«…А Я РУКУ ГАРАЧУЮ ПРАЦЯГВАЮ ПРЫРОДЗЕ». Экалагічны пафас у творах беларускіх класікаў (дыдактычны матэрыял да вывучэння беларускай паэзіі ХХ ст.)

0
916

ЯНКА КУПАЛА

Яна і я

(Урывак)

 

«Ты, ясна сонца, месяц, ясен свет,

І вы, на небе часценькія зоры,

Вы ўсе, што кропіце расою цвет

І асвятляеце сушу і моры, —

 

Зямлю агрэйце, вырасцце траву,

Не пашкадуйце есць і піць жывінам,

Шаўковую сцяліце мураву,

Абгарадзіце жалязяным тынам.

 

Вартуйце, сцеражыце ад цара

Ляснога, палявога, вадзянога,

Ад царанят яго, ад упыра

І ад людскога вока нелюдскога!» [7, с. 110].

1913

 

ЯКУБ КОЛАС

Панская пацеха

(Урывак з паэмы «Новая зямля»)

 

Міхал замёр, стаіць маўкліва,

А з ім і Свіда нерухліва.

У лесе значна пасвятлела,

І вось дзесь блізка, перш нясмела

Заграў глушэц і абарваўся

Ды зноў зачаў, разбалбатаўся.

Міхал даў знак. Скок-скок! спыніўся,

З ім радам Свіда апыніўся.

— Ці бачыць пан? унь-унь чарнее…

Ой, не: хай пан цярпець умее! —

А Свіда стаў пароць гарачку

І ўжо у стрэльбе ўзвёў сабачку.

— Не руш! не руш, пан! о, крый божа;

Пан папсаваці справу можа!

Яшчэ мінуту улучылі,

На крокаў дваццаць падступілі.

Цяпер глушэц, як на далоні,

Сядзіць, бы шула, у заслоне

Хваёвых лапак, хвост мятлою,

Як бы любуецца сабою,

Балбоча, крэхкае і свішча;

Глушэц склікае на ігрышча,

А мо хваленні жыццю правіць

І гэты бор спрадвечны славіць.

Міхал і Свіда той часінай

Стаялі моўчкі пад ялінай.

Пан Свіда стрэльбу падымае

І доўга цэліцца… страляе.

Бух! — грукнуў стрэл, лес узбудзіўся!

Дымок раўнюткаю стралою

Жахнуў старую гэту хвою,

З якой глушэц даўно зрадніўся;

І раптам з ёю разлучыўся,

Умомант звяў і страціў сілы

І не паспеў разняць ён крылы,

На мяккі дол, на мох зялёны

Упаў, насмерць акрываўлёны;

Ўзнялась галоўка і апала,

Два разы лапка задрыжала,

Навек застыла нерухома.

А Свіда рад быў, рад, вядома:

Рублём Міхала ён трактуе,

Цыгарай хвацкаю частуе [5, с. 207—208].

1921

 

МАКСІМ БАГДАНОВІЧ

Возера

 

Cтaяў кaлicь тyт бop cтapы,

I жыў ляcyн y тым бapы.

Зpyбaлi бop — ляcyн зaгiнyў.

Bo cлeд ягo aд тoй пapы:

Cвaё люcтэpкa ён пaкiнyў.

 

Як y нязнaны cвeт aкнo,

Ляжыць, xaлoднae, янo,

Жыццё caбoю aдбiвae

I ўcё, штo згiнyлa дaўнo,

У цёмнaй глыбiнi xaвae [1, с. 53].

1910

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

***

Завея лісцяў у сняжынак пух

Перацвітае пад маім наглядам, —

Як быццам я камандую парадам,

Спатканнем дзвюх варожых завірух,

Змаганнем снегападу з лістападам.

 

Як быццам я ўладар дарог і рэк,

Рэгуліроўшчык каруселі гэтай,

Як быццам не праносіў над планетай

Мяне лістком, сняжынкаю, ракетай

Праз атмасферны ціск суровы век.

 

Быў пылам я ў імклівым карагодзе

Гадоў, трухой і зернем на таку,

Хацеў бы век, які ўжо на зыходзе,

Забраць мяне з сабой, а я руку

Гарачую працягваю прыродзе —

З дваццатага ў трыццатае стагоддзе [6, с. 354].

1963

 

АРКАДЗЬ КУЛЯШОЎ

Сасна і бяроза

 

Трымаюць Зямлю без падважнікаў тых,

Без мудрага троса,

Жывымі рукамі карэнняў сваіх

Сасна і бяроза.

 

Ад дыму да пары ў пякельных катлах

Судна, паравоза

Прайшлі яны поруч гарачы свой шлях —

Сасна і бяроза.

 

Лягла на іх плечы цяжарам вайны

Акопная проза:

Служыла салдатам сасна — для труны,

Для крыжа — бяроза.

 

Знікала з тузоў, гандляваўшых крывёй,

Пыхлівая поза,

Калі перад імі ўставалі з пятлёй

Сасна і бяроза.

 

Ад явы крывавай не вынайшлі лек…

I ўзнікла пагроза,

Што могуць пад крыжам закончыць свой век

Сасна і бяроза.

 

Ужо на насенне, якое ў раллі,

Паглядваюць коса

Аратыя смерці, каб больш не раслі

Сасна і бяроза.

 

Над імі ракетны ўзрываецца гук

I гул бамбавоза…

А што, як Зямлю нашу выпусцяць з рук

Сасна і бяроза? [6, с. 382—383].

1968

 

НІЛ ГІЛЕВІЧ

Раўняюць хлопцы рэчку

 

Раўняюць хлопцы рэчку,

Майго маленства рэчку.

 

Уласна, рэчкі ўжо няма —

Мінулае сканала:

Нібы напятая струна,

Прасцерлася канава.

 

Віроў, дзе кружыць лісце,

Дзе нас малых калісьці

Русалкамі палохалі, —

Не стала тых віроў,

Дзе шчупакі пялёхалі —

Будзь здароў!

І тых парэчак чорных,

Што над вадой кусціліся,

І птушак незлічоных,

Што ў гушчары гняздзіліся,

Няма, няма нічога.

 

Раўнюсенькія берагі.

Раўнюсенькае дно.

Як быццам кут зусім другі —

Не той, што знаў даўно.

І кажуць хлопцы з годнасцю:

«Вы зразумейце ўсё ж,

Што быў тут неабходнасцю

Аперацыйны нож,

Каб выпусціць смярдзючую,

Гнілую з цела кроў,

Каб сховішча гадзючае,

Раздолле камароў,

Што век гібела пусткаю,

Здзівіла свет капустаю,

Буракамі, рэдзькай…

Чаго ж тужыць над рэчкай?»

І я кажу: Бясспрэчна!

Ліць слёзы недарэчна

Па багне векавечнай,

Па д’яблаў салатопцы…

Я — не пра багну, хлопцы.

Я — пра другое, хлопцы…

 

Што гэткі век нам даўся —

Тэхнічны, смелы, дужы, —

Прагрэс, а не бяда.

Бяда, што ён узяўся

Раўняць жывыя душы.

Мне — душ шкада!

Хай будуць душы розныя,

Як нашы рэчкі родныя:

І з хвалямі бруістымі,

І з плёсамі празрыстымі,

З нябачнымі крыніцамі,

З вірамі-таямніцамі,

З вадзяніком, з русалкамі…

Стандартам іх не руш!

Хай будуць душы ўсякія,

Апроч нялюдскіх душ! [4, с. 134—135].

1967

 

ПЯТРУСЬ БРОЎКА

Зварот да бярозы

 

На Беларусі столькі, можа,

Бяроз,

Як тых на небе зор.

Падобны родныя бярозы

На нашых матак і сясцёр.

 

Я не апошні і не першы

Табе выказваю любоў,

Хоць пра цябе ўжо многа вершаў,

Больш, чым усіх тваіх лістоў.

 

А быў бы рады я без меры,

Каб кожны верш у адрас твой

Мог супыніць змяю-сякеру,

Што на цябе імкне вясной [3, с. 160].

1970

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

***

 

Не люблю я слова «пакарыцель»,

Не люблю я слова «уладар»,

Вось зямля зялёная — бярыце

Для жыцця, і працы, і для мар.

 

Хто ўладарыць, той і ўдарыць раптам —

Па надзеі, па душы жывой.

 

Пакарэнне пахне трохі рабствам,

Карай, і рабункам, і крывёй.

 

Пакарыць хацелі нас,

І мукі

Спаленай Хатыні — не забыць.

Для людскога шчасця, для навукі

Хочацца і лётаць, і рабіць.

 

Сваякі Міклухі, а не Стэнлі,

Мы асвоім шмат і абжывём,

Пракладзём дарогі праз пустэльні,

Гнёзды салаўіныя саўём.

 

Пакарэнне — гэта не карэнне

Будучых прасветленых эпох.

Для стварэння лепшых пакаленняў

Трэба помніць гора ўсіх дарог.

 

Акіян і космас вывучайце

З добрым сэрцам,

А яшчэ прашу:

Пакідайце і буслу, і чайцы

Больш вады і неба на душу [8, с.  117].

1972

 

ПІМЕН ПАНЧАНКА

Сармацкае кадзіла

 

Адспявалі трубы залатыя,

Лета захлынулася ў расе.

Кветкі ў лесе ёсць,

Але не тыя:

Да Чырвонай кнігі збеглі ўсе.

 

Дзе ты, кураслеп лясны?

Дзе ворлік?

Дзе мядзведжая цыбулячарамша?

Ходзіш, ходзіш —

I пяршыць у горле…

Плач, асірацелая душа.

 

А калісь было ўсяго надзіва!

Як збяднеў у нас зялёны свет.

Дзе знайсці сармацкае кадзіла,

Сон-траву, і меч-траву, і познацвет.

 

Вінаваты ў гэтым не сарматы,

Вінаваты ўсе мы — ты і я:

Каб адчуць сцюдзёны водар мяты,

За сто вёрст ляціць мая сям’я.

 

Душна ад жалезнага прагрэсу:

Дружна падразаем жылы лесу,

Траў і кветак топчам карані,

Ад зялёнай адракаемся радні.

 

Што ты плачаш па траве і кветках?

Адрадзілі ж мы зуброў, баброў…

Ну, а чорны бусел? Вельмі рэдкі,

А заўсёды быў з людскіх сяброў.

 

Многа ліха — ды усюды ціха.

А зямля дакуль будзе цярпець?

А нашчадкам нашым

Чым жа дыхаць? —

Мы ўжо задыхаемся цяпер.

 

Трэба нам і захады і меры,

Каб між светлых беларускіх рос

Зноў расцвіў чаравічок венерын

I званочак сіні ў лесе рос [9, с. 39—40].

1986

 

МАКСІМ ТАНК

Экалогія

 

Як толькі ў маленстве

Сяк-так навучымся хадзіць,

На гэтым, звычайна,

I канчаецца наша

Адукацыя.

 

А мы, прызнацца,

Хоць і мінулі

Тысячагоддзі,

I да гэтага часу

Не ўмеем хадзіць

Па зямлі

Так, як дні і ночы,

Звяры і птушкі,

Вятры і дажджы.

 

Няўжо не бачыце,

Як яе здратавалі

Вытапталі,

Пакалечылі?

 

А яшчэ збіраемся

Такія ж сляды

Пакінуць

I на іншых планетах [10, с. 16].

1984

 

МАКСІМ ТАНК

***

Пень крывавіць зламанай сасонкі.

Ёй нямала вясельных пярсцёнкаў

Падарылі гром, дождж і віхор,

Закаханыя ў стан яе гонкі,

Ў каралеўскую крону да зор.

Ды аднойчы прыехаў у бор

І засватаў красуню тапор.

Зараз толькі ў спёку і ў сцюжу

Тут адзін крумкач кружыць і тужыць [10, с. 178].

1989

 

РЫГОР БАРАДУЛІН

***

Душа, як ні прагнецца ёй,

Не можа вярнуцца ў паганства:

Лясы — апірышча i прытулак —

Павысечаны, пакарчаваны, патраляваны,

Рэкі — у ix бруд i пыл змываўся,—

Павысушаны, павыпрастаны, павыпіты.

Як ацішэць, абымшэць, адтаць?

Куды ні кінься — параснікі, хмызнякі.

Як пераседзець бяду

З чарацінкай у роце,

З пластмасавай,

Кактэйльнай у водападобнасці,

Вясёлкавай ад мазуту,

Падступнай ад радыяцыі?

І непрытомная душа ў паганстве

Асланяе сябе крыжам,

Крыжам чарговай магілы… [2, с. 121].

 

Крыніцы мастацкіх тэкстаў

  1. Багдановіч, М. Поўны збор твораў: у 3 т. / М. Багдановіч; АН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Навука і тэхніка, 1992. — Т. 1: Вершы, паэмы, пераклады, наследаванні, чарнавыя накіды. — 751 с.
  2. Барадулін, Р. Самота паломніцтва: кн. паэзіі / Р. Барадулін. — Мінск: Маст. літ., 1990. — 270 с.
  3. Броўка, П. Збор твораў: у 7 т. / П. Броўка. — Мінск: Маст. літ., 1977. — Т. 4: Вершы, паэмы, 1968—1976. — 576 с.
  4. Гілевіч, Н. Збор твораў: у 2 т. / Н. Гілевіч. — Мінск: Маст. літ., 1991. — Т. 1: Вершы, паэмы, п’есы. — 478 с.
  5. Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. / Я. Колас; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2009. — Т. 8: Паэма «Новая зямля». — 374 с.
  6. Куляшоў, А. Збор твораў: у 5 т. / А. Куляшоў. — Мінск: Маст. літ., 2003. — Т. 1: Вершы 1927—1970 гг. — 527 с.
  7. Купала, Я. Поўны збор твораў: у 9 т. / Я. Купала. — Мінск: Маст. літ., 1999. — Т. 6: Паэмы пераклады.— 430 с.
  8. Панчанка, П. Збор твораў: у 4 т. / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1982. — Т. 3: Вершы 1963—1981 гг. — 351 с.
  9. Панчанка, П. І вера, і вернасць, і вечнасць…: вершы / П. Панчанка. — Мінск: Маст. літ., 1986. — 111 с.
  10. Танк, М. Збор твораў: у 13 т. / М. Танк; НАН Беларусі, Ін-т літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы. — Мінск: Беларус. навука, 2008. — Т. 6: Вершы (1983—1995). — 454 с.

 

Падрыхтавалі:

Наталля Сякацкая,

Івона Субаткевіч, Вікторыя Стужынская,

студэнты ІV курса спец. «Беларуская філалогія»

 


Фота: pixabay.com