Курсавыя работы па беларускай літаратуры: методыка падрыхтоўкі

Бельскі Алесь Іванавіч доктар філалагічных навук, прафесар, заг. кафедры

0
5608

Агульныя заўвагі

Выключна важнае месца ў сістэме ўніверсітэцкай філалагічнай падрыхтоўкі належыць самастойнай навукова-даследчай працы студэнтаў. Выкананне курсавой работы з’яўляецца для будучых спецыялістаў першай спробай уласных творчых сіл у навуцы, практычным крокам у авалоданні методыкай і тэхналогіяй літаратуразнаўчага даследавання.

Курсавая работа па гісторыі беларускай літаратуры — адна з форм вучэбнай даследча-пошукавай дзейнасці студэнта, якая скіравана на паглыбленае вывучэнне літаратуразнаўчай дысцыпліны. Яна павінна ўяўляць сабой завершанае даследаванне пэўнай навуковай тэмы і ўтрымліваць яе змястоўны аналіз, падагульненні на аснове вывучанай літаратуры і высновы, зробленыя ў выніку самастойнай творчай працы.

Метадычныя рэкамендацыі

Выбар тэмы. Студэнту даецца магчымасць выбраць тэму даследавання, і гэты выбар абумоўлівае кірунак працы студэнта, яе перспектыўнасць. Трэба ўлічваць, што багацце, разнастайнасць тэм характарызуецца наяўнасцю як добра вывучаных, так і мала распрацаваных. Таму перад тым, як вызначыць тэму курсавой работы, пажадана загадзя азнаёміцца з бібліяграфіяй — напрацаваным літаратурна-крытычным матэрыялам. Пры неабходнасці можна пракансультавацца з выкладчыкам кафедры і атрымаць звесткі пра крыніцы даследавання, высветліць ступень складанасці тэмы, асаблівасці яе вырашэння. У ходзе кансультацыі, калі ў гэтым ёсць неабходнасць, тэма можа быць удакладнена. Цікавасць да тэмы, уласныя схільнасці, узровень добрай падрыхтаванасці — перадумова поспеху не толькі ў выбары прадмета даследавання, але і ў рэалізацыі навуковых інтарэсаў і творчых магчымасцей. Пры недастатковай распрацаванасці тэмы мэтанакіраваная, грунтоўная праца ў далейшым можа прывесці да значных вынікаў — публікацый у друку, навуковага даклада, дыпломнай работы, напісання дысертацыі. Лепш за ўсё аддаваць перавагу тэме, якая мае даследчую перспектыву: у такім выпадку яе можна пашырыць за кошт вылучэння новых аспектаў даследавання і аб’ёму разглядаемага матэрыялу. Пачаць распрацоўваць тэму можна пачаць у спецсемінары. Напрацоўкі па тэме пажадана працягваць у ходзе выканання курсавых работ на наступных курсах. Тэматычна спалучаныя часткі ў будучым могуць стаць асновай дыпломнай работы.

Пасля выбару тэмы студэнт піша заяву на імя загадчыка кафедры з просьбай зацвердзіць тэму курсавой работы і прызначыць навуковага кіраўніка.

Патрабаванні да зместу курсавой работы. Курсавая работа выконваецца аднаасобна і ўяўляе навуковае даследаванне, якое змяшчае абагульнены выклад матэрыялу па выбранай тэме. Аўтар павінен прадэманстраваць уменне самастойна фармуляваць думкі і рабіць высновы. У курсавой рабоце неабходна сцісла, лагічна, паслядоўна і аргументавана выкласці змест і вынікі даследавання.

Курсавая работа павінна быць канцэптуальнай, г. зн. змяшчаць навуковыя палажэнні, які неабходна абгрунтаваць з дапамогай цытавання літаратуразнаўчых крыніц і прыкладаў з мастацкіх твораў. Пры гэтым змястоўнасць работы ўзрастае, калі ў ёй будзе выяўлена здольнасць студэнта да тэарэтычнага аналізу, самастойнага мыслення, а гэта немагчыма без падмацавання таго ці іншага палажэння ўласнымі разважаннямі, назіраннямі, прыкладамі.

Праца над курсавой работай. Праца над курсавой работай пачынаецца з вывучэння навуковай літаратуры па тэме. Спіс асноўных крыніц, якія неабходна выкарыстаць пры выкананні работы, прапануе выкладчык. Бібліяграфія па беларускім літаратуразнаўстве і крытыцы дастаткова поўна прадстаўлена ў тыпавой праграме па гісторыі беларускай літаратуры ХХ — пачатку ХХІ стагоддзя. Разам з тым важна навучыцца самастойна весці навукова-пошукавую працу ў бібліятэцы. Бібліяграфія па літаратуразнаўстве і творчасці асобных пісьменнікаў найбольш поўна сабрана ў спецыяльных бібліяграфічных паказальніках і даведніках (гл., напрыклад: «Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік» (1992—1995, т. 1—6), «Беларускія пісьменнікі на старонках часопіса “Роднае слова”: бібліяграфічны паказальнік» (2008) і інш. У бібліятэцы, як правіла, у наяўнасці маюцца картатэка персаналій, сістэматычны каталог, картатэкі па беларускай літаратуры, літаратуразнаўстве і крытыцы. Арыентуючыся ў інфармацыйным банку бібліятэкі (у тым ліку з дапамогай камп’ютара), яе аддзелах і фондах, студэнт без цяжкасцей зможа дапоўніць прапанаваны спіс літаратуры іншымі крыніцамі.

Апрача падагульнення матэрыялу па тэме неабходна выявіць творчы падыход да раскрыцця тэмы, знайсці ўласны самастойны шлях яе асэнсавання. Забяспечыць паспяховае выкананне курсавой работы дапаможа ўпэўненае валоданне тэарэтыка-літаратурным інструментарыем. Таму пры подступе да любой тэмы ці праблемы неабходна паглыбляць агульнатэарэтычны ўзровень, пашыраць тэрміналагічны апарат даследчыка. Варта звярнуцца да прац па тэорыі літаратуры, метадалогіі навуковага аналізу, скарыстаць пры неабходнасці вопыт тых навук, якія звязаны з літаратуразнаўствам агульнасцю падыходаў, поглядаў, пазнавальных інтарэсаў, каштоўнасных арыентацый: філасофіі, культуралогіі, эстэтыкі, этыкі, псіхалогіі і інш. Падыход да асэнсавання тэмы прадугледжвае знаёмства з навуковай (крытычнай) літаратурай па тэме, найперш з даследаваннямі аўтарытэтных вучоных. У выніку адбываецца сістэматызацыя і падагульненне пачэрпнутай навуковай інфармацыі.

Праца над курсавым даследаваннем вымагае глыбокага ведання мастацкіх законаў і спецыфікі літаратуры, адпаведных уменняў і навыкаў цэласнага эстэтычнага аналізу твора (адзінства формы і зместу). Неабходна выкладаць матэрыял у лагічнай паслядоўнасці: ісці ад агульнага да прыватнага; спалучаць тэарэтычныя палажэнні з непасрэдным разглядам твора, яго структуры, стылёвых асаблівасцей і інш. Курсавая работа мае на мэце дапамагчы студэнту на практыцы авалодаць навуковым стылем, метадалогіяй літаратуразнаўчага аналізу.

Наяўнасць розных падыходаў да раскрыцця тэмы, аб’ём курсавой работы і ўзровень падрыхтаванасці студэнта не заўсёды дазваляюць весці шматаспектны, усебаковы аналіз творчасці пісьменніка, пэўнага твора, яго тэматыкі і праблематыкі. Таму мэтазгодна сканцэнтраваць увагу на адным з аспектаў ці дыскурсаў навуковага даследавання. Напрыклад, у рабоце можна запыніцца на сюжэтна-кампазіцыйнай і вобразнай сістэме твора, разгледзець яго галоўныя сэнсавыя вектары, жанравыя і мастацка-выяўленчыя асаблівасці.

Паспяховая праца над курсавым даследаваннем напрамую звязана з тым, як і наколькі мэтанакіравана, правільна будзе арганізавана самастойная навукова-даследчая дзейнасць студэнта. І тут, безумоўна, многае залежыць найперш ад самога студэнта, яго стаўлення да выканання работы. Неабходна памятаць, што сур’ёзнае, глыбокае навуковае даследаванне — вынік працяглай, адказнай самастойнай працы.

На першай кансультацыі з выкладчыкам выпрацоўваецца агульны падыход да раскрыцця тэмы, складаецца план курсавой работы, вызначаюцца шляхі ў даследчай працы студэнта. Трэба добра ўсвядоміць, як і ў якім кірунку неабходна вывучаць рэкамендаваную літаратуру, на чым сканцэнтраваць увагу, чытаючы навуковае выданне ці мастацкі тэкст твора. Неабходна навучыцца працаваць з крытычнай літаратурай: не варта канспектаваць манаграфію ці артыкул цалкам, трэба імкнуцца “вылушчыць” з напісанага самае галоўнае, найбольш істотнае і занатаваць яго ў сшытку. Надзвычай важная частка працы заключаецца ў скрупулёзным, дэталёвым прачытанні твора, яго эстэтычным аналізе. Твор павінен быць прачытаны і асэнсаваны з алоўкам у руках: самае істотнае і важнае (ёмістыя думкі, трапныя апісанні і характарыстыкі, адметныя моўна-выяўленчыя сродкі, уласныя эмоцыі, назіранні, заўвагі і інш.) занатоўваюцца на паперы (можна рабіць закладкі з адпаведнымі пазнакамі). Пасля напрацаваны матэрыял варта пэўным чынам сістэматызаваць і выкарыстаць, арганічна ўводзячы ў тэкст навуковага даследавання.

Палажэнні і ўласныя назіранні трэба абгрунтоўваць, абапіраючыся непасрэдна на сам твор, найбольш пераканальныя прыклады, яскравыя цытаты. Спасылка на мастацкі тэкст для ілюстрацыі павінна быць, як правіла, сціслая, паказальная, пры гэтым яна перадаецца дакладна і выкарыстоўваецца дарэчы, матывавана. Вытрымкі афармляюцца ў адпаведнасці з агульнапрынятымі правіламі цытавання. Тычыцца гэта выкарыстання і цытат з навуковай літаратуры. Вытрымка з тэксту не павінна выглядаць нечым чужародным, адасобленым: па сутнасці вырваным кавалкам з чужой працы. Культура цытавання прадугледжвае спасылкі на аўтарытэтныя меркаванні, прыведзенае выказванне ці ацэнка павінна несці ў сабе глыбокі навуковы сэнс, дапамагаць у асвятленні пэўнага палажэння. Цытата таксама можа паслужыць зыходным пунктам у разважаннях або зрабіцца своеасаблівым перакідным мастком пры пераходзе ад адной думкі да другой.

На наступных кансультацыях удакладняюцца асобныя моманты, дэталі ў канцэпцыі работы, здымаюцца пытанні па яе тэхнічным выкананні. У чарнавым варыянце курсавога даследавання шліфуецца мова і стыль, кіраўнік робіць парады і заўвагі, накіраваныя на ўдасканаленне рукапісу. Стыль навуковай работы павінен вызначацца дакладнасцю і яснасцю думкі, ёмістасцю і аб’ектыўнасцю назіранняў. Неабходна пазбягаць таўталогіі і агульных публіцыстычных выказванняў.

Структура і аб’ём работы. Курсавая работа павінна быць кампазіцыйна зладжанай, цэласнай па сваёй будове. Звычайна яна складаецца з тытульнай старонкі, зместу, уводзін, асноўнай часткі, заключэння і спіса выкарыстаных крыніц. Асноўная частка можа падзяляцца на два ці некалькі раздзелаў.

Тытул (тытульная старонка) курсавой работы афармляецца паводле адпаведнага ўзору.

Змест уключае загалоўкі (назвы) структурных частак з пазначэннем старонак, на якіх размешчаны тэкст.

Уводзіны. У гэтай структурнай частцы сцісла гаворыцца пра актуальнасць тэмы, абгрунтоўваецца яе выбар, робіцца агляд навуковай літаратуры па тэме, вызначаюцца мэты і задачы даследавання і інш. Уводзіны могуць выкладацца і ў іншай паслядоўнасці. Напрыклад, уводзіны ў тэму можна пачаць з паказу яе вывучанасці ў навуцы, затым фармулююцца мэта і задачы даследавання, асноўныя навуковыя палажэнні, якія знойдуць пацвярджэнне ў працэсе аналізу фактычнага матэрыялу.

Асноўная частка змяшчае разгляд прадмета даследавання. У гэтым раздзеле рэалізуюцца пастаўленыя мэты і задачы, вядзецца літаратуразнаўчы аналіз. Асноўная частка — вызначальная, сэнсаваўтваральная ў структуры работы. Вельмі важна, каб тут былі выказаны самастойныя разважанні, зроблены ўласныя назіранні і высновы.

Заключэнне — галоўныя вывады па тэме даследавання. Тут жа могуць быць пазначаны шляхі і кірункі далейшага вывучэння тэмы. Вывады павінны вызначацца навуковай аб’ектыўнасцю, глыбінёй і ёмістасцю думкі.

Спіс выкарыстаных крыніц прыводзіцца напрыканцы курсавой работы і афармляецца ў адпаведнасці з агульнапрынятымі правіламі. Крыніцы размяшчаюцца ў алфавітным парадку паводле прозвішча аўтара ці назвы выдання, пры гэтым пералік даецца ў суцэльнай нумарацыі. Спіс літаратуры павінен змяшчаць не менш як 10—15 крыніц, уключаючы выкарыстаныя выданні мастацкіх тэкстаў.

Прыкладны аб’ём курсавога даследавання — 20—25 машынапісных або 25—35 стандартных рукапісных лістоў. Аднак памер работы можа не ўкладвацца ў гэтыя межы, паколькі ўсё залежыць ад распрацаванасці тэмы, шырыні ахопу фактычнага матэрыялу, творчых магчымасцей студэнта і інш. Колькасць старонак у кожнай з частак даследавання можа быць адвольнай, але аб’ём асноўнай часткі павінен змясціць у сабе абгрунтаванне навуковых палажэнняў і аналіз фактычнага матэрыялу.

Афармленне работы. Курсавая работа перапісваецца ад рукі ці набор тэксту ажыццяўляецца з дапамогай камп’ютара, пры гэтым матэрыял раздрукоўваецца з выкарыстаннем прынтара на адным баку аркуша белай паперы фармату А4.

Памер шрыфту тыпу Times New Roman — 14. Колькасць знакаў у радку павінна складаць 60—70, міжрадковы інтэрвал — 1,5, колькасць радкоў на старонцы — 39—40.

Неабходна вытрымліваць памеры палёў: верхняга і ніжняга — 20 мм, левага — 30 мм, правага — 10 мм.

Пры перапісванні ці наборы тэксту неабходна захоўваць чырвоны радок, водступам выдзяляць абзацы.

Кожную структурную частку работы неабходна пачынаць з новай старонкі. Загалоўкі (назвы) структурных частак друкуюцца па цэнтры радка або пішуцца ад рукі тлустым шрыфтам. Кропка ў канцы загалоўка не ставіцца.

Старонкі работы нумаруюцца арабскімі лічбамі. Нумар старонкі пазначаецца на верхнім полі з правага боку без кропкі. Першай старонкай курсавой работы з’яўляецца тытул, які залічваецца ў агульную нумарацыю.

Змест, уводзіны, заключэнне, спіс выкарыстанай літаратуры не нумаруюцца.

Спасылкі ў тэксце даследавання на мастацкую і навуковую літаратуру, фонды музеяў і архіваў афармляюцца згодна з зацверджанымі бібліяграфічнымі патрабаваннямі. Пры спасылцы ў тэксце работы на адпаведную крыніцу неабходна пазначаць парадкавы нумар у бібліяграфічным спісе і нумар старонкі, якія бяруцца ў квадратныя дужкі: [4, с. 118]. Пры гэтым пасля цытаты, калі яна заканчваецца на кропку, кропка ставіцца пасля дужак; калі ж цытата ў канцы мае знак клічніка ці пытальніка, то гэтыя знакі захоўваюцца, а пасля дужак ставіцца кропка.

Работа павінна быць выканана выразным почыркам або падаецца да абароны ў надрукаваным выглядзе, яна абавязкова афармляецца ў цвёрдым пераплёце. Курсавая работа павінна быць пісьменнай, вычытанай самім студэнтам.

Абарона курсавой работы. Завершаную курсавую работу неабходна прадставіць навуковаму кіраўніку, які прымае рашэнне аб яе допуску да абароны. Дата абароны прызначаецца да пачатку сесіі, у загадзя вызначаныя дэканатам тэрміны. Абарона курсавой работы звычайна адбываецца ў прысутнасці навуковага кіраўніка і яшчэ аднаго-двух выкладчыкаў кафедры, на якой выконвалася работа. У сваім выступленні (5—8 хвілін) аўтар курсавой работы знаёміць прысутных з пастаўленай мэтай і задачамі, якія вырашаліся ў ходзе распрацоўкі навуковай тэмы, сцісла выкладае вынікі даследавання. Студэнту могуць быць зададзены пытанні па тэме даследавання. Навуковы кіраўнік дае сціслую характарыстыку работы, ацэньвае яе. Пасля абмеркавання выкладчыкамі вынікаў абароны ў заліковую кніжку студэнта выстаўляецца адпаведная адзнака.

Крыніца публікацыі: Методыка падрыхтоўкі курсавой работы па беларускай літаратуры: у дапамогу студ. спец. 1 21 05 01 Беларус. філалогія / склад. А. І. Бельскі. — Мінск: БДУ, 2013. — 12 с.