Творчасць вядомага песняра беларускай літаратуры, слыннага майстра роднага слова была і застаецца невычэрпнай крыніцай для неардынарных ўстойлівых форм малога жанру, якімі з’яўляюцца праклёны, ці, як іх яшчэ называюць, кленічы, кляты ці кляцьбы.
Кленічы – гэта слоўныя формулы заклінальна-праклінальнага характару, у якіх, як правіла, зычыцца зло, розныя беды, няшчасці.
Збіральнік беларускай народнай творчасці Міхал Федароўскі засведчыў: “Беларус мае ў сваім рэпэртуары пракляццяў, відаць, больш, чым пажаданняў… Праехаўшы ўздоўж і ўпоперак большую палову роднай зямлі, магу смела сцвярджаць, што нідзе мне не даводзілася чуць такіх страшных пракляццяў, як у гэтым краі амаль штодня. Знешне спакойны народ не ўпусціў магчымасці, каб не вымавіць цэлага запасу кляцьбаў, асабліва ў гэтым вялікіх поспехаў дасягаюць жанчыны. …Вымаўляюцца пракляцці працяжным і манатонным голасам, што для вушэй пастаронняга слухача пакідае не вельмі прыемнае ўражанне, можна сказаць, страшнае ўражанне” [3, с. 11]. Творы гэтага жанру, на жаль, не сталі аб’ектам даследавання сучасных даследчыкаў-лінгвістаў, фалькларыстаў і збіральнікаў, паколькі не ўвайшлі нават у шматтомнае выданне “Беларуская народная творчасць”. Між тым яны прадстаўляюць выдатныя ўзоры мастацкага валодання словам, прыклады дасканалай арганізацыі тэксту у поўнай адпаведнасці з прагматыкай выказвання.
Тыпавой структурнай формай кленічаў, выяўленых у творах Якуба Коласа, з’яўляецца граматычная мадэль “часціца + асабовы займеннік + назоўнік + дзеяслоў”: бадай бы вы па свеце не хадзілі (ІІІ, с. 33*), каб з цябе кішкі павыцягвалі (VІІ, с. 332), каб вас воўк паеў (ХІІ, с. 31), хай цябе ліха сячэ (ІV, с. 150). Пры такой фармальнай арганізацыі кленічаў выяўляюцца асоба, якой адрасуецца праклён, дзеянне, якім чынам павінна адбыцца пажаданне, суб’ект (утваральнік) дзеянне, а таксама часціца як актуалізатар эмацыянальна-экспрэсіўнага адцення выказвання. У некаторых выпадках структура праклінальных выразаў можа спрашчацца або за лік назоўніка: каб ты апруцеў (ІV, с. 56), каб ты здох (Х, с. 279), каб вы папруцелі (ІІІ, с. 76), або за лік дзеяслова: каб цябе зямля сырая (ІІ, с. 8), бадай цябе паралюш (ІІІ, с. 131). Зрэдку замест асабовага займенніка ў склад кленічаў могуць уключацца назоўнікі: каб подлыя каты… у дом свой не мелі дарог (ІІІ, с. 255).
Структурным кампанентам большасці кленічаў выступаюць, як правіла, часціцы хай (няхай), бадай, што б, якія знаходзяцца ў прэпазіцыі да асноўнага выказвання. Найбольш пашыраны выразы з часціцамі каб, хай (няхай), якія спалучаюцца пераважна з асабовымі займеннікамі: каб ты не меў на смерць кашулі (VІІІ, с. 193), каб ты ў чыстым полі рагатаў (ІV, с. 172), каб на тваю шыю вяроўку завязалі (ІV, с. 172), каб яго абляпілі сотні скул (ХІІ, с. 231), каб цябе за жывот узяло (ІХ, с. 118), няхай табе пуп трэсне (ІХ, с. 424), няхай іх сляпых водзяць (VІІ, с. 19), хай цябе ліса сячэ (ІV, с. 150), няхай тваю скуру чэрці спішуць (V, с. 216), няхай дасць табе бог скулу (ІV, с. 178). Менш пашыраны кленічы з часціцамі бадай, што б, (бадай цябе паралюш (ІІІ, с. 131), бадай бы вы па свеце не хадзілі (ІІІ, с. 33), што б цябе куры патапталі (ІV, с. 37). З’яўленне часціцы што б у беларускіх гаворках звязана з уплывам рускай часціцы чтобы.
Сустракаюцца праклінальныя выразы, у якіх часціцы адсутнічаюць, а значэнне пажадання выражаецца дзеяслоўнымі формамі загаднага або ўмоўнага ладу: малым бы ты здох (VІІІ, с. 131), будзь ты тры разы пракляты (Х, с. 139), агні б яе спалілі (Х, с. 122). У некаторых праклёнах апушчаны як часціца, так і дзеяслоў. У такім выпадку сэнсавая нагрузка благога пажадання прыпадае на назоўнікі: хвароба вам і скула ў бакі (V, с. 483), колам зямля вам (VІ, с. 229).
У мове твораў Якуба Коласа пры структурнай арганізацыі кленічаў шырока выкарыстоўваецца прыём семантычнага паралелізму: адна з частак выказвання ўтрымлівае дзеяслоў са значэннем дзеяння, за якое пасылаецца праклён, а другая – сам праклён з названым дзеяннем. Зачынам для такіх кленічаў звычайна з’яўляецца часціца каб: каб цябе вон нагамі вынеслі, як ты мяне нёс (ІV, с. 172), каб на тваю шыю вяроўку завязалі, як завязаў ты на чужога каня (ІV, с. 172), як ты едзіш, каб ты жыватом ездзіў (V, с 442), от падвёў гад, каб яму жывот падвяло (ІV, с. 63).
Пажаданне праклінальнага характару можа быць семантычна дыферэнцыравана. Часцей сустракаюцца кленічы, у якіх зычыцца хвароба або смерць як найбольш цяжкія формы фізічнага знясілення чалавека: бадай цябе паралюш (ІІІ, с. 131), няхай іх сляпых водзяць (ІV, с. 143), няхай дасць табе бог скулу (ІV, с. 178), каб ты здох (Х, с. 279), каб ты апруцеў (ІV, с. 56). Сустракаюцца і такія кленічы, у якіх беларускі селянін пры выражэнні благога пажадання можа нават звяртацца да вышэйшай міфічнай істоты – Бога: каб табе бог даў скулу, няхай дасць табе бог скулу, каб цябе бог са свету звёў, каб табе бог кій у рукі даў. Можа выражацца таксама пажаданне адзіноты, сіроцтва, галечы, жабрацтва: каб ты сіратою застаўся (VІІ, с. 11), каб ты не меў на смерць кашулі (VІІІ, с. 193), каб с торбаю па свеце хадзіў усё жыццё (ІV, с. 122). Семантычнымі актуалізатарамі ў такіх выпадках выступаюць словы з назвамі хвароб (паралюш, скула, кадук), прыродных з’яў (агонь), дзеянняў (здох, апруцеў, скіснуў) і інш. Радзей благое пажаданне носіць іранічны і добразычлівы характар: што б цябе куры патапталі (ІV, с. 37), хай цябе ліса сячэ (ІV, с. 150). Як бачым, тэксты кленічаў ў структурным плане ўяўляюць сабой адзіны сэнсава-сінтаксічны блок, які мае характар устойлівага фразеалагічнага адзінства.
Выкарыстанне кленічаў у коласаўскіх творах абмяжоўваецца толькі дыялагічнай і ўнутранай мовай герояў, што садзейнічае адмежаванню аўтарскай мовы ад мовы персанажаў. Праклёны ўжываюцца як сітуацыйна-бытавыя ўстойлівыя выразы, якія амаль “не стэрылізуюцца” аўтарам і ўводзяцца ў жывую тканку мовы герояў у палкіх, эмацыянальных спрэчках, у зацятай непрыязнасці, кплівасці герояў. Напрыклад, у апавяданні “На начлезе” Тамаш Чучка, якога ў сне чэрці вадзілі па балоце, на смех і кпіны аднавяскоўцаў-начлежнікаў выпусціў цэлую “абойму” праклёнаў: “А каб ты ў чыстым полі рагатаў, каб цябе вон нагамі вынеслі, як ты мяне нёс, каб на тваю шыю вяроўку завязалі, як завязаў ты перавясла на чужога каня, гацаль ты паскудны!” (ІV, с. 172). Падобныя дыялогі-сваркі, у якіх ужываюцца народна-традыцыйныя праклёны, вельмі распаўсюджаны сродак характаралагічнага гутарковага маўлення. Вось яскравы прыклад такога экспрэсіўнага дыялогу з трылогіі “На ростанях”:
– Ах ты, чортава шлюндра! Пайшла па вуліцы губамі званіць, языком мянціць, каб ён табе высах і выпетраў, – крычала Акуля, – Ідзі, ідзі, так вось і павераць табе, брахусе. Думаеш, не ведаюць людзі, як ты да Міхалкі ў клуню бегала, га? Ведаюць людзі, за што цябе Крупень з раз’езду гарэлкаю частуе, каб цябе лейцамі частавалі. Ведаюць, як ты з дарожным майстрам ночы гуляеш, як ты ў яго дзесяць рублёў падчапіла!.. Капач ты з-пад цёмнае хмары, хлеба замясіць не ўмееш, хаты, як людзі, не падмяцеш, каб табе вочы замяло!
Аўдоля ў сваю чаргу, ідучы ў другі канец вуліцы, вяла сваё казанне, і тая і другая зрэдку прыслухоўваліся адна да другой і, такім чынам, адна другую скарыстоўвалі ў сваіх казаннях.
– На мяне людзі глядзяць, бо я харошая, а на цябе сабакі пазіраць не хочуць. Зайздросна табе?.. А ты забылася, як цябе бабка Тацяна на сваім двары злавіла? Чаго ж ты хадзіла туды? Чужых курэй сачыць? А гарбузы з горада ў Рамковых, хто цягаў, каб з цябе кішкі павыцягвалі?.. (ІХ, с. 52–53).
Падобныя дыялогі-лаянкі можна знайсці ў творах шмат якіх беларускіх пісьменнікаў. Цікавыя заўвагі аб своеасаблівым “спектаклі лаянак” з ужываннем традыцыйна-народных праклёнаў зрабіў Янка Брыль у аповесці “Ніжнія Байдуны”: “Злосці ў той лаянцы, паўторым, не было. Была нават паэзія, хай сабе грубая, але ж і хлёсткая. Я ўжо тады, яшчэ не каровін, а толькі свіны пастушок, мог налічыць колькі хочаш гэтых праклёнаў. “Што ты дзяўбеш, каб табе крумкач вочы выдзеўб!”, “Колькі ты сыпаць будзеш, каб табе губы абсыпала!”, “Чаго ты сядзіш, каб ты каменем (або крыцаю) сеў”, “Чаму ты не едзеш, каб ты бокам ездзіў”, “Распеліся тут пад акном, каб вы пелі на хлеб!” І так – бясконца, а цётка Юста яшчэ і з паўторам: “Каб ты!..” (ІІ, с. 339).
Асобныя народныя праклёны ў мове твораў Якуба Коласа падлягаюць аўтарскай апрацоўцы, інавацыруюцца, што сведчыць аб шырыні фармальных пошукаў аўтарам, аб высокай культуры словатворчасці. Такая з’ява часцей назіраецца ў вершаваных творах, каб захаваць рыфму і рытм. Так, напрыклад, праклён “каб табе бог даў торбу на старасць” у адным з вершаў паэта набывае новы рытмічны малюнак за лік пашырэння сваёй структуры: Да чаго ж мы дажыліся! Эх, падвёў ты нас, панок! Каб табе даў бог на старасць лапці, торбу і кіёк (І, с. 45).
Кленічы з’яўляюцца важным і адметным стылістычным сродкам коласаўскіх твораў. Яны дапамагаюць больш дэталёва, тонка і натуральна раскрыць мастацкі вобраз. Выкарыстанне пісьменнікам кленічаў як устойлівых народна-гутарковых выразаў сведчыць аб яго ўважлівым стаўленні да жывога беларускага слова. Якуб Колас не фармальна падыходзіў да адбору народна-гутарковых выразаў, а творча адбіраў тое, што найбольш адпавядала ідэі і зместу твора, імкнуўся арганічна з’яднаць іх з кантэкстам і зрабіць сітуацыйна-неабходнымі элементамі маўлення сваіх герояў. Будучы глыбокім знаўцам народнай мовы, Якуб Колас умела карыстаецца ўсімі яе мажлівасцямі, у тым ліку і традыцыйна-гутарковымі слоўнымі формуламі незацывілізаванага беларускага селяніна канца ХІХ ст.
Заўвага. *Спасылкі (том і старонка ў дужках) падаюцца па выданні: Якуб Колас. Збор твораў: у 12 т. – Мінск: Маст. літ., 1961–1964.
Літаратура
- Брыль, Я. Збор твораў: у 5 т. / Я. Брыль. – Мінск: Маст. літ., 1979–1981.
- Колас, Я. Збор твораў: у 12 т. / Я. Колас. – Мінск: Маст. літ., 1961–1964.
- Federowski, M. Lud bialoruski na Rusi litewskij: w 8 t. / М.Federowski. – Кraków, Warscawa, 1935.
З. І. Бадзевіч
Крыніца публікацыі: Мова – Літаратура – Культура: зб. навук. артыкулаў: VІІ Міжнар. навук. канф., прысвеч. 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, 27–28 верас. 2012 г., Мінск, БДУ. – Мінск: Выдавецкі цэнтр БДУ, 2012. – С. 126–130.