ПАЭТЫЧНАЕ КРАІНАЗНАЎСТВА (дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай паэзіі ХХ ст.)

0
378

ПАЭТЫЧНАЕ КРАІНАЗНАЎСТВА

(дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай паэзіі ХХ ст.)

 

ЯНКА КУПАЛА

Крым

                    1

О Крым, нязведаная казка

Жыцця мінулага вякоў,

Адным якія былі ласкай,

Для іншых — скрыгатам акоў!

 

У шумным пробегу сталеццяў

Нішто цябе, Крым, не згняло, —

Таксама цягнуць рыбу сеці,

Таксама птушка мкне ў сіло.

 

Адвечным ладам шуміць мора,

А з ім — магнолія, платан…

Аб чым яны з сабой гавораць, —

Спытайся ночку ды туман!

 

                    2

На узбярэжжы крымскіх вод

У неба сінь глядзіць Ай-Петры, —

Над ёй аблокаў карагод,

Пад ёй прапасцістыя нетры.

 

Глядзіць Ай-Петры ў дол з вышын —

На белы хаты, на палацы,

На стужкі каменных пуцін —

Плады нявольніцкае працы.

 

А я — з далёкіх ніў пясняр —

Па Гаспры з кута ў кут снуюся.

Гняце мне думкі Крыма чар,

Маркотна мне без Беларусі.

                 3

Гаспра, мілы мой прыпынак!

Я ўжо скончыў свой спачынак

I цябе я пакідаю,

Да свайго імкнуся краю.

 

Будзь прыветна, будзь здарова,

Як татарка чарнаброва!

Жыві доўга, як Ай-Петры,

Хоць і веюць буйны ветры!

 

Вам, магноліі, платаны,

Кіпарысы і каштаны,

Шлю я шчыра на прашчанне

Ад бярозак прывітанне! [7, c. 117—118].

1923

 

   ЯКУБ КОЛАС

Салар

Рассыпала сонца каралі,

Ірдзее ў ім пыл, нібы жар.

Шумлівыя кідае хвалі,

Прахладаю вее Салар.

 

Утульнай густою сцяною

Схіліліся дрэвы над ім.

Гамоніць Салар з цішынёю,

Не ведаю толькі, аб чым.

 

Рахманая горленка з дрэва

Глядзіць на шырокі арык.

Вядомы ёй лепш яго спевы,

А я да іх — не, не прывык.

 

Злятаюцца птушак чароды

На ноч у зялёны гушчар.

Імклівыя жоўтыя воды

Нясе безупынку Салар.

 

Пагасла дзесь сонца далёка,

І толькі праменні ўгары

Узняты, як рукі прарока,

І дрэвы змыкаюць шатры.

 

Над стрэльчатым верхам таполі

Займаецца бледны пажар.

Паветра гарачае з поля

Плыве на халодны Салар.

 

Сціраюцца яркія тоны,

Напоўзвае мрок патайны,

І вечар замёр задумлёны,

Бясшумна снуюць кажаны.

 

Грывастыя жоўтыя хвалі

Не ведаюць сцішаных мар.

Маўчаць невядомыя далі,

Шуміць неўгамонны Салар.

 

А я пазіраю на захад.

Мне цяжка. Чаго? Не пытай!

Пад дымам вайны, як пад дахам,

Пакутуе родны мой край.

 

Сяджу я адзін, разважаю.

Як хвалі, маршчыны на лбе,

Смуткую па роднаму краю,

Тужу, мілы друг, па табе.

 

Укрылі далёкія зоры

Нябесны бяздонны абшар.

Аб чым жа, скажы мне, гаворыш,

Узбекскі шумлівы Салар? [5, c. 132—133].

3/VІІІ 1943

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

У Тэгеране

Гулам незнаёмым апалошча,

З-пад гары — агні, агні, агні.

І ляціць ад прывакзальнай плошчы

Чорны шах на бронзавым кані.

 

Дзіўна тут усё і незнаёма:

Песня-крык і востры пах пладоў,

Казачныя постаці харомаў,

Сцены глінабітныя платоў.

 

На асфальце трапяткія цені,

Пад ліствою звоняць арыкі,

I пераліваецца адзеннем

Буйны вір натоўпаў гаваркіх.

 

I калі гарачымі вачыма

З-пад чадры іранка шугане,

Мімаволі ты прашэпчаш імя,

Чутае калісьці, — Шаганэ…

 

Заламаўшы сінюю пілотку,

Паліцэйскі ішака вядзе.

На рагу з Алахам на ўсю глотку

Брудны дэрвіш гутарку вядзе.

 

Дзівімся крыху на шоўк і шалі

Згодна абавязку ўсіх гасцей.

Ды раскоша нас не спакушае, —

Мы непараўнана багацей.

 

Нейкія замежныя салдаты,

Зорку запрыкмеціўшы маю,

Па панэлі грукаюць заўзята

I з павагай чэсць нам аддаюць [8, c. 269].

1944, Тэгеран

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Каўказскія замалёўкі

У сінь вышынь Каўказ прыбраны.

Між стромых гор —

Лугі, палі,

І, як зялёныя фантаны,

Таполі рвуцца з-пад зямлі.

 

І шум ядлоўцу на сцяжынках,

І клёкаты арла

Здалёк,

І гоман срэбнай ручаінкі,

Нібы гаранкі галасок.

 

А горы скрозь, куды ні выйсці.

Гняздо на іх —

То горца дом.

А скалы, скалы…

Хто калісьці

Насек іх дужым калуном?

 

Глядзіш на іх. Расце здзіўленне —

Ў бяздонне гледзячы

на дол,

Сасна трымаецца карэннем,

Як быццам кіпцямі арол.

 

А воблакі, нябёсаў хвалі,

Што пух,

Напоўнілі прастор.

Няздарма Бога малявалі

На гэтых воблаках між гор [2, c. 271].

1972

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

*  *  *

Не злуйся, акіян, калі патраплю

Я з рук тваіх нарэшце на зямлю,

Што не табе, сыходзячы па трапу,

Сваё «бывай!» пашлю, а караблю.

 

Ты не лаві мой позірк развітальны,

Расчулены, дарэмных слёз не лі —

Яшчэ не хутка шторм дзесяцібальны

Мяне насіць пакіне па зямлі.

 

Яшчэ не хутка пругкаю хадою

Стамлюся вымяраць я свет жывы

Тваіх глыбінь, схаваных пад вадою,

Тваіх далін працяг берагавы.

 

Са сховаў патаемных, як з ракушкі,

Не выпушчу я хваляў штармавых,

Каб слухалі іх нівы, кветкі, птушкі,

Прыпаўшы вухам да грудзей маіх [6, c. 328].

1963

 

МАКСІМ ТАНК

У Фларэнцыі

Дзівак, які дзівак!

Пасля дарог цікавых

Ты захацеў яшчэ

Фларэнцыю наведаць,

Прайсці паўз Стары Мост,

Што, як каханых рукі

Ці аркаю санет,

Два полымі злучае,

Пакінуць сэрца тут

На плошчы Сеньёрыі,

Хвіліну пастаяць

Прад несмяротным Дантэ.

Бо кожны камень тут

Яго радком палае,

Ён штодзень галубоў

З рук мармуровых корміць.

Што ж анямеў, стаіш?

Тут мала захапляцца!

Жывым тут грэх маўчаць.

I страх азвацца вершам [9, c. 151].

1961

 

РЫГОР БАРАДУЛІН

Гледзячы на кітайскую сцяну

Цела сваё каменнае змяя не кратае,

Прапаўзаючы праз вякі ў спакоі.

Так і рупіць хрыбеткі шурпатыя

Пералічваць прымлелай рукою.

Доўга-доўга [1, c. 201].

 

Варажу на Вялікай Кітайскай сцяне

На Вялікай Кітайскай сцяне,

Ад самога сябе далёкі,

Ці забыла мяне,

Ці не? Варажу —

Абрываю аблокі… [1, c. 200].

 

Сустракаю пекінскую раніцу

З ночы яліне пагады золка.

Ціха святло ўваскрасае.

Раніца —

Шэрая перапёлка

Ад расы крыло абтрасае [1, c. 201].

 

УЛАДЗІМІР КАРАТКЕВІЧ

Арарацкая даліна

Плантацыі перцу, кінзы і рыгана,

І сохне перац пад кожным «дымам».

І кожны дом у агні буяным

Згарае купінай неапалімай.

 

І скалы, як бруднаю вапнай пабелены,

Гразёй храпаватай залеплены спіны.

А там, дзе вада,— такая ўжо зелень,

Такая зялёная, ажна сіняя!

 

А ўдалечыні Арарат двухгаловы

У небе стаіць недасяжнаю марай,

Прысыпаўшы лысіны пудрай цукровай,

Захутаўшы ногі ў ліловыя хмары [4, c. 290].

1981

 

НІЛ ГІЛЕВІЧ

Адкуль выцякае Любляніца

Ежы Карузу,

Мацяшу Кмецлу

То знікне, то выблісне сонца ўгары.

Над Альпамі далеч туманіцца.

— Паедзем, пабачыш,— сказалі сябры, —

Адкуль выцякае Любляніца.

 

Дзе скалы кустоўем наўкол зараслі,

Лістотай абрыў занавесіла, —

З-пад выступаў каменя, з роднай зямлі

Струменьчыкі сочацца весела.

 

Тут некалі Цанкар славуты хадзіў,

Спыняўся над кожнай крыніцаю,

Ды гнеўнае слова сваё не студзіў,

Што спела ў душы навальніцаю.

 

Сыходзілі з гор партызаны сюды

І ў спёку і ў сцюжу з завеямі —

Губамі прыпасці да гэтай вады,

Няйначай да сэрца Славеніі…

 

Калі неаднойчы я слухаў пасля,

Як госцю даводзілі горача,

Што тут і найлепшая ў свеце зямля,

І песні гучаць тут найхораша,

 

І нават дзяўчаты — нідзе за мяжой

Такая, як тут, не прыглянецца…

Я ўжо не здзіўляўся, я ведаў ужо,

Адкуль выцякае Любляніца [3, c. 123].

1966

 

Крыніцы мастацкіх тэкстаў

  1. Барадулін, Р. Міласэрнасць плахі: кн. паэзіі / Р. Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1992. — 302 с.
  2. Броўка, П. Збор твораў: у 7 т. / П. Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1977. — Т. 4: Вершы, паэмы 1968—1976. — 574 с.
  3. Гілевіч, Н. Выбраныя творы: у 2 т. / Н. Гілевіч. — Мінск: Маст. літ., 1991. — Т. 1: Вершы, паэмы, п’есы. — 478 с.
  4. Караткевіч, У. Збор твораў: у 8 т. / У. Караткевіч. — Мінск: Маст. літ., 1987. — Т. 1: Вершы, паэмы / рэд. тома Р. І. Барадулін. — 431 с.
  5. Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. / Я. Колас; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — Т. 1: Вершы (1898—1910) / рэд. тома М. І. Мушынскі. — 622 с.
  6. Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск: Маст. літ., 2003. — Т. 1: Вершы 1927—1970 гг. — 527 с.
  7. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 1997. — Т. 4: Вершы, пераклады 1915—1929. — 446 с.
  8. Панчанка, П. Збор твораў: у 4 т. / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1982. — Т. 1: Вершы і паэмы (1934—1945 гг.), выбр. пераклады. — 366 с.
  9. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — Т. 3: Вершы (1954—1964). — 447 с.

 

Падрыхтавалі:
Надзея Кляшчонак, Лізавета Гарасімовіч,
студэнты ІV курса спец. «Беларуская філалогія»