А. В. Сабалеўскі – «Кандрат Крапіва: жыццёвы і творчы шлях»

0
845
Кандрат Крапіва
(1896—1991)

 

Жыццё і творчасць

 
Кандрат Кандратавіч Крапіва (сапраўднае прозвішча Атраховіч) нарадзіўся 5 сакавіка 1896 г. у вёсцы Нізок Уздзенскага раёна ў сялянскай сям’і. Пра жыццёвы і творчы шлях, асабліва пра пачатак літаратурнай дзейнасці, Крапіва падрабязна расказаў у аўтабіяграфіі «Ад маленства да сталасці».

Чатырнаццацігадовым хлапчуком пайшоў за плугам і з касою, рабіў усё, што патрэбна было ў гаспадарцы. У адзінаццаць гадоў ён закончыў царкоўнапрыходскую школу. Праз год паступіў у народнае вучылішча ў мястэчку Узда. Правучыўшыся год, перавёўся ў гарадское вучылішча ў Стоўбцах, а заканчваў навучанне ў мястэчку Койданава (цяпер Дзяржынск), дзе было болей кніг для чытання.

Першыя літаратурныя спробы адносяцца да часу вучобы ў Койданаве. Але вершы, напісаныя на рускай мове пад уплывам лірыкі Лермантава, поспеху не мелі, і хлопец надоўга закінуў гэты занятак.

Кандрат Крапіва ў Мінску вытрымаў экзамен на званне народнага настаўніка і ўперамежку з гаспадарскімі клопатамі і заняткамі вучыў вясковых дзяцей грамаце. У 1915 г. яго мабілізавалі ў царскую армію, ваяваў на Румынскім фронце. Пасля звяржэння ўлады самадзяржаўя вярнуўся ў родны Нізок. У час нямецкай акупацыі Беларусі Кандрат Крапіва працаваў на сельскай гаспадарцы, а ў 1918 г. зноў вярнуўся да школьных заняткаў з дзецьмі. Працаваў настаўнікам і пры белапаляках, а пасля іх выгнання быў мабілізаваны ў армію, на гэты раз у Чырвоную.

Службу праходзіў у Мінску, і тут, праз восем гадоў пасля першых койданаўскіх спроб, звярнуўся да літаратурнага занятку. Спачатку пісаў на рускай мове газетныя карэспандэнцыі, фельетоны на побытавыя і палітычныя тэмы. Некаторыя з іх былі надрукаваны. Затым прыступіў да вершаў сатырычнага плана, але ўжо па-беларуску. Гэтыя творы карысталіся папулярнасцю, і газета «Савецкая Беларусь» часта іх змяшчала на сваіх старонках.

У 1923 г. Кандрат Крапіва закончыў службу ў арміі. Спадзявацца на вельмі сціплы літаратурны заробак не выпадала, і ён з жонкай і сынам зноў вярнуўся ў Нізок, да бацькі, каб працаваць на сельскай гаспадарцы, як падавалася тады будучаму класіку літаратуры — самым надзейным заняткам, для таго каб забяспечыць пражыццё сваёй сям’і. Атрыманы за публікацыі ганарар Кандрат Крапіва скарыстаў на куплю лесу, каб збудаваць сабе ўласны дом. Але здзейсніць намеры не ўдалося. У 1924 г. ён пераехаў у іншую вёску працаваць настаўнікам, а ў наступным, 1925, годзе, пасля доўгага роздуму, усё ж вярнуўся ў Мінск, на гэты раз на пастаяннае жыхарства. Тут ён уладкаваўся інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інстытуце беларускай культуры. Па службе часта даводзілася выязджаць у камандзіроўкі, што істотна пашырала яго кругагляд, спрыяла больш глыбокаму знаёмству з жыццём і побытам насельніцтва розных мясцовасцей Беларусі.

У 1926 г. у свае трыццаць гадоў Кандрат Крапіва паступіў на літаратурнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага універсітэта і ў 1930 г. атрымаў вышэйшую адукацыю.

Пераехаўшы ў Мінск, Кандрат Крапіва пачаў стала займацца літаратурнай творчасцю, часта выступаў у друку. Пісаў пераважна сатырычныя вершы, паэмы, байкі. Ужо ў дваццатыя гады набыў шырокую вядомасць і вялікую папулярнасць у чытачоў. Актыўна ўдзельнічаў у працы літаратурных аб’яднанняў — спачатку «Маладняка», а потым «Узвышша».

Кандрат Крапіва пісаў і ў галіне прозы. Пачынаў з невялікіх па памеры апавяданняў, пераважна гумарыстычна-сатырычнага кірунку. У 1932 г. ён выступіў з буйнамаштабным раманам «Мядзведзічы», у якім адлюстравана насычанае драматызмам вясковае жыццё напярэдадні калектывізацыі, з глыбокім псіхалагізмам раскрыты чалавечыя характары.

Паралельна з напісаннем уласных твораў Кандрат Крапіва займаўся перакладамі на беларускую мову вершаў, як правіла, гумарыстычна-сатырычных, баек, п’ес. А ў 1933 г. ён прыйшоў у драматургію. Першая п’еса «Канец дружбы» мела тэатральны поспех, і з гэтага часу драматургія стала для пісьменніка асноўнай галіной творчасці. У даваенны перыяд Кандрат Крапіва напісаў яшчэ дзве п’есы — драму «Партызаны» і камедыю «Хто смяецца апошнім».

У 1939 г. Кандрата Крапіву, ужо знакамітага пісьменніка, зноў прызвалі ў армію, і ён у якасці камандзіра стралковай роты ўдзельнічаў у вызваленні Заходняй Беларусі, а затым у вайне з Фінляндыяй, якая вялася ў асабліва цяжкіх, суровых умовах.

Вялікая Айчынная вайна сталася для Кандрата Крапівы фактычна пятай па ліку. Але на гэты раз ён ужо ваяваў пісьменніцкай зброяй. Быў супрацоўнікам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», якая самалётамі дастаўлялася на тэрыторыю акупіраванай рэспублікі, а са стварэннем у 1943 г. газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну» да канца вайны рэдагаваў гэта выданне. Зноў актыўна выступаў у жанрах сатырычнага верша, байкі, фельетона. Напісаў таксама дзве п’есы — драму «Проба агнём» і аднаактоўку «Валодзеў гальштук».

У пасляваенны час Кандрат Крапіва працягваў журналісцкую працу. З заснаваннем у 1945 г. сатырычна-гумарыстычнага часопіса «Вожык» быў да 1947 г. яго галоўным рэдактарам. Па-ранейшаму найбольш актыўна працаваў у галіне драматургіі. У пасляваенны час ён напісаў вострую сатырычную камедыю «Мілы чалавек» і драму «З народам», у пяцідзясятыя гады — лірычную камедыю «Пяюць жаваранкі», якая ў той перыяд мела вялікі літаратурны і тэатральны поспех і была адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР, п’есу на вытворчую тэматыку «Зацікаўленая асоба» і драму аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны «Людзі і д’яблы».

З 1947 г. і амаль да канца жыцця Кандрат Крапіва працаваў у Акадэміі навук Беларусі. Яшчэ ў 1940 г. яго абралі членам-карэспандэнтам, а ў 1950 г. — акадэмікам. Спачатку загадваў сектарам мовазнаўства ў Інстытуце мовы і літаратуры, а са стварэннем у 1952 г. асобнага Інстытута мовазнаўства і да 1956 г. быў яго дырэктарам. А калі не стала Якуба Коласа, Кандрат Крапіва замяніў яго на пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі, на якой працаваў да 1982 г. Цяпер для Кандрата Крапівы асноўнай стала навуковая дзейнасць. Ён друкаваў артыкулы, навуковыя працы, за што атрымаў ступень доктара філалагічных навук. Разам з групай вучоных-мовазнаўцаў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР. Асабліва шмат часу займала праца над слоўнікамі, іх рэдагаваннем — руска-беларускага, беларуска-рускага, тлумачальнага.

Навуковая і арганізацыйная дзейнасць ішла не на карысць уласна літаратурнай творчасці. І ўсё ж Кандрат Крапіва выкройваў час і для яе. У 1973 г. выйшла ў свет надзвычай змястоўная, па-філасофску глыбокая фантастычная камедыя «Брама неўміручасці», адзначаная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі, а ў 1982 г. — драма «На вастрыі», якая ў тэатры ставілася пад назвай «Блытаныя сцежкі». Не пакідаў Крапіва пісаць і сатырычныя вершы, байкі.

Шматгранная творчасць, нястомная дзейнасць Кандрата Крапівы была высока ацэнена. У 1956 г. яму нададзена званне народнага пісьменніка БССР, у 1978 г. — заслужанага дзеяча навукі. Кандрат Крапіва — Герой Сацыялістычнай Працы (1975), узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.

Памёр Кандрат Кандратавіч Крапіва 7 студзеня 1991 г., крыху не дажыў да свайго дзевяностапяцігоддзя. Пахаваны ён на Усходніх могілках г. Мінска.

 

Крапіва-байкапісец

Да жанру байкі Кандрат Крапіва звярнуўся рана — у 1922 годзе. У 1927 г. творы выйшлі асобнай кніжкай, зборнік так і называўся — «Байкі». І ўжо тады пра Крапіву загаварылі не толькі як пра таленавітага, надзвычай адоранага байкапісца, але і як пра аўтара самабытных, менавіта беларускіх твораў.

Максімальна набліжаючы праблематыку байкі да рэальнага жыцця, да канкрэтных падзей, Кандрат Крапіва само дзеянне твора пераносіў у беларускую рэчаіснасць, найчасцей у вёску, у сялянскі побыт і звязаныя з ім абставіны. І сюжэты баек ён чэрпае якраз з гэтых карцін — у большасці выпадкаў з самога жыцця ці з народнай творчасці, асабліва з прыказак.

Байка вымагае ад пісьменніка вялікай сцісласці, кандэнсацыі ў самім аповедзе. Не абавязковыя ёй канкрэтызацыя месца падзей, часу і тым болей — абставін. Тут дастаткова асобных штрыхоў ці нават агульных умоўных азначэнняў, важна сутнасць і выснова, маральны ўрок. У Крапівы ж у дадзеным плане шмат адметнага. Адна з найбольш характэрных асаблівасцей яго твораў якраз у тым, што ён не проста пераносіць падзеі на сваю глебу, а і «жывапісуе» абставіны, дае дакладную, нярэдка з падрабязнымі дэталямі абстаноўку, увогуле густа насычае іх жыццёвым побытам.

Выводзячы ў байцы пэўнага персанажа, Крапіва звычайна паказвае яго носьбітам якасці і асаблівасці характару, якія замацаваны за ім у народным уяўленні. Але, карыстаючыся ўстойлівымі характарыстыкамі дзейных асоб, Кандрат Крапіва не абмяжоўваецца толькі іх знакавымі паказчыкамі: дурань дык дурань, баязлівы дык баязлівы, хвалько дык хвалько, бо такая іх існасць — і ўсё тут. У многіх байках ён даволі падрабязна і грунтоўна распрацоўвае характары, паказвае іх паводзіны, надае ім індывідуальныя рысы. Звернемся да твора «Дыпламаваны Баран» (1926).

Ну, вядома ж, Баран — дурань. «Разумных бараноў наогул жа нямнога», а той, якога абраў пісьменнік персанажам, «дык дурней дурнога». Нават не пазнае сваіх варот. Затое надта моцны мае лоб. І калі не знаходзіць сабе другога такога «разумніка», каб пабіцца, тады Баран разганяецца «ды ў сцену — бух». У іншага дык і дух бы выйшаў, а ў гэтага — «нічога».

За такую вялікую дурасць Барана смехам празвалі вучоным, а каб не перабягаў двара, то прывязалі на шыю мету. Зноў жа жартам сказалі, што Барану выдалі дыплом. Ён нічога ў ім не разбіраецца («што за “дыплом”, Баран — ні “бэ”, ні “мя”»), аднак перад Кошкаю пачаў выхваляцца, што яго заслужыў, прытым сваёй галавою. Кошка ж у адказ яму:

Каб ты быў разумнейшы трошка

Ды розумам раскінуць мог авечым,

То ўбачыў бы, што ганарыцца нечым,

Бо заслужыў ты свой дыплом

Не галавой, а лбом.

 

І нарэшце аўтарскае рэзюмэ:

Другі баран — ні «бэ», ні «мя»,

А любіць гучнае імя.

 

Як можна пераканацца, характарыстыка Барана даволі разгорнутая і вельмі выпуклая. Пісьменнік падрабязна намаляваў яго партрэт: мы выразна бачым і дзеянні Барана, і яго індывідуальныя рысы. Таму гэты Баран — не проста носьбіт дурасці, традыцыйнага ўяўлення аб ім, а і надзвычай каларытная дзейная асоба, менавіта са сваімі ўласнымі рысамі, менавіта з крапівінскай байкі.

Пісьменнік чэрпае матэрыял з жыцця ці з фальклору, афармляе яго ў жывыя, рухомыя сцэны, а вывад з той сцэны, мараль скіроўвае ў пэўны канкрэтны бок, на абраную цэль. Уласна, па такой пісьменніцкай накіраванасці і можна размяжоўваць крапівінскія байкі па тэматыцы і праблематыцы.

Твор «Махальнік Іваноў» (1928) асвятляе маральна-бытавую праблему, ён сваім сатырычным вастрыём скіраваны супраць такіх якасцей у людзях, як падхалімства. Заключныя радкі байкі, яе вывад у гэтым плане гранічна акрэслены і дакладны:

У падхалімаў так вядзецца век-вяком!

Ці б’е начальства ў цэль, ці шле «за малаком»,

Ды знойдуцца заўсёды Івановы,

Што памахаць яму гатовы.

 

А перад гэтым дадзена разгорнутая сцэна з сатырычнай завостранасцю, але ўсё ж бытавога характару.

Пехацінцы вялі вучэбную стральбу. Праходзілі вучобу ці то ўзводам, ці то нават ротай. І вось вярхом пад’ехаў Шэф — паглядзець, як страляе часць («Ці вока вернае, ці цвёрдая рука ў чырвонага стралка?»). Далі адпаведную каманду, на лінію выйшлі пехацінцы, занялі зыходныя пазіцыі. Выстраліў адзін, потым усе разам. Закончылі стральбу, далі адбой. Начальнікі задаволены вынікам: той тры разы пацэліў, той — пяць.

Узяла ахвота пастраляць і Шэфу, калісьці ён «таксама нюхаў порах». Узяў пяць патронаў, нагледзеў лепшую мішэнь, прылёг, да пляча прыціснуў стрэльбу, зажмурыў вока і выстраліў. Пад самым яго носам узрыла зямлю. Другі раз стрэліў — таксама куля пайшла ўбок. І тры астатнія аказаліся «за малаком». Злуецца Шэф: хоць бы адзін раз пацэліў, а то ж скандал. Але падыходзяць махальнікі («у іх быў добры нюх») да мішэні і паказваюць, што ўсе пяць куль патрапілі ў круг. Тады Шэф, каб праверыць вынікі, пайшоў на хітрыкі. Назначыў тых жа махальнікаў, а сам узяў халастыя патроны. І што ж? Махальнік Іваноў далажыў, што ўсе кулі патрапілі ў цэнтр цэлі («І дзіва дзіўнае было там цэлай часці, // Што можна з халастых, ды “ўсе пяць куль папасці”»). А ваенком дык нават пахваліў Іванова, што ён «сапраўдны падхалім».

З гэтага пераказу саміх падзей відаць, што яны ў творы ўзноўлены з бытавой верагоднасцю і развіваюцца ў лагічнай паслядоўнасці літаральна па ўсіх звёнах.

Кандрат Крапіва ўзняў беларускую байку на вельмі высокі ўзровень. Вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў яго творы ў гэтым жанры высяцца самымі зіхатлівымі вяршынямі.

У сваю чаргу байка зрабіла пісьменніка ўсенародна вядомым і прызнаным. Байка стала нязменнай спадарожніцай і саюзніцай усяго творчага жыцця пісьменніка. Да яе моцнай, выпрабаванай зброі ён звяртаўся ва ўсе перыяды сваёй літаратурнай працы.

 

«Хто смяецца апошнім»

Паводле прызнання самога Кандрата Крапівы найбольшы поспех выпаў на долю сатырычнай камедыі «Хто смяецца апошнім», напісанай у 1939 годзе.

Твор густа насычаны атмасферай, што панавала ў 1937—1938 гг. Не толькі адмоўныя, а і станоўчыя героі — а гэта ў большасці навуковая інтэлігенцыя — нярэдка карыстаюцца выразамі: «замаскіраваны вораг», «двурушнікі», «паклёпнікі», «авантурыст», «прайдзісвет» і інш. Тады такія выразы ўспрымаліся з асаблівай абвостранасцю.

А пачынаюць камедыю — яе дзеянне разгортваецца ў навукова-даследчым інстытуце геалогіі і не выходзіць за яго межы — прыбіральшчыца цёця Каця і дворнік Нічыпар. Гэта эпізадычныя ў творы персанажы, якія не робяць вялікага ўплыву на ход саміх падзей. Але яны ўводзяць у іх курс, апавядаюць пра звычкі, норавы ў інстытуце, характарызуюць сітуацыі, абставіны:

Цёця Каця (выходзіць з дзвярэй дырэктаравага кабінета. За ёю Нічыпар). Фу!.. Добра, што якраз падышоў, я ж бы адна гэтаму сталу і рады не дала.

Нічыпар. Гэта, брат, стол! Каб некалі мне такі пляц зямлі, то я б гаспадаром быў.

Цёця Каця. Новы поп, дык новае і маленне. У таго дырэктара, бывала, адзін столік, два крэслы і ўсё. А ў гэтага ж стол гэтакі, а на стале ж мартаплясаў усялякіх панастаўлена — таксама грошай каштуюць.

Нічыпар. А што яму — шкада казённых грошай? Не з свае ж кішэні плаціць.

Цёця Каця. Дзве канапы скураныя, мяккія. І нашто яны? Хіба ён лежачы працаваць думае.

Нічыпар. Далікатнага, мусіць, заводу. Баіцца, каб на цвёрдым мазалёў не панаседжваць.

Кандрат Крапіва адкрыта выкарыстоўвае класічную традыцыю. Цёця Каця і Нічыпар, як і ў п’есах далёкага мінулага, дзе спачатку на падмосткі выходзяць слугі і ў размовах характарызуюць сваіх паноў — асноўных герояў драматычных твораў, — расказваюць пра супрацоўнікаў інстытута, галоўных дзейных асоб камедыі.

Як можна пераканацца, першым у поле зроку патрапіў дырэктар навуковай установы Аляксандр Пятровіч Гарлахвацкі. Завочнае знаёмства з ім працягваецца і далей. Калі Нічыпар спахапіўся, што яшчэ не прыбраў двор, а хутка прыйдзе дырэктар і дасць наганяю, цёця Каця яго супакойвае:

Цёця Каця. Вельмі той дырэктар на двор углядаецца, у яго другім галава занята. Учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў на таксі, дык аж пыл курэў.

Нічыпар. З нашай Зіначкай?

Цёця Каця. А то з якою ж?

Нічыпар. Глядзі ты! У яго ж і свая жонка гладкая.

Цёця Каця. Гладкая, мусіць, прыелася, да шурпатай пацягнула.

З вуснаў тых жа Нічыпара і цёці Каці мы даведваемся, што новы дырэктар пачувае сябе ў інстытуце як шчупак у сажалцы: усе перад ім запабягаюць, а яго носа і крукам не дастаць. Адзін толькі прафесар Чарнавус не баіцца, але і яго Гарлахвацкі з’есць, як з’еў ужо Муравіцкага.

Характарыстыка даволі рознабаковая і ёмістая. Гэта важна тым больш, што, як пакажуць далейшыя падзеі камедыі, яна абсалютна праўдзівая, аб’ектыўная.

А вось і сам Гарлахвацкі. Ён прыходзіць у інстытут, калі ўсе ўжо з’явіліся на працу. І, размаўляючы з цёцяй Кацяй, выхваляецца, як, маўляў, трэба жыць: «А так, каб аж вецер свістаў ля вушэй. Працаваць трэба заўзята. Вось як я, напрыклад, — адпачыць хвіліну часу няма».

Драматург і на гэты раз выкарыстоўвае прыём класічнай камедыі, дзе нярэдка падначаленыя, слугі даволі адкрыта кпяць, пасміхаюцца са сваіх уладароў, прытым, хітра маскіруючыся, робяць гэта ў іх прысутнасці. Так, у прыватнасці, паводзіць сябе ў камедыі «Хто смяецца апошнім» і прыбіральшчыца:

Цёця Каця (убок). Спрацаваўся, бедны! (Гарлахвацкаму.) Ну, учора ж вы, мусіць, адпачылі крыху?

Гарлахвацкі. Адкуль вы ведаеце?

Цёця Каця. Я бачыла, як вы з жонкай за горад ехалі на машыне.

Гарлахвацкі. Жонка сілай ад стала адарвала, каб крыху праветрыўся.

Цёця Каця. Мне здавалася раней, што ваша жонка чарнявая, адно ж яна бландынка.

Гарлахвацкі (збянтэжана). Бландынка? Як бландынка?

Цёця Каця. Ну, бландынка, я ж бачыла ўчора.

Гарлахвацкі. А можа, і праўда — бландынка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландынілася, а я і не заўважыў. (Рагоча.) Так улёг у работу, што нават не заўважыў, калі жонка валасы пафарбавала. Аж смешна! (Рагоча.)

Цёця Каця. Сапраўды, смешна. Вы думалі, чорныя, а яны светлыя, як у нашай Зіначкі. (Рагочуць абое, разумеючы адзін другога.)

Гарлахвацкі. Вы толькі не кажыце нікому, што я валасы жончыны пераблытаў, а то смяяцца будуць.

Цёця Каця. А мне што? Блытайце сабе.

Гарлахвацкі (супакоіўшыся). Па-мойму, цёця Каця, вы лішнюю плошчу падмятаеце… звыш нормы.

Цёця Каця. Няхай бы памералі, можа, і лішняя.

Гарлахвацкі. І не мераючы відаць. Напішыце маленькую заяўку, а я налажу рэзалюцыю, каб вам прыбавілі зарплаты.

Цёця Каця. Дзякую… Я за сакрэты грошай не бяру.

Як бачым, персанажы гавораць, асабліва цёця Каця, з пасміханнем, нават з падвохам, адбываецца тонкая ігра. Эпізод, як і іншыя ў творы сцэны, дынамічны, напісаны з камедыйным бляскам.

Што ж тычыцца вобраза Гарлахвацкага, то ўжо і цяпер вядома: ніякі ён не вучоны, не працаўнік у навуцы — проста напускае на сябе такую маску, каб прыкрыць ёю сваё сапраўднае аблічча. На справе ж ён хлус, прайдзісвет, бабнік.

Далей характарыстыка персанажа пашыраецца і ўзмацняецца. Асабліва калі Гарлахвацкі застаецца адзін у дырэктарскім кабінеце, гаворыць сам-насам з сабою. Тут ён адкрыты ва ўсім, паўстае ўсё адно як галышом.

Выяўляецца, што раней Гарлахвацкі працаваў у Кіеве, варочаў вялікімі справамі і меў усё — яму наладжвалі банкеты, авацыі. Як сам прызнаецца, мог любога скруціць у бараноў рог. І з ахвотай, з задавальненнем скручваў. Калі ж аднойчы не справіўся з заданнем, а яно было не абы-якое — разлажыць цэлы наркамат, — яго хаўруснікі, каб замесці сляды, забяспечылі Гарлахвацкага ліпавымі даведкамі і пасведчаннямі і справадзілі ў гэты інстытут. Прыдумалі і адпаведную спецыяльнасць — палеанталогію. Маўляў, сядзі сярод розных костак ціха і нікуды не рыпайся. Прынамсі, да часу, пакуль не спатрэбішся і не паклічуць зноў.

Але не такі Гарлахвацкі, каб жыць спакойна: «У манастыр мяне сюды саслалі, на пакаянне. Не апраўдаў давер’я. Не, даражэнькія, рана вы Гарлахвацкага ў манастыр саслалі!.. Я дакажу, на што я здатны… Я ў гэтым манастыры так зблытаю карты, што свой свайго не пазнае. Тады вы ўбачыце, чаго варты Гарлахвацкі».

І сапраўды, блытае карты, паказвае сябе, ды яшчэ і як! Дзейнічае па-рознаму, да кожнага чалавека падбірае адпаведны ключык.

Чарнавуса, ведаючы, што той сапраўдны, сур’ёзны вучоны, Гарлахвацкі пабойваецца. Таму з ім асцярожны і выбірае своеасаблівую тактыку. З маўклівай дырэктарскай згоды на Чарнавуса ўзводзяць паклёп, усяляк шальмуе яго Зёлкін. Тое ж самае робіць і Гарлахвацкі, але толькі спадцішка. А перад Чарнавусам ён выступае ў ролі чулага, сардэчнага чалавека, які спачувае прафесару ў яго бядзе, горы. Больш за тое, нібыта становіцца яго заступнікам.

Манеўр на славу ўдаецца. У асобе Чарнавуса Гарлахвацкі займеў сабе калі не надзейнага саюзніка, то, ва ўсякім выпадку, абсалютна лаяльнага чалавека. І на доўгі час, уласна, да фіналу камедыі, калі Гарлахвацкі будзе выступаць з псеўданавуковым, фактычна абсурдным дакладам. Толькі тады, з такім вялікім спазненнем, да Чарнавуса надыдзе прасвятленне, ён зразумее, усвядоміць, хто ёсць хто, і непрымірыма выступіць супраць аферыста ў навуцы. Тады і Гарлахвацкі рэзка зменіць сваю тактыку, поўнасцю адкрые забрала: «Вось вам, таварышы, наглядны ўрок, — апелюючы да прысутных, скажа ён пра Чарнавуса, — так дзейнічае вораг. Увесь горад ведае, што ён вораг. Адусюль яго прагналі, апошні прытулак яго быў тут… дзякуючы маёй слабасці, прызнаюся. Але цяпер мы пакончым з ім адным ударам, бязлітасна скрышым яго ядавітыя зубы, каб яны нас больш ніколі не кусалі!.. Даволі цацкаліся».

З Тулягам Гарлахвацкі з самага пачатку паводзіць інакш. Намацаўшы ў таго слабыя чалавечыя стрункі — нерашучасць, вялікую баязлівасць і палахлівасць, — пэўна вырашае: з ім няма чаго далікатнічаць і цырымоніцца. Карыстаючыся шантажом і адкрытай пагрозай, прымушае Тулягу поўнасцю працаваць на сябе — пісаць за Гарлахвацкага навуковае даследаванне. І зноў жа такая аперацыя яму ўдаецца. Насмерць запалоханы, страшэнна прыгнечаны, Туляга становіцца, па ўласным яго прызнанні, батраком і да пары да часу нават і пікнуць не можа пра гэта.

Зёлкіна Гарлахвацкі трымае пры сабе як свайго падручнага. Паважаць ён яго — не паважае, ведае сапраўдную цану. І сваіх пагардлівых адносін да яго хаваць не збіраецца. Прывядзём характэрны прыклад:

Зёлкін (уваходзіць). Аляксандр Пятровіч, навіна!

Гарлахвацкі. Плётка ці праўда — прызнавайцеся.

Зёлкін. За каго вы мяне лічыце?

Гарлахвацкі. За Зёлкіна.

Іншым разам Гарлахвацкі скажа, што Зёлкін брэша як наняты. Упэўнены, што пакуль сам ён тут трымаецца, — будзе трымацца і Зёлкін. І нікуды не дзенецца, будзе яму служыць.

З сакратаром партыйнай арганізацыі Левановічам у асаблівыя сувязі ці дачыненні Гарлахвацкі не ўступае, трымаецца больш афіцыйна. Стараецца ісці як бы ў абход.

Малодшага навуковага супрацоўніка Веру ў расстаноўцы сіл асабліва пад увагу не прымае. Па прынцыпу: што яна такое можа зрабіць?

Вось тут якраз і дарэчы высветліць расстаноўку сіл у навукова-даследчым інстытуце геалогіі, а значыць, і ў камедыі «Хто смяецца апошнім». Нельга не заўважыць, што сатырычных персанажаў у п’есе не так і многа. А сіл, якія б актыўна выступалі на баку Гарлахвацкага, змагаліся б на адных пазіцыях, дык і зусім мала.

Сакратарка дырэктара Зіна Зёлкіна, безумоўна, з лагера Гарлахвацкага. Але чалавек яна абсалютна пусты, нікчэмны і нічым асаблівым яму не можа памагчы. Адно хіба што — палюбоўнічаць ды кінуць у чый-небудзь адрас яхіднае слоўца.

Ваяўнічая мяшчанка, бурная на эмоцыі Анна Паўлаўна, жонка Гарлахвацкага, двойчы напорыста ўрываецца ў інстытут. Але тут яна не працуе і з’яўляецца не для падтрымкі мужа, а для яго кантролю і прапрацоўкі.

Незнаёмая жанчына — персанаж таксама сатырычнага плана, але выключна эпізадычны. Наслухаўшыся чутак і плётак пра інстытут, прыйшла наймацца на работу машыністкай. Пры выпадку яна літаральна ва ўсім магла б замяніць Зіну Зёлкіну — Незнаёмая жанчына і выступае як бы яе двайніком, — аднак не болей.

Уласна, застаецца адзін Зёлкін. Гэты і сапраўды служыць Гарлахвацкаму з сабачай вернасцю. І невыпадкова — абодва яны ў нечым блізкія адзін аднаму. Зёлкін — таксама пустое зелле ў навуцы. Увогуле ні да якой сур’ёзнай работы ён не здатны. У інстытуце знаходзіцца на пасадзе малодшага навуковага супрацоўніка, а займаецца выключна плёткамі, пустазвонствам, шантажом, даносамі. Мэта Зёлкіна — як мага больш замуціць ваду, каб з-за муты не было бачна яго ўласнага аблічча. Так яму лягчэй выжыць. Аналагічную задачу ставіць і Гарлахвацкі, у гэтым іх інтарэсы супадаюць.

Зёлкін — асоба не бясшкодная. Ён шмат прыносіць людзям бяды, гора, у дадзеным выпадку — Тулягу і найбольш — Чарнавусу. Паклёпнічае і на іншых, увогуле шкодзіць, дзе толькі можа. Але, у адрозненне ад Гарлахвацкага, не мае ўнутранай сілы, усяго і здольны быць падручным, на пабягушках. І хоць Зёлкін для Гарлахвацкага з’яўляецца надзейнай апорай, аднак не такой ужо і моцнай.

Дык у чым прычына, што новы дырэктар інстытута на працяглы час стаў ледзьве не ўсёмагутнай асобай і ў даволі значным і ў цэлым здаровым калектыве нарабіў шмат шкоды, зла?

Адной з іх з’яўляецца сам час, у якім жыве і арудуе Гарлахвацкі. Драматург вельмі моцна «прывязвае» твор да канкрэтнага перыяду, калі парушаліся чалавечыя нормы жыцця, тварыліся розныя беззаконні, калі іншы раз было дастаткова аднаго даносу ці звычайнага паклёпу, каб расправіцца з чалавекам, як кажуць, прыбраць яго з дарогі. І якраз такія абставіны добра «працуюць» на Гарлахвацкага, ды і ён іх выкарыстоўвае самым актыўным чынам. Але ўсё ж адных толькі абставін недастаткова.

Крапіва расстаўляе сілы ў сатырычнай камедыі такім чынам, што Гарлахвацкі беспакарана разгортвае сваю бурную дзейнасць, а яго ніяк не могуць супыніць з-за «слепаты» ці з-за знаходжання ў становішчы «не на вышыні».

Звернемся яшчэ да некаторых персанажаў камедыі.

Словы і ўчынкі сакратара парткама Левановіча ўвогуле правільныя, але менавіта ўвогуле. Нестае, асабліва на пачатку, канкрэтыкі, ведання рэальных спраў, людзей. Аўтар наконт гэтага дае лагічнае і псіхалагічнае вытлумачэнне: сам Левановіч працуе ў іншым інстытуце, а сакратаром тут як бы па сумяшчальніцтве. Колкая на язык цёця Каця рэзонна задае пытанне: «А чаму ён там працуе, а сюды распараджацца ходзіць?»

І Вера на гэта адказвае: «У нас адна партыйная арганізацыя, а ён сакратар, вось і ходзіць па партыйных справах».

Заўважце, не столькі жыве разам з калектывам яго жыццём, колькі «ходзіць па партыйных справах». Інакш бы Левановіч значна хутчэй распазнаў Гарлахвацкага і паставіў перад яго дзейнасцю адпаведны заслон.

Прафесар Чарнавус. У яго сумленнасці, нават рыцарскай адданасці справе ніхто не сумняваецца. Але выключна заняты навуковай працай, Чарнавус, як кажуць, не бачыць белага свету. Не бачыць і людзей, не разумее іх сапраўднай сутнасці, ды, здаецца, і няма імкнення да гэтага. Герой паўстае бяздзейным, сацыяльна не актыўным чалавекам. Калі навісла над ім (а заадно і над дачкою) сур’ёзная пагроза, калі яго ўжо пачынаюць залічаць у лагер ворагаў, Чарнавус не можа пастаяць за сябе, даказаць праўду. Маўляў, «гэта ж трэба кінуць працу і заняцца гэтымі бруднымі плёткамі, траціць час, траціць нервы. Мне гэта страшна непрыемна!»

На фоне тых людзей, якія выведзены ў камедыі, асабліва ўзвышаецца постаць Гарлахвацкага, чалавека вялікай волі і моцы. Ён якраз надзвычай наступальны і пазіцыю займае вельмі ж актыўную. У сваім, зразумела, кірунку. Часам, можа, да мэты ідзе занадта ў адкрытую, у поўным сэнсе слова напралом. Часам метады яго дзеянняў — шантаж, запалохванне, пагроза, тэрарызаванне — на наша разуменне здаюцца прымітыўнымі.

Цяпер непазнавальна змяніўся час, абставіны, умовы жыцця. І безнадзейна ўстарэлі такія просталінейныя, адкрыта лабавыя прыёмы. З гэтага пункта гледжання Гарлахвацкі ў нашым уяўленні паўстае ў фрэнчы колеру хакі, зашпіленым на ўсе гузікі, у шырокім галіфэ і хромавых ботах. Падкрэсліваем — у нашым сённяшнім уяўленні і разуменні. Тады ж, у перадваенны час, калі камедыя «Хто смяецца апошнім» ставілася на падмостках, у аналагічнай апратцы звычайна хадзілі сакратары левановічы, а гарлахвацкія — у капелюшах (на гэтую дэталь указваецца і ў рэмарцы п’есы) і пры гальштуках, што сёй-той успрымаў як адзнаку буржуазнасці, гнілой інтэлігентнасці.

Што ж, мода мяняецца, адзенне старэе. Сёння, вядома, гарлахвацкія не такія лабавыя і нахабныя. І ў наступ для дасягнення мэты найчасцей ідуць не з адкрытым забралам і не роўненькай дарожкай. Цяпер яны знешне могуць выглядаць прыемнымі ва ўсіх адносінах людзьмі, з’яўляцца ў найсучаснейшым, па апошняй модзе адзенні і гэтак міла, соладка ўсміхацца, а дзейнічаць вельмі вытанчанымі метадамі. Паказальны факт: калі ў больш познія часы тэатральныя калектывы занава ставілі «Хто смяецца апошнім», асобныя выканаўцы шукалі менавіта такія рысы ў вобліку і ўчынках Гарлахвацкага. І знаходзілі — камедыя для аналагічных пошукаў дае неблагія магчымасці, г. зн. для сучаснага прачытання, для максімальнага яе набліжэння да нашай рэчаіснасці.

Галоўнае ж, гарлахвацкія, мяняючы не толькі вопратку, а і метады, прыёмы барацьбы, нават уласны воблік, кожны адпаведна прыстасоўваючыся да часу, да ўмоў і нормаў існавання, аказаліся надзіва жывучымі. А жывучыя яны таму, што драматург адкрыў у гэтым характары цэлы чалавечы тып, які ў розных вопратках і вобліках існаваў даўно, з незапамятных часоў. Існуе ён і цяпер і, відаць, не хутка яшчэ сыдзе з арэны жыцця. Само ж прозвішча Гарлахвацкі стала назыўным, ім надзяляюць людзей адпаведнага характару, менавіта такога тыпу.

Назыўным у пэўнай ступені можна лічыць Зёлкіна і асабліва Тулягу.

У адрозненне ад Гарлахвацкага і Зёлкіна, вобразы якіх выпісаны ў рэзка сатырычным плане, Тулягу нельга даваць адназначную характарыстыку — адмоўны гэта ці станоўчы персанаж.

Туляга мае заганы, прытым немалыя. Яго баязлівасць і палахлівасць, як і рысы сатырычных персанажаў, вельмі ўзбуйнены, пададзены праз павелічальнае шкло. З-за свайго страху Туляга нярэдка трапляе ў недарэчнае становішча, і мы ад душы смяёмся з яго. Але смех гэты хутчэй вясёлы, чым саркастычны.

А самому Тулягу дык і ўвогуле не да смеху. Ён страшэнна перажывае, душэўна пакутуе. Драматург, які захапляе феерверкавай кідкасцю фарбаў пры абмалёўцы сатырычных характараў, у дадзеным выпадку ўражвае глыбінёй псіхалагічнай распрацоўкі вобраза. Аўтару ўдаецца паказаць найтанчэйшыя душэўныя зрухі Тулягі, прытым у шматколерным асвятленні: ад яркай камедыйнасці, амаль буфоннасці — да пранізлівага драматызму. Вобраз у творы падаецца менавіта ў камедыйна-драматычным праламленні.

І яшчэ адна якасць такога кантраснага плана вызначае Тулягу. З усіх персанажаў камедыі ён, безумоўна, самы нерашучы, баязлівы. І разам з тым з асяроддзя станоўчых вобразаў Туляга з’яўляецца самым актыўным. У барацьбе з Гарлахвацкім, у канчатковым яго выкрыцці найбольшая роля належыць менавіта яму, Тулягу. Гэтую барацьбу фактычна ён і зачынае — малодшы навуковы супрацоўнік Вера напачатку больш пра яе дэкларуе, чым непасрэдна дзейнічае, — і вядзе надзіва мэтаімкнёна і паслядоўна. Туляга мае і шмат іншых станоўчых рыс, прытым не ў меншай ступені, чым, скажам, Чарнавус, за выключэннем хіба што навуковых рангаў: у адным выпадку, як ужо адзначалася, прафесар, у другім — чалавек увогуле без ніякай ступені, проста малодшы навуковы супрацоўнік. Але адпаведна гэтаму і патрабаванні да першага павінны быць большыя.

Закончыўшы твор у 1939 г., Кандрат Крапіва перадаў яго Першаму беларускаму тэатру. Камедыя «Хто смяецца апошнім» была вельмі смелай, і не толькі для таго часу, таму лёгкай дарогі на падмосткі не прадбачылася. Калектыў тэатра разумеў гэта і пачаў з апеляцыі да шырокай грамадскасці. «…Мы, — пазней прыгадваў адзін з вялікіх прыхільнікаў і прапагандыстаў твора акцёр і рэжысёр Леанід Рахленка, — наладжвалі чытанні на прадпрыемствах, ва ўстановах, у інстытутах, рэдакцыях газет, каб пачуць, што скажуць нашы будучыя гледачы аб гэтай п’есе, скарыстаць іх думкі і заўвагі… Чытанні ўсюды праходзілі з вялікім поспехам… Слухачы смяяліся ад усяе душы, апладзіравалі і выказвалі жаданне як мага хутчэй убачыць п’есу на сцэне. Гэтыя чыткі ўмацоўвалі нашу ўпэўненасць у неабходнасці ставіць п’есу».

На пастаноўку камедыі ў Першым беларускім тэатры быў запрошаны рэжысёр і акцёр Маскоўскага Мастацкага тэатра Іосіф Раеўскі. Рэжысёрам прызначаўся Леанід Рахленка. Пачалася інтэнсіўная, напружаная работа.

Спектакль аб’яднаў цэлае сузор’е акцёрскіх талентаў. Так, у ролі Тулягі выступаў Глеб Глебаў, Гарлахвацкага іграў Леанід Рахленка, Зёлкіна — Барыс Платонаў, цёцю Кацю — Лідзія Ржэцкая, Нічыпара — Генрых Грыгоніс, Зіну Зёлкіну — Стэфанія Станюта, жонку Гарлахвацкага Анну Паўлаўну — Вера Пола і інш. І для кожнага з акцёраў выступленне ў спектаклі «Хто смяецца апошнім» стала падзеяй, увайшло чырвоным радком у яго творчую біяграфію.

Пастаноўка з’явілася выдатным дасягненнем тэатра. Яна мела трыумфальны поспех на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў 1940 г., у шматлікіх іншых гарадах Расіі, Украіны, дзе пазней гастраляваў калектыў.

П’есу ж Крапівы ўвогуле напаткаў незвычайна шчаслівы лёс. Яе ставілі і ў пяцідзесятыя, шасцідзясятыя гады, на розных нацыянальных сцэнах. Героі крапівінскага твора гаварылі на рускай, украінскай, армянскай, азербайджанскай, літоўскай, латышскай, эстонскай, кіргізскай, малдаўскай мове. «Хто смяецца апошнім» у некаторых гарадах ставіўся двойчы і нават тройчы. Дастаткова сказаць, што за межамі рэспублікі яго ўвасабляла 119 прафесіянальных калектываў. Камедыя «Хто смяецца апошнім» выконвалася і ў Германіі, Польшчы.

У 1941 г. драматургу Кандрату Крапіве за камедыю «Хто смяецца апошнім» і акцёру Глебу Глебаву за выкананне ролі Тулягі прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

А. В. Сабалеўскі,
доктар мастацтвазнаўства, прафесар

 
Крыніца публікацыі: Беларуская літаратура: дапам. для вучняў 10-га класа агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання / А. І. Бельскі [і інш.]; пад рэд. А. І. Бельскага, М. А. Тычыны. – Мінск: Адукацыя і выхаванне, 2009. – С. 57–74.

Пра аўтара. Анатоль Вікенцьевіч Сабалеўскі (1932–2012) — вядомы беларускі тэатразнавец, літаратуразнавец, педагог, доктар мастацтвазнаўства (1974), прафесар (1975). Скончыў БДУ (1958). З 1961 г. навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. З 1972 г. – у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, у 1984–1989 гг. быў рэктарам гэтай установы, у 1992–1998 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Тэатральная творчасць» (першапачатковая назва «Тэатральная Беларусь»), аўтар больш дзясятка кніг (у т. л. манаграфій пра Б. Платонава, Г. Глебава, К. Крапіву), шматлікіх артыкулаў.