ФРАЗЕАЛАГІЧНЫЯ ВАРЫЯНТЫ Ў ТВОРАХ ЯКУБА КОЛАСА

0
415

Якуб Колас прыйшоў у літаратуру ў пачатку ХХ ст. і працаваў у ёй на працягу даволі значнага перыяду. Яго літаратурная творчасць адыграла важную ролю ў развіцці сучаснай беларускай літаратурнай мовы і станаўленні яе норм. Вынік гэтага – адлюстраванне ў мове яго твораў тых працэсаў, што ўласцівыя мове – жывой гістарычнай з’яве, якая знаходзіцца ў пастаянным развіцці. У мове твораў Якуба Коласа адзначаецца варыянтнасць на розных моўных узроўнях – лексічным, марфалагічным, словаўтваральным, сінтаксічным, што з’яўляецца не толькі вынікам няўстойлівасці моўных норм, але і праяўленнем “натуральнага стану мовы як канкрэтна-гістарычнай з’явы, адным з унутраных праяўленняў літаратурнай мовы, што ў сваю чаргу, дазваляе выкарыстаць варыянтныя формы ў якасці аднаго са сродкаў стылістычнага ўзбагачэння мастацкага маўлення” [1, с. 9].

Жывая гутарковая мова, якой наогул карыстаўся Якуб Колас, стала ўзорам высокага слоўна-выяўленчага майстэрства пісьменніка. Адметнай рысай высокай вартасці мовы твораў Якуба Коласа з’яўляецца багацце фразеалагічнага слоўніка, мэтанакіраванае і мэтазгоднае ўжыванне фразеалагічных адзінак.

Фразеалогія твораў Якуба Коласа была ўжо прадметам многіх лінгвістычных даследаванняў, аднак пытанні аўтарскай інавацыі той ці іншай фразеалагічнай адзінкі, асаблівасці яе функцыянавання ў мастацкім кантэксце пакуль яшчэ застаюцца надзённым пытаннем.

Адзначым, што пад варыянтнасцю фразеалагічных адзінак мы разумеем нязменнасць плана зместу фразеалагічных адзінак пры структурных зменах плана выражэння, г.зн. змены фармальна-структурнага боку фраземы з захаваннем яе семантычнай тоеснасці.

У творах Якуба Коласа распаўсюджаны розныя варыянты фразеалагізмаў як па паходжанні, так і па тыпе ўтварэння. Сярод іх вызначаюцца фраземы з варыянтным парадкам кампанентаў. Напрыклад: ні жывы ні мёртвы і ні мёртвы ні жывы; ні рыба ні мяса і ні мяса ні рыба; мець грунт пад нагамі і і грунт мець пад нагамі, пад нагамі грунт мець і інш. Як правіла, такія фразеалагізмы не маюць ні сэнсавых, ні стылістычных адрозненняў. Іх варыянтнае ўжыванне ў мастацкім тэксце абумоўлена захаваннем рытму і рыфмы ў паэтычным творы. Параўн.: Цімошка ляжаў ні жывы ні мёртвы (‘аслупянелы з пярэпалаху, страху’), як бы на яго наваліўся цяжар і здушыў яму нутро [V, с. 29] і Жартуе дзед: – А пан марцовы сядзіць ні мёртвы ні жывы, цішэй вады, ніжэй травы [VІІІ, с. 233].

Вар’іраванне фразем можа быць або на адным узроўні (лексічным, граматычным, сінтаксічным), або на розных моўных узроўнях адначасова. Так, напрыклад, фразеалагічнае спалучэнне як мыш пад мятлою ў значэнні ‘спалохана, маўчком’ мае як граматычны варыянт як мыш пад мятлой, так і лексічны як мыш пад венікам. Змены на розных моўных узроўнях могуць адбывацца і пры ўзнікненні аднаго і таго ж варыянта фразеалагізма. Напрыклад, фразема рубам ставіць пытанне ў значэнні ‘катэгарычна і адкрыта запытаць’ мае варыянт пытанне ставіцца рабром. Як бачна, вар’іраванне адбываецца адначасова на лексічным (замест слова рубам ужываецца лексема рабром), граматычным (незваротны дзеяслоў ставіць замяняецца зваротным ставіцца) і сінтаксічным (замена парадку слоў – адваротны парадак замяняецца прамым) узроўнях.

Асаблівую цікавасць у мове Я. Коласа ўяўляюць сабой лексічныя варыянты фразем. Некаторыя фразеалагізмы налічваюць даволі вялікую колькасць такіх варыянтаў. Так, напрыклад, фразема са значэннем ‘адчуць страх, хваляванне’ ў творах  Якуба Коласа ўжываецца ў наступных разнавіднасцях: па спіне запоўзалі мурашкі,  мурашкі бегаюць па целе, пабеглі мурашкі па спіне, па спіне захадзілі мурашкі. Акрамя адзначаных варыянтаў, у творах класіка сустракаецца сінанімічная фразема і яе варыянты: мароз прабег па скуры, мароз хадзіў па спіне, мароз прабег па целу, прадраў мароз па скуры. Пры захаванні аднолькавага лексічнага значэння некаторыя агульнаўжывальныя лексічныя варыянты фразем маюць функцыянальныя адрозненні. Як правіла, выбар пісьменнікам таго ці іншага лексічнага варыянта робіцца з улікам мэты выказвання і ўмоў кантэксту. Параўнаем агульнаўжывальныя разнавіднасці мароз прабег па целу і мароз хадзіў па спіне ў сказах: Пры адной толькі думцы пабачыцца з ляснічым мароз прабягаў па скуры Васіля [ІV, c. 43] і Мароз хадзіў па Яхімавай спіне, а перад вачамі нейкая бездань адчынялася [V, с. 139]. У першым выпадку пачуццё, якое ўзнікае ў героя апавядання “Васіль Чурыла” суадносіцца з непрыемнай думкай пра лесніка. Гэта думка ўзнікае хутка, імгненна, а праз некаторы час яна зноў жа знікае з яго памяцці. Менавіта таму і выбраў Якуб Колас той варыянт, які найбольш адпавядае хуткасці, імгненнасці і часовасці дзеяння. Экспрэсіўна-стылістычную афарбоўку і накіраванасць мае варыянтная фразема прадраў мароз па скуры, якую ўжывае Колас у паэме “На шляхах волі” пры абмалёўцы ўнутранага стану Дзяжы: перадачы страху, хвалявання, узрушанасці, калі на світанні на полі бою перад Дзяжой паўстае прывід, які ўвасабляе сабой загінуўшых тут на вайне людзей, усе жахі вайны: Прадраў Дзяжу мароз па скуры, застыў ні мёртвы ні жывы, і шапка злазіць з галавы [Х, с. 274]. Фразеаграфічныя даведнікі беларускай мовы не фіксуюць варыянта фраземы з кампанентам прадраў, што дае падставы кваліфікаваць яе як індывідуальна-аўтарскую фразеалагічную адзінку, створаную на базе жывой народнай мовы. Увядзенне дзеяслоўнага кампанента прадраў у структуру агульнаўжывальнага фразеалагізма надае варыянтнай фраземе дадатковае сэнсавае адценне імгненнасці дзеяння. У разгледжаных варыянтах, акрамя дзеяслова, вар’іруецца і назоўнікавы кампанент цела, спіна, скура, але функцыянальнага адрознення пры гэтым не назіраецца.

Індывідуальна-аўтарскую інтэпрэтацыю мае і агульнаўжывальная фразема мець мух у носе са значэннем ’пра ўпартага, узбаламучанага капрызніка’, якая ў беларускіх фразеаграфічных даведніках фіксуецца ў наступных разнавіднасцях: мухі ў носе, з мухамі ў носе. У мове твораў Якуба Коласа выяўлены наступныя варыянты гэтай фразеалагічнай адзінкі: мух мець у носе; мухі ў носе; а мух, колькі мух; мухі яшчэ не ўсе з носа вылецелі. Не выклікае сумнення, што апошні варыянт фраземы мухі яшчэ не ўсе з носа вылецелі з’яўляецца вынікам аўтарскай апрацоўкі і выкарыстоўваецца ў апавяданні “Хатка над балотцам” з пэўнай ідэйна-стылістычнай мэтай. Герой апавядання пан Зыгмусь упэўнены, што яму ўдасца заваяваць сэрца адзінокай жанчыны Алены і схіліць яе да ўзаемнай блізкасці. Надзяліўшы Зыгмуся вялікім шляхецкім гонарам пры яго нізкім сацыяльным становішчы і знешнасцю, падобнага да малпы, пісьменнік увесь час падкрэслівае камічнасць гэтай неадпаведнасці. І не толькі гонарам, але і ўпэўненасцю ў дасягненні сваёй мэты перапоўнена свядомасць пана Зыгмуся. А таму найбольш поўнай характарыстыкай вобраза служыць аўтарская інавацыя фраземы. Чытаем: Пан Зыгмусь пачаў быў гаварыць, які ён яшчэ мужчына, але не скончыў, бо Алена не хоча яго слухаць, не спыняецца. Хацеў дагнаць, ды спыніўся, высмаркаўся і спагадна паківаў галавою. – Мухі яшчэ не ўсе з носа вылецелі, – кажа сам сабе пан Зыгмусь ды ідзе ў лес. [V, с. 272] Відавочна, што актуалізацыя дзеяння прыпадае на дзеяслоўнае кампанентнае словазлучэнне яшчэ не ўсе вылецелі, якое вар’іруецца з дзеясловам мець. Астатнія варыянты фразеалагічнай адзінкі мець мух у носе, якія былі згаданы вышэй, з’яўляюцца вынікам скарачэння кампанентнага складу фразеалагізмаў, што па словах вядомага даследчыка ў галіне беларускай фразеалогіі І. Я. Лепешава з’яўляецца вынікам “аднаго з жывых працэсаў, што адбываецца ў мове” [3, с. 26].

Падпаў аўтарскай апрацоўцы і агульнаўжывальны фразеалагізм даць драла, які мае значэнне ‘імкліва, без аглядкі ўцячы, збегчы; кінуцца ўцякаць’. У вершы “Парада” размова ідзе пра Мусаліні. Ствараючы сатырычны вобраз “дучэ”, Якуб Колас сцвярджае непазбежнасць пагібелі “чорнай чумы”, пры гэтым кампанент драла замяняецца на не ўласцівы беларускай мове “махен-драл”: Збіт твой нос, як сліва, і твае кагорты даюць “махен-драл” Як бачым, значэнне фразеалагічнай адзінкі ‘імкліва, без аглядкі ўцякаць’ не змяняецца. З’яўляецца толькі новая ідэйна-стылістычная функцыя ў варыянтнага фразеалагізма, якая і падпарадкавана аўтарскай задуме. Паколькі гутарка ідзе пра фашызм, то нямецкі дзеяслоў, пададзены ў беларускай арфаграфічнай форме, выконвае ролю экспрэсіўнага і ідэйна-сэнсавага актуалізатара непазбежнасці даваць драла – “махен-драл” усіх тых, хто ступіць на святую беларускую зямлю.

Разгледзім яшчэ адну групу варыянтных фразем, ужытых у коласаўскіх творах са значэннем ‘вельмі хочацца есці’. Агульнаўжывальны фразеалагізм кішкі марш іграюць пісьменнік ужывае ў такіх фразеалагічных варыянтах, як кішкі трубяць і кішкі спяваюць. Абодва варыянты ўжыты ў дыялагічнай мове герояў трылогіі “На ростанях”. Лабановіч адказвае на пытанне рэдактара: – Дзякую, Мікіта Аляксандравіч, адчуваў бы сябе зусім па-губернатарску, калі б у жываце кішкі не спявалі. [ІХ, с. 615] У сваю чаргу ў мове рэдактара ўжываецца іншы варыянт фразеалагізма кішкі марш іграюць: – Мы вас, пане мой, на ногі паставім і свет расчынім перад вамі, – не сунімаўся рэдактар, – а каб кішкі не трубілі, дык мы зараз закоцім баль на ўсю Завальную вуліцу [ІХ, с. 615]. Відавочнай з’яўляецца функцыянальная тоеснасць адзначаных варыянтаў паміж сабой і ў адносінах да зыходнай формы фразеалагічнай адзінкі кішкі марш іграюць. А паколькі абодва гэтыя варыянты ўжыты ў мове герояў твора, то можна гаварыць пра існаванне ў народнай мове гэтых варыянтаў агульнаўжывальнай фразеалагічнай адзінкі. Але найбольшую цікавасць уяўляе сабой тое, што на базе агульнаўжывальнага фразеалагізма кішкі марш іграюць і яго варыянта з жывой народнай мовы кішкі спяваюць, утвораны аўтарскі фразеалагізм у форме сказа салавейчыкі ў кішках спяваюць, які мае значэнне ‘вельмі смачна, прыемна’ і таксама выяўлены ў трылогіі “На ростанях”: Тарас Іванавіч адкінуў галаву і, гладзячы рукою тое месца, дзе прайшла наліўка, казаў у захапленні: – А браточкі ж мае, а родненькія!.. Іскры вясёлкавыя! Бальзам, амброзія боская! Салавейчыкі ў кішках спяваюць! [ІХ, с. 200] З дапамогай гэтага фразеалагічнага наватвора аўтар перадаў тую ўмілаванасць, якую адчуваў вялікі і дрыготкі “як кісель” жывот Тараса Іванавіча, калі па яго кішках пракацілася налівачка.

Як бачым, Якуб Колас мэтанакіравана выкарыстоўваў беларускую агульнаўжывальную фразеалогію ў сваіх творах у цэлым, а разам з тым як добры знаўца роднай мовы творча іх вар’іраваў і нават ствараў фразелагічныя інавацыі. Творчая апрацоўка фразеалагізмаў надае ім новую экспрэсіўную афарбоўку, узмацняе іх выразнасць. Як правіла, творчай аўтарскай апрацоўцы падпадалі тыя фразеалагізмы, якія маюць высокую ступень устойлівасці лексічнага складу і выконваюць у мове экспрэсіўную функцыю. Нягледзячы на розную ступень змененасці фразеалагізмаў, яны захоўваюць пры гэтым мастацкую вартасць агульнаўжывальных, агульнанародных фразем – вобразнасць, афарыстычнасць, эмацыянальнасць, рытміка-меладычную ўпарадкаванасць.

Ідыяматыка ў цэлым – гэта святая святых любой нацыянальнай мовы, паколькі ў ёй праяўляецца дух і своеасаблівасць кожнай нацыі. Пазбаўленне мовы гэтага сродку мастацкай выразнасці робіць яе бясколернай і невыразнай.

Літаратура

  1. Горбачевич, К. С. Вариантность слова и языковая норма: на материале соврем.рус. языка / К. С. Горбачевич. – Л.: Наука, Ленингр. отд-ние, 1978. – 238 с.
  2. Колас, Я. Збор твораў: у 12 т. / Я. Колас. – Мінск: Дзяржвыд. БССР, 1961–1964.
  3. Лепешаў, І. Я. Фразеалогія ў творах К. Крапівы / І. Я. Лепешаў. – Мінск: Навука і тэхніка, 1976. — 151 с.

З. І. Бадзевіч

Крыніца публікацыі: Працы кафедры сучаснай беларускай мовы / пад рэд. А. Я. Міхневіча.– Мінск: РІВШ, 2012. – Вып. 11. – С. 4–7.