КАНЦЭПЦЫЯ ЗЯМЛІ Ў ПАЭЗІІ МАКСІМА ТАНКА

0
450

Зямля — вызначальная прыродная і духоўная канстанта нашага нацыянальнага быцця, з’яўляецца ці не самай галоўнай тэмай беларускай літаратуры. «Эстэтычная дамінанта паэмы “Новая зямля” — мастацкая ідэалізацыя роднай зямлі, спрадвечнага сялянскага ладу жыцця. Гэтая традыцыя склалася і развівалася на этапах ідэйна-мастацкага ўздыму нашай літаратуры» [1, с. 87]. Беларускія пісьменнікі (Якуб Колас, Кузьма Чорны і інш.) паказалі, што над беларусам «улада зямлі» [2, с. 213] мела вялікую сілу.

У мастацкай свядомасці Максіма Танка зямля — надзвычай важны топас і шматкроць паўтаральны вобраз-матыў. Гэта па-філасофску значная тэма творчасці, як і для яго папярэднікаў у нацыянальнай паэзіі і прозе, знакамітых пісьменнікаў у сусветнай літаратуры, пачынаючы ад далёкай антычнасці (Гесіёд, Сафокл, Лукрэцый, Т. Гардзі, Э. Заля, Л. Талстой, У. Фолкнер, М. Мітчэл, І. Бунін, Г. Ахматава і інш.). Больш за тое, родная зямля ў мастацкай прасторы Максіма Танка — галоўны ідэяўтваральны цэнтр, з якім спалучана цэлае багацце матываў і сэнсаў.

«Паэзія Максіма Танка — уся ад зямлі…» [3, т. 1, с. 14]. Можна дадаць: яна зраслася з роднай зямлёй, стала яе непаўторным адлюстраваннем у адметных мастацкіх вобразах, выяўленнем глыбіннай існасці маці-зямлі — жыццядайнай і шчодрай, цярплівай і трывалай, адухоўленай і песеннай. Пачалася перапіска-ліставанне паэта з бацькоўскай зямлёй ад уражлівым сэрцам адчутых яе галасоў, колераў і пахаў. Гэта было эстэтычнае адкрыццё роднай зямлі, яе рамантычная паэтызацыя. Свет роднай зямлі шырэў, рабіўся разнасцежаным для Максіма Танка, уваходзіў у яго паэтычную свядомасць як сімвал высокай красы і выключная духоўная каштоўнасць: «Ёсць куток на зямлі: // Дзень адзін пражывеш — // Назаўсёды цябе зачаруе» [3, т. 1, с. 163]. Так стваралася танкаўская паэзія зямлі, паэзія прыроды. Р. Баравы (Р. Шырма) заўважыў, што ад «яе вее свежым пахам чорных скібаў паднятай зямлі…» [4, с. VІІ—VІІІ]. У заходнебеларускі перыяд паэт стварыў замалёўкі ландшафтнага аблічча роднага краю, яго побыту, у якіх прысутнічае і вобраз зямлі. Гэты вобраз уключаны ў паэтычнае светаадлюстраванне гарманічна, ён паўстае як частка штодзённага сялянскага быцця. Не толькі вонкавае, прыроднае вабіць лірычнага героя, зямля займае яго як спрадвечная аснова народнага існавання і лёсу. Вобразы чорных скіб зямлі, чорных палосаў і разораў не ствараюць змрочнае ўражанне, наадварот, гэтая эстэтыка зямлі ўзвышае героя паэта, раскрывае яго цесную сувязь з народнай глебай. Думка пра зямлю робіць яго трывалым і ўпэўненым, дае надзею і веру ў адраджэнне духоўных і фізічных сіл, у пачатак чагосьці новага. Сацыяльны лёс беларусаў у Заходняй Беларусі склаўся неспрыяльна, і таму «песні чорнай зямлі» Танка нясуць у сабе драматычныя ноты і элегічныя інтанацыі. Паэт са скрухай гаворыць пра «зямлю ў ярме, зямлю бацькоў святую…» [3, т. 1, с. 112]. Адраджэнне і красаванне роднай зямлі ён увасабляе пра матыў сяўбы: «…Каб на зямлі тут высокае // Наша калоссе цвіло» [3, т. 1, с. 66]. Максім Танк гэтак, як і Якуб Колас, марыў праз «новую зямлю» — вольную, свабодную, уваскрэслую да новага жыцця.

Калі жаданне многіх герояў літаратуры было «будаваць зямлю», то формула існавання лірычнага героя Максіма Танка — «змагацца за зямлю». Асабліва выразнай гэтая мэта стала ў гады Вялікай Айчыннай вайны. З лірыкі паэта паўстаў трагічны вобраз заняволенай і здратаванай ворагам зямлі. У абставінах трагедыі, нашэсця «карычневай чумы» ёй трэба было вытрымаць жудасны здзек, руйнаванне, глумленне: «Недзе стогне зямля // Пад варожай лавінаю танкаў» [3, т. 2, с. 42]. Паэт перадае псіхалагічна напружаны момант расстання з роднай зямлёй: «Мы адступалі, падпаліўшы // Свае сядзібы і зямлю» [3, т. 2, с. 14]. Як сімвал ахвярнасці паўстае вобраз зямлі, палітай крывёй: «Яшчэ буйнейшай расцвіце // Зямля, якую мы любілі, // Якую кроў тваіх дзяцей // Ў баю ахвярна арасіла» [3, т. 2, с. 29]. Былое зямное хараство, стан міру-ідыліі ўспрымаецца цяпер, у час вайны, як страчаны рай. Паэт у адкрытай публіцыстычнай форме заклікае бараніць ад ворага Беларусь, каб яна як мага хутчэй стала «вольнай зямлёю». Максім Танк выступае як палымяны патрыёт, змагар і абаронца беларускай зямлі: «Нашай помсты ўздымайся агонь // На усёй здратаванай зямлі…» [3, т. 2, с. 26]. Яго набатнае слова ў абарону айчыны пераклікаецца з гераічнай традыцыяй у даўняй паэзіі («Пруская вайна» Я. Вісліцкага, «Радзівіліяда…» Я. Радвана, «Слова аб палку Ігаравым» і інш.). У паэзіі Максіма Танка з’явілася адчуванне зямлі спрадвечнай, гістарычнай. «У вобліку зямлі» ён імкнецца расчытаць «жывую хроніку вякоў», убачыць слаўнае мінулае, каб з гераічнай пафаснасцю паэтычнага слова сказаць пра магутнасць і непераможнасць Беларусі. Прыпадаючы да «чорных скіб», лірычны герой выяўляе духоўнае адзінства з роднай зямлёй, пачуццё сыноўняй адданасці ёй (верш «Беларусь»).

У пасляваенны час мацнела, кажучы словамі Максіма Танка, «дружба з зямлёю» [3, т. 3, с. 107]. Яна была пастаянна ў фокусе ўвагі паэта. Ён шчыра радаваўся, што «воблік зямлі стаў адменны, другі» [3, т. 2, с. 207]. У творчасці Максіма Танка атрымала далейшы працяг і развіццё тэндэнцыя паэтызацыі, услаўлення роднай зямлі. Родная зямля для паэта — крыніца натхнення, творчасці, пастаянных эстэтычных эмоцый: «…Я слухаю з глыбокім хваляваннем, // Як вольная пяе зямля мая» [3, т. 3, с. 116]. Успрыманне радзімы як свету прыгажосці і цуду вылілася ў хваласпеў, гімн бацькоўскай зямлі. У танкаўскай паэзіі ўвасобілася «скразная фанатычная думка любові да роднага» [5, с. 160].

Асэнсаванне зямлі як стыхіі жыцця і космасу — вызначальная рыса натурфіласофіі Максіма Танка. Можна сказаць, у яго паэзіі мы назіраем «культавае стаўленне да зямлі, да прыроды», ён стварае «своеасаблівую алегарычную аўтабіяграфію нацыі, у якой цела Маці-Зямлі — прастора этнічнай тэрыторыі — набывае сакральны сэнс і замацоўваецца праз надзвычай багатую сістэму вобразаў…» [6, с. 98, 104]. У паэтычным светаразуменні Максіма Танка рукі маці паяднаны з зямлёй, і гэта тое адзінае цэлае, што складае аснову жыцця. Невыпадкова матчыны рукі «зямля цалавала» [3, т. 2, с. 241]. Лес, поле, возера Нарач, нарачанскія сосны, луг, сенажаць і іншыя прыродныя вобразы ствараюць разам ландшафтны «партрэт» роднай зямлі, ці нацыянальны пейзаж, беларускую светабудову.

На пачатку 1960-х гадоў паэтычны ракурс Максіма Танка пашырыўся, выйшаў за межы зямной гарызантальнай сеткі каардынат. Ён, як і ў свой час рускія сімвалісты, нашы Янка Купала, Максім Багдановіч, абраў глабальны погляд на свет — у агульначалавечым і планетарным маштабе. Паэт-рамантык, спалучаючы зямное і касмічнае, прапанаваў вертыкальны «зрэз» у філасофскім пазнанні чалавечага быцця на Зямлі і ў Сусвеце.

У вершы «Касмалогія» аўтар стварае ўласную мадэль светабудовы. Адштурхоўваючыся ад антычных міфаўяўленняў («Зямля трымаецца на трох сланах…»), ён выяўляе па-народнаму мудрае разуменне зямлі як калыскі жыцця, першапачатку ўсяго існага. Зямля трымаецца на адвечных законах прарастання, адраджэння, цыклічнага, паступальнага руху жыцця. Працэс гэты мае гарманічную, складаную спалучанасць і ўзаемаабумоўленасць.

Чалавек стаў суб’ектам касмічнага быцця, яго паэт называе «Homo kosmikos». І вось гэтым чалавекам касмічным завалодалі глабальныя перспектывы сусветнага быцця. Паэт хвалюецца, каб чалавек не страціў сваёй зямной асновы, зямнога прыцягнення, таму і гучыць з яго вуснаў просьба-перасцярога, каб той «…не забыў // Знаёмых сцежак і прысад, сваіх жытнёвых ніў» [3, т. 4, с. 126]. Ён перакананы што чалавек касмічнай эпохі павінен гэтак, як нашы продкі, трымацца зямлі. Бо Зямля — яго дом, радаводны выток — надзейнае і трывалае духоўнае апірышча. Паэт настойвае на зямной сутнасці чалавека і гэтак, як і некалі славуты Ф. Скарына, сцвярджае патрыятычнае пачуццё еднасці з родным кутком, той зямлёй, якая кожнаму даруецца ад нараджэння як найвышэйшая каштоўнасць. Лірычны герой паэта сцвярджае, што ён, кіруючыся «зорным шляхам», зможа заўсёды адшукаць «шлях зваротны дахаты… па компасе сэрца…» [3, т. 3, с. 159]. Пачуццё, нават інстынкт радзімы штосьці вельмі магутнае, закладзенае ў чалавеку Богам і прыродай, таму часам і невытлумачальная гэтая яго сувязь, лучнасць з зямлёй. Выразнай сэнсава значнай лініяй праходзіць праз яго паэзію тэма ўдзячнасці, адданасці і вернасці роднай зямлі.

Максім Танк прадчуваў надыход эры глабалізму, узнікнення вострых праблем сусветнай значнасці. Па-грамадзянску ён трывожыўся пра тое, што разбураюцца гарманічныя стасункі чалавека з прыродай, нарастае экалагічны крызіс, а народ аддаляецца ад зямлі, сваёй нацыянальнай глебы. Праблему адносінаў грамадства да прыроды Максім Танк успрымаў як самую надзённую і асэнсоўваў яе ва ўсёй маштабнасці, экалагічнай вастрыні і драматызме. Паэт паказваў разбуральную дзейнасць чалавека як пагрозу вялікай бяды, набліжэнне катастрофы. Ён стаў небяспечным і для Зямлі, і для Сусвету: «Лячу Млечным Шляхам // І чую: нехта плача. // А гэта — скардзіцца Зямля // На свайго сына — чалавека» [3, т. 5, с. 108]. У вершы «Роздум аб касмічных палётах» паэт зазначае, што экалогія на планеце змянілася і дасягнула крытычнай мяжы. Неспрыяльныя, нават немагчымыя ўмовы сталі для жыцця, чалавецтва апынулася на парозе Апакаліпсісу. Усё гэта падштурхоўвае паэта ў момант экзістэнцыйнага адчаю да думкі пра пошукі паратунку ў абсягах сусвету. І ўсё ж ён разумее, што іншай планеты пакуль у чалавецтва няма. Максім Танк, задумваючыся на праблемай глабальнага выжывання, заклікае даражыць сваім домам — Зямлёй, шанаваць і берагчы яе: «Ёсць у сусвеце планета Зямля, // Ёсць на Зямлі той краіна адна, // А ў той краіне — прыстанішча, дзе // Сэрца званчэйшыя песні вядзе» [3, т. 5, с. 62].

Пікам трагізму быцця на беларускай зямлі стала чарнобыльская катастрофа. Паэт са скрухай малюе апакаліптычную карціну: бульдозеры і далакопы хаваюць «забітую Чарнобылем Зямлю». Усведамляючы ўвесь цяжар віны чалавека перад зямлёй-шматпакутніцай, паэт прамаўляе: «Даруй нам, грэшным // І неразумным, // Маці!» [3, т. 6, с. 152]. Малітоўная просьба аб дараванні — відаць, адзінае, што было магчымым і значным у такую трагічную, горкую хвіліну найноўшай гісторыі.

Такім чынам, Максім Танк — паэт і філосаф зямлі. Ён прызнаваўся, што «без зямлі жыць не можа» [3, т. 3, с. 139]. Яна была для паэта першаснай катэгорыяй і высокім крытэрыем у ацэнцы жыцця, чалавека, часу, без яе паэт не ўяўляў перспектывы чалавечага быцця. Філасофія зямлі Максіма Танка грунтуецца на ідэі неўміручасці і будучыні. Яму жадалася аднаго: «каб наш зямны каўчэг… у будучыню плыў» [3, т. 6, с. 74].

Літаратура

  1. Конан, У. Выбранае / уклад. М. А. Козенкі. — Мінск: Смэлтак, 2009. — 536 с.
  2. Успенский, Г.И. Власть земли / Г. И. Успенский; сост., авт. предисл. и примеч. А. П. Ланщиков. — М.: Сов. Россия, 1988. — 395 с.
  3. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк. — Мінск: Беларус. навука, 2006—2008. — Т. 1—6. Цытаты з твораў падаюцца з пазначэннем адпаведнага тома і старонкі.
  4. Баравы, Р. Матывы творчасці Максіма Танка / Р.Баравы // Танк, М. На этапах: вершы. — Вільня, 1936. — С.V—ХVІ.
  5. Лойка, А. Галгофа: кн. лёсаў / А.Лойка. — Слонім: ГАУПП «Слонімская друкарня», 2001. — 288 с.
  6. Шамякіна, Т. І. Элементы беларускай геасофіі як аснова нацыянальнай літаратурнай класічнай традыцыі / Т. І. Шамякіна // Беларуская філалогія: зб. навук. прац вучоных філал. фак. БДУ / пад агул. рэд. І. С. Роўды. — Мінск: ВТАА «Права і эканоміка», 2003. — С. 91—105.
А. І. Бельскі,
доктар філалагічных навук, прафесар

 

Крыніца публікацыі: Бельскі, А. І. Максім Танк: паэтычная філасофія зямлі / А. І. Бельскі // Сёмыя Танкаўскія чытанні: да 95-годдзя Беларус. дзярж. пед. ун-та імя Максіма Танка: зб. навук. артыкулаў / БДПУ імя М. Танка; рэдкал.: Г. Я. Адамовіч [і інш.]; адк. рэд. Ф. С. Шумчык. — Мінск: БДПУ, 2010. — С. 22—25.

Электронны варыянт артыкула.