ЧАС ВЯРТАННЯ ДАЎГОЎ (Кандрат Крапіва)

0
4360

Сярод беларускіх пісьменнікаў XX ст. Кандрат Крапіва займае асаблівае месца. Гэта тлумачыцца шэрагам абставін жыцця і творчага шляху пісьменніка, дагэтуль не надта вядомых, якія мала кім разглядаюцца, бяруцца пад увагу, тлумачацца, — што, зрэшты, і прыводзіць да той стракатасці, нават палярнасці ацэнак, якія сёння можна сустрэць і ў адным выданні.

Крапіва — класік, вядомы байкапісец і драматург, які старанна высмейваў заганнае, абывацельскае ў жыцці грамадства, стварыў цэлы кірунак у нацыянальнай сатырычнай паэзіі. Ён, безумоўна, самы яркі беларускі камедыёграф з трыццатых і ажно да васьмідзясятых гадоў ХХ ст.

Аднак не толькі станоўчыя атэстацыі і ацэнкі выказваюцца на адрас класіка. Маўляў, Крапіва — гэта і страшэнны «кансерватар», літаратурны «шэры кардынал», «русіфікатар», «бальшавіцкі прыхвасцень», творы якога — суцэльная агітацыя, яны пазбаўлены таго нацыянальнага духу, асновы, што ўласцівыя творам Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча і многіх сённяшніх нацыянальных майстроў беларускага слова. Перачытваючы некаторыя мемуары і ўспаміны, міжволі ўсміхнешся: настолькі непрыемным, часам проста «дубаватым», палахлівым літаратурным чыноўнікам са скрыпучым голасам вымаляваны ён мемуарыстамі, — што асабліва выразна і кантрасна выглядае на фоне ўласнай прагрэсіўнасці, дасціпнасці і грамадзянскай мужнасці «ўспамінальшчыкаў».

Да ўсяго гэтага — у мэтах набліжэння да ісціны — можна дадаць яшчэ колькі штрыхоў і штрышкоў. Сярод тых беларускіх пісьменнікаў, якія ўдзельнічалі ў Першай сусветнай вайне, будучы сатырык даслужыўся да найвышэйшага малодшага афіцэрскага чыну — стаў паручнікам (на другім месцы Якуб Колас: ён дайшоў да прапаршчыка). Для мужыцкага сына, які суровую ваенную школу праходзіў не пісарчуком пры штабе, а пад акампанемент аўстра-венгерскіх гармат, гэты чын (як і славутыя «Георгіі») мог быць здабыты толькі праз выключную мужнасць ды светлую галаву. Дэталь, можа быць, і не надта важная. Але як не стасуецца вобраз «паручніка з залатымі пагонамі», царскага афіцэра, — з вобразам «рабоча-сялянскага» пісьменніка, што старанна ляпіўся ў падручніках амаль паўстагоддзя. Гэты штрых дазваляе вытлумачыць яшчэ адну акалічнасць творчасці Крапівы: вось адкуль узяўся славуты «дзянікінскі палкоўнік». Туляга, які палкоўнікам не быў, а быў толькі падобны да яго… Думаецца, у 1930-я гг. знайшлося нямала аматараў успомніць Крапіве яго афіцэрскае мінулае.

Крапіва — адзін з тых шасці пісьменнікаў, што парвалі ў 1926 г. з «пралетарскім» «Маладняком» і ўтварылі самае яркае, самае нацыянальнае і самае прафесійнае ў гісторыі айчыннай літаратуры XX ст. літаб’яднанне «Узвышша», намеснікам старшыні якога Крапіва быў ад пачатку да канца. Але да «Узвышша» ён — адзін з найбольш адчайных «пралетарскіх» паэтаў, чыя сатырычная пуга сцябала направа і налева, не шкадуючы ні патрыярхаў роднага слова, ні паплечнікаў-маладнякоўцаў. Праўда, рэвалюцыя і новы савецкі лад жыцця часам высмейваліся намнога больш едка і трапна, чым гэта робіцца сёння ў тых жа мемуарах.

1930-я гг. — час складаны, драматычны… Подпісы Крапівы стаяць пад лістамі, што заклікаюць да пакарання ўчарашніх паплечнікаў-узвышэнцаў, «буржуазных нацыяналістаў» Дубоўкі і Пушчы, Мрыя і Калюгі…

Крапіва — аўтар шэрагу бліскучых сатырычных апавяданняў, прытым бліскучых і па ўзроўні мастацкай культуры. Некаторыя з іх можна смела заносіць у рэестр нацыянальнай класікі. Дзіўна, але менавіта яны або ніколі не ўваходзілі ў зборы твораў (як апавяданне «Вось тут і пішы», якое было надрукавана ў трэцім нумары «Узвышша» за 1928 г.), або перакройваліся так, што страчвалі палову вастрыні і бляску.

У канцы 1930-х гг., калі ў айчыннай літаратуры запанаваў «мёртвы штыль» і тыя, хто быў гонарам і сумленнем літаратуры, мусілі пісаць оды «бацьку народаў» — бо нават адмаўчацца было нельга, — Крапіва адважыцца на камедыю «Хто смяецца апошнім», п’есу, у якой дзеянне пачне раскручвацца пасля малазначнага эпізоду — выпадковага візіту ў інстытут чалавека ў форме НКУС… Хваля рэпрэсій у гэты час нібыта адкацілася, і адважнага правінцыяла Масква не толькі не пакарала — яго нават узнагародзілі вышэйшым ордэнам. Ідылія? «Прыручэнне» вальнадумца, які таксама патрэбны, каб не было ўражання ўсеагульнай саладжавасці? Магчыма, і так. Але ацэньваючы тую суровую эпоху з ладнай ужо гістарычнай дыстанцыі, мы часам спрашчаем яе як і ў станоўчым, што яна пакінула, так і ў адмоўным, жудасным. Данос, этап, ссылка, лагер? Навошта ж заўсёды гэтак просталінейна? Смерць Купалы няхай будзе самазабойствам. А вось Крапіву ў 1940 г. пасля дзёрзкай камедыі, ужо не надта маладога (сорак чатыры гады) чалавека, члена-карэспандэнта Акадэміі навук, «свежага» ардэнаносца, мабілізуюць і адправяць на трэцюю ў ягоным жыцці вайну… камандзірам кулямётнай роты. Хто ведае, што такое фінская кампанія і што такое кулямётчык на перадавой, той зразумее, што Крапіве быў выпісаны ордар не на арышт, а на геройскую смерць. Але ён выжыў у сваёй трэцяй вайне, каб потым перажыць яшчэ чацвёртую.

Гэтых дэталяў, штрыхоў і штрышкоў з жыццёвага і творчага, няроўнага і нялёгкага шляху Крапівы можна знайсці яшчэ шмат. Толькі ці дадаюць яны яснасці ў пытанне, што было пастаўлена ў самым пачатку? Ці не заблытваюць яго яшчэ болей? А гэта залежыць ад таго, што мы хочам убачыць. Калі патрыярха, класіка, увесь шлях якога — уздым да новых і новых творчых вышынь (методыка вывучэння ў школе любога больш-менш значнага пісьменніка), дык нават павярхоўнае знаёмства з творчай спадчынай Крапівы — паэта, празаіка, драматурга — не дазволіць «заціснуць» яго ў такую схему. У ягонай творчасці нямала нечаканых зрываў, паваротаў, узлётаў, перыядаў стагнацыі — праўда, нечаканыя яны толькі звонку, больш сур’ёзнае заглыбленне ў эпоху і яго творы дазваляе ўбачыць унутраную логіку развіцця. Калі паспрабаваць выверыць яго стандартам нацыянальнага паэта-трыбуна, нязломнага змагара («апранаха», дужа модная сёння сярод маладых, ды і некаторых старэйшых), дык які з сатырыка трыбун… Калі шукаць у яго творах мадэрну, постмадэрну, імпрэсіянізму ці яшчэ чаго-небудзь пікантнага, дык пошукі гэтыя не маюць сэнсу: ад самага пачатку Крапіва трымаўся законаў рэалістычнай школы, а ў прозе, напрыклад, не надта папулярнага, але такога перспектыўнага (што даказала «Палеская хроніка» I. Мележа) для беларускай прозы бытапісальніцтва. Калі ж захочам убачыць пісьменніка рэальнага, значнага, таго, які прайшоў амаль усе этапы развіцця беларускай літаратуры ад 1920-х і да 1990-х гг, адлюстраваў у сваіх творах многае з таго, што яна набыла, чаму навучылася за трагічны сямідзесяцігадовы кавалак XX ст., і многае з таго, што было тупіком, пустазеллем, — тады, мусіць, ніхто не падыдзе для такога разгляду лепей, чым Кандрат Крапіва…

Кандрат Крапіва (Кандрат Кандратавіч Атраховіч) — адзін з першых пісьменнікаў «новага пакалення», якое за вельмі кароткі прамежак часу — менш чым за год — аформілася ў цэлую мастацкую школу, плынь, кірунак — «Маладняк». Упершыню вершы Крапівы з’явіліся ў перыёдыцы ў 1922 г.; з гэтага часу літаратурны псеўданім «Крапіва» стала замацаваўся на старонках «Маладняка», «Савецкай Беларусі», «Беларускай вёскі», «Чырвонага сейбіта»… Мастацкая прадукцыйнасць паэта, які рабіў свае першыя крокі, была проста фенаменальнай: вершы і байкі, напісаныя ў «маладнякоўскі» перыяд (да 1926 г.), складаюць больш за палову ад усіх паэтычных твораў Крапівы. Зрэшты, гэта не было чымсьці выключным: такая прадукцыйнасць характэрная для большасці паэтаў «новай хвалі» — усе яны ў сваіх творах спяшаліся перадаць той «калаварот» новых ідэй, герояў, настрояў і пачуццяў, якія ўварваліся ў жыццё разам з неспакойнай рэвалюцыйнай эпохай.

Ранняя (1922—1926) паэзія Кандрата Крапівы — шмат у чым узор класічнай па духу і светаадчуванні, калючай, максімалістычнай у сваіх ацэнках і палажэннях паэзіі «Маладняка». Гэта — паэзія не вельмі дасканалая ў мастацкіх адносінах, моцна ідэалагізаваная і палітызаваная, упэўненая ў тым, што толькі яна валодае сацыяльнай ісцінай, нарэшце, паэзія, якая адкрыта дэкларуе гатоўнасць падпарадкаваць сябе утылітарным, прапагандысцкім задачам і адмяжоўваецца ад усялякага абстрактнага «эстэцтва».

У працах беларускіх літаратуразнаўцаў (Віктара Каваленкі, Ніла Гілевіча) выразна заўважаецца тэндэнцыя супрацьпастаўляць узровень ранніх вершаў Крапівы сярэдняму ўзроўню маладнякоўскай паэзіі, вершам, «пазбаўленым сур’ёзнай паэтычнай работы», грунтоўных мастацкіх абагульненняў. Але такое супрацьпастаўленне наўрад ці заканамернае. Крапіва — сын сваёй эпохі, і «дзіцячыя хваробы» літаратуры 1920-х яго не абмінулі. Дарэчы, на павярхоўнасць мастацкіх эмоцый Крапівы яшчэ ў 1920-я гг. звяртаў увагу Леў Клейнбарт у сваёй кнізе «Маладая Беларусь». Многія вершы маладнякоўскага перыяду не ўздымаюцца вышэй агіткі, аднадзёнкі — устаноўка ад на стварэнне паэзіі «бягучага моманту» была, відавочна, свядомай, аднак даволі істотна адбівалася на мастацкім узроўні гэтай паэзіі.

Слабая паэтычная тэхніка, небагаты — на раннім этапе — арсенал паэтычных прыёмаў, рытарызм, газетнасць, плакатнасць, павярхоўнасць эмоцый, адсутнасць значных мастацкіх абагульненняў сустракаюцца ў сатырычных вершах першай паловы 1920-х гг. даволі часта. Адбітак мала вопытнасці, літаратурнага дылетанцтва суседнічае з рэвалюцыйным духам, запалам, дзёрзкасцю.

Часам заўважаецца імкненне паэта пашырыць традыйцыйныя маладнякоўскія тэматычныя далягляды: тут і спро ба адгукнуцца на міжнародныя падзеі, палітычная сатыра, асваенне новай, яшчэ нязвыклай для аўтара «гарадской» тэматыкі, вершы, прысвечаныя падзеям літаратурнага жыцця. Як і ўсе маладнякоўскія паэты, Крапіва імкнецца ўвесці ў сваю паэзію глабальныя катэгорыі, адчуваць пульс эпохі, а не замыкацца ў вузкіх, на яго думку (агульная памылка маладой пралетарскай літаратуры), межах сялян скай хаты, двара, вёскі ці нават Беларусі. Пра паэтычную заглыбленасць у такіх вершах таксама гаварыць не даво дзіцца. Усё пабудавана на «зніжэнні», «спрашчэнні», звядзенні складанага да простага і зразумелага, часам нават вульгарнага:

Наш Ліцьвінаў усё таргуецца,
Во баіцца перадаць,
А Антанта з ім цалуецца —
Просіць цэны набаўляць.

(«Гаагская каробачка»)

«Не куляю, дык курыным словам» збіраўся дабіваць сусветную буржуазію чырвонаармеец з апавядання Аляксея Талстога «Гадзюка», і, пэўна, гэткую ж паэтычную задачу ставіў сабе Крапіва ў вершах «Гаагская каробачка», «Сваты», «Вакол расійскага пытання», «Ліга нацыяў». Сусветныя палітычныя праблемы аўтар хоча давесці да мужыка, да вёскі, да «свайго» чытача, ды толькі ці вяла такая спроба («Але з вамі, ашуканцамі, // Не пайду я на мяжу, // Як надзеліце вы пранцамі, // Што я Леніну скажу?») да паэтычных вяршынь? Відавочна, што не. Але сапраўдны пісьменнік вызначаецца здольнасцю расці, і ўзровень паэтычнага фельетаніста Крапіва перарасце даволі хутка. А вершы, дзе «старым» ды й маладым ад сатырыка «дастаецца», выклікаюць хіба ўсмешку ды нагадваюць аб тым, што пакаленні ў літаратуры «прыціраюцца» заўсёды цяжка:

На другой гары высока
Гэтаксама ёсць багі:
Вось адзін, а вось — другі.
Ім на першай не да смаку,
Адвярнулі яны…
I стаяць так шосты год,
Як вады набраўшы ў рот.

(«Прагулка на Парнас»)

Не надта пачціва. Лексіка была адпаведная. Так, малады Крапіва — далёка не анёл, і да сталага майстра яму яшчэ расці і расці. Але ўжо тады заўважаецца ў ягонай паэзіі адна істотная рыса. Нягледзячы на дакляруемую «пралетарскасць», ва ўсёй ранняй сатыры пісьменніка праглядаецца наступнае: палітычныя падзеі, літаратурныя баталіі, мастацтва (славуты верш «Балет») ацэньваюцца вачамі мужыка, селяніна. Магчыма, гэта не самы дасканалы погляд. Магчыма, сялянская лексіка, як і мысленне, не самыя прыдатныя для тых тэм, якія закранае Крапіва. Але гэта — найперш сведчанне таго, што працэс, які распачаўся яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя, працэс выхаду сялянскай Беларусі за межы чыста сялянскага быцця, асваення культуры, самасцвярджання сябе як нацыі, працягваецца і дамінуе ў 1920-я гг. Няхай маладыя пісьменнікі 1920-х бравіруюць сваёй «пралетарскасцю». Яна ў найбольш таленавітых з кагорты «бурапенных» хутка зменіцца цвярозым поглядам на жыццё і цвярозым яго аналізам. I тады спатрэбяцца крытэрыі жыццёвай каштоўнасці той ці іншай з’явы, падзеі, героя. Тады давядзецца ацэньваць чалавека за яго творчую працу, набыткі, плён, а не за ўзнёслыя словы…

Мы не дарэмна спыніліся гэтак падрабязна на ранніх, мала вядомых шырокаму чытачу вершах Кандрата Крапівы. Яны, пры ўсёй іх недасканаласці, калючасці і шурпатасці, дазваляюць убачыць тую светапоглядную аснову, якой — хутчэй напачатку неўсвядомлена — трымаўся малады тады пісьменнік. Гэтую ж аснову мы ўбачым у творах Кузьмы Чорнага, Лукаша Калюгі, Андрэя Мрыя ды яшчэ шмат у якіх, што пісаліся ў 1920-я гг. Мы пераканаемся ў гэтым, калі звернемся да ўжо згаданых намі фактаў творчай біяграфіі Крапівы. Ужо ў пачатку 1920-х гг. пісьменнік меў за плячыма восем гадоў вайсковага, ды не проста вайсковага, а франтавога стажу. На першы погляд, матэрыял для пісьменніка неацэнны. Але вайсковая тэма ў ягонай творчасці так ніколі і не стала самастойнай і значнай. Чаму? Мусіць, таму, што з пункту гледжання селяніна вайна — марная трата часу, згуба для гаспадаркі, краіны. Селянін глядзіць на вайну як на самую недарэчную і непатрэбную з’яву ў жыцці. Між іншым, усе тыя пісьменнікі 1920-х, у якіх эстэтыка творчасці шмат у чым супадала з народнай, сялянскай эстэтыкай, вайну ў сваёй творчасці абміналі — ваенныя праблемы для іх выглядалі другараднымі ў параўнанні з тымі, што стаялі перад сялянствам у 1920-я гг. У Якуба Коласа гэтая тэма ледзь закранута ў апавяданнях, у Кузьмы Чорнага — таксама. Толькі ў Максіма Гарэцкага і Міхася Зарэцкага, пісьменнікаў, для якіх увага да праблем асобы характэрная ў большай ступені, чым да агульных праблем селяніна, гэтая тэма прадстаўлена шырока.

Тое, што вёска, яе вобразы, мова, звычкі, побыт — ягоная тэма, Крапіва зразумее даволі хутка. Ужо да 1925 г. спыніцца «канвеер» вершаваных палітычных фельетонаў, адыдуць на другі план вершы, у якіх крытыкуецца адсталасць і цемрашальства, «ідыятызм» вясковага жыцця. Ягоныя байкі (між іншым, і тыя, што потым сталі хрэстаматыйнымі, у першых рэдакцыях гучалі не зусім так, як зараз — Крапіва «прыгладзіў» іх у суровыя часы) — цікавыя хутчэй не мараллю сваёй, не дыдактыкай, а каларытнасцю, прадметнасцю, яркімі дэталямі — былі зноў жа пераважна «вясковымі». Старанна падкрэсліваючы значэнне стылёвых знаходак Кузьмы Чорнага ці Максіма Гарэцкага, мы неяк забываемся сплаціць даніну Крапіве. Байка, як і эпіграма, зусім не «нізкі» паэтычны жанр — наадварот, хутчэй «элітны». Пры строгім лаканізме моўных сродкаў, сцісласці, кампактнасці яна патрабуе адначасова канцэнтраванай выразнасці, адшліфаванасці і змястоўнасці. Крапіва ўжо ў 1920-я гг. здолеў даказаць, што беларуская літаратурная мова выдатна «ўпісваецца» ў строгую структуру байкі, не страчваючы пры гэтым народнага каларыту. Вядома, па прыродзе свайго таленту Крапіва не імкнуўся адлюстраваць беларускую вёску ў вершах і байках універсальна. Але стыхію народнага гумару, смеху, тыя асаблівасці менталітэту беларуса, якія прымушаюць яго глядзець і на свет, і на сябе трошкі іранічна, ён здолеў перадаць так, як ніхто ні да яго, ні пасля. А смех беларуса — ачышчальны. Ён дапамагаў выжыць на гэтай не надта ўрадлівай, шчодра палітай за стагоддзі крывёю зямлі, выстаяць супраць іншаземцаў і яшчэ горшых за іх уласных паноў і падпанкаў.

Папулярнасць вершаваных твораў Крапівы ў 1920-я гг. была велізарнай. I зусім не таму, што ён «падрабляўся» пад не надта патрабавальныя густы. «Біблію» паэта-сатырыка кантрабандай цягалі ў Заходнюю Беларусь, тра- дыцыйна больш адданую хрысціянскім ідэям, чым Усходняя. «Біблія» не закранала і не магла закранаць гуманістычных асноў хрысціянства. Яна проста адлюстравала той спрадвечны парадокс, які ўзнікае пры ўзаемадзеянні высокай ідэі і звычайнай, будзённай рэальнасці. Гэты парадокс, дарэчы, Крапівой не першым быў адлюстраваны. Яраслаў Гашак, Франсуа Рабле бліскуча перадалі чыста народны (менавіта гумарыстычны) погляд на імкненне высокую ідэю матэрыялізаваць у жыццёвую форму. Цяжка любой рэлігіі сярод жывых людзей. Бо прадстаўнік яе на зямлі — такі ж чалавек, як і ўсе. Тоўсты бацюшка — смешна. Худы — таксама. Бо той, хто вучыць Божаму слову, павінен быць ідэальным ва ўсіх адносінах. А для жывога чалавека гэта, бадай, немагчыма…

Тое ж самае датычыцца і «Бібліі». Селянін як бы «прымерваў» біблейскіх герояў да свайго жыцця. А яны ў ім часта выглядалі недарэчна. I Крапіва проста скарыстаў той жа прыём, які прымяняўся яшчэ ў батлейцы.

Такую павярхоўную «бязбожнасць», уласцівую народнай свядомасці, і адлюстраваў Крапіва ў сваёй «Бібліі».

Асобна стаяць сатырычныя апавяданні пісьменніка Яны, бадай, з найбольшай вастрынёй і трапнасцю ў беларускай літаратуры высмейваюць тую прафанацыю рэвалюцыі, панаванне абывацельшчыны ў знешне «звышідэйным» савецкім грамадстве. Такія творы, як «Недарэчная штука», «Вось тут і пішы», «Кляса», «Падарожнае», «Ідэі», «На алкагольным фронце», дазваляюць убачыць рэальныя, непрыхарошаныя праблемы савецкага грамадства — праблемы, якія з 1920-х гг. перайшлі і ў сённяшняе, постсавецкае, жыццё. Толькі хто ведае сёння гэтыя апавяданні? Хваля вяртання забытых твораў неяк абышла Крапіву, а сам ён пры жыцці старанна маўчаў пра многае, напісанае ў 1920-я гг., мабыць, памятаючы пра тое, што ў 1930-я гг. многія з гэтых твораў маглі стаць смяротным прысудам.

Крапіва, як і Колас, і Чорны, і Бядуля, заклікаў да таго, каб у аснову новага жыцця пакласці тыя прынцыпы, тую філасофію, якая выпрацоўвалася і шліфавалася тысячагоддзямі. Але хто паслухаў іх, як і рускіх Шолахава, Ясеніна, Ляонава, Прышвіна?

Вопыт ягонага рамана «Мядзведзічы» (1932) — як станоўчы, так і адмоўны, таксама меў немалое значэнне для беларускай прозы. Структурна-кампазіцыйныя прынцыпы пабудовы гэтага твора былі ўзяты на ўзбраенне, развітыя і ўдасканаленыя раманістыкай 1960-х — 1970-х гг. Крапіве ўдалося сцвердзіць жыццяздольнасць і арганічнасць для асваення нацыянальнай, сялянскай тэматыкі рамана, напісанага на сумежжы сацыяльна-бытавога і сацыяльна-псіхалагічнага твора, намеціць лінію, для развіцця літаратуры проста неабходную. «Лакальны» па месцы дзеяння, канфліктах, калізіях, раман «Мядзведзічы», тым не менш, аказаўся вельмі прыдатным для стварэння праўдзівага, глыбокага малюнка жыцця беларускай вёскі на працягу значнага адрэзку часу — значнага не па працягласці, а па насычанасці падзей, унутраным драматызме.

Крапівінская проза падрыхтавала і будучага драматурга. Уменне валодаць — у апавяданні і рамане — самымі рознымі тыпамі сюжэта, даведзеная да амаль што поўнай дасканаласці моўная характарыстыка героя, мастацкае пераасэнсаванне «смехавога свету» Беларусі — якасці, набытыя і развітыя ў прозе, — паспрыялі творчаму сталенню выдатнага камедыёграфа.

Чаму ж творчы шлях Крапівы-празаіка спыніўся на пачатку 1930-х гг.? Час панавання вульгарна-сацыялагічных канонаў не дазваляў пісьменніку далей развівацца ў абраным напрамку. I паказ сапраўдных заган жыцця ў вострых сатырычных апавяданнях, і праўдзівае адлюстраванне калектывізацыі (такое, якім быў партрэт неабагуленай вёскі ў першай частцы рамана «Мядзведзічы») у эпоху панавання нарматывістыкі былі немагчымымі.

Пераход Крапівы ў драматургію быў своеасаблівым кампрамісам: з аднаго боку, збярогся вопыт, набыты ў прозе, з другога — драматургія — род літаратуры, які выключае непасрэднае аўтарскае ўмяшанне, дзе героі гавораць самі за сябе, — дазваляў, захоўваючы мастацкую аб’ектыўнасць, пазбегнуць у пэўнай ступені прэсінгу вульгарна-сацыялагічнай крытыкі.

Ці здолеў Крапіва стварыць новую галіну на дрэве нацыянальных традыцый прозы? Думаецца, здолеў. Славутая «Палеская хроніка» Івана Мележа, безумоўна, стваралася пад неаспрэчным уплывам «Мядзведзічаў». Сюжэт, канфлікт, многія вобразы, форма рамана-хронікі (таксама дастаткова гнуткая) дазваляюць гаварыць пра тое, што вядучы беларускі празаік 1960—1970-х гг. выкарыстоўваў і набыткі свайго папярэдніка. Скарыстаны быў, мабыць, не толькі станоўчы, але і адмоўны вопыт: «Палеская хроніка» знітавана магутным эпічным вобразам Васіля Дзятла, тэкст рамана «лірызаваны», ды й шматпланавасці ў мележаўскім рамане больш. У творчасці астатніх пасляваенных празаікаў «вясковай» тэмы ўплыў значна меншы — гэта ў першую чаргу звязана з выкарыстаннем рознага жыццёвага матэрыялу: пасляваенная вёска на Мядзведзічы ўжо не падобная і праблемы ў яе іншыя.

Гаворка ў гэтым артыкуле ішла ў асноўным пра творы 1920-х — пачатку 1930-х гг., і невыпадкова: Крапіва і пазней напісаў шмат адметных твораў — вершы, байкі, некалькі п’ес, у тым ліку і выдатную, незаслужана забытую камедыю «Мілы чалавек», і яркую, арыгінальную «Браму неўміручасці». I тым не менш, галоўнае, што было ім зроблена, — зроблена за два дзесяцігоддзі пасля рэвалюцыі. I тут ён не быў выключэннем. Бо тых, каго не знішчыла машына рэпрэсій, задушыла сталінская цэнзура, антылітаратурныя законы, тэорыя «бесканфліктнасці». Панаванне іх цягнулася дзесяцігоддзямі, і ніводнаму з пісьменнікаў не ўдалося прабіцца праз гэтую сістэму «літаратурнай селекцыі». Зробленага Крапівою будзе дастаткова для таго, каб застацца ў беларускай літаратуры надоўга. Але, як і Чорны, Зарэцкі, Калюга, Мрый, ён так і не здолеў рэалізаваць свой зусім не малы патэнцыял. I таму Крапіва фігура не менш трагічная, чым ягоныя паплечнікі па «Узвышшы». Бо для сапраўднага пісьменніка няма нічога горшага, як не напісаць тое, што ён хацеў і мог.

Сёння відавочны і яшчэ адзін факт. Крапіва патрабуе перачытвання, і перачытвання ўважлівага. Мы ўжо адзначалі, што цэлы шэраг апавяданняў 1920-х гг. доўгі час быў практычна невядомы, заставаўся па-за ўвагай.

Але хіба толькі апавяданні засталіся «белай плямай»? Раннія вершы, паэма «Шкірута», выдатны ўзор дэгераіза цыі «ваеннай тэмы», драма «Канец дружбы», суровы аб’ектыўны летапіс нораваў эпохі калектывізацыі, «Мілы чалавек», п’еса, якая за пяцьдзясят гадоў да ўсялякіх перабудоваў высвеціла галоўныя заганы савецкай чыноўніцкай сістэмы, тыя заганы, што ўрэшце гэтую сістэму загубілі, — пералік можа быць намнога даўжэйшым. Пакуль мы не перачытаем усё гэта нанова, сапраўды будзе існаваць спакуса аб’яўляць Крапіву «шэрым кардыналам», служкам сістэмы. Але ён ніколі не быў нічыім служкам. Ён ішоў на кампраміс, калі не было выйсця, як ішлі і Янка Купала, і Якуб Колас, і Максім Гарэцкі, ён жа, калі пачыналася чарговая «адліга», вяртаўся на страчаныя пазіцыі. Яго творы, вядомыя і невядомыя, — лепшае таму сведчанне. I гэта — рэальны воблік пісьменніка, якому выпала жыць і працаваць у суровыя часы, адстойваць тыя ідэі, якія былі не ў пашане ў сістэмы на працягу ўсіх гадоў яе існавання. А тая рыса, якую часам яму ставяць у дакор, у яго сапраўды была. Крапіва не любіў смелых і вострых выступленняў з высокіх трыбун. Яшчэ ў 1920-я гг. ён высмейваў маладнякоўскія дыспуты, спрэчкі, «бурапену». Ён не надта быў схільны да «гарачых» газетных «прамоў», інтэрв’ю, у яго на гэты конт была свая думка — за пісьменніка павінны гаварыць ягоныя творы, а не ягоныя прамовы. I, мусіць, тут ён таксама меў рацыю.

 

П. І. Навуменка,
кандыдат філалагічных навук, дацэнт

Крыніца публікацыі: Навуменка, П. Час вяртання даўгоў: неюбілейныя нататкі з нагоды 100-гадовага юбілею / П. Навуменка // Роднае слова. — 1996. — № 3. — С. 3—16.