МАТЫВЫ БРАТЭРСТВА, СЯБРОЎСТВА І МАЛАДОСЦІ Ў ПАЭТЫЧНЫМ СВЕЦЕ ЯКУБА КОЛАСА

0
1510

У літаратуры, паводле філосафаў і тэарэтыкаў мастацтва, усё мае значэнне і сэнс толькі тады, калі ідзе ад чалавека і скіравана да яго, суадносіцца з ім, праяўляецца ў маральных і духоўных якасцях асобы. Чалавечае разуменне і вымярэнне раскрываюць вызначальнае, найбольш сутнаснае пры асэнсаванні пэўнай праблемы, падзеі, канфлікту. Арыенціры, погляды аўтара і яго ўнутраныя шуканні праз асобу героя маюць асаблівую каштоўнасць пры разглядзе светапогляду пісьменніка, канцэптуальнай прасторы твора, яго мастацка-стылёвай сістэмы.

Станаўленне беларускай паэзіі і літаратуры ў цэлым адбывалася акурат па шляху развіцця духоўна-камунікатыўных сувязей з рэцыпіентам (адрасатам), пашырэння наратыўных прыёмаў, узбагачэння чалавеказнаўчага зместу. Вельмі важна было ўлучыць тагачаснага чытача ў сферу мастацка-эстэтычнага дыялогу. Чалавек і чалавек, чалавек і людзі (грамада, народ) – гэты працэс духоўнай камунікацыі быў асноватворным у беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя. Распрацоўка найбольш эфектыўных наратыўных мадэляў з самага ранняга перыяду творчасці займала Якуба Коласа. У яго паэзіі нашаніўскага часу яскрава ўвасобіліся дыялагічнае мысленне, якое мела на мэце ідэйна-духоўную камунікацыю з іншымі людзьмі, грамадскай супольнасцю. У гэтай сувязі варта згадаць М. Бахціна, які, гаворачы пра «кантакт галасоў-свядомасцей», адзначаў: «Ідэя – гэта жывая падзея, якая разыгрываецца ў пункце сустрэч дзвюх ці некалькіх свядомасцей» (Бахтин, М. М. Проблемы поэтики Достоевского. – 3-е изд. – М., 1972, с. 147). М. Бахцін падкрэсліваў, што адзін голас нічога не вырашае, толькі дыялагічныя адносіны маюць сэнс і значэнне. Унутранае самапазнанне аўтара павінна быць скіравана да свядомасці іншай асобы, паколькі сказаць пра штосьці важнае, істотнае «можна, толькі выяўляючы яго стасункі з іншымі».

Найперш паэтычны дыялагізм Якуба Коласа яскрава раскрыўся ў творах сацыяльна-духоўнай, адраджэнска-асветніцкай накіраванасці. У многіх вершах аўтар скарыстоўвае формы верша-звароту, гутаркі, прамовы, прычым ён імкнецца да сяброўска-даверлівага тону гаворкі. Стаўленне да суразмоўцы ў Якуба Коласа вызначаецца шчырай адкрытасцю, сардэчнасцю, пачуццём братэрскай любові. Ён гаворыць з людзьмі, блізкімі па духу і веры, з суайчыннікамі, жыццё і лёс якіх яму неабыякавыя. У гэтым плане Якуб Колас прытрымліваецца хрысціянскай традыцыі шанавання, павагі чалавека, любові да яго. Паэт спадзяецца на водгук, дыялог, паразуменне і згоду, кансалідацыю духоўных сіл і намаганняў. У вершаваным маналогу-звароце «Беларусам» (1906) ён заклікае да яднання і супольнай працы паводле прынцыпу талакі – спрадвечнай народнай традыцыі, бо толькі разам можна пераадолець цяжкасці і адрадзіць родны край да новай явы:

Ўстаньце, хлопцы, ўстаньце, браткі!
Ўстань ты, наша старана!
Ўжо глядзіць к нам на палаткі
Жыцця новага вясна.

            ………………..
Выйдзем дружна да работы,
Дружна станем, як сцяна,
І прачнецца ад дрымоты
З намі наша старана!

Якуб Колас добра ўсведамляў, што беларусам трэба мяняць свой менталітэт, пераадольваць многае ў сабе, мяняць пакору, інертнасць, пазбаўляцца стэрэатыпаў і коснасці, інакш ставіцца да сваёй сучаснай рэальнасці і будучыні. Нягледзячы на неспагадную гістарычную долю, неабходна быць духоўна моцнымі, мужнымі, трывалымі. У хрысціянскім духу паэт прапаведуе дзеля ўнутранай падтрымкі іншых людзей. Ён імкнецца дапамагчы братам-беларусам адчуць перспектыву змен і пабудовы новага жыцця, заснаванага на прынцыпах павагі да ўсіх і асобнага чалавека, справядлівасці, свабоды, роўнасці. «Кіньце смутак», «Не бядуй!», «Будзь цвёрды» – ужо самімі назвамі вершаў паэт пазначаў духоўны імператыў быцця, заклікаў не паддавацца песімізму, роспачы, не губляць надзеі і веры ў лепшы заўтрашні дзень. Вершаванае слова Якуба Коласа прасякнута жыццеаптымістычным пафасам:

…Дымам пойдзе ўсё ліхое,
Ўсё, што душыць нас і гне.
Вер, брат, – жыцце залатое
Будзе ў нашай старане.

(«Не бядуй!»)

 

Рэлігійна-хрысціянскія пастулаты не адмаўляюць права чалавека на годнае існаванне, свабоднае жыццё і працу, зямное шчасце. У яго ёсць магчымасць выбару. Галоўнае заключаецца ў тым, каб не мірыцца з несправядлівай крыўдай, перамагчы дух нявольніцтва, пазбавіцца пачуцця сваёй непаўнавартаснасці, назаўсёды адкінуць прэч здзек і прыніжэнні. «Ты не гніся, брат, ніколі траўкаю пахілай…» – раіць-падказвае-настаўляе паэт, і гэтым дыдактычна-выхаваўчым пафасам ён даводзіць, што чалавек народжаны не на вечныя пакуты, а для іншага – радасці і шчасця. Якуб Колас абуджаў у сваіх суайчынніках пачуццё ўласнай чалавечай годнасці, нацыянальнай самапавагі, заклікаў да згуртаванасці, салідарнасці і актыўнасці. У вершы «Будзь цвёрды» (1912) ён папярэджваў пра магчымыя наступствы дэградацыі, страты волі:

…Бо не выйдзеш век з-пад гужа,
Страціш вобраз Боскі,

І ў людзей ты гонар страціш –
І цябе зракуцца:

Лепш змагацца вольным, браце,
Чым цярпець ды гнуцца!

 

Якуб Колас вёў дыялог з грамадой паважліва і зычліва, можна сказаць, на роўных, хоць і з доляй дыдактычнай рыторыкі, скарыстоўваў натхнёнае і палымянае прамоўніцкае слова, каб дайсці да народнай свядомасці. Ён найперш апеляваў да асобнага чалавека, імкнуўся гаварыць пра галоўнае і набалелае, па-сяброўску абмяркоўваў надзённыя, важныя пытанні жыцця і часу. Якуб Колас, карыстаючыся правам паэта-асветніка і будзіцеля, выказвае ўласныя думкі-перакананні, парады, настаўленні, пажаданні. Свае братэрска-хрысціянскія адносіны з адрасатам ён будуе на аснове даверу, з чуласцю і спагадай. Ён быў упэўнены, што праз дыялог-гутарку можна выкрышталізаваць агульную выразную пазіцыю па важных сацыяльных праблемах, дасягнуць у грамадстве паразумення, згоды, адзінства. Паэт імкнуўся з’яднаць беларускую супольнасць, кансалідаваць нацыю. Гэтай абранай нялёгкай духоўна-асветніцкай місіі ён быў адданы і ў пераломны перыяд гісторыі пасля 1917 года. У вершы-закліку «Да працы!» (1917) паэт, знаходзячыся на Куршчыне, звяртаўся да суайчыннікаў-беларусаў: «Браты! Вялікая дарога // Чакае нас і родны край – // Жніво настала, працы многа, – // Навукі семя засявай!». Якуб Колас заставаўся ў абсягах культурна-асветніцкай дзейнасці на карысць роднага народа, ён думаў-дбаў пра «святло… і лад у сваёй гасподзе». Яму хацелася ўбачыць Беларусь як прасветлены храм, дзе пануе суладдзе, гармонія, братэрская духоўная еднасць і любоў.

У паэтычным светаўяўленні і светаразуменні Коласа надзвычай важнае месца займаюць канцэпты «сябар», «маладосць», «каханне». Усе яны пэўным чынам спалучаны між сабой, пераклікаюцца і збліжаюцца ў межах вобразна-сэнсавай прасторы коласаўскай паэзіі. Матывы сяброўства, дружбы, маладосці акурат і выводзяць нас на чалавечае вымярэнне жыцця паэта і яго творчасці. Больш за тое, праз зварот да гэтага матыўнага поля пашыраўся духоўна-пачуццёвы вопыт беларускай літаратуры, узбагачалася канцэпцыя чалавечага ў ёй.

Як і ў кожнага літаратара, у Якуба Коласа існавала кола сяброў, творчы асяродак. Звычайна самае моцнае сяброўства пачынаецца ў дзяцінстве і ў гады юнацтва, маладосці. На працягу вучобы ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, падчас настаўніцтва і ў пазнейшы час Якуб Колас набыў новых сяброў і таварышаў. Сяброўска-прыяцельскае кола пашыралася, а потым, з цягам часу, па аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах змяншалася. У аўтабіяграфічнай трылогіі «На ростанях» падрабязна раскрываюцца сяброўскія стасункі Андрэя Лабановіча, прататыпа пісьменніка, з Алесем Садовічам, Янкам Тукалам, настаўнікам Турсевічам. Гэтыя героі праходзяць праверку дружбай, выпрабаванне часам на трываласць. Так, сяброўская сустрэча з Турсевічам засмуціла і расчаравала Лабановіча, паміж імі відавочныя ідэйныя і маральныя разыходжанні. Гэтак было і ў рэальным жыцці Якуба Коласа, пачынаючы з семінарскіх часоў. Лёс падараваў яму сапраўдных сяброў: Вінцука Філіповіча, Алеся Фурсевіча, Кастуся Болтуця і інш. Разам з імі ён пайшоў шляхам асветы і адукацыі свайго народа, дбаючы пра культурна-духоўнае адраджэнне роднага краю. У лірыцы Якуба Коласа нямала зваротаў да сваіх сяброў – паплечнікаў, пабрацімаў, аднадумцаў і аднаверцаў, адданых настаўніцкай справе, ідэям асветніцтва і патрыятычнага служэння Бацькаўшчыне. Ён далучыўся да беларускай грамадзянскай супольнасці, якая пачала адстойваць дэмакратычныя правы і інтарэсы свайго народа. Якуб Колас (К. М. Міцкевіч), як вядома, стаў адным з арганізатараў руху перадавой настаўніцкай інтэлігенцыі «за вызваленне з-пад грамадзянскай і педагагічнай няволі, за поўную рэформу школы», і вынікам гэтай дзейнасці стала правядзенне 9–10 ліпеня 1906 года ў вёсцы Мікалаеўшчына нелегальнага настаўніцкага з’езда. На яго сабраліся беларускія асветнікі, якія вылучылі да тагачаснай улады свае патрабаванні, у тым ліку палітычныя. З’езд быў разагнаны паліцыяй. Гэтая падзея спарадзіла рэпрэсіўныя наступствы з боку царскага палітычнага рэжыму. Настаўнік Міцкевіч і яго сябры-аднадумцы былі пазбаўлены права працаваць настаўнікамі, некаторых з іх прыцягнулі да судовай адказнасці.

У чэрвені 1907 г. Якуб Колас надрукаваў у газеце «Наша ніва» верш «Сябрам», які меў прысвячэнне: «Народным вучыцелям, што пацярпелі за свабоду». Паэт шукае-кліча сяброў, якіх «з народнай ціхай нівы разагналі па ўсім свеце». Асобныя з іх – Алесь Сянкевіч і Нічыпар Янкоўскі – апынуліся на эміграцыі, у Амерыцы. Аўтар верша просіць адгукнуцца настаўнікаў-пабрацімаў: «Ой, сябры мае вы, мілы, // Дзе цяпер вы, дарагія? // Ці схавалі свае сілы? // Ці ёсць думкі маладыя?»; «Ці здаровы вы, ці жывы? // Дзе вы, мілыя? Гукнеце!». Паэт самотны, цяжка перажывае раз’яднанасць, адасобленасць сяброў адзін ад аднаго. Яго паэтычны дыялог быў абумоўлены ўнутранай патрэбай сумоўя, размовы, выкліканы трывогай пра лёс блізкіх людзей, жаданнем наладзіць і ўмацаваць з імі духоўную сувязь. Ён перакананы ў правільнасці абранага шляху, імкнецца абудзіць веру сяброў у лепшую будучыню: «Наша праўда нам паможа – // Блісне нам святло ў аконца!».

У вершы «Згнанніку» (1907) Якуб Колас дэманструе адданасць ідэалам адраджэння, барацьбы і змагання за лепшую долю свайго народа. Паэт, нягледзячы на расправу і ўціск з боку царскай улады, заклікае да ідэйнай і маральнай вытрымкі, мужна прайсці праз суровыя выпрабаванні, пераадолець смутак і скруху. Паэт пафасна сцвярджае: «Мыслі праўды, дух свабоды, // Вольны наш народны дух // Растрасе суздром астрогі, // Ржавы ён парве ланцуг». У гэтым і іншых вершах ён просіць сяброў-пабрацімаў не паддавацца згубнай паняверцы, адкінуць сумненні, ваганні, захаваць годнасць і моц свайго духу.

У верасні 1908 г. царскі рэжым пакараў настаўніка Міцкевіча за яго актыўную грамадскую дзейнасць. Цяпер ён, пасаджаны ў мінскі астрог, на сабе зведаў цану няволі, мусіў пакутаваць і чакаць лепшай часіны. У думках і роздумах паэт зноў звяртаўся да сваіх сяброў і таварышаў, вёў з імі шчыра-спавядальную размову-гутарку. Паэт-вязень меў патрэбу ў тым, каб выказаць сябе і быць пачутым. Яго вершы з турэмнай вязніцы – гэта паэтычнае ліставанне з разлікам на ўмоўны літаратурны дыялог, духоўна-эмацыянальную сувязь з людзьмі, блізкімі па ідэйных поглядах і перакананнях. Пад вершам «Сябрам» зроблена пазнака: «Менскі астрог, 10/Х 1908». Паэт высвятляе і асэнсоўвае прычынна-выніковую сутнасць таго, што здарылася, адбылося з ім і яго паплечнікамі па грамадскай дзейнасці і барацьбе. Ён дае дакладны адказ на пытанне, за што яны пацярпелі, чаму ім суджана прайсці праз няволю, выпрабаванне пакутамі:

Эх, сябры-браты,
Самі знаеце:
Агню палкага
Іскры маеце.

Не тушэце ж вы
Той агонь святы,
Асвятляйце ім
Родны край, куты…

Паэт-вязень маркоціўся, сумаваў па дарагіх сэрцу людзях, сябрах, бацькоўскай хаце і родных мясцінах. За кратамі яму стала яшчэ глыбей зразумела не толькі яго асабістая бяда, але і драма нацыянальнага быцця. Паэт з горыччу ўсклікаў: «Эх, як марна прападае // Жыцце маладое!» («Сціхнуў шум на калідоры…»). І ўсё ж, мяркуючы па яго турэмнай лірыцы, ён не скарыўся цяжкім абставінам, нягодам, мужна трымаўся, зносіў як мог нялюдскія ўмовы няволі.

У вершы «На мяжы» (1908) Якуб Колас гаварыў пра «свае надзеі і сумненні за родны край, за свой народ», асэнсоўваў сябе і жыццё, імкнуўся зразумець час і сувязь з ім менавіта ў аспекце вымярэння чалавечага, духоўнага. Робячы агледзіны гадавога перыяду жыцця, ён імкнуўся сказаць пра найбольш значнае і важнае для яго. Галоўнае, у чым ён пераканаўся, – гэта людзі і духоўная еднасць між імі, глыбока чалавечыя адносіны. Паэт кажа, што будзе помніць усіх тых, «хто зваў на працу, дух будзіў», «хто весяліў… у смутку», «каго… шчыра палюбіў». Як мы пераконваемся, паэт прытрымліваўся ідэалу братэрства, чалавечага яднання беларускай супольнасці.

І ўсё ж трактоўка сяброўства паступова набывала іншае сэнсавае адценне. Думаючы пра сваіх сяброў-паплечнікаў па барацьбе, паэт у вершы «Покліч» (1909) са шкадаваннем і сумам гаворыць, што яны «ад думак даўнейшых сваіх адракліся», «забылі… песні пра вольную волю, змаганне за шчасце», «ярэм’і… зноў жа пакорна на шыі паклалі». Колас-паэт, збалелы ў думках пра долю роднага краю, адкрыта кажа тое, што думае, не хавае сваёй прынцыповай пазіцыі аі дакарае за адыход ідэй адраджэння і вызвалення. Безумоўна, у сваёй страснай пропаведзі з элементамі інвектывы ён меў на ўвазе тых, хто спасаваў перад цяжкасцямі, каго «нізка прыгнула… першая бура». «Ацесліва, хлопцы, знаць, ваша натура», – падсумоўвае з расчараваннем паэт. У вершы «Дзе вы?» (1909) зноў чуецца сяброўскі дакор на адрас тых, што «ад дум сваіх адцураліся», апусцілі рукі, забыліся на рамантычныя ідэалы маладосці. Воклічы і звароты не прыносяць жаданага плёну і выніку. І таму паэт-нявольнік усё больш аддаваўся смутку, тузе па былым, няспраўджаным. «Дзе вы?» – ледзь не ў роспачы пытаў-клікаў паэт сваіх хлопцаў-сяброў. Раней быў іх «хаўрус крэпка звязаны… дружбай моцнаю», а цяпер, як высветлілася, няма ўжо былога духоўнага прыцягнення, еднасці, салідарнасці, адзінства. «Я быў адзін. Браты і сёстры, // Сябры пакінулі мяне», – наракаў ён у вершы «Верныя сябры».

Царская ўлада рабіла ўсё, каб задушыць парасткі нацыянальнага іншадумства, ідэю сацыяльнага і духоўнага вызвалення беларускага народа. А для гэтага трэба было раз’яднаць нацыянальна свядомую інтэлігенцыю, запалохаць яе праз рэпрэсіі і турэмнае зняволенне. Колас-паэт стаў ахвярай царскага палітычнага рэжыму, які разбураў згуртаванасць і адзінства дэмакратычнай інтэлігенцыі. Не сказаць, каб паэт застаўся ў астрозе сам-насам са зняволенымі, каб пра яго забылі былыя паплечнікі і таварышы па барацьбе. У яго заставаліся надзейныя і адданыя сябры, а сярод іх – Кастусь Болтуць, з якім ён быў знаёмы з часоў навучання ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Менавіта яму Якуб Колас прысвяціў адзін са сваіх паэтычных сшыткаў. Кастусь Болтуць наведваў зняволенага ў мінскім астрозе сябра-паэта, насіў яму перадачы.

У сне паэт згадвае, як не міналі «хаты… таварышы, сябры», а на яве ён усё больш і больш пачуваў сябе самотным адзінотнікам, а пасля турэмнай ізаляцыі наогул апынуўся «на раздарожжы». «Горка на свеце мне жыць адзінокім // І думаць, як ўсім ты чужы…» – так выяўляў свой стан Якуб Колас у вершы «Адзінота» (1911). «Я іду-дыбаю, // А куды – не знаю!», – усклікаючы, прызнаваўся ён. Горка, няўтульна, сумна, тужліва было на сэрцы паэта. І толькі ў лірыцы пазнейшага часу паэт выказвае думку, што вялікая жыццёвая і духоўная драма – «страціць веру і надзею на жыццё і шчасце» («Не дай, Божа, сэрцам знікнуць…»).

У вершы «Дзяўчыне» (1912) паэт зноў актуалізуе рамантычна-адраджэнскі дыскурс, пазначае аптымістычную перспектыву быцця. Ён выказвае ўнутраны стан, сваё светаадчуванне праз форму эмацыянальна-даверлівага дыялогу, які набывае адценне інтымнай размовы. Нягледзячы на прычыненыя раны і боль, Якуб Колас разважае без скаргаў і нараканняў на долю, думае-гаворыць пра лепшы і спагадны час, прычым адчуваецца эмацыянальны пад’ём, прыўзнятасць у душы аўтара, аптымістычны погляд у заўтрашні дзень. У паэтычным звароце да дзяўчыны аўтар знаходзіць словы суцяшэння і падтрымкі, па-сяброўску раіць пазбыцца нявер’я, песімізму: «Пройдзе ўсё, перажывецца, – // Вер мне, дарагая! // Будзе час – ускалыхнецца // Сэрца і ўзыграе»; «…Сэрца смутак перабудзе, // Час загоіць раны». Паступова ў лірыку паэта прыкметна вяртаецца адчуванне прастору і волі, красы і радасці жыцця. Зноў пачынаюць выяўляцца матывы пяшчоты і кахання, захаплення і замілавання навакольным светам.

Светла-элегічны пафас верша «Моладасць» (1906) нібы меў працяг у новых лірычных творах. Твор «…Ні красак, ні зыкаў. Замерла прырода…» (1911) – лірычны спеў сэрца, тонкі сплаў пачуццёва-эстэтычнага і філасафічнага пачаткаў:

Ка мне ж ты не прыйдзеш, вясна залатая!
І жаль нейкі сэрца маё спавівае.

Яшчэ адзін годзік пабег, пакаціўся
І з прошласцю моцна, навекі ён зліўся.

Стаю на парозе ўжо новага года.
Пара маладая! Як мне цябе шкода!

Аднак значныя, лёсавызначальныя грамадска-палітычныя падзеі, і найперш Першая сусветная вайна, змяняюць настрой, інтанацыйныя рэгістры паэзіі Якуба Коласа. Паэт, як і калісьці раней, згадваў «жыцця светлага… раніцу», дні маладосці. Ды цяпер ён маркоціўся і сумаваў пра незваротнасць юнацтва і маладосці, па-філасофску разважаў пра час, які перайначваў быццё:

Прайшлі незваротна дзянькі залатыя,
Адспеваны песні вясны маладыя,
І краскі пажоўклі, павялі.

І толькі ўспаміны, як зоркі ў тумане,
Мігнуцца, засвецяць… І сумна так стане, –
Дзе моладасць? Мары? – Прапалі!

(«Прайшлі незваротна дзянькі залатыя…»)


Гэта радкі з верша, які датаваны 1916 годам. Напісанне твора прыпадае на ваенны час, калі паэт знаходзіўся ў царскай арміі. Паэт сумаваў па радзіме, родных і дарагіх сэрцу людзях. Пасля дэмабілізацыі (1918) ён працягваў жыць на чужыне. У вершы «Сябру-бедаку» (1919) Якуб Колас у форме шчырай душэўнай гутаркі гаворыць пра тое, што нельга няверыцца, кволіцца духам, паддавацца роспачы. Перад намі той жа Колас – паэт-гуманіст, які тонка адчувае іншага чалавека, ставіцца да яго з братэрскай прыхільнасцю, спачуваннем і шкадаваннем. «Брат мой, стомлены нягодай, // Не знікай душою…» – з сардэчнай цеплынёй просіць і разам з тым па-сяброўску пераконвае паэт. Ён разумее, як важна трымацца наперакор цяжару быцця і пакручастаму лёсу, па-хрысціянску цярпліва разам з іншымі людзьмі прайсці праз нягоды і выпрабаванні. Быццёва-часавы разлом заўсёды спараджае ўпадніцкія настроі, няўпэўненасць, духоўны заняпад. Аднак Колас-паэт прытрымліваўся хрысціянскай стаічнай філасофіі, спрадвечнай народнай веры беларусаў у лепшую будучыню.

Эмацыянальны, духоўны свет беларускай паэзіі істотна паглыблялі вершы Якуба Коласа інтымнага складу: «Каханне», «Дзе б ні быў я, што б ні думаў…», «Я хачу аб табе…», «На развітанні» і інш. Раскрываючы свет лірычных пачуццяў-перажыванняў, ён па-майстэрску карыстаўся рознымі паэтычнымі прыёмамі (рэфлексіі-самапаглыблення, рэтраспекцыі, псіхалагічнага паралелізму, кантрасту і інш.). Паэтыка коласаўскай лірыкі ўтрымлівае цэлую сукупнасць моўна-выяўленчых сродкаў, разгляд якіх вымагае асобнай гаворкі.

Такім чынам, у паэзіі Якуба Коласа дамінантнай з’яўляецца хрысціянская ідэя чалавечага пабрацімства, братэрскай згоды і чалавекалюбнасці. У гэтым сэнсе ён выступаў як палымяны паэт-гуманіст. Паэт разглядаў і сцвярджаў роднасна-чалавечыя сувязі як вызначальныя ў міжасобасных стасунках. Чалавечнасць, сяброўска-братэрскае яднанне людзей – вось тое, што ў значнай ступені прадвызначае яго духоўную канцэпцыю светабудовы. Матывы ўслаўлення пары маладосці і настальгіі па ёй маюць важнае сэнсаўтваральнае значэнне ў коласаўскім разуменні жыцця і часу. Заклікальнасць інтанацый, прыёмы паэтычнага звароту, роздуму і разважання вызначаюць моўна-стылёвую адметнасць вершаў на тэму сяброўства і маладосці.

А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар

 

Крыніца публікацыі: Бельскі, А. І. Матывы братэрства, сяброўства і маладосці ў паэтычным свеце Якуба Коласа / А. І. Бельскі // Беларус. мова і літ. – 2014. – № 7. – С. 30–34.