Аркадзь Куляшоў
(1914—1978)
Аркадзь Куляшоў — буйны беларускі паэт ХХ стагоддзя. Ён пакінуў творчую спадчыну, якая сёння па праву лічыцца класікай. Куляшоў-паэт выявіў глыбокае разуменне сутнасці жыцця, напружанае дыханне сваёй гістарычнай эпохі і маштабнасць светабачання сучаснага чалавека.
Пра жыццё і творчасць паэта
Біяграфія паэта, як вядома, змяшчаецца ў яго творах. Гэта абсалютна стасуецца да асобы Аркадзя Куляшова. Жыццёвыя факты і рысы духоўнага вобліку паэта можна шчодра пачарпнуць з яго твораў. Ён неаднойчы аглядаў пройдзены шлях, звяртаўся да вобразаў дзіцячай і юнацкай пары. Вобраз яго роднай ракі Бесядзі, якая імкне да акіяна, стаў адным з самых яскравых паэтычных сімвалаў у беларускай літаратуры.
Аркадзь Аляксандравіч Куляшоў нарадзіўся 6 лютага 1914 г. у мястэчку Саматэвічы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні (цяпер Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці) у сям’і настаўнікаў.
Рэчка Бесядзь паўстае з твораў Куляшова ўвасабленнем жыццёвых вытокаў, яна — пачатак усяго галоўнага і сапраўднага ў душы паэта. Гэтым вобразам падкрэсліваецца духоўная сувязь аўтара з дзяцінствам, малой радзімай, роднымі і сябрамі, з усім тым, што назаўсёды ўвайшло ў сэрца, стала неад’емнай часцінкай яго ўнутранага свету і кругагляду.
Звернемся да жыццёвых вытокаў А. Куляшова, да крыніц яго паэтычнай творчасці. Сярод фактараў, што фарміравалі асобу паэта, прадвызначалі яго шлях, трэба назваць незвычайную атмасферу таго новага часу, у многім рамантычнага і насычанага бурнымі падзеямі, і той асяродак, у якім адбывалася станаўленне паэтычнага таленту юнака.
Першыя вершы былі напісаны будучым славутым паэтам яшчэ ў дзяцінстве. Натхненне абуджала краса навакольных краявідаў. Сямейнае выхаванне, далучанасць да чытання таксама ўплывалі на адоранага хлопчыка. Першыя вершаваныя спробы Аркадзь зрабіў на рускай мове. Тлумачыцца гэта тым, што перш ён пачаў знаёміцца з творамі рускай літаратуры. Жаданне выказаць свае пачуцці і думкі на роднай мове прыйшло да А. Куляшова пазней, хоць таксама ў раннім узросце.
Актыўнаму засваенню багатага вопыту і культуры рускага паэтычнага слова садзейнічала, несумненна, тэрытарыяльная блізкасць родных мясцін Куляшова да Расіі. Сувязь беларускага паэта са смаленскай паэтычнай школай застанецца на ўсё жыццё адной з самых важных для яго творчых падзей. Уплыў на Куляшова паэзіі Міхаіла Ісакоўскага і Аляксандра Твардоўскага выявіўся яшчэ задоўга да іх асабістага знаёмства і творчага супрацоўніцтва. Гэта выразна заўважаецца ў песенна-лірычнай аснове многіх вершаў беларускага паэта канца 1920 — 1930-х гг. Духоўнае прыцягненне да вялікай рускай паэзіі будзе суправаджаць Куляшова ўсё жыццё. Ён увойдзе ў гісторыю беларускай літаратуры і як выдатны перакладчык з рускай мовы. Дзякуючы Куляшову з усёй магутнай сілай мастацкай выразнасці загучалі па-беларуску вершы і паэмы А. С. Пушкіна і М. Ю. Лермантава, а сярод іх такія паэтычныя шэдэўры, як «Яўгеній Анегін», «Цыганы», «Мцыры».
Аднак вернемся да сямейнага выхавання будучага паэта. З дзяцінства ў яго душу і сэрца ўвайшла музыка. Прыгожыя галасы мелі бацькі паэта. Аляксандр Мікалаевіч Куляшоў нават спяваў у народнай оперы, калі нейкі час жыў у Маскве. Аркадзь меў магчымасць слухаць у дзяцінстве грамафонныя запісы папулярных на той час выканаўцаў. Ды і сам ён, па згадках дачкі Валянціны, любіў спяваць, валодаў добрым голасам. У сваёй кнізе «Лясному рэху праўду раскажу…» (1989) В. Куляшова піша пра ролю музыкі ў фарміраванні стылю паэта. Яна заўважае: «Дзіцячае ўяўленне аб сувязі рытмічна арганізаванай мовы з музыкай аказалася такім трывалым, што ўсе свае раннія вершы Куляшоў ствараў, як песні, разам з мелодыяй».
Друкаваць свае вершы малады паэт пачаў яшчэ падчас вучобы ў Саматэвіцкай сямігодцы, у якой ён вучыўся ў 1921—1928 гадах. Першы верш Куляшова «Ты мой брат» быў надрукаваны ў 1926 г. у клімавіцкай акруговай газеце. А з 1927 г. паэт пачынае актыўна выступаць у рэспубліканскім друку Напачатку ён абраў сабе псеўданім Аркадзь Дуда. Варта звярнуць увагу на тое, што псеўданім быў узяты з музычнай сферы. Дуда — старажытны беларускі музычны інструмент, выканаўцы, якія ігралі на ім называліся дударамі. Адмовіўся Куляшоў ад прыдуманага псеўданіма хутчэй за ўсё таму, што падобны псеўданім меў на той час адзін з вядомых паэтаў-маладнякоўцаў — Алесь Дудар.
Малады аўтар эксперыментаваў над вершам, імкнуўся разнастаіць мову паэзіі. Так, пэўная празаiзацыя вершаваных радкоў заўважаецца ў яго паэмах «Крыўда» і «Аманал». Гэтыя і іншыя пошукі (напрыклад, выкарыстанне прынцыпу рамантычнай умоўнасці), мяркуючы па ўсім, не былі дарэмнымі, яны пэўным чынам адгукнуліся пазней у творчасці сталага А. Куляшова — смелым размахам паэтычнай думкі. Даваенны перыяд творчасці А. Куляшова адметны перш за ўсё імкненнем паэта да інтанацыйнай і меладычнай выразнасці паэтычнага слова. Прыкметна выявілася яго схільнасць да класічнай упарадкаванасці і гарманічнай суразмернасці паэтычных форм.
Песенна-лiрычная, меладычная плынь вызначае гучанне радкоў у адным з самых ранніх вершаў А. Куляшова «Бывай…» (1928). Гэты твор — шчырая і прачулая песня кахання юнака. У вершы з’яўляецца вобраз дзяўчыны Алесі, і гэтае імя стане адным з сімвалаў у творчасці Куляшова. Чысціні юнацкіх мар i рамантычных парыванняў сэрца як найлепш адпавядала якраз празрыстая, лёгкая, мілагучная мелодыя радка. З музычным пачаткам звязана раскрыццё пачуццяў у вершах пра юнацтва, каханне, сяброўства: радасць, захопленасць жыццём, душэўны смутак, імкненне да новага, нязведанага.
У 1928—1930 гг. А. Куляшоў вучыўся ў Мсціслаўскім педагагічным тэхнікуме, пасля чаго пераехаў у Мінск, дзе ў 1931—1933 гг. займаўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Як быццам юнак ішоў услед за бацькамі, таксама як і яны авалодваючы пачэснай прафесіяй педагога. Аднак ужо па першых выніках паэтычнай творчасці было зразумела, што яго чакае іншая дарога, што прызванне паэта — гэта менавіта яму суджаны дар.
Па прызнанні самога А. Куляшова, вялікае значэнне ў яго жыцці мела сяброўства з паэтамі-землякамі Змітраком Астапенкам і Юліем Таўбіным. Разам з імі ён вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме. Яны шмат чыталі з сусветнай паэзіі, жыва абмяркоўвалі напісаныя творы. Гэтае кола маладых талентаў было якраз тым творчым асяродкам, які паспрыяў хуткаму станаўленню А. Куляшова як паэта са сваім уласным і непаўторным голасам, высокай культурай верша.
У 1930-я гг. пачынаюць выходзіць з друку кнігі паэта. Першая з іх мела назву «Росквіт зямлі» (1930). Затым адна за адной пабачылі свет наступныя кнігі: «Медзі дождж» (1932), «Па песню, па сонца!..» (1932), «Аманал» (1933). Ужо самі назвы сведчаць пра святочна-ўзнёслую настраёвасць вершаў, мажорны лад пачуццяў лірычнага героя, якія адпавядалі светаадчуванню той эпохі. Творчасць А. Куляшова выразна вылучалася ўжо ў 1930-я гг. на фоне тагачаснай маладой паэзіі менавіта сваімі фармальнымі якасцямі, вобразным ладам, апрацаванасцю верша. Творчы пошук маладога аўтара адзначаў Якуб Колас, рэцэнзуючы паэму «Аманал».
Незадоўга да пачатку Вялікай Айчыннай вайны выйшлі зборнікі А. Куляшова «Мы жывём на граніцы» (1938), «У зялёнай дуброве» (1940). У некаторых творах, асабліва ў паэме «Хлопцы апошняй вайны» (1940), адчуваецца пагрозлівае дыханне недалёкай ваеннай навальніцы.
Адным з самых значных дасягненняў куляшоўскай паэзіі даваеннага часу з’яўляецца нізка вершаў «Юнацкі свет» (1938—1941), у якой раскрываецца духоўны свет маладога сучасніка, будаўніка новага грамадства. Трохстопны ямб, якім напісаны шэраг вершаў А. Куляшова канца трыццатых («Музыка», «Глушцы», «Добры чалавек», «Стаіць на ўзлессі дом…»), нясе ў сабе не толькі адпаведную рытміку, але і перадае адчуванне ўзнёсласці пачуццяў паэта і яго лірычнага героя. Погляд Куляшова на свет падкрэслена рамантычны, не пазбаўлены ідэалізацыі. У яго вершах заўважаюцца рысы сапраўднай мастацкасці. З тонкім, пранікнёным лірызмам напісаны верш на тэму кахання «Карусель», вобразнасцю пейзажнага малюнка запамінаецца верш «Воблака». Непасрэднасць успрымання свету, прачулая інтанацыя, выразнасць аўтарскага «я», якое найчасцей жыццярадаснае, узнёслае, але можа быць і разважлівым, элегічным, — характэрная рыса паэзіі А. Куляшова даваеннага часу.
«Мая Бесядзь»
Творчыя прынцыпы і погляды А. Куляшова ўвасоблены ў вершы «Мая Бесядзь» (1940—1946). Галоўнай ідэяй твора з’яўляецца вызначэнне паэтам уласнага шляху ў літаратуры, роздум аб прызначэнні паэзіі, яе сувязі з агульнанародным жыццём. Паэт выказвае жаданне ісці ў паэзіі ўласным самастойным шляхам. На яго думку, для гэтага, апрача прыроднага таленту, патрабуецца праца і яшчэ раз праца, неабходна прыкласці вялікія намаганні дзеля духоўнага самаўдасканалення, пазнання ўсёй глыбіні народнага жыцця.
Куляшоў выкарыстоўвае для больш яскравага ўвасаблення сваёй задумы народную легенду пра легкадумную птушку каню, якая ўхілілася ад агульнай справы. Паводле падання, рэчышчы рэк былі калісьці выкапаны менавіта птушкамі. Глыбока паэтычны сэнс гэтай легенды заключаецца ў думцы аб тым, што і малымі сіламі, але настойлівымі намаганнямі можна дасягнуць многага. Усе птушкі дружна «капалі і ў дзюбах адносілі ў бор» зямлю, каб пасля мець даволі вады для агульнай карысці. І толькі каня адмовілася ад працы, «гуляла ды мыла… здзекамі» дбайных, руплівых птушак, за што і атрымала ў пакаранне такую долю — перабівацца толькі «кропляй дажджу», вечна вымольваючы яе ў палёце сваім тужлівым крыкам.
На аснове народнай легенды Куляшоў стварае верш-прытчу пра грамадскае значэнне мастацтва, пра тое, што паэт толькі тады можа лічыцца сапраўдным, калі ён ставіцца да сваёй справы з усёй адказнасцю і самаадданасцю.
Па сваёй кампазіцыі верш падзяляецца на дзве часткі. У першай пераказваецца народная легенда пра каню. У другой паэт гаворыць пра сябе, выяўляе ўласныя адносіны да паэтычнай творчасці. Часткі аб’яднаны паміж сабой па прынцыпе аналогіі. Прыклад з каняй выкарыстоўваецца аўтарам як падстава для разваг. Пры гэтым у другой частцы верша захоўваецца аналагічная першай частцы сістэма вобразнасці. Паэт як бы працягвае тую самую вобразную лінію, паставіўшы сябе ў такую ж сітуацыю. Толькі паводзіць ён сябе ад процілеглага. Бесклапотнасць і гультайства кані ставяцца ім у адзін шэраг з безразважнасцю тых творцаў, хто шукае «лёгкае славы». Пошукі славы для паэта згубныя, пра гэта, дарэчы, гаворыцца не ў адным куляшоўскім вершы. Настойлівасць у працы, самастойнасць і адказнасць за пачатую справу, імкненне да мэты, ісціны — гэта якасці, якія неабходныя сапраўднаму творцу. У сваёй творчасці ён не адасоблены ад надзей і клопатаў, мар і спадзяванняў іншых людзей. Капаючы «рэчышча ўласнай ракі», паэт якраз не аддаляецца, а набліжаецца да людзей, паколькі яго творчасць адкрыта ўсяму свету. «Крыніца спатканая», для якой паэт імкнецца расчысціць рэчышча, — гэта сімвалічнае ўвасабленне натхнення. Дзейсным і плённым слова паэта стане тады, калі яно будзе пераадольваць перашкоды, увасабляць рух наперад. Свой след творца пакіне тады, калі зможа дасягнуць прасцягаў народнага жыцця:
З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую,
Хачу, каб яна разлілася ракой…
Не Волгай магутнай,
Не нават Камаю,
Хоць Бесяддзю, што на радзіме маёй.
Рака Бесядзь у вершы згадваецца нездарма. Для Куляшова родная рэчка дзяцінства з’яўляецца сімвалам жыццёвых вытокаў, сувязі з грунтам народнага жыцця.
Для верша А. Куляшова характэрна метафарычная вобразнасць, якая робіць аўтарскую думку па-мастацку выразнай і яркай. «Сэрца абпалена смагай радка» — праз такі метафарычны вобраз выражаецца сутнасць паэтычнай творчасці, унутраны неспакой сапраўднага мастака.
Паколькі ў сюжэтнай і кампазіцыйнай аснове твора ляжыць народная легенда, яго мова набліжана да апавядальнай, у большай ступені раскаванай, чым строга рытмічна ўпарадкаваная вершаваная мова. Верш «Мая Бесядзь» напісаны танічным памерам. Пры гэтым у ім захоўваецца аснова сілабатанічнага памеру — амфібрахія. Дзякуючы гэтаму дасягаецца і рытмічная напружанасць, размеранасць гучання верша, і ў той жа час выяўляецца размоўна-апавядальная інтанацыя.
Пазней А. Куляшоў неаднойчы звяртаўся да тэмы паэзіі, да асэнсавання месца і ролі паэта ў грамадстве, усведамлення творчасці як жыццёвага прызначэння. У вершы «Я з юнацкіх дзён лічуся вязнем…» ён піша:
Я на ўсё жыццё абраў дарогу,
На якой калючак больш, чым руж.
Сэрца — як набат, што б’е трывогу
За мільёны падгарматных душ.
Місія паэта, як разумеў яе А. Куляшоў, вельмі адказная, яна патрабуе самаахвярнасці, аддачы ўсіх сіл творчасці як справе свайго жыцця, выяўлення праз паэтычнае слова суперажывання з цэлым светам. «Аб такім не пашкадую лёсе, // Бо, юнацкі помнячы зарок, // Паўтарыў бы зноў, каб давялося, // Я жыццё сваё — за крокам крок», — так запэўнівае ў канцы гэтага верша аўтар.
У суровыя дні вайны
Вайна застала Аркадзя Куляшова ўдалечыні ад Мінска, у Хоцімску. Так здарылася, што паэт не здолеў развітацца з сям’ёй, шляхі з ёй разышліся ў сумятні ваеннага бязладдзя. Вярнуўшыся ў Мінск у пошуках сям’і, Куляшоў быў вымушаны пакідаць сталіцу пехатою, падаючыся з ахопленага пажарамі горада на ўсход. Асабістыя ўражанні першых дзён вайны эмацыянальна і вобразна ўзноўлены паэтам у паэме «Сцяг брыгады» (1942), дзе эпізод развітання з родным горадам пададзены са шчымлівым болем і смуткам:
Як ад роднай галінкі дубовы лісток
адарваны,
Родны Мінск я пакінуў, нямецкай
бамбёжкаю гнаны.
Міма дрэў, міма дрэў
Усю ноч я ішоў, — за спіною
Родны горад гарэў,
І не ведала сэрца спакою.
У 1941—1943 гг. А. Куляшоў быў на фронце. Па бясконцых і нялёгкіх дарогах вайны ён праходзіць ваенным журналістам, знаходзячыся ў складзе рэдакцыі армейскай газеты «Знамя Советов». У гэтай газеце А. Куляшоў друкуе вершы на рускай мове, жартоўныя вершаваныя апавяданні пра байца Аляксея Пятрова ў сааўтарстве з Ігарам Чэкіным. У самы разгар вайны ён стварае вершы «Балада аб чатырох заложніках», «Над брацкай магілай», «Ліст з палону», «Віцебская махорка», «Камсамольскі білет» і інш., якія сталі значным укладам у мастацкі летапіс народнага змагання. У гэтых паэтычных творах пачуцці аўтара дасягаюць найвышэйшага напалу і эмацыянальнага ўздыму, асабістыя балючыя перажыванні раскрываюць горыч і цяжар унутраных выпрабаванняў, якія выпалі на долю мільёнаў людзей.
Паэма «Сцяг брыгады» стваралася А. Куляшовым у франтавых умовах. Выдадзеная ў 1943 г., яна зрабіла вялікае ўражанне на чытачоў, уздымала баявы дух народа, клікала да змагання і помсты ворагу. Аляксандр Твардоўскі, які высока ацаніў гэты эпічны твор, назваў яго «народнай паэмай». Галоўная тэма гэтага ліра-эпічнага твора — вернасць да канца вайсковаму абавязку, пранесеная праз шматлікія выпрабаванні некалькімі акружэнцамі, што засталіся ў жывых з цэлай брыгады. У сваім нялёгкім вандраванні па заняволенай ворагам роднай зямлі яны маюць магчымасць сваім уласным лёсам змерыць глыбіню народных пакут, пераканацца ў тым, што для таго каб наблізіць жаданую перамогу, патрэбны мужнасць і рашучасць кожнага.
У дні вялікай бяды і барацьбы з ворагам паэт імкнуўся знайсці словы і вобразы, якія раскрывалі б усю глыбіню трагедыі народа. Драматызуецца сама мова яго твораў, убіраючы ў сябе жывыя галасы, сведчанні мужнасці, гневу і смутку. Чытаеш сёння балады ваеннага часу А. Куляшова і адчуваеш, што толькі такой, суровай, узвышанай, выразна акцэнтаванай, як быццам рубленай мовай якраз і можна было выказаць тое, што перапаўняла сэрца паэта і з’яўлялася адначасова выяўленнем агульных настрояў і памкненняў.
Вось пачатак «Балады аб чатырох заложніках»:
Іх вядуць па жытняй сцяжынцы.
Чатырох.
Пад канвоем.
З дому.
Чатырнаццаць — старэйшай дзяўчынцы,
Тры гады хлапчуку малому.
Увесь трагізм сітуацыі, здаецца, сканцэнтраваны ў гэтым запаволеным разгортванні аповеду, гэтых, быццам метраномам адмераных, скупых і важкіх словах, за якімі боль суперажывання.
Верш «Над брацкай магілай» (1942) напоўнены смуткам і жалобай па тых, хто загінуў, баронячы са зброяй у руках Радзіму ад захопнікаў. Разам з гэтым верш А. Куляшова прасякнуты суровым і мужным пачуццём грамадзянскага, патрыятычнага абавязку, які належыць выканаць да канца кожнаму, хто застаўся ў жывых.
Паэт выказвае пачуцці болю, гневу і смутку, якія перапаўняюць яго перад магілай байцоў, якія сумленна выканалі свой салдацкі абавязак. Яны знайшлі апошні прытулак на братняй зямлі, якая для іх такая ж родная і свая, як і тая, на якой яны, «хлапцы беларускія», нарадзіліся. Асабісты боль аўтара зліваецца з агульнымі пачуццямі тых, хто схіліўся разам з ім над брацкай магілай байцоў. Гэтае адзінства адчуванняў, паяднанне асабістага і агульнага выяўляюцца ў вершы ў тым, што ў ім выказванне ад першай асобы перамяжоўваецца з выказваннем ад імя абагульненага «мы». Пры гэтым якраз дамінуе выяўленне агульнага, супольнага адчування. Займеннік «мы» прысутнічае на пачатку і ў канцы твора, а выказванне ад аўтарскага «я» ўяўляе сабой своеасаблівую лірычную ўстаўку. Аўтарам акцэнтуецца ўвага на нацыянальнай прыналежнасці тых, хто складае гэтае абагульненае «мы»: «Мы сяброў засыпаем зямлёй — // Ленінградцы, татары, узбекі, // Мы клянёмся варожай крывёй // Напаіць беларускія рэкі». Інтэрнацыянальнае братэрства змацавана крывёю, пралітай дзеля абароны жыццяў мільёнаў людзей, у імя агульных гуманістычных ідэалаў. У назве твора прыметнік «брацкая» нясе ў сабе не толькі намінальнае, але і метафарычнае значэнне. Такім чынам, тэма інтэрнацыянальнай салідарнасці з’яўляецца ў вершы адной з асноўных, ідэйна значных.
Пачынаецца верш «Над брацкай магілай» з апісання канкрэтнай мясціны, дзе знайшлі спачын абаронцы. Пры гэтым характэрнай асаблівасцю пейзажу з’яўляецца тое, што прыродныя прыкметы падаюцца праз супастаўленне. У рускай вёсцы Лажыны, якая знаходзіцца пад Стараю Русаю, усё такое ж, як і ў роднай для палеглых байцоў Беларусі:
Там жаўцеюць
Прыгожыя
Краскі
За вёскай у лузе,
Там ржавеюць
Варожыя
Каскі,
Нібы ў Беларусі.
Звернем увагу на размяшчэнне вершаваных радкоў і спосаб рыфмоўкі ў прыведзеным урыўку. Пабудова гэтых радкоў адрозніваецца ад той, якая характэрна для пачатковых, больш «падоўжаных» радкоў («Ёсць пад Стараю Русаю // Руская вёска Лажыны…»). У працытаваных вышэй радках усяго па адным слове. Па сутнасці, вершаваныя рады (вершарады), гэта значыць рытмічна завершаныя цэласнасці, тут два (першы заканчваецца на слова «лузе», другі — «Беларусі»). Сугучнымі з’яўляюцца словы, якія знаходзяцца ўнутры сказаў. Адпаведна вылучаюцца наступныя рыфмаваныя пары: жаўцеюць — ржавеюць, прыгожыя — варожыя, краскі — краскі. Гэтыя рыфмы, якія змяшчаюцца не так, як звычайна, у канцы вершаванага рада, а ўнутры яго, называюцца ўнутранымі рыфмамі. А. Куляшоў выкарыстаў спецыфічны від унутранай рыфмы — пантарыфму, сутнасць якой заключаецца ў тым, што ў сказе аказваюцца сугучнымі між сабой усе або амаль усе словы. Гэта значыць, што кожнае наступнае слова ў вершаваным радзе рыфмуецца з адпаведна размешчаным словам у іншым радзе. Каб вылучыць гэтыя ўнутраныя рыфмы, паэт і ўвёў дадатковую разбіўку вершаваных радкоў. Якой жа мастацкай задачай кіраваўся пры гэтым аўтар? Як вядома, рыфма ў паэзіі з’яўляецца не простым гукавым аздабленнем. Яна часцей за ўсё выконвае значную сэнсавую нагрузку. З яе дапамогай падкрэсліваецца значэнне вылучаных слоў. На тыя словы, на якія прыпадае рыфма, звяртаецца чытачом асаблівая ўвага.
Давайце больш уважліва прыгледзімся да слоў, вылучаных у вершы: жаўцеюць — ржавеюць, прыгожыя — варожыя, краскі — каскі. Словы гэтыя блізкія па сваім гучанні. Асаблівай сугучнасцю вылучаецца апошняя пара, у якой словы адрозніваюцца толькі адным дадатковым гукам. Аднак відавочна таксама, што словы ў гэтых сугучных парах рэзка кантрастуюць па сваім значэнні. З аднаго боку, яны абазначаюць тое, што адносіцца да жывой прыроды, што характарызуецца як аздоба жыцця, з другога — тое, што ўяўляе сабой штосьці чужароднае чалавеку і самому жыццю. Аўтар якраз і хацеў суаднесці і кантрасна адцяніць, сутыкнуць з дапамогай сугучнасці гэтыя розныя сферы, якія супрацьстаяць адна адной у час вайны.
Супрацьпастаўленне жыцця і смерці праходзіць праз увесь верш. Пахаванню салдатаў, жорсткай рэальнасці змагання з ворагам супрацьпастаўляюцца малюнкі былога мірнага жыцця. Вонкавая стрыманасць тых, хто развітваецца з палеглымі воінамі, кампенсуецца напружанасцю іх душэўнага стану, абвостраным усведамленнем імі недарэчнасці смерці, якая абрывае жыццё людзей у самым росквіце іх сіл. Хоць у вершы некалькі разоў і падкрэсліваецца, што таварышаў хаваюць «без слёз», але ў той жа час у душы лірычнага героя і ўсіх, хто стаіць над брацкай магілай, адбываецца як бы «ўнутранае галашэнне». Аўтар уводзіць у твор фальклорныя матывы народных галашэнняў з іх кантрасным супрацьпастаўленнем праяў жыцця і смерці, успамінамі пра паводзіны і ўчынкі памерлага, яго душэўныя якасці:
Мы не плачам, хоць знаем,
не проста салдацкія косці
Засыпаем мы жвірам халодным,
а большае штосьці…
Засыпаем мы твары
з вачамі і вуснамі тымі,
На якіх пацалункі
дзяцей і жанок не астылі.
Жвірам сыплем на рукі,
якія дзяцей тых насілі,
Жвірам сыплем на ногі,
якія паўсвету схадзілі.
Паэт выкарыстоўвае тут лексіку, характэрную для фальклорных твораў, пры гэтым некаторыя словы, якія з’яўляюцца ключавымі, найбольш паказальнымі для жанру народных галашэнняў (жвір, вочы, вусны, рукі, ногі), паўтараюцца ў тэксце некалькі разоў. Паўторы — гэта адзін з самых распаўсюджаных і характэрных для фальклорнай творчасці мастацкіх прыёмаў. Паўтарэнне асобных слоў, выразаў, сказаў з’яўляецца сродкам ўзмацнення вобразна-паэтычнага выказвання, надання твору дадатковай эмацыянальнай выразнасці. Паэт скарыстоўвае такі сродак, як анафара: у пачатку многіх радкоў паўтараюцца адны і тыя ж словы або спалучэнні слоў. Словы-паўторы вылучаюцца па сэнсе. У дадзеным выпадку гэта: там, мы, засыпаем, жвірам… Паўтараюцца ў вершы Куляшова і асобныя сказы аналагічнай будовы. Усё гэта робіць надзвычай разнастайнымі інтанацыю верша, яго гучанне.
Пачуццёвае напружанне дасягае ў вершы найвышэйшай кропкі тады, калі паэт пераходзіць да непасрэднага выказвання таго, што перапаўняе яго сэрца ў гэты драматычны момант. З яго сэрца выліваецца боль і туга па пакінутай роднай зямлі, на якой цяпер лютуе вораг. Прага вызвалення Радзімы з-пад фашысцкай акупацыі, вяртання да таго, што даражэй за само жыццё, выяўляецца ў эмацыянальна ўзвышаных, метафарычных вобразах. Паэт імкнецца зліцца з роднай зямлёй усёй сваёй істотай, яму дарагія ўсе яе праявы: «Сэрца просіць шляхоў, // Што цяжкім маім ботам пад сілу; // Наглытацца хачу туманоў, // Твайго ветру і пылу…» Усім, хто ўступіў у зацятае змаганне з ворагам, — і палеглым на полі бою, і тым, каму наканавана выканаць да канца святую справу вызвалення краіны ад гітлераўскіх захопнікаў, — патрэбна не часцінка роднай зямлі «ў дарожным мяшочку», а ўся Радзіма з яе краявідамі і неабсяжнымі даляглядамі.
Верш А. Куляшова «Над брацкай магілай» уяўляе сабой такую ідэйна-мастацкую цэласнасць, дзе глыбока спалучана грамадскае і асабістае. Лёс Радзімы хвалюе аўтара як штосьці самае значнае, дарагое, запаветнае.
Маштабнасць паэтычнай думкі
У пасляваенны час паэзія А. Куляшова ўздымаецца на найвышэйшы ўзровень мастацкай дасканаласці. У яго творах, асабліва ў 60—70-я гады, выяўляецца ва ўсёй паўнаце складаны духоўны свет сучасніка, уздымаюцца самыя надзённыя і важныя пытанні існавання грамадства і ўсяго чалавецтва. У гэты час узмацняюцца філасофскія матывы ў творах паэта. Усеагульнае прызнанне як узор глыбокай філасофскай лірыкі атрымала яго «Новая кніга» (1964). Характэрнай адметнасцю гэтага зборніка з’яўляецца інтэлектуальнасць, маштабнасць мыслення, сімвалічнасць вобразаў.
Зямное паэт часта суадносіў з вобразамі касмічнага маштабу. Лірычны герой Куляшова ўсведамляе сябе неаддзельнай часцінкай сусвету. «Мільёны лёсаў змешчаны ў маім, // Яшчэ да дна не вычарпаным лёсе», — так сцвярджае ён у адным з вершаў. Паэт параўноўвае свайго лірычнага героя з зямным і касмічным «акіянамі»: «Я — трэці свет, я кропелька малая тых светаў двух — звычайны чалавек…». Аднак аказваецца, што не такі ён і просты, гэты чалавек, які «неба і зямлю ў сабе змяшчае».
Для паэта быў уласцівы засяроджаны роздум над надзённымі праблемамі сваёй эпохі. У творах А. Куляшова 1960—1970-х гг. ярка выяўлены пафас трывогі пра лёс чалавечай цывілізацыі, гучыць перасцярога паэта-гуманіста наконт магчымай катастрофы — тэрмаядзернай, экалагічнай. Непасрэдная пагроза самазнішчэння чалавецтва абвастрыла паэтычнае светаўспрыманне, прымусіла задумацца над сутнасцю чалавека і часу, над жыццём і нябытам. Чалавек злучае сабой мінулае, сучаснае і будучыню. Праз яго ўспрыманне, мысленне і адчуванне праламляецца ўвесь свет. Паэт з гуманістычных пазіцый сцвярджаў унікальнасць асобы чалавека, каштоўнасць яго жыцця. Ён гаварыў пра непаўторнасць прыроды, калыскі чалавецтва — планеты Зямля, заклікаў людскую супольнасць да абачлівасці і адказнасці за сваю будучыню (паэма «Цунамі», вершы «Ты згасіш сонца, час, але не згіне…», «Сама Зямля не вечна — час даводзіць…», «Парушыўшы законы прыцягнення…» і інш.). Касмічныя законы патрабуюць ад людзей прытрымлівацца ў сваім жыцці гарманічных стасункаў з навакольным светам, меры разумнасці і абгрунтаваных дзеянняў. У гэтым адзін з важнейшых урокаў выдатнага паэта для сучасных і наступных пакаленняў.
Характэрныя прыкметы ХХ стагоддзя вызначаюцца паэтам праз такія глабальныя паняцці, як рух, паскоранасць, хуткасць. Адзін з самых значных вершаў, які даў назву кнізе паэзіі, што выйшла ў 1976 г., называецца якраз «Хуткасць». Над усімі хуткасцямі, якімі вызначаецца дынамічны поступ веку, паэт узвышае хуткасць думкі чалавека, якая «стагоддзе абганяе, з тысячагоддзем размаўляе ўслых». Менавіта духоўная, інтэлектуальная моц чалавека дае яму магчымасць працягнуць руку «з дваццатага ў трыццатае стагоддзе». Час і прастора як самыя маштабныя філасофскія катэгорыі становяцца аб’ектам асэнсавання ў многіх вершах А. Куляшова заключнага перыяду яго творчасці.
Вялікаю ўвагу надае паэт у гэты перыяд дасканаласці мастацкай формы сваіх твораў, якая вызначаецца гарманічнай упарадкаванасцю, класічнай яснасцю. Вялікім укладам у жанравую разнастайнасць беларускай паэзіі стала аўтарская страфічная форма — шаснаццацірадкоўі. Гэта вершаваныя творы, якія складаюцца з шаснаццаці радкоў, аб’яднаных спецыяльнай сістэмай рыфмоўкі, і вызначаюцца філасофскім характарам зместу. З шаснаццацірадкоўяў складаецца нізка «Снапы», у якой пачатковы верш заканчваецца такімі словамі:
І ёсць адказнасць перад строгім вершам,
Перад яго пачаткам і канцом —
Каб баразну, радком пачаўшы першым,
У сноп звязаць шаснаццатым радком.
Характэрна, што паэт, думка якога сягае ў касмічныя прасторы, звяртаецца тут да адвечных зямных вобразаў, здаўна ўласцівых беларускай паэзіі.
У невялікім вершы «Спакойнага шчасця не зычу нікому…» (1961) А. Куляшоў звяртаецца да пытання пра сэнс чалавечага жыцця. У прыватнасці, ён задумваецца, у чым заключаецца шчасце чалавека, з чаго яно складаецца. Якім яно павінна быць, шчасце? Выяўленнем спакою, ураўнаважанасці, усталяванасці і пэўнасці? Або неспакою, апантанасці, мэтаімкнёнасці, прагі нязведанага, заўсёднага творчага гарэння? Паэт адназначна выбірае другі варыянт. Пра гэта ўжо сведчыць сама назва твора. Верш разгортваецца як тлумачэнне гэтай абвешчанай напачатку тэзы. Шчасце заключаецца ў гарманічнасці і паўнаце адчуванняў, у цэласным спалучэнні разнастайных, у тым ліку і супрацьлеглых, якасцей і ўласцівасцей. Толькі жыццё, напоўненае супрацьборствам, напружаннем, можа даць адчуванне шчасця і пачуццё выкананага на зямлі прызначэння. Каб даць тлумачэнне заканамернасцей чалавечага жыцця, пазначыць у ім прыярытэты, паэт звяртаецца да разваг над з’явамі прыроды:
Навошта грымотам
маланка без грому,
Навошта ручай
без пякучае смагі…
Вучыцца адчуваць жыццё ва ўсёй паўнаце, шырыні праяў чалавек павінен якраз у прыроды. У гэтым заключаецца асноўная ідэя верша.
Супастаўленне прыроднага і чалавечага характэрна і для верша А. Куляшова «Я хаце абавязаны прапіскаю…» (1963). Удзячнасць маці суадносіцца з удзячнасцю роднай хаце, калысцы, «падвешанай пад столь». Паэт выказвае глыбокую ўдзячнасць усім з’явам і рэчам са свайго дзяцінства. У той жа час ён гаворыць і пра наяўнасць адваротнай сувязі: усё, створанае розумам і рукамі чалавека, павінна таксама быць удзячным яму сваім існаваннем. Самая моцная — духоўная сувязь паміж людзьмі. Лірычны герой верша прыпадабняецца да перажыванняў і адчуванняў маці, увасабляе яе боль і гнеў падчас ваеннага ліхалецця:
Я — матчын спеў, я — матчыны трывогі,
Я — матчын гнеў, які ўставаў на ногі,
Гнаў смерць на Захад — у нару з нары —
Трацілаваю пугай перамогі.
Пачуцці маці паўстаюць як рэальная сіла, здольная пераўтварыць свет, захаваць яго ад бяды. Вобраз калыскі як сімвал мацярынства супрацьпастаўляецца пачварнасці зла, яго хцівым намерам знішчыць усё жывое на Зямлі.
У вершы з усёй страснасцю і грамадзянскай перакананасцю аўтарам выяўлены антываенны пафас, сцвярджаецца ідэя абароны міру. Ад імя ўсяго франтавога пакалення, якое вызваліла свет ад карычневай чумы — фашызму, паэт упэўнена заяўляе:
Пазбавіўшы ад грознага відовішча
Свет, не дазволю я, каб дым і пыл
Зямлю ператварылі ў бамбасховішча,
Мільярд прапісак — у маўклівы прысак,
Мільярд калысак — у мільярд магіл.
Сугучнасць слоў калысак — прысак яшчэ больш падкрэслівае недарэчнасць, абсурднасць пагрозы, што навісла над светам і чалавецтвам.
«Маналог»
Зварот да пары дзяцінства і юнацтва — устойлівая прыкмета апошняга перыяду творчасці А. Куляшова. Паэт азіраўся ў мінулае, падсумоўваў пройдзены жыццёвы шлях, бачыў на ім страты і памылкі. Адным з выдатных твораў, у якім паэт звяртаецца ва ўспамінах да сваіх былых сяброў паэтаў Змітрака Астапенкі і Юлія Таўбіна, з’яўляецца цыкл вершаў «Маналог» (1964—1965). У гэтым творы ён увекавечыў сяброўскі саюз свайго далёкага і незабыўнага юнацтва.
Цыкл складаецца з трынаццаці вершаў-шаснаццацірадкоўяў. Гэта ўрачыста-жалобны твор па сваіх змястоўных, жанравых прыкметах блізкі да рэквіема, у якім аўтар вяртаецца ва ўспамінах у часы сваёй маладосці, ведучы задушэўную размову са сваімі заўчасна загінуўшымі сябрамі, якія былі беспадстаўна рэпрэсіраваны ў 1930-я гады. Вершаваны цыкл прасякнуты пачуццямі шкадавання, горычы ад страты сяброў, з якімі аўтар адчуваў духоўную блізкасць.
Элегічныя роздумы, вобразнасць «Маналогу» пераклікаюцца з многімі творамі позняга Куляшова, у якіх сустракаюцца вобразы дрэва, дарогі, дзірвану, палыну, калыскі, труны, памяці. З іх дапамогай аўтар глыбей пранікае ў сутнасць з’яў, раскрывае ўнутраную, духоўную сувязь з тымі, з кім вядзе свой маналог. Нават само паняцце маналогу персаніфікуецца, г. зн. набывае рысы, характэрныя для чалавека. Аўтар імкнецца ператварыць маналог у дыялог, выказвае словы ўдзячнасці сябрам і выяўляе неабходнасць узнавіць іх жывы воблік, выканаць не выкананае імі:
Каня свайго сядлаю і ў дарогу,
Цяжэйшую з усіх дарог,
Кіруюся адзін, — як маналог
На пошукі жывога дыялогу.
Сябры маладосці не толькі пакінулі глыбокі след у душы і памяці, яны сталі часткай жыцця паэта. І пакуль яго жыццё працягваецца, датуль, сцвярджае ён, будзе весці гэты маналог. «Магчыма немагчымая размова // Датуль, пакуль магчымы дыялог».
Паэтычнае майстэрства Куляшова выявілася ў стварэнні твораў такой складанай мастацкай формы, як цыклы вершаў («Маналог», «Снапы»). Яны ўключаюць хоць і самастойныя вершы, якія могуць успрымацца паасобку, аднак спалучаны ў той жа час і ўнутраным адзінствам.
Крыніца публікацыі: Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 10-га класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі [і інш.]; пад рэд. А. І. Бельскага, М. А. Тычыны. — Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. — С. 145—162.
Пра аўтара: Яўген Андрэевіч Гарадніцкі (нар у. 1951 г.) — беларускі літаратуразнавец, крытык, доктар філалагічных навук. Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1977). Працаваў у выдавецтве БДУ імя У. І. Леніна і ў выдавецтве «Вышэйшая школа». З 1978 г. — у Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (цяпер Інстытут літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі), у 2015—2020 гг. быў намеснікам дырэктара па навуковай рабоце Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы, з 2020 г. — галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры. Аўтар шматлікіх навуковых прац, сярод якіх манаграфіі і кнігі: «Думка і вобраз: праблема інтэлектуалізму ў сучаснай беларускай лірыцы» (1986), «Мастацкі свет беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» (2005), «Паэтыка беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: суб’ектна-аб’ектныя суадносіны» (2010), «Літаратура як мастацтва: камунікатыўнасць, інтэрмедыяльнасць, наратыўнасць» (2014), «Па абодва бакі тэксту: увасабленні, інтэрпрэтацыі» (2018), «Чалавек Рэнесансу, прадвеснік постмадэрну: мастацкі свет Уладзіміра Караткевіча» (2020), «Беларуская літаратура другой паловы XX ст. (аўтары, жанры, стылі)» (2022) і інш.























