, такія, як Грыгоніс; Тады б трапілі куды трэба не сумленныя людзі, а такія, як Мішка Сыч, як уся збынь, што тады, у трыццаць сёмым, падняла галаву; Камандзіры … гэтак жа, як Дзяруга, прамаўляюць, гледзячы ў паперкі; Іван, нібы бухгалтар, запаўняе дробнымі, акуратнавыведзенымі лтчбамі… сшытак; Тая другая (жонка) ніколі не сказала такіх слоў, як Галя; Міцю здаецца, што ён, як і Міра, здолеў бы выказаць агромністае, радаснае задавальненне…; …фашысцкая вярхушка, як і партыйныя босы, шматлікія чыноўнікі…; Міхайлаў радуецца, як дзіця…; добрых, сумленных …людзей было намнога больш, чым шкурнікаў і кар’ерыстаў; Волах прывык, як і Лаўрыновіч, да арміі… і інш.; з назвамі жывёл, птушак, насякомых і іншых адушаўлёных прадметаў: Усіх гэтых паліцэйскіх, старастаў, нямецкіх памагатых у свой час проста не раскусілі, не прыдавілі, як гнід…; Бондар… уваліўся на нараду, як мядзведзь; сядзелі (дзеці), як смаўжы, прыліпшы да акна; за рэйку, нібы мурашкі за хрушча, хапаецца дваццаць чалавек…; жонка, як мушка;…назапашваюцца людзі, як рудыя мышы; Вася Дашук круціцца ля іх, нібы уюн; цыбаты, чорны, як грак, стаіць Кузьма Гіль; удава Музыкаліха, нібы ліса; Цішка, нібы мядзведзь; дзеці гудуць, нібы пчолы; Сіла Прохаравіч сляпы, як кацян;смелая, як чорт, баба; хлапчукі, нібы вераб’і і інш.; з назвамі міфалагічных асоб ці істот: Іван, нібы бог са старадаўняга абраза, сядзеў з нахмураным, зацятым тварам; смелая, як чорт, баба, з назвамі канкрэтных прадметаў: людзі, як трэскі на хвалях; хлопцы стаялі, як і ён Міця сам, нібы каменныя слупы; спатыкае…высокую, як жардзіна, старую; Бондар націнаецца, як струна; і інш.; з назвамі раслін і іх частак: хлопец, як маладая таполя; Люся, як дзікая ружа; чалавек у віры вайны…, як сухое лісце на ветры; дзеці, як мак дробныя і інш.; з найменнямі адцягненых паняццяў: сядзяць (немцы), як страхі; як ад заразы, хаваліся салдаты ў акопы і інш.
Вызначаюцца сэнсавай і фармальнай арганізацыяй кампаратывы, якія выкарыстоўваюцца пры апісанні знешняга выгляду герояў. Пры стварэнні партрэтных замалёвак І. Навуменка дастаткова шырока выкарыстоўвае кампаратыўныя канструкцыі, якія адлюстроўваюць асаблівасці беларускай мадэлі свету: далоні задубелыя, цвёрдыя, як конскія капыты; мускулы, як камень; валасы светлыя, як пшанічная салома; валасы, нібы пух; грудзі, нібы кавальскі мех; вочы – сінія крыніцы; буйныя слёзы, як у бабра; вочы як васількі; вочы, як нябесны блакіт; роўныя зубы, як часнок; ногі, як бы з ваты; бліскае вочкамі, як агеньчыкамі; твар, нібы спечаны яблык; цыбаты, чорны, як грак, стаіць Кузьма Гіль; валасы, як іголкі ў вожыка;далоні рук, як вывернутая зямля і інш. Сустракаюцца адзінкавыя выпадкі параўнанняў, неўласцівыя беларускай, у тым ліку і славянскай, мадэлі свету: нос, як у турка; зубы, як у немца і інш.
З найменнямі людзей параўноўваюцца часцей назвы дрэў (дубы стаяць, як вартавыя), назвы жывых істот (малпу пояць малаком, як дзіця), найменні прыродных прадметаў і з’яў (сонца вісіць нізка, як бы ўсміхаецца).
З іншых найбольш пашыраных параўнанняў адзначаюцца звароты з найменнямі артэфактаў у правай частцы, з якімі супастаўляюцца і назвы раслін (тонкія гонкія бярэзнікі, нібы апранулі вымытыя кашулі), і найменні тапанімічных аб’ектаў, населеных пунктаў (паселішча Верхні Мамон нічым асаблівым, як і Бацькавічы, не славутае; горад, нібы змяя, абвівае падножжа гары; як у вянку, стаіць партызанская вёска Сасновіца і інш.), і назвы канкрэтных прадметаў ( яны (танкеткі), нібы краты стаіліся ў жыце; грыбы, як конскія капыткі), і астранамічныя назвы (пралёг, як бы ахутаны павалокай туману, таямнічы Млечны Шлях; месяц, поўны і круглы, як гарадскі ліхтар, павіс збоку, над самым лесам; зоркі мігцяць, як далёкія агеньчыкі і інш.), і абстрактныя найменні ( чуткі коцяцца, як снежны ком; мары віліся, як сіні дым; як гарох, сыплюцца цёмныя постаці; постаць Лаўрыновіча, нібы падсечанае дрэва, падае на снег), і назвы дзеянняў (Шура пагойдваецца, як у калысцы), і найменні ежы (Вася Дашук ад вялізнага, нібы калёсны вобад, хлебнага караваю адрэзаў некалькі лустаў) і інш.
У сваю чаргу, найменні артэфактаў параўноўваюцца пісьменнікам і з назвамі жывых істот (ад гарматы рвануў, як ад гадзюкі; бывае, што і словы ўсе перакладзены, стаяць, як салдаты ў вольным страі, а сувязі між імі ніякай) і з назвамі канкрэтных прадметаў ( двор голы, як бубен; абраза пякучая і вострая, як цвік; спалох, як электрычная іскра і інш.), і з назвамі рэчываў ( каханне, як і віно, патрабуе вытрымкі; развёў цэлую бутэлечку чырвонага, як кроў, чарніла; худы, высокі, з чорным, нібы вымазаным дзёгцем, тварам; на ім (клубе) захаваўся нават круглы, нібы цыбуліна, купал, толькі ўжо без крыжа; было безліч глыбокіх кар’ераў, запоўненых бурай, нібы ячменная кава, вадой; цвёрды аказаўся немец, як крэмень ) і з назвамі пабудоў (у вялікім, як гумно, доме рыпае гармонік) і інш.
У якасці параўнанняў І.Навуменка творча выкарыстоўвае і народную фразеалогію, дзякуючы чаму выяўляецца цесная сувязь пісьменніка з жывой народнай мовай і фальклорам, што робіць параўнанні па-народнаму простымі, яркімі, афарыстычнымі. Напрыклад: табакі як кот наплакаў; хлопцы як на падбор; прыцісне — будзеш сядзець як мыш пад венікам; сядзела Турбіна там, як на вуголлі; салдаты, як па камандзе, ускакваюць; партызан як ветрам змятае; спаў як забіты; у Міці нібы гара з плеч звальваецца; хлопец збялеў як палатно; вытарышчыўся як жаба на купіне; — То Спаткаю не бачыць мяне, Мішачка, як свайго носа і інш.
У якасці параўнання зрэдку выкарыстоўваецца пісьменнікам форма іменнага выказніка: Гул трыера – як музыка; Местачковыя хаты – як суцэльная цёмная сцяна; Чалавек – машына, – кажа Плашчынскі; Бор гэты – як хорам; Можа, каханне – загадка, якая стаіць перад усім чалавецтвам; Жыццё – сон; Вікця – дзяўчына, якую чакае Веньямін, – таксама казка і інш.
На падабенстве формы адпаведных рэалій сярод бяззлучнікавых параўнанняў выдзяляюцца звароты, што выражаюцца назоўнікам творнага склону. У мове твораў І. Навуменкі такія звароты нешматлікія: Вавёркай скачуць праменні сонца; Яна (кватарантка) усе астатнія разы згіналася дугой, калі хадзіла ад машыны ў хату; Ён (Пецік) віўся каля яго (немца) уюном; Над намі ваўком вые вецер і інш.
Сустракаюцца выпадкі, калі параўнанне ўдакладняе, развівае, разгортвае другія тропы – метафары і эпітэты. І гэта таксама з’яўляецца характэрнай адзнакай жанрава-стылявых асаблівасцей твораў пісьменніка, спецыфікай яго мастацкага мыслення наогул. Назаўтра раніцай мужчыны дабраліся да Азяркоў. Як і Пажыць, яна мае адну вуліцу, цягнецца ўздоўж занесенага снегам балота. Хат тут болей, можа, цэлая сотня, але яны маленькія, пахілыя, з падспепаватымі акенцамі і вока выглядам сваім не радуюць. … Анкудовічава хата нават горшая, чым астатнія. Сенечак няма, паркан разабраны на дровы, на голым, як бубен, двары гойдаецца пад ветрам адзінокая груша-дзічка.
Такім чынам, спектр лексічных параўнанняў І. Навуменкі з’яўляецца надзвычай шырокім, ахінае амаль усе магчымыя супастаўленні назваў адных прадметаў, падзей, прымет з іншымі найменнямі, у выніку чаго паспяхова і дасягаецца мэта стварэння паўнавартасных мастацкіх вобразаў, карцін, малюнкаў вербальнымі сродкамі.
Літаратура
- Синельников, Л. Н. О взаимодействии тропов (метафор, перифраз, сравнений) в контексте стихотворения / Л.Н. Синельников // Вопросы синтаксиса и лексики современного русского языка / редкол.: Л. Ю. Максимов (отв. ред.) [и др.]. – М., 1973. – С. 220–231.
- Навуменка, І. Збор твораў: у 6 т. / І. Навуменка. – Мінск: Маст. літ., 1981–1984.
З. І. Бадзевіч, В. П. Трайкоўская
Крыніца публікацыі: Творчая асоба І. Навуменкі і праблемы беларускай філалогіі і адукацыі: зб. навук. артыкулаў / рэдкал.: Т. І. Шамякіна (гал. рэд.) [і інш.]; уклад. А. І. Бельскі. — Мінск: РІВШ, 2006. — С. 149—155.