Мястэчка Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці – вось тая кропка на карце Палесся, у якой, разам з нараджэннем, былі закладзены псіхічныя, эмацыянальныя, урэшце, пэўныя светапоглядныя асновы творчасці Івана Навуменкі.
Відавочна, аднак, што І. Навуменка не належыць да тых мастакоў, якія спецыяльна акцэнтуюць рэгіянальныя аспекты ў сваёй творчасці. Не вабяць І. Навуменку падкрэсліванне ўнікальнасці, самадастатковасці Палесся, яўная рамантызацыя палескіх таямніц або стварэнне інтэлектуальных парабал паводле тутэйшай аўтэнтычнай гісторыі, паводле міфалогіі, як у творчасці, напрыклад, Віктара Апанасавіча Казько ці маладзейшага Алеся Наварыча.
Іван Навуменка, як вядома, развівае хутчэй традыцыі Якуба Коласа, Івана Мележа, разумеючы нацыянальнае як тое духоўнае, што ўсведамляецца элімінавана, а не абавязкова ў рэгіянальным абліччы. Іншымі словамі, нехта з этнаграфічнага мадэлюе ўвесь свет (натуральна ж свой, адмысловы), а нехта ў цэлым сваім мастацкім свеце больш ці менш пэўна пазначае этнаграфічнае – што каму больш даспадобы, больш пасуе творчай індывідуальнасці.
Акрамя месца нараджэння, прыгадаем яшчэ адзін момант шчыльнай прывязанасці І. Навуменкі да Палесся, так сказаць, палескую школу ў яго лёсе: гэта шэсць пасляваенных гадоў (з 1946 па 1951 г.) журналісцкай працы на Мазыршчыне, карэспандэнтам абласной газеты “Бальшавік Палесся” [1, с. 690]. Гэты вопыт, тагачасныя праблемы людзей і сама Мазыршчына ці не найбольш падрабязна апісаны І. Навуменкам у аповесці “Замяць жаўталісця” (1976) [2]. Герой яе, як мы памятаем, сталы выкладчык і вучоны, які едзе ў горад сваёй маладосці (“надпрыпяцкі горад” – толькі і канкрэтызуе І. Навуменка) з добрай нагоды: ён запрошаны на месяц чытаць лекцыі ў педагагічным інстытуце. Там ён сустракае маладую жанчыну, і трапяткія пачуцці, абарваныя на чыстай высокай ноце, нібы вяртаюць апавядальніка ў маладосць. Ён натхнёна працуе над аўтабіяграфічнай аповесцю пра сваё юнацтва, вайну, палон. Такім чынам, “Замяць жаўталісця” разгортваецца перад чытачом як свабодная сюжэтная плынь, у якой мінулае і сённяшняе жыццё героя арганічна пераплятаюцца, а непасрэднае аўтарскае апавядальніцтва лёгка ўключае ў сябе і падзейныя сцэны, і апісанні, і рэфлексію. Чытач нібы бачыць старыя і новыя рэаліі, якія разам з героем пазнае і не пазнае. Тут вулкі і двары Мазыра, яго адметны старасвецкі і ўжо новы, індустрыяльны твар; тут інфармацыя амаль статыстычная і тая, што найперш перадае асабістае ўспрыманне героем усяго наваколля. Тут жа і людзі са сваімі канкрэтнымі лёсамі, вядомыя апавядальніку яшчэ з тых 40 – 50-х гадоў. Гэта менавіта пра палескіх жанчын піша І. Навуменка, піша пра тое, як адна пры сваёй нішчымніцы ратуе ад галоднай смерці, адпойвае нямоглае калгаснае цяля, як іншыя жанчыны на тарфяніках мусяць здабываць для дзяржавы каксагыз, як скалечаны вайною каваль, седзячы з сям’ёю ў зямлянцы, працуе ў сваёй кузні толькі для калгаса.
Згадкі пра цяжкае І. Навуменка працягвае фразаю “А газеты спявалі…” [2, с. 245], але ў гэтай фразе не так ужо і шмат іроніі, бо сам час, сам дух часу, піша аўтар, быў такі. Натхняла, безумоўна ж, перамога над Гітлерам.
Калі перажылі такую вайну, як не акрыяць і як не спяваць насуперак усяму – пад мірным небам, на роднай зямлі. І тое, што часам суперажыванне асобнаму чалавеку або ноткі шчырасці, лірызму ў нарысах маладога журналіста старэйшыя таварышы касавалі, герою І. Навуменкі прыходзілася прымаць з разуменнем.
Падкрэслім, аднак, што ўвесь гэты вопыт, гэтае веданне І. Навуменкам у дэталях і драбніцах жыцця канкрэтнай, выразна акрэсленай і каларытнай мясцовасці падаецца пісьменнікам менавіта як жыццё тыповае, а не спецыфічнае, не, дапусцім, іманентнае існаванне пэўнага рэгіёну. Яно ў І. Навуменкі прадвызначана найперш агульнанацыянальнай гісторыяй, і якраз гэта арганізуе мастацкую логіку, мастацкі свет пісьменніка.
Вядома, што мастака ці не найбольш цягнуць у радаводную глыбіню, у пэўную рэгіянальнасць апісанні прыроды. Добра вядома да таго ж, што І. Навуменку як прадстаўніка класічнай беларускай празаічнай традыцыі, прычым аўтабіяграфічнай традыцыі, нельга назваць скупым на апісанні роднай прыроды. Яны лаканічныя, але вельмі дакладныя ў дэталях, у яркіх вобразах лесу, поля, балота, птаства і грыбнога царства (з якога ніяк не забываюцца, напрыклад, “гумовыя лісічкі” і “цёмна-барвовыя сыраежкі, моцныя, як капыты” – з апавядання “Па грыбы” 1965 года). Да таго ж І. Навуменка любіць часам знарок падкрэсліць менавіта рэгіянальную адметнасць палескіх краявідаў, напрыклад: “Цягнік імчыць з поўначы на поўдзень, з краю ўзгоркаў, курганоў, асмужаных пералескаў на вялікую раўніну, дзе лясы большыя, дзе яшчэ спакойная Прыпяць, хмурай елкі амаль не ўбачыш, затое натрапіш яшчэ на дубовыя гаі, што стаяць у дваццатым веку нібы сведкі сівой мінуўшчыны [2, с. 203]. І не раз, і не ў адным творы пісьменніка мы яшчэ сустрэнем любоўнае апісанне менавіта дубовых гаёў, ды яшчэ знакамітай таполі, і знакамітай сасны…
Малюнкі мястэчка, горада, вёскі з іх ваколіцамі, часта на Гомельшчыне або Мазыршчыне, гэтаксама як і адметныя тыпы людзей – розныя нацыянальныя тыпы, сярод якіх найперш нам адкрыецца сам аўтар-апавядальнік, – усё гэта, паўторымся, у прозе І. Навуменкі характэрнае, яскрава-канкрэтнае, у зусім пэўную нацыянальную глебу ўгрунтаванае. Хутчэй прадказальна, чым нечакана для сябе, з кніг пісьменніка мы даведваемся, што герой І. Навуменкі (калі ён не адмоўны тып, не “байдачнік” – па назве аднайменнага апавядання 1981 г.), найчасцей вялікі кніжнік, летуценнік, ён і жыццёва актыўны, і цярпліва-цягавіты, працавіты надзвычайна. Пры ўсёй сваёй псіхалагічнай уражлівасці ён моцны духам, здатны на прынцыповыя ўчынкі і захоўванне маральнай пазіцыі. І гэты герой імкнецца найперш у вялікі свет, несучы глыбока ў душы зменлівы, здатны да эвалюцыі, пераацэнак, росту вобраз таго, што называецца “малой радзімай”.
І. Навуменка ў сваёй прозе выступае найперш як дастаткова рэфлексіўная, інтэлектуальная, самакаштоўная, нават самадастатковая асоба, і менавіта па гэтай прычыне рэгіянальнасць – не яго мастакоўскі выбар. Уласны жыццёвы вопыт ён робіць цэнтрам свайго мастацкага свету з відавочнай цвёрдасцю, і задача адлюстраваць нацыянальнае быццё праз адзінкавы лёс у пэўных прасторава-часавых межах аказалася па плячы герою І. Навуменкі. Пры гэтым у яго творах адчуваецца недавер да гучных лозунгаў часу, мы не знойдзем у гэтых творах непасрэдных ідэалагічных банальнасцяў, якімі б, здавалася, так зручна маркіраваць тэксты, ды і гэтак шмат іх было ў сталінскія, і ў хрушчлўскія, і гарбачоўскія часы… Навуменка ж, напрыклад, толькі аднойчы напісаў пра тое, як балюча было многім пасля славутага ХХ з’езда (у “Асенніх мелодыях”, 1987 г.).
Іншымі словамі, для І. Навуменкі, як некалі, напрыклад, для К. Чорнага, менавіта вакол героя, вакол асобы чалавека віруюць усе падзеі. Яны ламаюць яму лёс ці даюць часовую палёгку, але нават калі гэта вайна, акупацыя, Чарнобыль, то ў прозе такой мастакоўскай пазіцыі мы даведваемся пра ўсе гэтыя гістарычныя падзеі найперш тое і толькі тое, што сапраўды ўбачыць, перажыве, асэнсуе, знойдзе мужнасць і магчымасць нам расказаць аўтабіяграфічны апавядальнік.
У 1994 г. з’явілася аповесць І. Навуменкі “Гасцініца над Прыпяццю” [3], і чытач, вядома ж, знайшоў у гэтым творы старонкі пра атручанаю зямлю, пра запоўненыя хворымі людзьмі бальніцы, пра мёртвыя вёскі, пра змярцвелую Прыпяць з мянушкаю “Угрум-рака” і пра дзяржаўную хлусню вакол Чарнобыля. Але І. Навуменка, не здраджваючы сабе, не баючыся паўтарыцца, і, галоўнае, не баючыся быць самім сабой, не вылучае чарнобыльскую тэму як выключную ні месцам у лёсе свайго героя, ні лішнім пафасам там, дзе за сябе сведчаць самі названыя мастаком факты.
І вось зноў герой аповесці прыязджае ў знаёмы горад, ізноў мы пазнаём Мазыр (як у Чорнага, дарэчы, таксама пазнаём, напрыклад, Мінск у рамане “Сястра” – не названы, а толькі апісаны ў рэчыўных падрабязнасцях); Мазыр – па тых вулках, што вядуць да Прыпяці, па старым парку і г.д. І вось ізноў у роздумах, успамінах галоўнага героя мы бачым шараговы лёс беларуса з гэтых мясцін – тых, на якія гэтак захутка абрынулася вайна ў 1941-м, затым – акупацыя, ад якой хлопцы як мага ірваліся ўцячы, ды не паспелі, не здолелі ў час пераправіцца праз Прыпяць, ды якраз жа ля гэтага самага горада Чарнобыля акупацыя накрыла іх сваёй хваляю, маладзенькіх, якім не было і 17-ці гадоў (г. зн. іх яшчэ ў войска не бралі, але для розных спагнанняў яны былі ўжо дарослымі). Для галоўнага героя, як для вялікай часткі нацыі, раптоўны арышт бацькі ў самым дзяцінстве, беднасць, тая самая акупацыя – нягледзячы на пазнейшае падполле, партызанства і нават службу ў войску – нязводнай плямаю і нязводным жа страхам леглі на сэрца і на лёс на доўгія гады (амаль на 30 год, піша І. Навуменка).
У І. Навуменкі ўсё гэта напісана і як глыбока асабістае, уласна перажытае, па ўсіх дэталях, па рэчыўным свеце такое палескае (хоць бы геаграфічнае – тыя ж дубы, поле, лес, колькі пра іх з новым замілаваннем сказана і тут [3, сс. 17, 18]). Але найперш яно расчытваецца ўсё ж як агульнабеларускае. Так, менавіта гэтым многія беларусы з пакалення І. Навуменкі вылучыліся сярод сваіх савецкіх аднагодкаў: вайна з акупацыяй ды Чарнобыль, з якімі спляліся гвалт, знявага, хлусня, страх, урэшце, траўмаваны менталітэт.
Чарнобыльскую катастрофу для Беларусі І. Навуменка не першым дароўнівае да ваеннай, не першым сімвалізуе, але напаўняе падобныя разумовя метафары змястоўнасцю ўнікальнага чалавечага лёсу. А ў такім разе выяўляецца жыццёвая праўда на тым агульначалавечым узроўні, які ў нашай літаратуры пазначаў і “магілёвец” Гарэцкі, і “случак” Чорны: беларусам у пошуках уласнай будучыні даводзіцца адбудоўваць штораз не толькі сваё жытло, сваю дзяржаву, але і ратаваць ад страшэннага смутку сваю душу. Відавочна, беларусам гэта яшчэ ўдаецца [5].
Літаратура
- Васючэнка П.В. Іван Навуменка // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4. т. Т. 3. / Нац акад. навук Беларусі. Ін-т літ. імя Я.Купалы. – Мн., 2001. – С. 689-713.
- Навуменка І. Замяць жаўталісця // Навуменка І. Збор твораў: У 6 т. Т. 2: Аповесці і апавяданні. – Мн., 1982. – С. 202-303.
- Навуменка І. Гасцініца над Прыпяццю // Навуменка І. Гасцініца над Прыпяццю: Аповесці і апавяданні. – Мн., 1994. – С. 3-38.
Друкавалася [у]: Корань Л.Д. «Малая» і «вялікая» радзіма: мастацкі выбар пісьменніка // Творчая асоба І.Навуменкі і праблемы беларускай філалогіі і адукацыі, Мінск, 2006;
Сінькова Л.Д. Паміж тэкстам і дыскурсам: Беларуская літаратура ХХ – ХХІ стст. : гісторыя, кампаратывістыка і крытыка (літаратурная крытыка, артыкулы, гутаркі) / Людміла Сінькова. – Мінск : Паркус плюс, 2013. – С. 117 – 121. (296 с.)