«О, КРАЙ РОДНЫ…» Патрыятычная лірыка народных паэтаў Беларусі (дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай паэзіі ХХ ст.)

0
22947

 

ЯКУБ КОЛАС

Родныя вобразы

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгорачкі роднага поля,
Рэчкі, курганы, лясы,
Поўныя смутку і жальбы нядолі,
Поўныя сумнай красы?

Толькі я лягу і вочы закрыю,
Бачу я вас прад сабой.
Ціха праходзіце вы, як жывыя,
Ззяючы мілай красой.

Чуецца гоман мне спелае нівы,
Ціхая жальба палёў,
Лесу высокага шум-гул шчаслівы,
Песня магутных дубоў…

Вобразы мілыя, вобразы смутныя,
Родныя вёскі і люд,
Песні цягучыя, песні пакутныя!..
Бачу і чую вас тут [4, c. 224].
1908

 

ЯНКА КУПАЛА

Спадчына

Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Памiж сваiх i чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкi-сны
Вясеннiя праталiны,
I лесу шэлест верасны,
I ў полi дуб апалены.

Аб ёй мне будзiць успамiн
На лiпе бусел клёкатам
I той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

I тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбiшчы,
I крык варонiных грамад
На могiлкавым кладбiшчы.

I ў белы дзень i ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Цi гэты скарб не збрыў дзе проч,
Цi трутнем ён не з’едзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры i глушы
Мне свецiць мiж вандоламi.

Жыве з iм дум маiх сям’я
I снiць з iм сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю [6, c. 43—44].
1918

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Каб мне стаць…

Каб мне стаць калі сасною
На гары высокай
І зялёнай галавою
Закранаць аблокі,
Падлічаць на небе зоры,
Гаманіць з вятрамі,
Аглядаць кругом прасторы,
Што шумяць жытамі,
Каб мне стаць калі крыніцай
На зялёным доле,
Каб ніхто вады напіцца
Не мінаў ніколі,
Каб прыходзілі, гадалі
Да мяне багата,
Што ў люстэрка, паглядалі
Слаўныя дзяўчаты.

Стаць бы мне зялёнай пожняй,
Дзе б збіралі краскі,
Калі ж гэтага няможна,
Згодзен, калі ласка,
Хоць трысцём ці асакою,
Хоць былінкай стацца…
Толькі б зроднаю зямлёю
Век не разлучацца! [2, c. 103].
1946

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

  *  *  *
Стаю і з пачуццём неўтаймаваным
Гляджу на след блакітны за кармой,
Як быццам я плыву не акіянам,
А Бесяддзю — жаданаю ракой.

Плыву па ёй! Як хлопчыку малому,
Паслаў мне лёс блакітную раку —
Праз цёмны акіян яна дадому
Мяне вядзе, як маці, за руку.

Праз буру, ахвяруючы сабою,
Вядзе і на сабе ўжо — колькі дзён! —
Магутны карабель нясе, вагою
У восемдзесят з нечым тысяч тон.

Што для яе натоўпы хваляў шэрых
I карабля статысячны цяжар,
Калі на даляглядзе родны бераг
Абдымкамі выглядвае з-за хмар? [5, c. 327].
1962

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

  *  *  *
Дождж ідзе праменісты і дробны,
Пахнуць мятай мокрыя лугі.
Вось ён, свет, як сэрца, непадробны,
Да дажджынкі кожнай не глухі.

Росная зялёная айчына!
На цябе, паўнюткую святла,
Пазіраюць круглымі вачыма
Птушаняты з цёплага дупла.

З гнёздаў мы даўно павыляталі,
Ды не развучыліся глядзець,
Як па спелым полі, па атаве
Дождж грыбны на дыбачках ідзе.

Самы раз цяпер з лазовым кошыкам
Па сцяжынках рысяў і ваўкоў
Выправіцца з раніцы на пошукі
Маладых тугіх баравікоў…

Я стаю, гады свае гартаю,
I сціскае сэрца нейкі боль,
Быццам я на Месяц адлятаю,
Быццам я лугоў не ўбачу больш.

Не, не развітаюся ніколі
З родным краем, дзе так светла нам.
Проста я люблю яго да болю
I з любоўю дзецям перадам [7, c. 310].
1960

 

МАКСІМ ТАНК

Дарога на Нарач

Прагна аўтобус глытае
Спускі, узгоркі, адхоны.
Краснае і Маладзечна,
Вілія, мост і Вілейка,
Дзе сляпіў некалі вочы
Над эпікурэйцам Маронам.
Клавішамі адклікаюцца
На пераездах рэйкі.

За небасхілам цягнуцца
Мядзельшчыны прасторы,
Зрытыя воспай акопаў,
Вытаптаныя лясамі,
Пераліваецца золата ніў
З сінявою азёраў,
І абеліскі, як выбухі,
Высяцца над курганамі.

Усё мне тут блізка, знаёма:
Ад хваль Нарачанкі маруднай,
Ад верб-чараўніц, што варожаць,
Ля млына над грэбляю Вузлы,
Да кожнай у плоце жардзіны,
I смагу ўталяючы студні,
I да вартавога спакою і шчасця
Зямлі гэтай — бусла.

Нехта спіць, закалыханы
Стомай і гулам машыны,
Нехта ўглядаецца ўдалеч
Зрокам турыста цікавым.
I я, стаўшы гідам, тлумачу,
Якія мінаем мясціны,
Якія пра іх у народзе
Пагудкі, легенды і слава.

Ды, раптам, лясная дарога
Заззяла ўся ў сонечным бляску,
I я асвяжаючы подых
Адчуў, як калісьці, на твары.
I ўсе з захапленнем, замершы,
Глядзім на дзівосную казку —
На Нарач! На Нарач! На Нарач! [8, c. 300—301].
1983

 

НІЛ ГІЛЕВІЧ

  *  *  *
Край мой беларускі, край!
Дай мне прыгарнуцца, дай!
Да твайго ляснога
Вераснога долу,
Дзе так шчасця многа
Выпала на долю, —
Дай жа прыгарнуцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне напіцца, дай!
Той вады гаючай
З той крыніцы вечнай,
Дзе ад ран балючых
Ты арлоў вылечваў, —
Дай жа мне напіцца, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне паслухаць, дай!
Як на лад пявучы
Старажытнай мовы
Тут гамоняць пушчы,
Там шумяць дубровы, —
Дай жа мне паслухаць, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай ты мне прайсціся, дай!
Па тваіх прасторах,
Па шляхах бясконцых,
Уначы — пры зорах,
Раніцой — пры сонцы, —
Дай жа мне прайсціся, дай!

Край мой беларускі, край!
Дай мне наглядзецца, дай!
На твае на пожні,
На лугі ды рэчкі,
Каб у час апошні
Ўзяць з сабой навекі, —
Дай жа наглядзецца, дай! [3, c. 132].
1966

 

РЫГОР БАРАДУЛІН

Трэба дома бываць часцей

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою не ачарсцвець,
Каб не страціць святое штосьці.

Не забыць, як падвялы аер
На памытай падлозе пахне,
Як у студню цыбаты асвер
Запускае руку да пахі.

Не забыць сцежкі той, што цябе
На дарогу выводзіла з дому,
Што у хаце там быў рубель
У цане і па курсу старому.

Не забыць, як марозам злым
Клямка пальцы пячэ балюча
І адкуль на стале тваім
Бохан свежага хлеба пахучы.

Помніць свой на іржышчы цень,
Не забыць, як завуць суседа,
Не забыць, як пяе пад дзень
За вясёлым сталом бяседа.

Трэба дома бываць часцей,
Трэба дома бываць не госцем,
Каб душою ты стаў чысцей
І не страціў святое штосьці [1, c. 47].
1960

Спіс літаратуры

  1. Барадулін, Р. Выбраныя творы: у 2 т. / Р. Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1984. — Т. 1: Вершы. — 415 с.
  2. Броўка, П. Збор твораў: у 9 т. / П. Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1987. — Т. 2: Вершы, паэмы, 1941—1953.— 477 с.
  3. Гілевіч, Н. Выбраныя творы: у 2 т. / Н. Гілевіч. — Мінск: Маст. літ., 1991.—Т. 1. — 478 с.
  4. Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. / Я. Колас; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2007. — Т. 1: Вершы (1898—1910). — 622 с.
  5. Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск: Маст. літ., 1974. — Т. 1: Вершы 1927—1970 гг. — 527 с.
  6. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала — Мінск: Маст. літ., 1997. — Т. 4: Вершы, пераклады 1915—1929.— 446 с.
  7. Панчанка, П. Збор твораў: у 4 т. / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1981. — Т. 2: Вершы, паэма (1946—1962 гг.). — 414 с.
  8. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. — Мінск: Беларус. навука, 2008.— Т. 5: Вершы (1972—1982). — 448 с.

 

Падрыхтавалі:
Алеся Адамовіч, Ксенія Бранчэль, Ксенія Вярынская,
студэнты ІV курса спец. «Беларуская філалогія»